Кожны раз выбіраю вёсачку для чарговага выпуску аднайменнага рэдакцыйнага праекта з дапамогай старшынь сельскіх Саветаў. І калі Ірына Кукоўская (Казлоўшчынскі сельскі Савет) прапанавала Вярцінскія, маё сэрца страпянулася радасцю, а потым зайшлося сумам.
Справа ў тым, што гэта вёсачка суседняя з маёй роднай — Кавалямі. Тут я заканчвала васьмігодку, адсюль пасылала першыя заметкі спачатку на радыё, у дзіцячыя газеты, потым — у раённую, якая і стала маім лёсам.
Успаміны пра тое далёкае — радасць. Але сённяшнія Вярцінскія зусім іншыя: даўно няма школы, не чутно дзіцячых галасоў, моладзь з’ехала ў гарады, пажылыя адышлі ў вечнасць. І ўсё ж вёсачка яшчэ жывая…
Рыбгасаўцы
Самыя прыгожыя дом і двор — у Жанны і Аляксандра Вярцінскіх. Разглядваю іх уладанні, не хаваючы захаплення.
— Гэты дом мы атрымалі яшчэ ад калгаса, калі муж працаваў аграномам, — расказвала гаспадыня. — Але хіба ён быў такім? Саша з Жэнем (муж і сын — аўт.) шмат папрацавалі: абшылі дом сайдынгам, уставілі пластыкавыя вокны, зрабілі добры рамонт унутры. А колькі сіл уклалі ў добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі! Затое цяпер нам тут камфортна. Куды ні еду, хочацца хутчэй вярнуцца дадому, нягледзячы на тое, што апусцелі нашы Вярцінскія.
Трое з сям’і працуюць у рыбгасе «Навінкі»: бацька — механікам, сын Жэня — майстрам участка, на якім займаюцца вырошчваннем малькоў, маці — прадаўцом рыбы. Вось і ў гэтыя дні на яе маршруце гарады Верхнядзвінск, Полацк, Докшыцы, Новалукомль, Глыбокае. У рэйс адпраўляецца ў 5 гадзін раніцы.
У Аляксандра з Жаннай трое дарослых дзяцей і столькі ж унукаў. Яўгеній, як я ўжо гаварыла вышэй, працуе ў рыбгасе, Насця — інжынер па лесакарыстанні Пастаўскага лясгаса, Каця па прафесіі — фельчар-лабарант, жыве ў Віцебску, зараз у дэкрэтным водпуску. Для бацькоў няма большай радасці, чым поспехі дзяцей, а ўнукі — іх абсалютнае шчасце.
Была «фабрыкай» дываноў
Наўрад ці хто зараз можа ўявіць, што дзяўчынка-пяцікласніца пакідае школу і ідзе працаваць на цялятнік. Але менавіта так пачалася працоўная біяграфія Апалоніі Вікенцьеўны Вярцінскай. Цялятніцай была яе маці. Аднойчы моцна захварэла і два месяцы была на бальнічным. На ферме замяніла яна, дачушка Пэля, ды так і засталася. На заняткі не вярнулася. Але склалася так, што менавіта ў вярцінскай школе яна адпрацавала тэхнічкай ажно 26 гадоў. Больш за тое, зусім зялёным дзяўчом удзельнічала ў дабудове школы: разам з настаўнікамі і загадчыкам гаспадарчай часткі нарыхтоўвала ў лесе будматэрыялы.
— Цяжка і шмат працавала, затое цяпер не маю здароўя, — маркоцілася Вікенцьеўна. — Добра, што побач дом сына з нявесткай. Яны — мае памочнікі. Заўсёды чакаю і ўнукаў, праўнукаў.
Гутарым з гаспадыняй, і я звяртаю ўвагу на адмысловы парадак і выключную чысціню ў яе пакоях. А яшчэ — на саматканыя дываны. Успамінаем, што вёска славілася ткачыхамі. Даната Вярцінская (маці Апалоніі), яе нявестка Люся, Вэрця і Яня Вярцінскія, Анця Бункевіч ткалі прыгожыя дываны не толькі для сваіх сем’яў, але для ўсёй акругі. Паступалі ім заказы і з-за межаў раёна. Шкада, што з часам гэтыя якасныя ручныя вырабы выйшлі з моды. Няўжо яны не вернуцца ў побыт? У многіх жа захоўваюцца нават ні разу не засланыя на ложак або на канапу….
Разгалінаваўся род
Трое дзяцей, шасцёра ўнукаў, чацвёра праўнукаў — так разгалінаваўся род, пачатак якому далі Марыя і Зянон Вярцінскія. У 35 гадоў жанчына аўдавела. Цяжка было падымаць на ногі дзяцей, затое цяпер мае шмат радасці ад іх.
— Дзеці, унукі і праўнукі — найвялікшае маё багацце, — гаварыла Марыя Браніславаўна. — Дзякуй Богу, усе ўдалыя і здаровыя.
Працоўны стаж Браніславаўны — 38 гадоў. У калгас яна пайшла, закончыўшы 8 класаў. Была даяркай, потым загадвала фермай. І адначасова з’яўлялася прадаўцом гандлёвай лаўкі, што размяшчалася ў палавіне яе прасторнага дома. У гутарцы са мной успамінала, як шмат клопатаў мела, колькі розных тавараў прывозіла! Абслугоўвала не толькі аднавяскоўцаў, але і жыхароў суседніх вёсак.
Ну а цяперашнія яе пенсійныя справы — дом, агарод, успаміны пра пражытае…
Свой крыж нясе з пакорай
Кацю Надзей не знойдзем, — засмуціла мяне старэйшына вёскі Вольга Бервячонак. — Яна пайшла ў Казлоўшчыну ў касцялок.
Але пакуль я сустракалася і гутарыла з іншымі вяскоўцамі, Кацярына паспела вярнуцца дадому. Яе 37-гадовая дачка Таня і 26-гадовы сын Жэня з дзіцячай непасрэднасцю прыглядаліся да мяне: што за незнаёмая жанчына завітала? Яны і сапраўды нібыта дзеці, абое — інваліды: Таня — II групы, Жэня — III.
— З Таняй ажно паўгода ляжала ў абласной бальніцы, — расказвала маці. — У яе была гідрацэфалія. Без аперацыі не выжыла б. Наездзілася я па ўрачах і з сынам…
Зведала жанчына і роспач, і адчай. Але з цягам часу змірылася, з пакорай нясе свой крыж. Лёс выпрабоўваў Кацярыну не толькі цяжкімі хваробамі дзяцей. У 37-гадовым узросце памёр муж, пакінуўшы на яе руках трое дзяцей (сын ад першага шлюбу, Віктар, зараз жыве з сям’ёй у Мінску, дачка Аня замужам у Наваполацку). 13 гадоў назад пахавала і другога мужа, ад якога таксама нарадзіла дзіця — Жэню.
Цяжка працавала: спачатку на ферме ў калгасе, а калі яе расфарміравалі — на Варапаеўскім заводзе жалезабетонных вырабаў. Нават кранаўшчыцай там была. У 50 гадоў як маці дваіх дзяцей-інвалідаў пайшла на льготную пенсію. Пакінула ў Варапаеве інтэрнат і прыехала з дачкой і сынам у бацькоўскую хату ў Вярцінскія. Узараць агарод, нарыхтаваць дроў ды і ў іншых гаспадарчых справах Кацярыне дапамагае брат Раман, які жыве на суседняй вуліцы. А калі родныя людзі побач і падтрымліваюць, усё можна пераадолець.
Для іх тут рай
Як выйшла замуж за вярцінскага хлопца, так і палюбіла ўсёй душой гэту вёску, — прызналася Алена Юхновіч.
Было гэта 32 гады назад. Абое вучыліся ў Лужаснянскім сельгастэхнікуме і атрымалі дыпломы. Лена — заатэхнік, Раман — аграном. Але нават не ўсе цяперашнія іх калегі ведаюць гэта, бо працуюць яны не па спецыяльнасці: Раман — рабочы рыбгаса «Навінкі», Лена — малодшая медсястра ваеннага шпіталя ў Паставах. На тое, што не звязалі свой лёс з сельгаспрадпрыемствам, паўплываў шэраг абставін. Аднак не шкадуюць пра гэта і цалкам задаволеныя жыццём у вёсцы.
— Тут жа такое раздолле! — захапляецца Раман. — Да таго ж родныя мясціны. Тут жылі мае бацькі, і іх дом захаваўся. У ім зараз мая сястра з дзецьмі. Прыходжу да іх — і нібы вяртаюся ў сваё дзяцінства, многае ўспамінаецца. Побач з вёскай — лес, рака. Грыбы, ягады, рыбалка, паляванне — займайся, чым хочаш. Калі да нас прыязджае з Пастаў сын з сям’ёй, і ён з жонкай, і трое іх дачушак вельмі любяць парыбачыць.
— Дык што ж усё такі для вас значаць Вярцінскія? — дапытваюся ў Юхновічаў.
— Кавалачак раю на зямлі, — не згаворваючыся, адказваюць цалкам сур’ёзна.
Вучыла ўсяму
27 верасня балаёўскай дзяўчыне Олі Антонавай споўнілася 18, а 28-га яны з Вайцехам Вярцінскім зарэгістравалі шлюб. З таго дня прайшоў 31 год, але ён помніцца, як сёння.
З Вайцехам яны пазнаёміліся на вяселлі, калі дзяўчына яшчэ вучылася ў 11 класе. Сталі сустракацца, пакахалі адно аднаго. Ёй трэба было вучыцца, а Вайцех клікаў замуж…
— Закончыла першы курс Віцебскага медвучылішча — і згулялі вяселле, — расказвала Вольга. — Якая з мяне гаспадыня была ў 18 гадоў? Вайцехавы бацькі ставіліся як да дачкі. Свякроў, Вераніка Аўгусцінаўна, навучыла мяне не толькі гатаваць, рабіць нарыхтоўкі на зіму, але і жыццёвай мудрасці.
Калі праз гадоў 6 маладая сям’я пераехала жыць у Паставы, на іх месца, у другую палову дома, засялілася спачатку Оліна маці, а потым і бацька. Дапамагалі Вераніцы Аўгусцінаўне, якая к таму часу аўдавела і не мела здароўя, жылі з ёй дружна, як блізкая радня.
— Калі мае бацькі пераехалі ў Вярцінскія, гэтая вёска стала для мяне яшчэ бліжэйшай, — гаварыла Вольга. — Мы з Вайцехам і зараз часта прыязджаем сюды, падтрымліваем парадак у доме і ля яго, садзім агарод. Засталася дарагой гэта мясціна і для старэйшага Вайцехавага брата, Станіслава.
На гэтым здымку 1964 года — настаўнікі і выпускнікі вярцінскай васьмігодкі. Нават у той час вучняў у ёй было няшмат, тым не менш школа жыла цікавым, насычаным жыццём. І ўсё дзякуючы таму, што ў ёй працавалі захопленыя сваёй справай педагогі. Яны не толькі давалі дзецям трывалыя веды, але і ладзілі святы, вазілі на экскурсіі ў Мінск, Брэст, Ленінград, далучалі да культурнай спадчыны краіны
Фаіна Касаткіна
по материалам: https://www.postawy.by/2022/11/sledujushhij-punkt-ostanovki-na-marshrute-redakcionnogo-proekta-vjosachka-vertinskie/
Газета «Пооставский край»