•       Идут годы, меняются времена, события, люди, но одно остается незыблемым и вечным  – Родина. Нам кажется, что мы знаем о нашей малой Родине все, или почти все. Но каждый раз, когда мы путешествуем, наблюдаем, читаем, исследуем и думаем о ней, мы открываем для себя что-то новое. И сегодня каждый из нас имеет возможность поделиться этим : новыми фактами, новыми стихами, новыми мыслями о своем крае, городе, селе и рассказать миру о своей малой Родине, о людях с большой душой…

ВІННАЯ ГАРА

     Калі едзеш ад Кавалёў у Масленікі, праехаўшы алешнік, злева ў невялікай адлегласці ад дарогі будзе вялікая гара. У нас гэту гару Віннай называюць. Аб гэтай гары мая мама такую гісторыю расказвала.

У той час, калі каралём у нас быў Зыгмунт Стары, на гэтай гары была зямля нейкага Свірбута. Гэта, можа, які быў прапрадзед цяперашніх кавалёўскіх Свірбутаў, альбо, які іншы Свірбут, — не ведаю! Дык вось, мучыўся з той гарой Свірбут, мусіць, паўжыцця, а рады ніяк не мог даць. Ён і ўгнойваў яе, і сукі паліў на ёй, каб палепшыць зямлю, а зямля як была пустой, так і заставалася.  Як быццам, праклятая тая гара была, нічога на ёй не расло. А падаткі за тую зямлю ўсё адно плаціць прыходзілася. Вось і ўдумаў тады Свірбут, каб хоць якую карысць з той зямлі мець, накапаць на той гары лоўчых ямаў і пасткаў на розных звяроў панаставіць. Як удумаў, так і зрабіў.

У той час недзе каля Станчукоў быў паляўнічы палац Зыгмунта Старога. А жонка яго, каралева Бона, вельмі любіла сама паляваць па нашых лясах, таму трымала ў сябе вялікую зграю вельмі каштоўных паляўнічых сабакаў.

Неяк пасля аднаго палявання з гэтай зграі прапалі самыя любімыя каралевай сабакі. Бона была ў роспачы. Кароль, каб неяк суцешыць жонку, падняў на пошукі прапаўшых сабакаў людзей з усяго наваколля. Праз некалькі дзён пошукаў сабакаў знайшлі пакалечаных у пастках і лоўчых ямах Свірбута, на яго праклятай гары.

Бона, раззлаваная няшчасцем, якое здарылася з яе любімцамі, падала ў каралеўскі суд на Свірбута і патрабавала, каб вінаваты заплаціў ёй за пакалечаных сабакаў альбо быў бы строга пакараны судом.
Сам кароль узначаліў суд, і ў час разбіральніцтва запытаў у Свірбута, ці прызнае той сваю віну.

— Не! не прызнаю, бо не вінны я! — адказаў Свірбут.

– Як гэта – не вінны? –здзівіўся кароль.

— Гара, — твая?

— Мая!

— Зямля, — твая?

— Мая!

— Пасткі і ямы ты ставіў і рабіў?

— Я!

— Дык чаму ж тады ты не вінны, і калі не ты, то хто?

— Ваша Літасць! — звярнуўся да караля Свірбут. — Вось скажыце, калі б зямля на гэтай гары добра радзіла, то ці стаў бы я яе псаваць лоўчымі ямамі?

— Ну, думаю, што не стаў бы! — адказаў той.

— А калі б на гэтай гары хоць штосьці расло, ці стаў бы я займаць яе плошчу пасткамі?

— Падобна што — не стаў бы! — зноў згадзіўся кароль.

— Вось, таму і не вінны я! — усклікнуў Свірбут. — Калі б гэта зямля добра радзіла, ці на гэтай гары хоць штосьці расло, я б на ёй не капаў лоўчых ямаў і не ставіў бы пасткаў. А калі б я не капаў бы лоўчых ямаў, і не ставіў бы пасткаў, то ў іх бы не папалі сабакі каралевы. А калі б у ямы і пасткі не папалі б сабакі каралевы, яны б не пакалечыліся і былі б здаровыя! Таму ва ўсіх няшчасьцях вінная толькі гэта гара і ніхто болей! — закончыў свае тлумачэнні хітры мужык.

Зыгмунта Старога рассмяшыла тлумачэнне Свірбута, але кароль згадзіўся з разумнымі разважаннямі простага мужыка.

Суд пастанавіў прызнаць віннай у няшчасці з сабакамі каралевы саму гару, на якой адбылося няшчасце, і да пакарання прызнанага злачынца перадаць злачынца ў поўную ўласнасць пацярпеламу боку, гэта значыць, каралеве Боне, да неабмежаванага ніякімі дзяржаўнымі законамі асабістага суда пацярпелай.

Вось так хітры мужык Свірбут пазбег адказнасьці за калецтва сабакаў Боны і разам пазбавіўся выплаты падаткаў за зямлю на гэтай гары, аддаўшы яе ва ўласнасць каралевы.

Пасля гэтага выпадку людзі гэту гару і пачалі называць Віннай гарой.

(Запісана ад Пажыс (Цюкшы) Веранікі Антонаўны, 1931 г. нар.з в. Кавалі. Запісаў у м. Лынтупы 3 лютага 2000 г.Алесь Гарбуль ).

ист: http://shtobylo.by/chamu-tak-nazvana-narodnyya-tlumachenni-tapanimistychnyh-nazva-lyntupshchyny/

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Loading

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Обсуждение закрыто.