Дзесяць запрошаных керамістаў з трох краін – Балгарыя, Расія і Беларусь – працавалі цягам двух тыдняў на пленэры ў Лынтупах. Фестываль “Дым”, што прайшоў 24 жніўня, – фінішная прамая. Свята і выстава дзясяткаў унікальных мастацкіх работ.
Пра арганізатарак фестывалю Дар’ю Мандзік і Анастасію Мілаванаву мы пісалі раней.
Як распавяла Дар’я, пяцёра керамістаў былі з Беларусі. Па прыблізных падліках, фэст наведала каля двухсот гасцей, у тым ліку замежныя турысты, збольшага палякі, таксама літоўцы і расіяне. “Мы планавалі, што выставім свае работы проста на траўку… Але знайшліся майстры-дэкаратары, якія зрабілі мастацкую экспазіцыю”.
“Усе віды абпалаў, якія мы планавалі, удаліся: у вогнішчы, у ямах, у апілках, у бананавых корках… Але самы экзатычны і складаны абпал – раку, калі з газавай печы шчыпцамі дастаюцца гарачыя вырабы і абпальваюцца дадаткова, у нас гэта быў земляны абпал”.
Адмыслова для фэсту керамісты склалі дрывяны горан на тэрыторыі “Культыватара” (культурніцкі цэнтр). Тут жа праходзіла выстава-кірмаш, а роўна праз дарогу – народныя гулянні, якія арганізоўвалі мясцовыя ўлады.
На плошчы каля сельсавета на памяць (прынамсі, да наступнага года, бо падрыхтоўка да “Дыму-2020” ўжо ідзе) засталася вогненная статуя – “Локіс” у сучасным пераасэнсаванні. Пярэварацень-мядзведзь, які ў нашыя дні выглядае дзёрзкім пацаном у адзідасе. Як сцвярджае мясцовы краязнаўца Алесь Гарбуль, Праспер Мерымэ “ўзяў” свайго локіса якраз з Лынтупшчыны.
Аўтар відэа Таццяна Новікава
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.