•       Идут годы, меняются времена, события, люди, но одно остается незыблемым и вечным  – Родина. Нам кажется, что мы знаем о нашей малой Родине все, или почти все. Но каждый раз, когда мы путешествуем, наблюдаем, читаем, исследуем и думаем о ней, мы открываем для себя что-то новое. И сегодня каждый из нас имеет возможность поделиться этим : новыми фактами, новыми стихами, новыми мыслями о своем крае, городе, селе и рассказать миру о своей малой Родине, о людях с большой душой…

Дзявочы кон


Американский художник из России Андре Кон     

       Калі ехаць ад Трабуцішак на Белішкі ці Чопанішкі, з правага боку ад дарогі ёсць невялічкі вадаём з незарослай вадой,

падобны да сажалкі, толькі прыроднага паходжання.

На нашым нальшчанскім дыялекце — купіна. Гэту купіну людзі называюць Дзявочай Лужай.

Гісторыя, звязаная з гэтым месцам, адбылася ў старажытныя часы, калі мяжа паміж нашым і іншым светамі была даволі празрыстая. Розныя стварэнні іншага свету тады нярэдка жылі паміж людзей і сам Дзядуля-Бог у вобразе жабрака хадзіў па нашай зямлі.

У той час жыла ў Чопанішках адна сям’я. Здаецца, Якубовічы прозвішча іх было. Зямлі мелі нямала, ды і самі гультаямі не былі, толькі шчасця-долі не мелі. Дзетак ім аж дванаццаць душ Бог паслаў. І ўсе малы-малога-меншы. Дапамогі ў гаспадарцы ад іх амаль ніякай, а вось есці ўсе просяць. Толькі што зробіш, калі такі лёс. Так і жылі, паслухмяна цягнулі сваю нялёгкую ношу. Рвалі жылы за працай і перабіваліся з хлеба на квас.

Неяк адной сцюдзёнай зімовай ноччу пастукаўся да іх у хату стары жабрак, папрасіўся пераначаваць. У той час Адэля, жонка Якубовіча, якраз трынаццатым дзіцём цяжарная была. Таму дзверы устаў адчыніць мужык.

Шкада стала Яну, так клікалі гаспадара, старога. Упусціў ён жабрака ў хату, абагрэў, накарміў, чым Бог паслаў, і паклаў спаць да дзяцей у цяпле на палаці, прымацаваныя пад столлю ля печы.

Зранку, яшчэ да світанку, пачаў стары ў дарогу збірацца. Ян паспрабаваў угаварыць жабрака, каб пачакаў сняданку, бо яму, як гаспадару, няёмка выпускаць старога з пустым чэравам.

Жонка, якая ў гэты час мітусілася ля печы, з-за гэтых словаў зыркнула на мужыка крывым, нядобрым вокам, але прамаўчала.

Стары падзякаваў за запрашэнне, але адмовіўся. Тады Ян усунуў у торбу жабраку добры кавалак хлеба і невялікую лусту сала. Паглядзеў на падранае адзенне старога, праз дзіры якога прасвечвалася голае цела, ды ўпіхнуў у рукі яму старэнькі кажушок.

Вось тут жонку і панесла:

— Нам есці няма чаго, а ён апошняе аддае гэтаму галадранцу! Чым дзяцей заўтра карміць будзеш? Ён апошні кажушок аддае! А Юстын праз год-другі па гаспадарцы дапамагаць зможа! Дык што, голым сынок твой зімой хадзіць будзе?.. — крычала раз’юшаная Адэля.

— Ціха, баба! Гэта не твая справа! Хаця б чужога чалавека пасаромелася! — строга сказаў Ян.

Але, ведаючы добры і мяккі характар свайго мужыка, не зважала жонка на ягоныя строгія словы. І гаспадар з жабраком пайшлі прэч з хаты пад гучныя акорды ляманту гаспадыні.

У сенцах Ян звярнуўся да старога са словамі:

— Даруйце, Дзядуля, жонку маю. Няёмка мне за яе перад Вамі. Не ведае дурная баба сама, што кажа…

— Ды не хвалюйся, добры чалавек. Я цябе разумею, — адказаў жабрак. — У цябе добрае і шчырае сэрца, адкрытая і спагадлівая да чужога гора душа. Ведай жа, што з-за гэтых чалавечых якасцяў ты будзеш узнагароджаны. Хутка да цябе ў хату завітае шчасце-доля. Забудзешся ты на нястачу ды зажывеш са сваёй сям’ёй у ладзе, радасці і дабрабыце. Вясной, на Юр’ю, чакай папаўненне ў сям’і. Гэта будзе цудоўнай прыгажосці дзяўчынка, а як падрасце, стане найлепшай швачкай у вашым краі. Самі не нацешыцеся яе працавітасцю, добразычлівасцю і ласкавасцю. Толькі памятай! Сквапнасць тваёй жонкі прывядзе да вялікай бяды…

-Ты доўга там з гэтым дармаедам будзеш лясы тачыць?! — пачуў гаспадар з-за дзвярэй крык жонкі і павярнуўся на голас.

— Ды ціха ты! Дай чалавеку з дабром з хаты выйсці! — крыкнуў у адказ жонцы Ян, а калі адвярнуўся да суразмоўцы, перад ім нікога не было. Здавалася, быццам стары жабрак у паветры растаў. Здзівіўся гаспадар, але жонцы вырашыў нічога не расказваць.

На другі дзень паехаў Ян на кані ў Лынтупы па справах, ды затрымаўся там дапазна. Дахаты з мястэчка ехаў ужо каля паўночы. Толькі ён мінуў Трабуцішкі, як чуе ўперадзе на дарозе шум барацьбы, перадсмяротнае іржанне коней і воўчы вый.

» На некага зграя тотаў («тоты» на мясцовым нальшчанскім дыялекце — гэта ваўкі) напала! — адразу здагадаўся Якубовіч і ледзяной хваляй мароз пракаціўся па яго скуры. — Калі цяпер не прыйсці на дапамогу, дык яшчэ некалькі хвілін, і гэтыя лясныя бандыты з тых небаракаў у жывых нікога не пакінуць!» — маланкай пранеслася ў яго галаве думка.

— А цюй! А цюй! («А цюй!» — так, па словах старых людзей, крычалі нашы продкі каб адагнаць тотаў-ваўкоў), — закрычаў Ян, сцебануў каня і, не думаючы аб небяспецы да свайго жыцця, панёсся на выратаванне бедакоў.

Ад неспадзяванкі ваўкі кінулі свае ахвяры і адскочылі ў розныя бакі ад дарогі.

— На сані скачыце! Хутчэй, пакуль гэтыя злыдні не апамятаваліся! — не спыняючы каня, крыкнуў пацярпелым Якубовіч. Тры мужчыны, хаця і былі добра параненыя драпежнікамі, на хаду спрытна ўскочылі ў сані.

Ян яшчэ некалькі разоў прайшоўся бізуном па спіне каня, і сані з людзьмі, падняўшы за сабой снегавы віхор, панесліся далей ад небяспечнага месца. Ваўкі пераследаваць іх нават не падумалі, бо задаволіліся двума трупамі коней пацярпелых.

Так, неспадзявана для сябе, Якубовіч выратаваў ад смерці аднаго вялікага пана з Ашмянаў і двух ягоных слуг. Той пан вінаваты яму не застаўся — праз тыдзень прыслаў свайму збавіцелю вялікі конны абоз з розным дабром і цэлы збан чыстага срэбра. На той час гэта было вялікае багацце.

Так збылося першае прадказанне старога жабрака.

Неўзабаве надышла чарга ажыццявіцца і другому. Вясной, на Юр’ю, 23 красавіка, роўна апаўночы, хата Якубовічаў уздрыгнула ад гулкага, надрыўнага плачу неўмаляці, абвесціўшы ўсяму свету аб нараджэнні новага чалавека і папаўненні ў сям’і Якубовічаў.

Пакуль бабка-павітуха рабіла сваю справу, Ян, каб не перашкаджаць ёй, адышоў да вакна і міжвольна ўтаропіўся ў чорную заваконую бездань глухой ночы, быццам імкнуўся разгледзець ў той таямнічай цемры будучыню, што чакала яго і яго сям’ю.

Раптам у той густой шэрані Якубовіч угледзеў тры ледзь бачныя жаночыя постаці і пачуў галасы.

— Гэтая дзяўчынка будзе жыць, вырасце прыгожай і будзе багатай, — кажа адзін голас.

— Гэтая дзяўчынка памрэ, не стаўшы жанчынай, — кажа другі.

— Гэтая дзяўчынка будзе жыць, вырасце прыгожай, будзе багатай, але ўтопіцца ў васямнаццаць гадоў, не стаўшы нічыёй жонкай, — падводзіць рысу трэці голас.

Балюча разанулі па сэрцы Яна гэтыя словы, бо адразу пазнаў ён тых трох жанчын, што за вакном сурочылі. Даўней па ўсім свеце Лаймы вандравалі і пад вокнамі нованароджаных долю дзіцяці прадказвалі. Лаймамі іх з-за імя старэйшай называлі, а насамрэч гэта былі тры сястры-вядунні: Лайма, Гільцыня і Зязюля. Людзі казалі, што яны мелі шчыльную сувязь з іншасветам, таму волю Багоў ведалі. А перад людзьмі сёстры з’яўляліся то ў вобразе жанчын, то ператварыўшыся: Лайма — у жабу, Гільцыня — у гада, а Зязюля — у птушку-зязюлю.

Вось і тады, калі Якубовіч выскачыў з хаты, каб распытаць вядунняў больш пра лёс сваёй меншай дачушкі, з-пад вакна пырхнула чорным ценем птушачка, звіваючыся і бліскаючы ў цемры блакітнымі агеньчыкамі, папоўз прэч гад, і за імі паціху пакрочыла вялізарная, з зайца велічынёй, жаба.

Так і застаўся тады Ян у невядомасці, поўны смутку і нядобрых прадчуванняў. Але што зробіш, жыць жа трэба. Каб не азмрочваць тое жыццё сваім блізкім, ён вырашыў аб прароцтве нікому не расказваць.

Прайшлі гады. Як і прадказваў стары жабрак, Марыся, так назвалі сваю малодшую дачушку Якубовічы, расла цудоўным дзіцём. Такой ласкавай і ветлівай дзяўчынкі нават старэйшыя людзі не памяталі на сваім веку. А такая працавітая і рукадзельная была, што ўсе дзівіліся. Марыся ўжо ў тры гады пачала сама вышываць, у пяць — шыць, а да шаснаццаці гадоў ва ўсім нашым краі не было лепшай швачкі. Канечне, навучэнню дзяўчынкі гэтаму рамяству дапамог і той ашмянскі пан. Ён нярэдка наведваўся да Якубовічаў і яшчэ ў малыя гады дзяўчынкі ўгледзеў у ёй вялікія здольнасці. Каб не прапаў дарэмна талент малодшай дачкі ягонага збавіцеля, той пан наняў для навучання Марысі лепшых мясцовых і нават замежных швачак. А пасля, як дзяўчынка стала сапраўднай майстрыхай, паклапаціўся і аб заможных заказах.

Толькі ні ў якое параўнанне яе рукадзельнасць не ішла да яе прыгажосці. Да васямнаццаці гадоў Марыся стала такой прыгажуняй, што свет не бачыў. Не адзін хлопец навакольны разбіў сваё сэрца ад погляду яе празрыста-сапфіравых вачэй, не адзін паніч віленскі ва ўздыме шчырага кахання прасіў яе рукі, але Марысіна сэрца чамусьці не адгукалася на іх пачуцці.

Усе гэтыя гады, як падрастала Марыся, бацька яе не сядзеў склаўшы рукі. Ён вырашыў змагацца за долю сваёй малодшай дачушкі і паспрабаваць змяніць яе гаротны лёс.

Памятаючы, што яго Марысі наканавана ўтапіцца, Якубовіч першай жа вясной, як яна нарадзілася, уважліва агледзеў сваю зямлю. Як мы ўжо казалі, зямлі ў яго было шмат, толькі па ўсёй плошчы яе было нямала параскідана балот, балацінак ды глыбокіх калдобінаў з вадой. Раней Ян на іх увагі не звяртаў, а цяпер, як небяспека да любай дачушкі сыходзіла ад вады, жахнуўся. Сам лёс прымусіў яго ўзяцца за гэтыя небяспечныя месцы.

Ад усіх тых балот, балацінак і калдобінаў пракапаў Якубовіч раўкі ды канавы да невялічкага стаўка за хатай, спусціў у яго ўсю ваду. Ставок абгарадзіў высокім і такім шчыльным плотам, што нават і мыш не пралезла б. На вароты ў гэтым плоце павесіў пудовы замок. А ў хаце не толькі малой Марысі, але і ўсім астатнім строга-найстрога забараніў нават дакранацца да ключа ад тога замка. Таму ўсе гэтыя васямнаццаць гадоў ні адна чалавечая нага не ступала за агароджу ля стаўка, канешне, апроч самога гаспадара. Ды ў дадатак да ўсяго гэтага, Марысі без нагляду старэйшых і кроку няможна было ступіць. Здавалася, усё прадугледзеў Ян, каб выратаваць дачку ад наканавання, але душа бацькі ўсё адно адчувала нядобрае.

Ратуючы сваю крывінку ад няшчасця, Якубовіч неспадзявана да сябе зрабіў вялікую карысць і да гаспадаркі. Пазбавіўшыся лішкаў вады, нівы аддзячылі гаспадару небывалымі ўраджаямі збожжа і агародніны, сенакосы — шматлікімі копнамі першагатункавага сена. І што галоўнае: сена, збожжа і агародніна, добра выспеўшы і абсохшы на палях, не псавалася і добра захоўвалася. А ставок, які сабраў гэтую ваду, перастаў перасыхаць і ў самае спякотнае лета ды аддзячыў Якубовічу пудамі тлустай, раскормленай рыбы.

Няўмольны бег часу…Ніяк не спыніць яго, не адцягнуць непазбежнае…

Вось і Марысі споўнілася васемнаццаць гадоў. Здаецца, толькі радавацца шчасліваму бацьку за расквітнелую ў дзявочай прыгажосці сваю дачушку, але з кожным днём усё больш пахмурнеў у сваім смутку Ян, бесперастанна грызло яго душу чорнае прадчуванне. Ужо колькі разоў вілася ля яго шэрая зязюля, імкнулася нешта паведаміць, ды не магла сказаць чалавечым голасам. Ды і не трэба было казаць, Ян сам разумеў, што прынесла яна нядобрую вестку.

Якраз у гэты год, у канцы вясны, вярнуўся на радзіму пасля навучання адзін малады хлопец. Ясь яго звалі, з кавалёўскіх Лукашэвічаў паходзіў. Бацькі яго заможнымі людзьмі былі, таму Ясь змог вучыцца за мяжой, недзе ў Нямеччыне, здаецца ці не ў самім Караляўцы. Казалі, вучыўся ён вельмі добра, таму, калі атрымаў дыплом доктара медыцыны, Ясю прапанавалі застацца ў той вучэльні на пасадзе прафесара, але хлопец адмовіўся, адказаўшы, што не на тое ён лекарскія веды набываў, каб пасля служыць чужой краіне.

Тыя Кавалі, дзе ў сваіх бацькоў спыніўся Ясь пасля вучобы, знаходзіліся недалёка ад Чопанішак. Таму не дзіва, што малады лекар неўзабаве сустрэўся выпадкова з прыгажуняй Марысяй.

Адразу, як толькі першы раз убачыў Ясь Марысю, так і патануў у сіняй глыбіні яе вялікіх вачэй. Незямная прыгажосць дзяўчыны не толькі ўразіла хлопца, але цалкам заваражыла, зачаравала, авалодала ўсёй яго існасцю.

Розум і мужчынская прыгажосць маладога лекара таксама закранулі і сэрца Марысі. У першы раз у сваім жыцці яна зведала гэтае доўгачаканае каханне. І тыя вялікія пачуцці, што нясе з сабой першае каханне, уварваліся ў душу дзяўчыны прыемным віхурам шчаслівых і высакародных адчуванняў.

Пасля той выпадковай сустрэчы закаханыя і дня не маглі пражыць адзін без аднога.

Першым, каму Марыся распавяла аб сваім шчасці, быў яе бацька. Даведаўшыся ад дачкі, хто яе любы, Ясь нарэшце ачуняў душой. Упершыню за шмат гадоў у яго вачах зацеплілася іскрынка надзеі.

Праз людзей наказаў Якубовіч Ясю, каб той прыехаў да яго на размову. Як толькі даведаўся хлопец аб запрашэнні ад бацькі яго каханай, адразу не марудзячы прыскакаў на кані да Якубовічаў.

Стары адвёў хлопца падалей ад цікаўных вачэй і наўпрост спытаў:

— Я ад людзей чуў, што ты кахаеш маю Марысю, ці так гэта?

— Ой, дзядзька Ян, жыць без яе не магу!.. — усклікнуў у захапленні Ясь, а пасля трохі збянтэжыўся і запытаў: — Дзядзька, можа што благое пра нас падумаў? Дык Вы што! Я за Вашу Марысю душой і целам! Жыццё сваё аддам!..

— Ды супакойся, хлопча! Нічога такога аб вас я не падумаў, — супакоіў маладзёна Якубовіч і распавёў таму аб змрочным прароцтве да яго дачушкі.
Нешта абарвалася ў душы Яся, калі ён пачуў аповяд бацькі сваёй каханай, чарней цёмнай ночкі сталі яго вочы.

— Слухай, хлопча, смуткам бяду не адхіліш, — звярнуўся да яго стары. — Трэба дзейнічаць! І дзейнічаць не марудзячы!..

— Скажыце толькі, што рабіць!.. Я горы перавярну, каб уратаваць маю каханую Марысю!.. — Ясь з надзеяй паглядзеў у вочы Якубовіча.

— Кажуць, што табе хроснай прыходзіцца вядуння Гільцыня. Ці так гэта?

— Так, так! Але як яна нам можа дапамагчы?

— Людзі кажуць, што Гільцыня толькі з выгляду страшная, а ў душы вельмі добрая. Таму, хто ёй спадабаецца, заўсёды дапаможа са складанага становішча выйсці. А цябе, свайго хрэсніка, здаецца, яна вельмі любіць. Схадзі да яе, распытай. Яна павінна ведаць, як нашаму гору дапамагчы.

Ясь, ні хвіліны не марудзячы, сабраў дарункі для хроснай і пакрочыў у дарогу.

Жыла Гільцыня разам са сваёй старэйшай сястрой Лаймай у глухім лесе. Месца тое да цяперашняга часу называецца Вайшскі Лог, якое тлумачыцца з нашай старажытнай нальшчанскай мовы як «Лагчына, альбо логава, ці жытло вятроў». Знаходзіцца яно недалёка ад Радуты. Здаецца, ад Кавалёў шлях недалёкі, але патрапіць туды можна было толькі праз чароўны Яблыневы Сад, які ахоўвалі два волаты: Веяс — гаспадар вятроў і Рада — гаспадыня свету памерлых.

Пад вечар дабраўся Ясь да Радуты, пайшоў на іхны могільнік і пачаў прыбіраць на могілках. А калі сонца схавалася за верхавіны векавых дрэваў на захадзе, пачаў стукаць у магільныя камяні і клікаць гаспадыню памерлых.

— Хто турбуе спакой майго каралеўства? Хто адважыўся бачыць Вялікую Гаспадыню каралеўства ценяў? — раптам, невядома адкуль, прагучаў уладарны жаночы голас.

— Даруй, Вялікая Гаспадыня!.. Гэта я, сціплы лекар з Кавалёў, Лукашэвічаў сын. Не гневайся, Усемагутная Панна, што парушаю твой спакой!.. Хваляванне за лёс маёй каханай прывяло мяне ў твае ўладанні, — бухнуўшыся на калені, адказаў Ясь.

— А, хрэснік маёй сваячкі Гільцыні!..- прагучаў голас, і на вяршыні магільнага ўзгорка з’явілася велічная постаць Гаспадыні Рады, абкружаная з усіх бакоў жахлівай вартай з чалавечых шкілетаў, яе падданых.

Немагчыма перадаць словамі боскую прыгажосць маладой каралеўны, яе багаты, усыпаны золатам і каштоўнымі камянямі ўбор, ды слепячыя промні нябеснай зары, што сыходзілі ад яе.

Гаспадыня памерлых агледзела зрокам чыста прыбраныя могілкі і пра сябе лагодна ўсміхнулася.

— Я па сабе ведаю пакуты нешчаслівага кахання, таму паспрабую дапамагчы. Скажы, якая бяда прывяла цябе, хлопча, да мяне!

Ясь распавёў каралеўне Радзе аб наканаванні сваёй каханай ды папрасіў паказаць дарогу да Гільцыні.

— Ты, мусіць, ведаеш, што дарога да жытла тваёй хроснай ляжыць праз чароўны Яблыневы Сад. Я пакажу табе дарогу да гэтага Сада і дапамагу сустрэцца з Гаспадыняй таго Сада каралеўнай Аўсеяй, а вось далей шлях табе давядзецца шукаць самому, — сказала Гаспадыня памерлых і выцягнула ўбок правую руку. Ад канчаткаў пальцаў працягнутай рукі яе паляцеў у цемру слепячы прамень, які праз імгненне ператварыўся ў мост з чыстага золата.

— На, вазьмі!.. — каралеўна перадала Ясю два збанкі. — Вось гэты збанок аддасі пчолам-вартаўнікам, — Рада паказала на збанок, поўны пахнючага бурштынавага мёду. — Атрымаўшы мёд, яны цябе прапусцяць у Сад. А вось гэты, — Вялікая Панна тыркнула ў збанок, поўны золата, — аддасі каралеўне Аўсеі. Яна вельмі дамавітая гаспадыня і не адмовіцца ад такога падарунка ды размовы з табой. Ну а далей, хлопча, спадзявайся на сябе!.. — пасля гэтых слоў каралева Рада растаяла ў паветры, а Ясь невядома як апынуўся на залатым масце.

— Удачы табе.. — як шапаценне лісця, ад подыху цёплага ветрыку прыляцела аднекуль здалёку ледзь чутнае пажаданне каралеўны.

— Дзякуй табе, Вялікая Панна!.. — крыкнуў на ўсю моц хлопец і пакрочыў уперад па мосце.

Некаторы час Ясь ішоў у непрагляднай цемры, толькі пад нагамі яго агнём дагараўшай зары свяціўся мост, ды з абодвух бакоў ад маладога чалавека бялелі ўначы плывучыя ў паветры постаці, ледзянячай душу смяротных варты Гаспадыні памерлых. Раптам, мост рэзка павярнуў у бок і знік, а хлопец апынуўся ў паласе святла. Малады чалавек агледзеўся, не верачы сваім вачам. Там, толькі некалькі крокаў за яго спіной, чарнела цёмная ноч, а тут, дзе ён стаяў, панаваў чароўны дзень. Свяціла яркае сонца, спявалі птушкі, гулі пчолы. Уперадзе перад ім высіўся прыгожы, плецены з невядомага дрэва плот, праз які перавешваліся сукі цудоўных яблынь. Гэтыя сукі адначасова і цвілі, і на іх жа віселі спелыя, у поўным наліве плады.

Апрытомнеўшы, Ясь накіраваўся да шырока адчыненых варот. У невялікім аддаленні ад варотаў заклапочана кружыліся над нечым каля дзесятка страшэнных пчол з жалезнымі вострымі джаламі і велічынёй з добрага парсюка.
«Вартаўнікі! — здагадаўся хлопец. — Але чаму яны не звяртаюць на мяне ніякай увагі?» — здзівіўся ён.

Падышоўшы бліжэй, Ясь зразумеў, у чым справа. Ля плота ў густой траве ляжала брухам уверх адна з іхных сябровак. Падобна, тая пчала была вельмі хворая, бо ледзь рухала нагамі. Хлопец мог выкарыстаць зручны момант, ды без ніякай перашкоды зайсці ў Сад, але яму шкада стала гінучую жывую істоту, і ён накіраваўся ў яе бок.

Калі здаровыя пчолы заўважылі чалавека, адразу выстраіліся ў баявы шыхт і выцягнулі ўперад свае жудасныя іклы-джалы. Яшчэ імгненне — і наш герой быў бы разарваны на дробныя кавалкі гэтымі грознымі стварэннямі. Але Ясь маланкава скінуў з плячэй свой мех і на выцягнутых руках паказаў яго пчолам-вартаўнікам. На светлай паверхні скуранога меха выразна праяўлялася вышытая выява гада — старажытнага лекарскага знака. Пчолы супакоіліся і дазволілі маладому лекару агледзець хворую.

Пасля агляду Ясь пакорпаўся ў сваім меху, знайшоў патрэбныя зёлкі, патоўк іх у ступе, зварыў адвар і ўліў у рот хворай. Не прайшло і некалькі хвілінаў, як пчолка радасна задрыгала нагамі, жвава падскочыла і — здаровая на крылах паднялася ў паветра.

Ясь, абрадаваны сваім поспехам, не забыўся перадаць пчолам збанок з мёдам, і ўдзячныя вартаўнікі правялі маладога лекара ў глыбіню чароўнага Сада да шыкоўнага палаца, пабудаванага з чыстага срэбра.

Хлопец спыніўся ля вялікага бліскучага каменя, на якім быў выбіты твар Вялікай уладаркі. Камень той ляжаў якраз перад самым парогам палаца, і Ясь, паставіўшы збанок з золатам перад ім, нізка пакланіўся.

— О, Вялікая Гаспадыня Сада, Маці Магутных Вятроў, уладарка пчол, вяльможная каралеўна Аўсея! Прымі мой сціплы падарунак і дазволь выслухаць мяне! — усхвалявана прагаварыў малады чалавек.

На вачах Яся камень зрабіўся мяккі, як сырая гліна, пачаў выцягвацца ўверх, ствараючы жаночую фігуру, ажываць… І вось перад хлопцам паўстала велічная постаць грознай каралеўны Аўсеі.

Незадаволены, свідруючы позірк яе працяў хлопца наскрозь, але, угледзеўшы перад сабой збанок з золатам, каралеўна хуценька падхапіла яго і прыціснула да сваіх усыпаных серабром грудзей.

— Што прывяло цябе ў мае ўладанні, юнак? — ужо лагодна запытала каралеўна.

Ясь падрабязна растлумачыў ёй, чаму тут знаходзіцца, куды ідзе і чаго хоча.

— Добра, за багаты падарунак і за тое, што вылечыў маю служку-вартаўніцу, дапамагу табе! — сказала Аўсея і перадала хлопцу клубок срэбраных нітак і таксама срэбраны нож.

— Гэты клубок прывядзе цябе да жытла брата майго мужа, гаспадара маіх сыночкаў-Вятроў, Магутнага караля Веяса, там побач і жытло тваёй хроснай. Калі зойдзеш ва ўладанні Веяса, ён моцна раззлуецца, падымецца вялікая бура. Тады ўторкні гэты нож у зямлю і скажы, што прыйшоў з мірам. Гаспадар Веяс супакоіцца і выслухае цябе.

Як казала каралеўна Аўсея, так і адбылося. Як толькі Ясь з’явіўся ва ўладаннях караля Веяса, паднялася вялікая бура. Вецер валіў з ног, вырываў з карэннем дрэвы, трушчыў усё навокал. Толькі хлопец хацеў уторкнуць у зямлю срэбраны нож, як чуе праз вый ветру жалосны стогн.

Малады лекар, рызыкуючы патрапіцца пад вялізарныя камяні і шматпудовыя аскеккі векавых дрэваў, што вырываў з зямлі і нёс па ветры Магутны Веяс, з апошніх сілаў, пераадолеўшы небывалую моц ветру, спусціўся ў невялікую лагчыну. На дне той лагчыны ляжаў, абхапіўшы рукамі скаваную жалезнымі абручамі галаву, волат і стагнаў ад болю.

Шкада стала Ясю волата. Выбраў ён з торбы лекі і даў выпіць пакутніку. Праз некалькі хвілінаў боль у хворага супакоіўся і ён ціха заснуў. Толькі пасля гэтага Ясь уторкнуў у зямлю срэбраны нож і крыкнуў у раз’юшаную буру, што прыйшоў з мірам.

Як і казала каралеўна Аўсея, бура адразу сціхла. І на вяршыні вялікай гары, што навісла над лагчынай, на фоне зорнага неба паказаўся высокі і масіўны замак. Якраз туды і пакаціўся, паказваючы дарогу, срэбраны клубок Аўсеі.

Ясь абышоў з усіх бакоў замак і спыніўся ў нерашучасці. Высокія сцены замка, высечаныя з чорнага дыябазу, здавалася, былі маналітныя і не мелі нават ценькай шчылінкі, што падказвала б на які-небудзь уваход.

— Што табе, чалавеча, патрэбна ў маіх уладаннях?.. — раптам аднекуль зверху прагучаў магутны голас. Ад небывалай моцы гэтага голасу затрэслася зямля і захісталіся дрэвы.

Хлопец падняў галаву ўверх. На галоўнай вежы замка, якая сваім вастрыём працінала неба, на неабсяжнай вышыні ўзвышалася постаць Магутнага гаспадара Вятроў, караля Веяса. Ён стаяў у зорным атачэнні на выкаваным з тоўстага жалеза балконе, адтапырыўшы тоўстыя вусны, і са сваёй вышыні паблажліва глядзеў на маленькага чалавечка.

Ясь, не марудзячы, расказаў уладару Вятроў аб сваёй бядзе.

— Што ж, за дапамогу хвораму брату майму, за тое, што хаця б на час пазбавіў яго ад пакутлівага болю, дапамагу і я табе, — сказаў Веяс і паклікаў свайго падначаленага Ветра-Паўночніка.

— Адвядзі гэтага чалавека да жытла вядунні-Гільцыні і растлумач, як яму сустрэцца са сваёй хроснай, каб не перашкодзіла яе старэйшая сястра, Гаспадыня Лайма, — наказаў пляменніку кароль Веяс. — Гэты чалавек дапамог тваёму бацьку! Будзь спагадлівым да яго!”

Вецер-Паўночнік адвёў Яся да жытла Гільцыні і Лаймы, схаваў яго ў густым гушчары ля той хаты і пачаў тлумачыць хлопцу, як сустрэцца з хроснай:

— Ты можа чуў, чалавек, што старэйшая сястра тут усім запраўляе. У руках яе і шчасце-доля людская. Каб не падмянілі тую шчасце-долю, Гаспадыня Лайма вельмі не любіць, калі яе малодшыя сёстры з людзьмі размаўляюць. Бо ведае добрую душу сваіх сёстраў. За дапамогу людзям сваю самую малодшую сястру Зязюлю Лайма пакарала выгнаннем з жытла і адабрала ад яе чалавечы голас. Вось і блукае цяпер Зязюля непрытомная па лесе, не маючы магчымасці мець сваё жытло, таму і падкідвае сваіх дзяцей у чужыя хаты і гнёзды. Каб не пужаць лясных жыхароў, большую частку свайго гаротнага жыцця праводзіць яна ў скуры птушкі. І толькі калі Лайма бераць яе з сабой сурочыць пад вокны неўмалят, на кароткі час вяртае ёй чалавечы голас. Не менш добрая душа і ў тваёй хроснай. Толькі Гіцьцыня, як старэйшая за Зязюлю, больш асцярожная і абачлівая. Напусціла на сваё імя страхацця рознага. Сама прыдумала для людзей, каб баяліся, выгляд свой жудасны, сама сябе Смерцю кастлявай назвала. Усё гэта яна робіць каб падмануць Гаспадыню сваю, старэйшую сястру Лайму. На самой жа справе, калі з’явіцца Смерць-Гільцыня да чалавека, сам жа павінен ведаць: у першую чаргу цябе, доктар, кліча, каб хворага на ногі паставіў. А забірае з сабой толькі бяздольных, ды тых, якім вы, лекары, дапамагчы не можаце. Ад жаласлівасці забірае, каб не пакутавалі на вашым свеце. Нездарма яна над вамі-дактарамі апякуе, табе хроснай стала, ды вашай лекарскай гільдыі свой знак — знак трутнага гада — даравала. Але ведай, што ўсе свае стасункі з людзьмі, якім хоча дапамагчы, Гільцыня вядзе ў тайне ад Лаймы. Таму дачакайся святла, і калі Лайма пойдзе да свайго дрэва, ліпы спрадвечнай, і пачне сточваць камень пад ёй, можаш спакойна выходзіць са схованкі і ісці да сваёй хроснай. Лайма вашай размове не перашкодзіць, бо той камень — не камень зусім, а шчасце-доля ўсяго роду людскога. Па загаду Дзядулі-Бога, Лайма павінна кожны дзень сточваць той камень-долю роўна на столькі, на колькі часу засталося да канца роду людскога. Калі Лайма сточыць той камень, дык і канец чалавецтву будзе. Ад той працы Гаспадарку лёсу нішто не зможа адарваць. Таму будзьце спакойныя. Даруй, што больш не магу затрымацца з табой. Трэба ляцець, дапамагаць маім братам-Вятрам працаваць. Апладніўшы яблыні ў чароўным Садзе маці нашай, па ўсёй зямлі павінны паспець за дзень праляцець мы, параскідаць нават у самыя зацішныя і аддаленыя куткі яе зерне кахання, каб злучаліся ды пладзіліся ўсе жывыя істоты і людзі. Бывай, чалавек! Поспехаў табе!.. — пасля гэтых словаў Вецер-Паўночнік лёгкім паветраным дотыкам абняў хлопца і знік у цемры.

Ясь, як і казаў яму Паўночнік, дачакаўся святла. Як толькі сонца ўзнялося над небасхілам, дзверы хаты расчыніліся і на парозе з’явілася старая азызлая цётка з вылупленымі зялёнымі вачыма і брыдкай, адтапыранай,як у жабы, ніжняй губой.

«Лайма!» — здагадаўся хлопец.

Цётка хвіліну пастаяла на парозе, грэючы ў прамянях ранішняга сонца свае неабсяжныя цялесы, і паціху пакрочыла да магутнай ліпы. Там уселася пад дрэвам і пачала старанна сточваць вялікі камень.

Ясь выйшаў са схованкі і пайшоў да хаты вядунняў.

Як толькі хлопец пераступіў парог і прывітаўся, да яго скочыла абдымаць і цалаваць Гільцыня.

— Хрэснічак мой прыйшоў! Вось каго рада я бачыць! — узрадавана лапатала старая, а пасля, супакоіўшыся, сур’ёзна запытала: — Якая нядоля прымусіла цябе наведаць сваю хросную?

Ясь падрабязна распавёў Гільцыні аб сваёй бядзе і папрасіў дапамогі.

— Хрэснічак мой, я людзям чужым дапамагала, а табе дык у першую чаргу дапамагу! — адказала вядуння. — Заўтра якраз ночка святога Яна! Яна нам і патрэбная. Паспееш усё зрабіць! Слухай! Недалёка ад вёскі Янова ёсць лагчына. Стодалішчам яе называюць. Там стаяць стоды старых, яшчэ дапатопных Багоў. Прыйдзі туды на змярканні і не забудзься кожнаму з іх пакланіцца. З сабой абавязкова прынясі ў торбе авечачку. Яна табе вельмі спатрэбіцца. Пройдзеш той лагчынай да рэчкі Лынтупкі. Там у вадзе ля берага знойдзеш камень з адным вокам. Прайдзі ў той бок, куды тое вока пакажа. На другім беразе рэчкі знойдзеш другі камень. На тым камяні будзе яшчэ адно вока, з бакоў якога будуць ляжаць каменныя галавасцік і гад. Ні ў якім разе не заглядай у тое вока і не дакранайся да каменнага галавасціка. Бо вока тое — гэта акно ў свет памерлых, як глянеш у яго, дык правалішся ў царства ценяў назаўсёды. А галавасцік той — гэта стварэнне сястры і гаспадыні маёй Лаймы. Калі дакранешся да яго, ўсе твае намаганні будуць дарэмныя: Лайма не дазволіць змяніць наканаванне. Толькі на гэтым камяні пяшчотна пагладзь аднаго каменнага гада, а калі ён ажыве, пакажы знак мой і ваш, лекарскі. Гад той — гэта служка мой адданы. Ён правядзе цябе да статка авечак і пакажа двухгорбавы камень. Схіліся да зямлі і паглядзі ў прамежак паміж тымі гарбамі. Якую авечку ўбачыш у тым прамежку, тую і падмяні сваёй, а пасля хутчэй хапай падмененую авечку і ўцякай з тога месца. Гэтая авечка — шчасце-доля тваёй каханай. Як прынясеш дахаты тую авечку, аддай бацьку Марысі і накажы, каб у той час, як ты са сваёй каханай паедзеце ў касцёл шлюб браць, утапіў бы тую авечку. Бо ў гэты час наканавана тваёй любай утапіцца. Калі зробіце так, як я табе казала, твая Марыся застанецца з табой і будзе жыць доляй той авечкі, што ты ў лесе ля гарбатага каменя пакінуў. Ня ўздумайце толькі аб гэтым яшчэ каму-небудзь расказаць, бо хцівасць будучай тваёй цешчы можа прывесці да бяды.

Ясь аддзякаваў хроснай за дапамогу падарункамі і падаўся ў адваротную дарогу, каб паспець да змяркання папасці ў Стодалішча.

Хлопец пачакаў на вяршыні гары, пакуль сонца закоціцца за небасхіл, і ў густа пурпуровых водблесках вячэрняй зары спусціўся ў свяшчэную лагчыну старажытных Багоў.

Бязлітасны час добра папрацаваў над былой славай забытых Багоў. Але ў сівізне імховых футраў ды старэчых маршчынах-трэшчынах яны, урослыя ў зямлю, нахінутыя і паваленыя, усё адно ў душы маладога чалавека міжвольна выклікалі павагу і трапятанне перад сваёй грознай веліччу.

Хлопец, як і казала яму хросная, не абмінуў ніводнага стоду, не пакрыўдзіў ніводнага Гаспадара былых Стыхіяў старажытнага свету сваёй непавагай.
Калі Ясь пачаў спускацца да рэчкі, цемра непраглядным, цягучым туманам ахутала яго з усіх бакоў. Хлопец вобмацкам прадзіраўся праз густы прыбярэжны хмызняк, а лес навакол пачаў запаўняцца гукамі таямнічай Купальскай ночы.

Вось, зусім побач, працяў цемру ледзянячы душу нечалавечы вый, перарваны рэзкім вар’яцкім рогатам, вось некуды ў непралазны гушчар пачаў зазываць жалобны крык неўмаляці, вось хлопец у жаху адчуў, як нечыя нябачныя рукі пачалі датыкацца да яго цела…

Раптам, не знайшоўшы рукамі ўперадзе сябе перашкоды і пачуўшы недзе зусім побач пад нагамі цурчэнне вады, Ясь усвядоміў, што ён ля рэчкі.

Першы камень, аб якім казала Гільцыня, шукаць доўга не прышлося. Пякельна-чырвоны агонь вока і накіраваны ад яго на процілеглы бераг крывавы прамень у цемры начы былі добра бачныя здалёку. Калі Ясь уступіў у водсвет тога жудаснага вока, усю нечысць, што падбіралася перад гэтым да хлопца, як ветрам здзьмула, аддаўшы яго душу пад уладу больш магутных Сілаў.

На другім беразе ракі, куды прывёў маладога чалавека крывавы прамень, ляжаў другі камень. На яго пляскатай паверхні свяцілася другое вока, толькі ўжо замагільна-блакітным святлом. Агонь тога святла пачаў абварожваць-ахінаць хлопца, павольна запаўзаць ў душу, падпарадкоўваць яго волю. Яшчэ некалькі хвілін, і Ясь не змог бы ўтрымацца ад спакусы зазірнуць у самую бездань тога чараўніча-прыцягальнага вока, навечна зліцца з царствам ценяў. Але вобраз каханай Марысі яркай маланкай разарваў чары апраметнай і прымусіў яго апрытомнець. Хлопец перажагнаўся і, з усёй моцы стараючыся не зазірнуць у вока, агледзеў камень. Побач вока, як вартавыя ля варот, знерухомелі постаці каменнага гада з галавасцікам. Жахлівы, нябачаны смяротнымі, чарней чорнай чэрні з адлівам колер гада пужаў Яся і прымушаў трапятаць яго душу.

Наадварот, дзіцячыя абрысы ды загадкавы блёкла-зеленаваты бляск галавасціка вабілі дакрануцца і пагладзіць яго. Рука хлопца ўжо сама цягнулася ў бок галавасціка, і толькі празмернымі высілкамі волі ён адвёў яе ўбок і прымусіў яе ласкава прайсціся па ледзяной паверхні смертаноснага гада.

Гад адразу заварушыўся, імгненна саслізнуў з каменя і, узняўшыся ў змяіную баявую паставу, пачаў хутка расці ў памерах. Праз некалькі хвілінаў ужо над галавой Яся навісла ашчэраная пашча гіганцкай пачвары, гатовая ў кожны момант праглынуць ці разарваць сваімі атрутнымі ікламі знерухомеўшага ад страху чалавека. Хлопец ужо не вераваў у сваё выратаванне, ад жаху забыўшыся ўсё, што наказвала яму хросная, і толькі інтуітыўна засланіўся ад смертаноснай істоты сваім лекарскім мехам.

Гад, угледзеўшы на мяху знак сваёй гаспадыні, адразу перамяніўся. Ён паважліва пакланіўся перад маладым лекарам і на чалавечай мове звярнуўся да Яся:

— Даруй, што адразу не распазнаў цябе, гаспадар! Я ўжо ведаю загад маёй уладаркі, каралеўны Гільцыні. Воля яе і цяпер твая — для мяне закон! Ідзем!

Гад падвёў Яся да статка авечак і паказаў на двухгорбы камень.

— Калі ласка, гаспадар, выбірай сабе тое шчасце-долю, што табе патрэбна!

Хлопец прыгнуўся, глянуў у прамежак паміж гарбамі і хутка падмяніў патрэбную авечку. Як толькі Ясь укінуў у свой мех авечку-долю Марысі, нечысць з усяго лесу накінулася на яго. Толькі верны служка Гільцыні прыняў бой на сябе, даўшы магчымасць маладому лекару ўцячы са шчасцем-доляй сваёй каханай.

Раніцай, як і наказвала яму хросная, авечачку — шчасце-долю Марысі Ясь перадаў яе бацьку і растлумачыў, што трэба зрабіць, каб выратаваць дзяўчыну.

Нарэшце надышоў доўгачаканы дзень вяселля. Радасны Ян за выратаванае шчасце сваёй дачушкі перад тым, як выправіць маладых да касцёлу браць шлюб, тры разы абвёў па сонцу вакол стала Марысю і перадаў яе ў надзейныя рукі Яся. Калі маладая пара ўжо сядзела ў брычцы і бацькі Марысі ўдваіх, абсыпаючы зернем, тройчы абходзілі вясельны поезд, Ясь шапнуў на вуха бацьку каханай:

— Дзядзька Ян, калі ласка, Богам прашу, як мы ад’едзем, не забудзьцеся адразу ўтапіць авечачку!

— Не хвалюйся, хлопец! Я што, вораг сваёй любай дачушкі?! Не паспееце да лесу пад’ехаць, як усё будзе зроблена! — запэўніў маладога стары.

Вясельны поезд крануўся, а Ян, хаваючыся ад цікаўных вачэй, падаўся да статку авечак. Але гэтыя таямнічыя паводзіны мужыка не прайшлі паміма ўвагі яго жонкі. Як толькі Ян схапіў авечку-долю і панёс да стаўка, Адэля рашуча перагарадзіла яму дарогу.

— З глузду, стары, з’ехаў? Куды прэш авечку? — бліскаючы маланкамі ў вачах, запытала яна мужыка.

Ян разумеў, што цяпер кожная хвіліна можа быць лёсавызначальнай да іх дачкі, таму, каб не губляць час на спрэчкі са старой, ён хутка расказаў жонцы аб усім.

«Дакладна, стары з глузду з’ехаў! Нейкія байкі мне апавядае! У забабоны бабскія паверыў і хоча згубіць лепшую авечку са статка!» — падумала Адэля, але, каб не псаваць сабе вясельны настрой, вырашыла з дапамогай хітрасці выратаваць сямейную маёмасць.

— Ой, даражэнькі ты мой! Я ж таксама хачу дапамагчы выратаваць сваю дачушку! — падманліва-ўзрушана загаманіла Адэля. — Давай я сама ўтаплю гэтае стварэнне, каб жыла далей у шчасці наша Марысечка!

Не заўважыў маны ў словах жонкі Ян, з чыстым сэрцам і ўпэўнены ў яе добрых намерах, аддаў старой авечку-долю Марысі.

Адэля з авечкай на руках залезла ў густы трысняг ля стаўка. Упэўніўшыся ў тым, што Ян яе не бачыць, шпурнула ў ваду замест авечкі корч.

— Вось і ўсё па той авечцы! Камнем на дно пайшла! — крыкнула яна мужыку. — Янка, схадзі, яшчэ раз паглядзі да стала, каб усяго хапала, каб перад гасцямі не сорамна было! А я тут павартую, каб тая авечка не ўсплыла!

Ян, падмануты жонкай, без усякай задняй думкі падаўся ў бок хаты. Толькі выйшаў ён за агароджу стаўка, як лясная зязюля кінулася яму пад ногі, пачала перашкаджаць ісці, усхвалявана паказваць крыламі на ставок, нешта імкнулася паведаміць, але не магла.

— Ды супакойся ты, даражэнькая! Усё што трэба, мы зрабілі! Ляці спакойна ў лес зялёны, нясі добрую вестку сваёй сястрычцы! — імкнуўся супакоіць птушку-вядунню стары.

Але зязюля не супакоілася, як Ян зайшоў у хату, птушка ўселася на сук яблыні перад дзвярамі і пачала ў адчаі кукаваць, заставіўшы вяскоўцаў у страху пахавацца па хатах і набожна хрысціцца перад абразамі.

У гэты час Адэля, задаволеная, што абвяла дурнога мужыка вакол пальца, выйшла з траснягу і пусціла пасціся на сакавітую прыбярэжную траву выратаваную авечку.

Вясельны поезд не праехаў і двух вёрстаў ад вёскі, як маладая ўгледзела, што выпацкала недзе рукі.

— Каханы, прыпыні каней вунь ля той купіны, я рукі памыю. Бо як перад ксяндзом з такімі рукамі паказацца! — папрасіла Марыся свайго жаніха.

Ясь, упэўнены ў тым, што авечка-доля даўно ўтопленая і яго каханай больш нічога не пагражае, спыніў вясельны поезд і адпусціў сваю любую.

Марыся зайшла за лазовы куст, нахінулася да вады і адчула, што нечыя моцныя рукі схапілі яе ды пацягнулі ў ваду. Ужо страчваючы прытомнасць, у глыбіні мутнаватай вады дзяўчына разглядзела доўгую кліністую бараду і ільсняную скуру Гаспадара воднай стыхіі.

Калі малады, разам з вясельнікамі кінуліся шукаць дзяўчыну, на чыстай паверхні купіны плаваў толькі яе белы вэлюм, а на процілеглым беразе сядзела вялікая, з зайца велічынёй, жаба. Відавочцы пасля сцвярджалі, што гэтая нявіданая жаба на чалавечай мове прыгаварвала:

— Такі ейны лё-ё-ёс! Так ёй наканава-а-ана! Такі лё-ё-ёс! Так наканава-а-ана!..

Пасля той трагічнай гісторыі тую купіну, дзе ўтапілася Марыся, людзі па сённяшні дзень называюць Дзявочай Лужай, а старэйшыя, мінаючы яе, хрысцяцца, нагадаўшы гаротны лёс тапельніцы.

Баяць, што ў поўнамесячныя ночы можна ўбачыць у глыбіні той купіны белую постаць Марысі і пачуць яе жалобныя стогны.

Процьма гадоў прайшло з пары той даўняй гісторыі. Але да цяперашняга часу ляжаць ля Стодалішча тыя камяні з выявамі вока, каменымі гадам і галавасцікам побач з двухгорбым каменем, дзе знайшоў шчасце-долю сваёй каханай Ясь. Не загінула яшчэ і спрадвечная ліпа ля Радуты. І цяпер ляжыць пад ёй той валун, што тачыла вядуння Лайма, толькі з той пары стачыўся ён да невялікага каменя, падобнага на абсмоктаны ледунец. У Вайшскім Логу знойдзеце вы і шмат вялікіх камлыгаў чорнага дыябаза — тое, што засталося ад замка караля Веяса. Паказваючы на адны-два кавалкі з тых камлыгаў, людзі сцвярджаюць нават, што гэта сам Гаспадар Вятроў, акамянелы і разбіты Пяруном. Але гэта ўжо іншая гісторыя…

***

Алесь Гарбуль

из ист: http://westki.info/.pureftpd-rename.15286.556cc814/.pureftpd-rename.15286.556cc814/.pureftpd-rename.15286.556cc814/.pureftpd-rename.15286.556cc814/artykuly/583/dziavochy-kon

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Loading

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.