У кожнага населенага пункта Беларусі ёсць свой дзень вызвалення, які вяртае ў пераможныя баі Вялікай Айчыннай вайны. Лынтупы адзначаюць яго 6 ліпеня.
Сёння, напярэдадні знамянальнай у гісторыі пасёлка даты, хочацца ўспомніць пра герояў тых падзей.
Лынтупы вызваляла 357-ая стралковая ордэна Суворава дывізія, якая была сфарміравана ва Удмурціі. Прарваць абарону ворага было вельмі складана — усе агнявыя кропкі немцаў знаходзіліся на вежах касцёла. А вакол яго — высокае жыта. І як толькі чырвонаармейцы падымаліся ў атаку, тут жа абстрэльваліся.
Паступіла распараджэнне пусціць у ход кацюшу. Але разам з немцамі быў бы знішчаны і касцёл. Таму сярод салдат пачалі шукаць добраахвотнікаў, якія б праніклі за агароджу святыні і знішчылі агнявыя кропкі. Смельчакоў знайшлося трое. Яны прабраліся тайком, ля касцёла завязаўся бой. Адзін з салдат — Аляксей Канстанцінавіч Галубкоў — залез на вежу храма і пачаў знішчаць агнявыя кропкі. Як страляніна скончылася, чырвонаармейцы пайшлі ў атаку.
Калі нашы прарваліся на тэрыторыю касцёла, то аднаго з савецкіх салдат убачылі параненым, дваіх — забітымі. Мёртвым быў і А. К. Галубкоў, якому пазней было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Адной рукой ён трымаў за горла немца, другой — аўтамат (такія падрабязнасці ў кнізе “Чатыры гады ў шынялі” апісвае народны пісьменнік Удмурцкай Рэспублікі, у былым салдат 357-ай стралковай ордэна Суворава дывізіі Міхаіл Андрэевіч Лямін).
Подзвіг Аляксея Галубкова для Лынтупаў лёсавызначальны. Дзякуючы яму ў пасёлку захаваўся цэнтр і, што самае галоўнае, — касцёл.
У 1984 годзе па ініцыятыве савета школьнага музея ў Лынтупы прыехалі сёстры А. К. Галубкова — Марыя і Галіна. Калі ім задалі пытанне, чаму іх брат мог згадзіцца на такі крок, яны адказалі: “Аляксей быў вясёлым, кампанейскім, добрым, чулым, чалавекам веруючым. Напэўна, яго высокія духоўныя якасці і сталі вызначальнымі ў прыняцці небяспечнага для жыцця рашэння”.
Імем Аляксея Канстанцінавіча ў Лынтупах названа вуліца. Яго прах спачывае ў брацкай магіле, якая знаходзіцца на цэнтральнай плошчы Лынтупаў, паблізу касцёла. Тут жа пахаваны яшчэ адзін Герой Савецкага Саюза — Мікалай Пятровіч Красільнікаў. Гэта званне ён атрымаў за фарсіраванне ракі Днепр, але ад ран памёр менавіта на лынтупскай зямлі.
Шмат жудаснага прынесла вайна пасёлку. Больш за 200 чалавек з Лынтупаў і бліжэйшых вёсак немцы расстралялі за забойства гебітскамісара Бэка. 19 мая 1942 года партызанская група на чале з Фёдарам Рыгоравічам Маркавым захапіла дакументы, падрыхтаваныя на вываз моладзі з нашага краю ў Германію. Расправа была лютая.
Зімой 1942-га немцы расстралялі 93 яўрэяў.
— Памятаю крыкі дзяцей і дарослых, галашэнне, якія даносіліся з-пад лесу. Гэта было вельмі жудасна, — расказвала лынтупчанка Ганна Францаўна Бондар. — Потым гаварылі, што блізкія, родныя паміж сабой яўрэі перад смерцю абдымаліся, развітваліся, так у абдымках і падалі ў магілу. Адносіны паміж яўрэямі і мясцовым насельніцтвам былі вельмі добрыя, таму пасля расстрэлу ў жалобе быў увесь пасёлак.
…З таго часу прайшло 68 гадоў — мірных, незалежных. Няхай заўсёды жыве памяць пра тых, хто цаной свайго жыцця гэты мір здабываў.tc «…З таго часу прайшло 68 гадоў — мірных, незалежных. Няхай заўсёды жыве памяць пра тых, хто цаной свайго жыцця гэты мір здабываў.»
Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара і А. Мікуса.
P.S. Аўтар выказвае шчырыя словы падзякі Міраславе Іванаўне Нячаевай за дапамогу пры падрыхтоўцы дадзенага матэрыялу.
ист: http://www.postawy.by/2012/06/kak-osvobozhdali-lyntupy/
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.