Майстар глінянай цацкі — Сяргей Щэрба

      Пастаўшчына багатая не толькі на прыгожыя мясціны. У нас шмат таленавітых, майстравых людзей, што адраджаюць і развіваюць народныя рамёствы, працягваючы традыцыі продкаў.

З адным з іх наша сённяшняя знаёмства, майстрам глінянай цацкі і ганчаром Сяргеям Шчэрба.

«Сяргей не першы год кіруе лабараторыяй “Керамічная майстэрня”. Падаецца, так і павінен выглядаць патомны глінамес.

 

Вясёлыя вочы, русявыя доўгія валасы, моцныя рукі і світка “пад старыну”. Аказалася, што творчы рахунак у творцы — дай Бог кожнаму народнаму мастаку.

 

У 1995 годзе на абласным конкурсе ганчароў Сяргей займае першае месца і атрымлівае званне “Лепшы майстар керамічнай цацкі”. Неўзабаве яго прымаюць у Рэспубліканскі саюз майстроў народнай творчасці.

 

А ў 1996-ым першае месца і званне “Майстар глінянай цацкі года” атрымлівае і на Рэспубліканскім конкурсе. Потым быў удзел у фестывалях “Славянскі базар у Віцебску”, “Калядныя ўзоры” ў Мінску, “Беларусь — мая песня”… Творы Шчэрбы дэманструюцца ў Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літве, Германіі, Польшчы, Англіі, Францыі…

 


Акарыны, выкананыя майстрам са звонкай беларускай гліны, знаходзяцца ў прыватных калекцыях больш чым у 30 краінах свету. І нічога дзіўнага ў гэтым няма, як перакананы Сяргей. Маўляў, звычайная “свістулька”, зробленая з “незамуленай” душой, прыносіць людзям шчасце.

 

А сам Сяргей, калі бярэ ў рукі акарыну, нагадвае добрага чараўніка, натхнёнага шчаслівай дзеяй бясконцай творчасці. І, бадай, апошняя рысачка ў партрэт ганчара Сяргея Шчэрбы. Пра яго знята некалькі дакументальных стужак, падрыхтавана шмат тэлевізійных перадач.

 

А фільм рэжысёра “Белвідэацэнтра” Рэнаты Грыцковай “Сямейны блюз пад гукі акарыны” атрымаў на IV Міжнародным фестывалі жанчын-кінематаграфістаў у Мінску дыплом і прызнаны крытыкамі “самым кранальным дакументальным фільмам 1996 года”…

Колішні аршанец стала атабарыўся ў вёсцы. Жонка Людміла — настаўнік матэматыкі Навасёлкаўскай сярэдняй школы.

Сяргей кіруе гуртком па кераміцы, сярод вучняў карыстаецца непахісным аўтарытэтам. Паміж педагогікай і творчасцю знаходзіць час на абсталяванне ганчарскай сядзібы пад назвай “Акарына”.

 

Тут любы ахвотны з раёна, вобласці і рэспублікі можа пабачыць цуд нараджэння новага твора (нават паспрабаваць самому далучыцца да старажытнага рамяства), пачуць дзіўнае “гатычнае” гучанне акарыны ці пералівісты галасок свістулькі, даткнуцца да цёплай печы-горна, разабрацца ва ўладкаванні ганчарнага круга…

За тры гады існавання сядзібы “Акарына” яе наведала амаль 5 тысяч экскурсантаў. А праз якіх пару гадоў сядзіба, па словах гаспадара, набудзе статус турыстычнай базы — тут можна будзе пажыць, пакаштаваць беларускіх нацыянальных страў, павудзіць рыбу…

  

У тым, што і цяпер дом майстра заўжды поўны гасцей, а невялічкі музей старадаўніх рэчаў пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі — вялікая заслуга Людмілы. Любога наведвальніка яна імгненна вылечвае нават ад хранічнага песімізму — запрашае ў адмысловую альтанку, выстаўляе самавар (аж на 30 літраў!), частуе духмянымі зёлкамі, запаранымі з траў па напаўзабытым рэцэпце беларускага Паазер’я, знаёміць змясцовымі бабрамі, лебедзямі, чаплямі. Травы, дарэчы, нарыхтоўваесама.

А яшчэ ў “Акарыне” жывуць козы і пчолы. Словам, тры ў адным, і агра-, і эка-, і арттурызм з майстар-класамі па ганчарстве.«

Яўген РАГІН

І нават… арт-турызм

№ 33 (851) 16.08.2008 — 22.08.2008 г

по материалам источника:http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=1637&mode=print

 

Свою первую свистульку самобытный гончар из Новоселок Сергей Щербо вылепил около 30 лет назад

Магія майстэрства

Сваю першую свістульку самабытны ганчар з Навасёлак Сяргей Шчэрба вылепіў каля 30 гадоў назад. Тады маладому настаўніку чарчэння, рысавання і працоўнага навучання даручылі весці ў школе гурток разьбы па дрэве. Падумаўшы, што, працуючы з вострымі інструментамі, дзеці могуць параніцца, Сяргей Уладзіміравіч вырашыў заняцца з імі керамікай, тым больш што гліна была побач з домам.

 

За маленькімі свістулькамі ў форме жывёл, птушак і рыб, медальёнамі і абярэгамі, якія з задавальненнем ляпіў разам з вучнямі, пайшлі большыя па памерах акарыны, затым — усемагчымыя гаршкі збанкі, гарлачыкі, міскі, кубкі… Для іх вырабу народны ўмелец устанавіў у двары дома ганчарнае кола, за якім дзень за днём адточваў сваё майстэрства, набываў бясцэнны вопыт работы з пластычным прыродным матэрыялам. Адначасова прымаў удзел у розных конкурсах, фестывалях і выставах, заваёўваючы на іх граматы і дыпломы. Ужо ў канцы 90-х гадоў па выніках рэспубліканскага конкурсу «Ганчарнае кола» быў удастоены ганаровага звання «Майстар глінянай цацкі года».

 

Сёння Сяргея Шчэрбу ведаюць не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літве, Польшчы, Германіі, Англіі, Францыі, а яго работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях і музеях больш чым у 30 краінах свету! Шмат гліняных вырабаў і ў сядзібе ганчара, якая называецца таксама, як і любімы музычны інструмент майстра, — «Акарына». Да нядаўняга часу сюды з задавальненнем прыязджалі на экскурсію і адпачынак як беларускія, так і замежныя турысты.

На жаль, нядаўна з-за шэрага прычын гаспадары перасталі займацца аграэкатурызмам. Але гасцям яны па-ранейшаму рады. Сяргей Уладзіміравіч ах­вотна праводзіць для іх майстар-клас па ганчарстве і радуецца таму, як загараюцца вочы дарослых і дзяцей, якія назіраюць за працэсам нараджэння з кавалка гліны сапраўднага твора мастацтва.

Алена Шапавалава

источник: https://www.postawy.by/2022/06/svoju-pervuju-svistulku-samobytnyj-gonchar-iz-novoselok-sergej-shherbo-vylepil-okolo-30-let-nazad/

 

“Вікінг” з душой творцы адраджае на Пастаўшчыне старадаўнія рамёствы

Імя ганчара з вёскі Навасёлкі Пастаўскага раёна Сяргея Шчэрбы вядома не толькі на малой радзіме, але і далёка за межамі нашай краіны. Ён пераможца раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Сярод шматлікіх тытулаў і ўзнагарод – “Лепшая аграсядзіба 2011 года Віцебскай вобласці” ў намінацыі “Захаванне беларускіх традыцый”.

Карані майстра аршанскія. З дзяцінства любіў маляванне. На разбяра вучыўся ў бабруйскім ПТВ, потым трапіў на мастацка-графічны факультэт віцебскага педуніверсітэта. Усё жыццё адпрацаваў у школе.

Пасля размеркавання трапіў спачатку ў Варапаева, потым яго запрасілі вядомы кіраўнік сельгаспрадпрыемства Алег Адольфавіч Валодзька з былым дырэктарам навасёлкаўскай школы. Прапанаваў кватэру ў шматпавярхоўцы, але, кажа жонка Людміла, не было там таго, што душа хацела. Купілі сваю хату за 4 тысячы савецкіх рублёў і цалкам гэтым задаволены. Праз год за тыя ж самыя грошы здолелі набыць толькі ровар. Смяюцца, што выгадна ўклалі сродкі. Сяргей Уладзіміравіч у школе выкладаў выяўленчае мастацтва, чарчэнне, працоўнае навучанне, гурток керамікі. Жонка – матэматыку.

Адна з асноўных фішак Сяргея Уладзіміравіча – акарына, гучанне якой падобнае да птушынага спеву. Карані гэтага духоўнага глінянага музычнага інструмента – у Італіі. Аднойчы нехта падарыў сыну свістульку, прывезеную аднекуль з Прыбалтыкі. Але ніяк не хацела гучаць. Зрабіў сам, і някепска атрымалася.

Вось ужо чвэрць стагоддзя займаецца гэтым. У багатым асартыменце твораў майстра – званочкі, свістулькі, гліняныя цацкі і іншыя цікавыя вырабы. Аўтэнтычныя рэчы вырабляе без аніякай сучаснай тэхнікі. І сядзібу назваў, доўга не думаючы “Акарына”.

Гэта драўляны дом з гасцявымі пакоямі. Ніякіх крутых наваротаў. “Куды ж нам з настаўніцкай зарплатай укладваць мільёны?” – задае рытарычнае пытанне Сяргей Уладзіміравіч. Прыязджаюць менавіта тыя, каму гэта патрэбна. Бывае, і сем’ямі, і асабіста. Апошнім часам модна завітаць нават на 3-4 гадзіны. Гаспадары пачастуюць са свайго гарода здаровай ежай. Ёсць сапраўдная лазня “па-чорнаму”.

Ва ўсіх творчых задумах мужу дапамагае жонка. Яе карані на Глыбоччыне. Менавіта намаганнямі Людмілы Шчэрбы ў хаце створаны невялікі музей старадаўніх рэчаў і вырабаў з гліны. Бо, як кажа гаспадыня, калі ў зборы больш за 200 экспанатаў, яго можна назваць экспазіцыяй. Сама працуе экскурсаводам. “Я тут па сувязях з грамадскасцю”, – жартуе кабета.

 Строі Сяргею Уладзіміравічу таксама рабіла яна. Ёсць у сядзібе і свая кніга водгукаў. Выпадкова трапіў акурат на запіс, зроблены вядомай спявачкай Ірынай Дарафеевай, якая на прыгожай беларускай мове дзякуе за талент і жадае шчасця.

Для гасцей знаны ганчар дае майстар-класы. Гліну – чырвоную, шэрую і блакітную – бяруць тут жа, непадалёк. Ахвотныя могуць пасядзець за ганчарным колам і самастойна зрабіць свой збан, пачуць аб прыёмах і тэхніцы вырабу цацак з прыроднага матэрыялу, узяць сувеніры на памяць.

Паказаў майстар і адмысловую печ на двары: унутры накаляецца, але мала аддае цяпла вонкі. Можа нават суткі стаяць. Прынцып топкі, як і ў рускай печы. “Можна пячы хлеб, вельмі добрыя аладкі атрымліваюцца, – распавядае гаспадар. – Прыязджалі галандцы і сказалі, што ў іх такія вельмі распаўсюджаныя”.

А яшчэ майстру не сядзіцца на адным месцы, шмат дзе бывае. “Жыццё насычанае і пры людзях”, – адзначае ён. Сёлета запрасілі на фестываль “Меч Брачыслава” ў Браслаў, адкрыццё сезона ў курортным пасёлку Купа на Нарачы, пастаўскі фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік”.

Але толькі Беларуссю маршруты вандровак не абмяжоўваюцца. Калі быў трохі маладзейшы, як жартаўліва адзначае, і на Грунвальд (назва вёскі, дзе нашы продкі ў складзе войска Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага разбілі крыжакоў у адной з найвялікшых бітваў Сярэднявечча) “пару разоў скокнуў”.

Дарэчы. У 2006 годзе Сяргея Шчэрбу нават прынялі ў гільдыю вікінгаў. Там жа, на тэрыторыі сучаснай Польшчы, паўдзельнічаў у адным з найбуйнейшых гістарычных мерапрыемстваў у Еўропе – фестывалі на востраве Волін, дзе шмат стагоддзяў таму сышліся вікінгі і славяне.

У кожнага свая мерка жыцця, лічаць Сяргей і Людміла. Ім шмат не трэба: шчасце знаходзяць у тым, каб жыць на зямлі ў згодзе з самімі сабой і займацца ўлюбёнай справай.

Фота Алеся БЫНЬКОВА.

источник: https://vitvesti.by/person/v-k-ng-z-dushoi.html

 

Дуэт у суправаджэнні акарыны

«Ганчарная сядзіба «Акарына». 7 кіламетраў». Дарожны ўказальнік па шляху з Мядзела на Паставы дакладна вызначае напрамак руху. Сёння, калі запытаць, то не кожны адкажа, што насамрэч акарына — гэта гліняны музычны інструмент, дудка ў выглядзе птушкі, аздобленай беларускім арнаментам. Гаспадар аднайменнай сядзібы Сяргей Шчэрба яшчэ можа распавесці пра акарыну.

Прататыпам старажытнага інструмента сталі вельмі распаўсюджаныя на Беларусі яшчэ ў раннім Сярэднявеччы гліняныя свісцёлкі. А галоўнае, што гэта арыгінальная дудка, тэмбр гучання якой дэманструе Сяргей, стварае імідж іх, Шчэрбаў, сядзібы з выразна акрэсленым этнічным каларытам.

Ужо 30 гадоў мінула, як выпускнікі Віцебскага ўніверсітэта прыехалі працаваць на Пастаўшчыну ў Навасёлкаўскую сярэднюю школу. Сяргей выкладаў выяўленчае мастацтва, сусветную мастацкую культуру. Людміла — матэматыку. Знялі пакой у звычайнай вясковай хаце, адметнасцю якой была хіба што блізкасць рэчкі Лучайкі. У яе прытоку плёскалася рыба, а бераг густа абляпілі трыснягі. Месца маладым спадабалася, і пры першай жа магчымасці яны выкупілі сядзібу ў былых гаспадароў. Завялі свіней і ўсялякую дробную жыўнасць. Вельмі ўжо хацелася ім, карэнным гараджанам, паспрабаваць вясковага хлеба. А пасля…

Расказвае Людміла:

— У рукі Сяргея трапіла тая самая звычайная свістулька. Яе сябры падарылі сыну Аляксандру. Як ні дзьмуў у яе малы, свісту не дачакаўся. Сяргей узяўся выправіць хібы саматужнага майстра. З гэтага ўсё і пачалося.

— Звыкайся з глінай. Адбівай яе. Рабі паслухмянай, — майстар у доўгай палатнянай кашулі, перахопленай далікатна звітым паяском, з заплеценай у акуратную коску сівой бародкай цярпліва павучаў сарамяжную, гадоў дзесяці дзяўчынку, якая трымала ў руках вільготны кавалачак гліны. Прайшло колькі хвілін — і закруцілася ваўчком ганчарнае кола, стварыўшы своеасаблівы цуд пераўтварэння. Гэты злеплены ўласнаручна збаночак дзяўчынка забярэ з сабой потым як сувенір…

Падгледжаны сюжэт — адзін з эпізодаў традыцыйнага абласнога фестывалю-кірмашу рамёстваў, які штогод ладзіцца на Мядзельшчыне ў мястэчку Камарова. Сяргей Шчэрба — пастаянны яго ўдзельнік. Праводзіць ганчар майстар-класы і ў Глыбокім, на вішнёвым фэсце, у Вілейцы, падчас таксама ўжо традыцыйных рыцарскіх турніраў.

Сядзіба Шчэрбаў асабліва не выдзяляецца сярод дагледжаных падвор’яў аграгарадка Навасёлкі. Хіба вось толькі фасадам, пазначаным выразаным над ганкам драўляным пано з назвай «Акарына». Аркай з жывой зеляніны прыкрыты ўваход на ўнутраны дворык, дзе месціцца гасцявы домік, пячурка на драўляным памосце, жорны з рэшткамі жытнёвай мукі. Усё гэта не проста рарытэты, а прадметы даўніны, якія выкарыстоўвалі ў сваім побыце нашы далёкія продкі. Печку Сяргей зладзіў уласнаручна, згодна з тымі ўзорамі, якія яму трапіліся сярод гістарычнага матэрыялу. У прыску, на вуголлях, пякуцца аладкі. Цеста для іх рыхтуе жонка Людміла, дабаўляючы ў рашчыну жытнёвую муку з-пад жорнаў. А вось адпраўляе патэльню ў печ сам гаспадар. Праўда, гэтыя працэсы абое згодна давяраюць гасцям сядзібы, калі яны праяўляюць такое жаданне. У паветры распаўсюджваюць мятны водар кубкі са свежазавараным чаем… І ва ўсім гэтым — каларытная аўра сядзібы. Але сапраўдны імідж ёй стварае даўняе рамяство, якое дасканала асвоіў гаспадар.

БЕЗ Людмілы, бачна, не абыходзіцца ніводная дзея ў «Акарыне». Яна прымае гасцей, ладзіць для іх экскурсіі па хатнім музеі ганчарных вырабаў, уладкоўвае начлег, прапаноўваючы часам для адпачынку сапраўдную адрыну, над дахам якой звісае веццем кусцістая вярба. Сваю пышную крону яна набрала літаральна за пару гадоў. Унікальнае дрэва. І тыя, хто наведваюць сядзібу, бывае, ламаюць яе галінкі на чаранкі.

Адзін з рарытэтаў сядзібы — лазня, якая цепліцца па-чорнаму. Дым сапраўды выходзіць праз расчыненыя дзверы. На палку — свежае сена, спецыяльныя камяні на печы, якія не трэскаюцца ад тэмпературы і захоўваюць цяпло. «Толькі да сцен не туліцца, — папярэджвае Сяргей. — А то можа здарыцца адваротны працэдуры працэс».

Музей — асаблівы гонар гаспадароў. Акарыны розных мадыфікацый, званочкі, свістулькі, дробны посуд — усё гэта выстаўлена на паліцах старадаўняй шафы, прыстасаванай для экспазіцыі.

— У нашых мясцінах можна знайсці гліну трох відаў — чырвоную, блакітную і шэрую. Таму дэфіцыту сыравіны не адчуваю, — дзеліцца Сяргей. — Увосень гліну накапаю, зімой прамарожу. Вясной дабаўлю трохі вады. Сыравіна становіцца пластычнай і чыстай, прыгоднай для працы.

Не адчувалі, бачна, недахопу сыравіны і нашы продкі. Сяргей дэманструе рэшткі глінянага посуду, знойдзеныя ім на агародзе ўласнай сядзібы. Ім былі вядомы ўсе тры спосабы апрацоўкі гліны, у тым ліку абварная кераміка, гартаваная ў горне пры тэмпературы ад 50 да 900 градусаў, робіць выснову гаспадар. Такія вырабы дапаўнялі сялянскі быт. Іх можна было ставіць у печ, выкарыстоўваючы для прыгатавання страў.

За 10 гадоў існавання сядзібы яе наведалі шматлікія госці і з бліжэйшага, і з далёкага замежжа. У Кнізе наведвальнікаў музея — падзячныя запісы прадстаўнікоў краін Заходняй Еўропы, Кубы, Японіі, Амерыканскага кантынента. Вырабы навасёлкаўскага майстра таксама можна сустрэць у калекцыях аматараў народнай творчасці ва ўсіх канцах свету. «Хіба, акрамя Антарктыды», — жартуе Сяргей.

Практычна ўсе наведвальнікі імкнуцца атрымаць у гаспадара сядзібы майстар-клас. І затым разбіраюць вырабленыя з яго дапамогай прадметы сабе на памяць. Падчас вясельных цырымоній маладыя імкнуцца разам зладзіць на ганчарным коле нейкую патрэбную ў гаспадарцы рэч — гаршчок, збан ці вазу для кветак. А пасля яшчэ і папрасіць у запрошаных гасцей, каб пакінулі на гэтых вырабах аўтографы.

Летам сярод гасцей «Акарыны» многа дзяцей. Нядаўна прымалі 50 чалавек з дзіцячага лагера пры адным з тутэйшых касцёлаў. Нехта спрабаваў малоць муку, хтосьці круціў ганчарнае кола. Усе разам елі аладкі з незвычайнай печы. І адначасова судакраналіся з традыцыямі сваіх продкаў, якія захоўваюць і множаць сярод суайчыннікаў гаспадары аграсядзібы.

— Гэта для нас не бізнес, а проста ўклад жыцця, — неаднойчы падкрэслівае Людміла, знаходзячы ў гэтым сцвярджэнні згодную падтрымку Сяргея.

Марыя РАМАНОВІЧ

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

источник: https://www.sb.by/articles/duet-u-supravadzhenni-akaryny.html

Фото из различных открытых источников интернета, авторы неизвестны.

Loading

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.