Заўліцкі «вікінг». Валун «Вялікі камень» заўліцкі — найбольшая камлыга Пастаўшчыны. На тэрыторыі Валкоўскага сельсавета волат «прапісаўся» прыблізна 20-17 тысяч гадоў назад і з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.
Буйныя камлыгі горных парод — важныя рэлікты ледавіковых эпох і працэсаў. Заўліцкі валун прынесены сюды ледавіком са Скандынавіі. Даўжыня доўгай восі каменнага помніка складае 4,5 м, кароткай — 3,8, вышыня — 1,7, абвод — 12,8 м. Важыць волат амаль 41 тону, а яго аб’ём — 15,4 м3. Аднак гэта памеры бачнай часткі валуна (а яна, па меркаванні спецыялістаў, складае дзесьці 1/5 частку каменя, астатнія схаваны ў зямлі). Поўны аб’ём валуна, хутчэй за ўсё, дасягае 77 м3, а яго вага — не менш за 200 тон. Знаходзіцца «прышэлец» за 350 метраў ад вёскі Заўлічча. Мае пляскатую, з акруглымі бакамі паверхню, а па форме нагадвае прас.
Ля валуна «Вялікі камень» заўліцкі намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» Валянцін Далжонак
Валуны адносяцца да геалагічных помнікаў прыроды і прывабліваюць не толькі краязнаўцаў, геолагаў, петрографаў, але і проста зацікаўленых людзей, якія жадаюць убачыць і сфатаграфаваць гэтыя велічныя аб’екты. Многія з іх узяты пад ахову даўно. Напрыклад, ёсць інфармацыя, што некаторыя валуны, размешчаныя ў заходніх раёнах нашай краіны, набылі свой асаблівы статус яшчэ пры Польшчы, у 1935 годзе. Большасць жа геалагічных помнікаў выяўлена і абследавана супрацоўнікамі Інстытута геалагічных навук НАН Беларусі ў 70—90-я гады мінулага стагоддзя.
— На тэрыторыі Пастаўскага раёна такая навукова-даследчая работа праводзілася ў 1997 годзе, — расказваў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай Лысёнак. — Перад навукоўцамі стаяла мэта — выявіць унікальныя геалагічныя аб’екты і скласці на іх акты. Па выніках даследавання створана спецыяльнае выданне з апісаннем, фотаздымкамі і схемамі аб’ектаў нежывой прыроды, якія неабходна ахоўваць. Адзін экзэмпляр знаходзіцца ў нашай інспекцыі.
На Пастаўшчыне, як і па ўсёй краіне, самымі шматлікімі геалагічнымі помнікамі прыроды з’яўляюцца валуны. Але гэта ніколькі не змяншае іх каштоўнасці.
Вераніка Філановіч
Фота Мікалая Лысёнка
из ист: газета «ПОСТАВСКИЙ КРАЙ» https://www.postawy.by/2021/01/valun-bolshoj-kamen-zavlickij-samaya-bolshaya-glyba-postavshhiny/