Што аб’ядноўвае зуб маманта, наканечнік дзіды, каменныя ядры і сякеры, грашовыя знакі, драўляную мясарубку, шашку перыяду грамадзянскай вайны, фотаздымкі, пратакол ад 29 снежня 1865 года аб выкупе зямлі сялянамі вёсак Лынтупы, Шудаўцы, Казнадзеюшкі, Пешкаўцы?
Той, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, дакладна ведае адказ — гэта музей баявой і працоўнай славы СШ №2, які сёлета адзначыў 30-годдзе з дня ўтварэння.
Упершыню для наведвальнікаў школьны музей расчыніў свае дзверы 4 лістапада 1987 года. Яго адкрыццё было прымеркавана да 70-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі і сабрала шмат гасцей, у іх ліку і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета святкаванне юбілею па розных прычынах адкладвалася і адбылося толькі праз месяц — у пачатку снежня. Раздзяліць радасць падзеі ва ўстанову адукацыі завіталі былыя дырэктар і яго намеснік па выхаваўчай рабоце Віктар Рыгоравіч Крэскіян і Часлава Веніямінаўна Мацур, з падачы і пад патранатам якіх і быў створаны музей, а таксама ветэран Вялікай Айчыннай вайны Б. Д. Сямашка, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” В. А. Лушчык, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце раённага цэнтра дзяцей і моладзі М. Г. Мышко, дырэкар раённага краязнаўчага музея Т. Г. Гарошка, былыя работнікі райкама партыі У. У. Лапушынскі і У. Я. Магільніцкі, былыя настаўнікі Копасавы Ю. С. і А. М., Г. Г. Кавальская, краязнаўца С. С. Якавіцкая, былыя экскурсаводы Іна Каралёва, Анжэла Шульская, Анжэла Заўгародняя, Кацярына Семянас, адміністрацыя школы, вучні і іншыя. Каб усе госці змаглі памясціцца ў пакоі музея, прыйшлося на некаторы час некалькі раздзелаў экспазіцыі “перадыслацыраваць” у калідор.

З моманту адкрыцця і да цяперашняга часу нязменным кіраўніком музея баявой і працоўнай славы СШ №2 з’яўляецца Рэгіна Норбертаўна Ластоўская. Яна шчыра прывітала прысутных і адзначыла, што ўсе яны маюць непасрэднае дачыненне да школьнай экспазіцыі, займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, з’яўляюцца частымі наведвальнікамі і актыўнымі збіральнікамі экспанатаў. Рэгіна Норбертаўна пры дапамозе мультымедыя расказала пра ключавыя вехі гісторыі музея, раздзелы экспазіцыі (у адным пакоі іх размяшчаецца ажно 13!), найбольш каштоўныя экспанаты, дасягненні, узнагароды, шматлікіх наведвальнікаў, у тым ліку і з-за мяжы. Асобныя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас актыўных, неабыякавых, безадмоўных памочнікаў кіраўніка музея — экскурсаводаў. Менавіта іх галасамі размаўляе гісторыя з наведвальнікамі музея. Пра тое, што гэта сапраўды так, госці змаглі ўпэўніцца, праслухаўшы экскурсію “Пастаўшчына ад старажытных часоў да сакавіка 1921 года”, якую правялі Анжаліка Дзісько, Ганна Трублоўская, Анастасія Хаўлюк і Леакадзія Цвірко.
Затым слова ўзялі госці. Цяжка пералічыць, колькі прагучала шчырых слоў і пажаданняў у адрас музея і яго кіраўніка, асабістых успамінаў пра плённае супрацоўніцтва. Усе сышліся на тым, што музей выканаў ускладзеную на яго місію па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, праўдзіва і ўсебакова адлюстроўвае гістарычныя падзеі, узбагачае наведвальнікаў новымі ведамі. І ў многім гэта заслуга Рэгіны Норбертаўны — энергічнага, адукаванага і апантанага справай чалавека. Свае віншаванні госці падмацавалі падарункамі — новымі экспанатамі і аргтэхнікай для музея. А Марына Георгіеўна Мышко і дырэктар школы Ігар Анатольевіч Мадвейка ўручылі Р. Н. Ластоўскай Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта і Ганаровую грамату аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Вераніка ФІЛАНОВІЧ.
ист: http://www.postawy.by/2017/12/30-gado-na-varce-bayavoj-i-praco-naj-slavy/
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.