Адам Дасюкевіч – легенда Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Апошні рэдактар “Крыніцы”,
ратаўнік Барыса Кіта ад смерці, абаронца беларусаў падчас вайны, бурмістр Паставаў, забіты акупантамі, чалавек надзвычай сціплы ў звычайным жыцці.
“Ціхі, працавіты патрыёт” – напісаў пра яго ў сваёй кнізе “Пад знакам Пагоні” сябра Рады БНР Язэп Малецкі.
Нарадзіўся Адам у вёсцы Копцевічы Ашмянскага павету (цяпер Смаргонскі раён) 5 чэрвеня 1911 года, калі многія будучыя лідэры БХД ужо былі высвечаныя на святарства – прычым ягонай матуляй была сястра Адама Станкевіча.
Адась рана застаўся без маці – яна загінула, калі бацька быў на Першай сусветнай. Прытулілі яго з сястрычкай добрыя людзі.
У 1933 годзе скончыў Віленскую Беларускую Гімназію – гняздо беларускасці, дзе выкладалі Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Рыгор Шырма, а з 1937-39 гадах узначаліў Беларускі Студэнцкі Саюз.
У 1936-38 гадах рэдагаваў газету БХД “Беларуская Крыніца”.
За вострыя артыкулы ў газеце Дасюкевіч неаднаразова трапляў пад суд. 19 красавіка 1938 года асуджаны на 6 месяцаў турмы з адтэрміноўкай на 2 гады. Сябра Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні.
15 снежня 1939 атрымаў дыплом інжынэра агранаміі. У 1940 віцэ-старшыня беларускай групы пры Літоўскім Чырвоным крыжы.
Настаўнічаў у Варапаеве.
У 1940 годзе Адам пабраўся шлюбам з Лідзіяй Сікорай – дачкой знакамітага садавода Івана Сікоры, і ў 1941-ым, з-за цяжкасці з працай, маладая сям’я выехала ў БССР, каб дапамагаць даглядаць знакаміты сікораў сад.
Пасля пачатку ВАВ арыштаваны немцамі на Шаркоўшчыне паводле польскага даносу, але з дапамогай сваякоў, якія падкупілі за золата немцаў, Адама вызвалілі.
Напрыканцы 1941 года, немцы ўжо цалкам занялі Беларусь і наладжвалі цывільную адміністрацыю на месцах. Была небяспека, што нямецкія акупацыйныя ўлады прызначаць бурмістрам Паставаў кагосьці з палякаў ці былых белагвардзейцаў. І беларусам зноў цяжка прыдзецца жыць… Таму, па прапанове дзеячаў Беларускага Нацыянальнага Камітэту Язэпа Малецкага і братоў Пецюкевічаў, менавіта агранома Адама Дасюкевіча прызначылі старшынёй Пастаўскага павету і бургамістрам Паставаў.
Аднаго разу немцы рабілі ў Паставах экзекуцыю і нейкі чын СС прыйшоў да дырэктара настаўніцкай семінарыі Барыса Кіта, каб запатрабаваць у яго студэнтаў для прыборкі вуліцаў ад трупаў. Кіт адмовіўся. Немец прыгразіў расстрэлам. Кіт адмовіў зноў. Тады эсэсавец дастаў пісталет і стрэліў. У апошні момант Адам Дасюкевіч выбіў пісталет і куля ўвайшла ў сцяну.
Так быў уратаваны будучы творца амерыканскага касмічнага цуду.
Але Дасюкевічу акупанты гэтага не прабачылі.
31 кастрычніка 1943 года, калі нацысты чарговы раз запатрабавалі здаць збожжа для вывазу ў Нямеччыну, Адам Дасюкевіч адказаў: «Людзі ўжо аддалі ўсё, што маглі!». Зондэрфюрэр СС, прысланы забяспечыць здачу і перавоз харчавання, застрэліў Дасюкевіча проста на вуліцы.
Пахаванне хрысціянскага дэмакрата Адама Дасюкевіча ператварылася ў маніфестацыю. Сотні й сотні людзей не пабаяліся прайсці працэсіяй па вуліцах Паставаў і пакінулі на могілках мноства вянкоў з бел-чырвона-белымі стужкамі.
Немцы пабаяліся разагнаць шматлюдную пахавальную працэсію.
Павел Севярынец.
“Вольнае Глыбокае”, № 50 (923) 14 снежня 2017 года.