Генавефа Гіляраўна Шчучка з вёскі Дуброўшчына Лынтупскага сельсавета адзначыла стогадовы юбілей. Ранак таго суботняга дня выдаўся халаднаватым, неба мурзацілася хмарамі.
Збіраючыся ехаць на святкаванне, я думала, што будзе несправядлівым, калі з яго пральецца дождж, а не сонца аблашчыць такую шаноўную юбілярку. Але бліжэй да поўдня (урачыстасць была назначана на 13 гадзін) дом Генавефы Гіляраўны і ўсё наваколле купаліся ў сонечным ззянні, паветра п’яніла водарам бэзу, прасторны двор поўніўся гасцямі, а птушыны хор не скупіўся на спевы.
Неўзабаве яму прыйшлося саступіць іншай музыцы — у імправізаваным малітоўным куточку, спецыяльна абсталяваным і ўпрыгожаным да юбілею ў адной з гаспадарчых пабудоў сядзібы Шчучкаў, велічна загучаў электраарган, на якім іграла ўнучка імянінніцы Сафія — арганістка Мінскага кафедральнага касцёла, а ксёндз камайскага касцёла Яцэк Хутман распачаў у гонар юбіляркі Імшу падзякі Богу. Затым падарыў ёй партрэт Папы Рымскага, Святога Яна Паўла II, які, як і Генавефа, нарадзіўся 18 мая, а таксама зачытаў перад прысутнымі і перадаў благаславенне ад біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча. У ім, у прыватнасці, сказана: «З удзячнасцю за адданае Богу і касцёлу жыццё і пажаданнем шчодрых Божых ласкаў і апекі Найсвяцейшай Дзевы Марыі і нябесных заступнікаў».
Вера ў Бога трымала і трымае Генавефу Гіляраўну ў жыцці. А лёс прыгатаваў для яе нямала цяжкасцей і выпрабаванняў. За плячыма шлях, які пачаўся ў мінулым стагоддзі. За гэты час у гісторыі як краіны, так і сям’і адбылося столькі падзей! Калі Генавефе споўніўся 21 год, пры родах дзявятага дзіцяці памерла яе маці, і дзяўчыне давялося стаць галоўнай гаспадыняй у хаце. Непамерна цяжка працаваў не толькі бацька, але і старэйшыя дзеці, каб паставіць на ногі меншых. Мела здольнасці да шыцця і вывучылася за швачку. На ўсю акругу славілася выдатнай майстрыхай, таму і заказаў мела шмат.
У 1946 годзе выйшла замуж за Валяр’яна Шчучку ў вёску Дуброўшчына ( да гэтага жыла ў Носавічах Мядзельскага раёна). У шлюбе прайшлі поруч 56 гадоў. У 2002-м зямны шлях Валяр’яна завяршыўся. Абое працавалі ў калгасе. Калі стала магчымым, трымалі вялікую асабістую гаспадарку: каня, карову, цялят, авечак, курэй, качак. Далі жыццё і выхавалі годнымі людзьмі дзвюх дачок. Люцыя закончыла політэхнічны інстытут. Вышэйшую адукацыю атрымалі і пяцёра яе дзяцей. Галіна працавала ў бухгалтэрыі калгаса «Перамога». Абедзве яе дачкі закончылі сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Адна працуе на чыгунцы, другая — у медыцыне.
Асобна хачу сказаць пра Люцыю. Калі восем гадоў назад Генавефа Гіляраўна зламала шыйку сцягна, яна пераехала з Мінска, дзе застаўся муж, дзеці, унукі, у Дуброўшчыну і з таго часу не пакідае маці. А яе родныя мінчане рэгулярна наведваюцца сюды. Дарэчы, гасцяваць тут любяць усе з іх роду. Мясціны маляўнічыя, дом з багатай гісторыяй (у далёкім мінулым тут быў панскі маёнтак), яго аўра напоўнена духоўнасцю і любоўю да бліжніх. Люцыя даглядае не толькі маці, але і 93-гадовую сляпую родную цётку Вераніку, якая не мела ўласнай сям’і, раней жыла ў брата, а пяць гадоў таму пераехала ў Дуброўшчыну.
«Цяжка спраўляцца з двума старымі?» — звяртаюся да Люцыі Валяр’янаўны. А яна мне кажа: «Дык яны ж на нагах (маці перамяшчаецца з дапамогай хадункоў, цётка — з дапамогай лясачкі і трымаючыся за руку або ўвогуле ў інваліднай калясцы — аўт.). Самі і памыюцца, і паядуць. А яшчэ адна да другой «на сяло» ходзяць (смяецца) — з ложка на ложак, якія стаяць у розных кутках прасторнага пакоя, каб пагаварыць, бо здалёк недачуюць. Калі мне патрэбна з’ездзіць у Мінск, да іх прыходзіць мая сястра Галіна, якая жыве ў Навасёлках. Яна ж дапамагае і з агародам упраўляцца.
— А ў чым усё-такі сакрэт даўгалецця вашай маці? — пытаюся ў Люцыі.
— У глыбокай веры, пастаяннай фізічнай працы і моцным здароўі. Мама ніколі не лячылася ў бальніцы, толькі двойчы ляжала ў раддоме. Калі ў 92-гадовым узросце зламала шыйку сцягна, то ў бальніцы зрабілі абследаванне, рэнтген і прапанавалі аперацыю. Адмовілася, і мы паехалі дадому. З таблетак толькі фестал іншы раз прыме для паляпшэння стрававання. Ды вось цяпер, перад юбілеем, піла валакардзін, каб менш хвалявацца. «Не хацела я вялікага свята, — казала сама імянінніца. — Прывыкла ўсё жыццё быць у цені, а тут такая шуміха!»
Ёй спакайней было б заняцца сваімі любімымі дыванкамі. У маладосці не толькі добра шыла, але і вышывала, вязала кручком. Бывае, і зараз садзіцца за швейную машынку, каб хоць некалькі строчак прагнаць, пашыць якую торбачку ці падрубіць кавалачак тканіны, прычым без акуляраў. Да гэтага часу паслухмяныя ў яе руках нажніцы і кручок — разразае на палоскі поліэтыленавыя пакеты і вяжа з іх дыванкі. За гэтым заняткам можа прасядзець ажно да поўначы, а раніцай паспаць даўжэй. У нядзелю не працуе, прысвячае яе толькі малітвам. І сумуе без прывычнага занятку, кажа, што без працы надта марудна цягнецца дзень.
Але вернемся да юбілею. У Генавефы Гіляраўны дзве дачкі, сямёра ўнукаў, трынаццаць праўнукаў, яшчэ жывыя брат Казімір (81 год), сёстры Марыя (86) і Вераніка (93). На ўрачыстасць прыехала каля 30 чалавек радні — з Браслава, Мядзела, Смаргоні, Віцебска, Мінска і нават з Варшавы. Не абышла ўвагай мясцовая ўлада — завіталі з падарункамі старшыня Лынтупскага сельскага Савета Аляксандр Макаранка і прадстаўніца тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Люцыя Руткоўская, даслаў віншаванне раённы савет ветэранаў. Пехатой, на веласіпедзе або машыне з’явіліся на памятную падзею і знаёмыя з суседніх вёсак Папоўцы, Баяры, Скарпаўцы, Падвішняк. Прысутнічалі на Імшы, жадалі юбілярцы здароўя. Свята атрымалася цёплым, кранальным і мнагалюдным. Прагучала на ім і «Многие лета!», прычым нават не на польскай мове, якую імянінніца ведае дасканала, а на латыні.
Калі я падчас урачыстасці і пасля яе рабіла здымкі Генавефы Гіляраўны не толькі для газеты, але і на новы пашпарт, яна нямала здзівілася: «Навошта ён мне?» Як гэта навошта? Каб засведчваць адлік новага стагоддзя, і як мага даўжэй.
Фаіна Касаткіна
Фота аўтара
ист: http://www.postawy.by/2018/06/i-niyakix-balnic/