Святло ведаў, розуму і цеплыні на працягу свайго існавання дорыць вучням Гуцкая сярэдняя школа. Сёлетні год для гэтай навучальнай установы юбілейны. У адзін з лістападаўскіх дзён яна адзначыла 70-годдзе.
Дырэктар школы І. Г. Касарэўская.
Шлях ад пачатковай да сярэдняй
Расказаць пра любую ўстанову, зрэшты, як і пра чалавека, абмінуўшы яе “біяграфію”, немагчыма. Асабліва калі яна такая насычаная, як у Гуцкай школы. Гэтая ўстанова адукацыі прайшла шлях ад пачатковай да сярэдняй. І быў ён зусім няпростым.
Афіцыйна адлік гісторыі Гуцкай школы пачынаецца з 1947 года, але па факце пачатковае навучанне дзяцей у гэтай мясцовасці было арганізавана ўжо ў 1940-м. Тады школу наведвала каля 60 вучняў. Не хапала ні кніг, ні школьных прылад, але ў дзяцей было вялікае жаданне навучыцца чытаць і пісаць. Шлях да ведаў мясцовым школьнікам адкрываў настаўнік Уладзімір Аляксандравіч Бардзееў. Але Вялікая Айчынная вайна ўсё перайначыла. Уладзімір Аляксандравіч пайшоў на фронт, школа перастала працаваць. Заняткі ўзнавіліся толькі з 1 студзеня 1947 года. Для Галбейскай пачатковай школы (менавіта так яна тады называлася) прыстасавалі будынак былой канторы шклозавода, паставілі самаробныя сталы і лавы, за якія селі разам і сямігодкі, і старэйшыя дзеці, якія не вучыліся з пачатку вайны. Акрамя таго, было наладжана і вячэрняе навучанне для дарослых. Першым дырэктарам школы стаў У. А. Бардзееў, які вярнуўся пасля дэмабілізацыі ў Гуту.
У 1954 годзе на гэтай пасадзе яго змяняе Мікалай Фёдаравіч Кармазін. Школу рэарганізуюць у сямігадовую, праз тры гады Галбейская сямігодка перайменавана ў Гуцкую. Разам з гэтым узводзіцца яшчэ адзін будынак школы з двума класнымі пакоямі, пачынае працаваць вячэрняя школа для рабочай моладзі, папаўняецца настаўніцкі калектыў.
Трэцім дырэктарам школы ў 1959 годзе становіцца Якаў Іванавіч Білюк. З 1962-га Гуцкая школа пачынае працаваць у статусе васьмігадовай. Колькасць вучняў пастаянна ўзрастае (штогод за парты садзіліся каля 200 дзяцей), працаваць у прыстасаваных памяшканнях складана, узнікае вострая неабходнасць узвядзення новага будынка. Па дапамогу Якаў Іванавіч звяртаецца ў Міністэрства адукацыі і да раённага кіраўніцтва ў 1970 годзе. І праз тры гады, у 1973-м, Гуцкая школа адзначыла наваселле, перасяліўшыся са старых перакошаных будынкаў у новы сучасны на 320 месцаў. Гэта стала грандыёзнай падзеяй для жыхароў Гуты і навакольных вёсак.
З 1 верасня 1986 года Гуцкая васьмігодка становіцца сярэдняй. У 1989-м Я. І. Білюк, прапрацаваўшы на пасадзе дырэктара школы 30 гадоў, выходзіць на пенсію. Яго змяняе Алена Мікалаеўна Гарэцкая. З 1996 года школу ўзначальвае Леанід Вітольдавіч Лешчык, а з 1 верасня 2007-га і да гэтага часу — Іна Генадзьеўна Касарэўская (дарэчы, былая выпускніца школы). Таксама сталі настаўнікамі і зараз працуюць у роднай школе А. В. Місюнас, Г. Ф. Андрэйчык, С. П. Казаровец, Н. У. Бяляўская, М. У. Арэх.
Ветэраны педагагічнай працы.
Поспех вучняў — гонар для школы
Шкада, што ў межах газетнага артыкула немагчыма пералічыць усіх, хто шчыраваў на педагагічнай ніве ў Гуцкай школе. На святочную праграму, прысвечаную юбілею школы, былі запрошаны ў ліку ганаровых гасцей і настаўнікі-ветэраны: З. А. Лутохіна, В. К. Іванская, Г. М. Куштэль, Я. А. Кукштэль, Г. Ф. Андрэйчык, А. В. Місюнас, Б. А. Аўсюк, Г. П. Павалковіч, В. Л. Рацько. Некаторыя з іх і да цяперашняга часу застаюцца ў страі ці, лепш будзе сказаць, у сям’і. Па меншай меры, Ганна Пятроўна Павалковіч, якая працуе тут ужо (уявіце!) 50 гадоў, адчувае менавіта так. “Гэтая школа — мой дом, мая сям’я, усё маё жыццё”, — гаварыла яна, віншуючы ад імя педагогаў-ветэранаў родную ўстанову адукацыі з юбілеем.
Сучаснае пакаленне настаўнікаў працягвае сеяць разумнае, добрае, вечнае, не саступаючы сваім папярэднікам у прафесіяналізме і любові да прафесіі. Лепш за ўсё пра гэта сведчаць поспехі вучняў. У гісторыі Гуцкай школы ёсць пераможцы абласных алімпіяд па вучэбных прадметах. З года ў год мясцовыя школьнікі прывозяць дыпломы з раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Глорыя” і конкурсу для навучэнцаў пачатковых класаў “Я — даследчык”. Пра грунтоўныя веды, якія атрымліваюць дзеці, сведчыць і той факт, што сярод выпускнікоў школы ёсць залатыя і сярэбраныя медалісты. Ды і ўвогуле, большасць з тых, хто заканчвае гэтую навучальную ўстанову, паступаюць у ВНУ, набываюць запатрабаваныя прафесіі, паспяхова ўладкоўваюцца на працу. І пры гэтым большасць не забываюць родную альма матар, з задавальненнем прыязджаюць на вечары сустрэч выпускнікоў, проста заходзяць у госці, цікавяцца справамі і поспехамі, а некаторыя і актыўна ўдзельнічаюць у школьным жыцці: аказваюць шэфскую дапамогу, праяўляюць ініцыятыву ў спартыўных і творчых справах.
Дырэктар школы І. Г. Касарэўская падчас юбілейнай святочнай урачыстасці гаварыла:
— Сутнасць нашай работы — не толькі навучыць, але і выхаваць асобу. Таму сучасны дзень школы — акрамя ўрокаў, актыўная дзейнасць грамадскіх арганізацый і гурткоў, шматлікія мерапрыемствы, накіраваныя на грамадзянска-патрыятычнае, эстэтычнае, экалагічнае выхаванне дзяцей. Усё гэта дазваляе нашым вучням быць актыўнымі, усебакова развітымі, сучаснымі і запатрабаванымі. Пашыраць кругагляд гуцкім школьнікам дазваляе цеснае супрацоўніцтва з Варапаеўскай сярэдняй школай: узаеманаведванне святочных тэматычных праграм, сумесныя падарожжы па Беларусі, міжшкольны абмен з рэальнай школай Герцагенаўрах (Германія), які ажыццяўляецца на працягу 20 гадоў.
Прастора для творчасці
У выніку цеснага супрацоўніцтва настаўнікаў і вучняў апошнія дэманструюць поспехі не толькі ў навучальным працэсе. Падчас канцэрта, прысвечанага юбілею школы, гэта было відавочна. Дзеці паказалі свае музычныя, харэаграфічныя і акцёрскія здольнасці. Зрэшты, і педагогі ніколькі не саступалі ім у гэтым, яшчэ раз пацвердзіўшы выраз пра тое, што таленавітыя дзеці могуць быць толькі ў таленавітых настаўнікаў. Асабіста мне як гледачу асабліва імпанаваў той факт, што ў сцэнарыі свята не было месца пафасу, у гэты дзень ніхто з выступоўцаў не хаваўся за высакамоўнымі словамі, а проста шчыра віншаваў родную школу творчымі падарункамі вышэйшага гатунку.
Унутранае аздабленне Гуцкай школы і яе прылеглая тэрыторыя выступаюць пляцоўкай для прымянення творчых здольнасцей тых, хто ў ёй працуе. Спецыяльна да юбілею ў фае была падрыхтавана выстава работ “Школа майстэрства”, а прыгажосць на школьным двары не змаглі схаваць нават восеньскія дажджы і шэрасць. Віншуючы калектыў школы з юбілеем, на гэта звярнуў увагу начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Яўгеньевіч Кашырын:
— Цудоўнае свята, і цудоўная школа! Не будзе перабольшаннем сказаць, што Гуцкая школа — гонар Пастаўшчыны. Ні ў адной іншай установе адукацыі нашага раёна і суседніх я не бачыў такой прыгажосці, як тут. Але сёння гавару вам вялікае дзякуй не толькі за прыгажосць школьнай тэрыторыі, але і за прыгажосць душы, якую вы, паважаныя настаўнікі, захавалі і шчодра дзеліцеся са сваімі вучнямі. Інакш дабіцца выдатных поспехаў на педагагічнай ніве проста немагчыма. Ва ўсіх была трывога, што будзе з Гутай пасля таго, як закрыўся шклозавод. Але тут засталася школа, і сёння яна — цэнтр жыцця вёскі.
А. Я. Кашырын чатырох чалавек узнагародзіў Ганаровымі граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама: повара школы Г. П. Павялковіч, ветэрана педагагічнай працы Г. П. Павалковіч, намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце С. П. Казаровец і дырэктара І. Г. Касарэўскую.
Прыемную місію ўзнагароджання працягнула старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Л. К. Грачанік. Падзякі ўзначальваемай структуры Людміла Казіміраўна ўручыла настаўніку пачатковых класаў І. В. Мядзюха і дырэктару школы І. Г. Касарэўскай. Віншуючы калектыў з юбілеем школы, Л. К. Грачанік гаварыла:
— 70 гадоў — паважаны ўзрост. Прыемна, што за гады існавання школа змагла захаваць усё самае лепшае, створанае папярэднімі пакаленнямі педагогаў, а сённяшнія настаўнікі дапоўнілі гэта сучаснымі падыходамі. Надзвычай важна, каб і далей повязь пакаленняў не парывалася.
Юбілейны год для Гуцкай сярэдняй школы працягваецца, улічваючы патэнцыял яе калектыву і вучняў, мяркую, што наперадзе шмат новых перамог і здзяйсненняў.
Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.
ист: http://www.postawy.by/2017/11/svyatlo-veda-rozumu-i-ceplyni/
ЗАМЕТИЛИ ОШИБКУ ИЛИ НЕТОЧНОСТЬ, ХОТИТЕ ПОДЕЛИТЬСЯ ДОПОЛНИТЕЛЬНОЙ ИНФОРМАЦИЕЙ, НАПИШИТЕ НАМ ПРЯМО ЗДЕСЬ: