Апавяданні бабы Стасі

       Каля чатырох кіламетраў ад мястэчка Лынтупы па дарозе на Свіры ёсць адгалінаванне, якое злучае мястэчка з вёскамі ваколіцаў знакамітага на ўвесь свет сваёй пачварай возера Балдук. На гэтым перакрыжаванні дарог і прытулілася невялічкая вёска Трабуцішкі.

Калісьці гэта была даволі вялікае паселішча з млыном, карчмой, некалькімі дзесяткамі сялянскіх двароў, вялізарным ставам. Тут праходзіла вузкакалейка Лынтупы — Нарач, быў чыгуначны прыпынак. Цяпер з некалі вялікай вёскі Трабуцішкі ператварыліся ў засценак з пяці хат, з якіх толькі ў двух жывуць сталыя жыхары. Млын даўно згарэў, вузкакалейку разабралі, стаў зарос, ад карчмы і іншых хатаў нават і сляда не засталося.

Даволі рухавая ў свае семдзесят гадоў жыхарка гэтай вёскі баба Стася ўся ў клопатах. Карову, статкі авечак, гусей, курэй, сабак і катоў, з дзесятак пчаліных сем’яў, вялікі агарод трэба дагледзець: пакарміць, падаіць, напаіць, пачысціць, падаслаць, прапалоць… Ні хвілінкі вольнага часу. І так амаль усё жыццё.

У маладыя гады баба Стася працавала на Лынтупскім спіртзаводзе, пасля — ў Літве, у Свянцянах на швейнай фабрыцы. Працавала вельмі добра, таму кіраўніцтва фабрыкі і клапацілася пра сваю лепшую працаўніцу. Калі якая экскурсія, пуцёўка ў дом адпачынку ці яшчэ што, то прапаноўвалі ў першую чаргу ёй. Усю Беларусь і Прыбалтыку аб’ехала тады маладая дзяўчына Стася. І ўсё было б добра, каб не вялікае няшчасце, якое напаткала поўную шчаслівых надзей дзяўчыну. Моцна захварэла старэйшая сястра, а бацькі ўжо былі старыя, самі нямоглыя і даглядаць хворую дачку не мелі сілаў. Старэйшы брат Стасі ў Трабуцішках не жыў, меў сваю сям’ю, якую трэба было карміць і апранаць, а ўзваліць на сябе яшчэ дагляд за спаралізаванай сястрой таксама не меў магчымасці.

Вось тады дзеля хворай сястры і ахвяравала сваім шчаслівым і заможным жыццём Стася. Кінула сваю працу на фабрыцы ды вярнулася назад у Трабуцішкі ў родную хату на гаспадарку. Шмат гадоў ад світанку да світанку рвала жылы Стася на цяжкай сялянскай працы за жабрацкі заробак. Як яна яшчэ спраўлялася дагледзець хворую сястру і састарэлых бацькоў — толькі самому Богу вядома.

Незаўважана праляцелі маладыя гады, памерлі бацькі, сястра, і час пабяліў галаву калісьці маладой прыгажуні Стасі. Так і засталася яна адна на ўсё астатняе жыццё, што адвёў ёй пан Бог.

Мала ў Трабуцішках людзей, няма з кім пагаварыць. Баба Стася, стаміўшыся на агародзе, сядзе на ўзбочыне і паразмаўляе з бусламі, якія пабудавалі сабе гняздо ля самага агарода на старым слупе. Буслы добра разумеюць старую. Паківаюць ёй у адказ сваімі галовамі, паспачуваюць, пасля нешта паклякочуць, зразумелае толькі бабе Стасі і ім самім.

А ранкам, як выведзе бабуля карову на пасту, паразмаўляе з журавамі, якія нярэдка наведваюць старую і прылятаюць на сырую нізіну ля Стасіна поля.

Не, баба Стася не адна! Вы толькі паглядзіце, як аддана глядзяць ёй у вочы Кукла, Тобік і іншыя сабакі, як ільне да яе карова Рабая, кот Дуся, котка Артыстка… Нават гусі гатовыя ахвяраваць сабой, каб абараніць бабулю, а калі небяспека міне, усцешаць яе сваім гагатаннем.

Баба Стася рада кожнаму чалавеку, які выпадкова ці па якой справе завітае да старой. Ёй усё трэба ведаць, пра ўсё распытаць, падзяліцца сваімі штодзённымі турботамі. Толькі вельмі цяжка з яе выцягнуць хоць слова аб даўно мінулых часах. Нібыта Беражніца з мясцовых лягендаў нашага Нарачанскага краю, зберагае яна духоўную спадчыну продкаў нашых, славутую гісторыю тутэйшага народа, не дае дакрануцца да іх бруднымі рукамі розным злодзеям, касмапалітам і прайдзісветам.

Але, тыя скарбы, што перадала мне гэтая мясцовая Беражніца, я лічу — павінны стаць уласнасцю людзей, таму і перадаю ў твае, я спадзяюся, шчырыя і добрыя рукі, чытач.

Хай жа ззяюць у вашых сэрцах разам з іншымі духоўнымі скарбамі розных народаў свету і дыяманты апавяданняў бабы Стасі.

Алесь Гарбуль

ист: http://westki.info/.pureftpd-rename.15286.556cc814/.pureftpd-rename.15286.556cc814/.pureftpd-rename.15286.556cc814/.pureftpd-rename.15286.556cc814/artykuly/581/apaviadanni-baby-stasi

Loading

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.