•       Идут годы, меняются времена, события, люди, но одно остается незыблемым и вечным  – Родина. Нам кажется, что мы знаем о нашей малой Родине все, или почти все. Но каждый раз, когда мы путешествуем, наблюдаем, читаем, исследуем и думаем о ней, мы открываем для себя что-то новое. И сегодня каждый из нас имеет возможность поделиться этим : новыми фактами, новыми стихами, новыми мыслями о своем крае, городе, селе и рассказать миру о своей малой Родине, о людях с большой душой…

Наталля Васільеўна Кузьмінова — дырэктар Лынтупскай школы

Што ні здараецца, усё да лепшага

     Калі б у юнацтве дырэктару Лынтупскай школы Наталлі Васільеўне Кузьміновай сказалі, што яна будзе працаваць у галіне адукацыі, нізашто не паверыла б.

З дзяцінства захаплялася творчасцю, паступіла ў вучылішча, дзе атрымала спецыяльнасць… закройшчыцы. Прафесійных планаў было шмат, але ўвасобіць атрымалася толькі частку: у іх унеслі карэктывы жыццёвыя абставіны.

— Наталля Васільеўна, якая школа для Вас родная?

— Я хадзіла ў Палескую пачатковую школу (за 8 кіламетраў ад Лынтуп — аўт). У гэтай вёсцы жылі і працавалі мае бацькі: тата — старшынёй сельскага Савета, маці — бухгалтарам у калгасе. Мая першая настаўніца Соф’я Іванаўна Лоўкіс жыве і сёння. Не перастаю захапляцца прафесіяналізмам, асабістымі якасцямі гэтай жанчыны. Яна вучыла ўсю акругу, была першай настаўніцай і ў маёй мамы. А колькі тады было вучняў! Школы былі ў Паташні, дзе сёння не засталося ніводнага жыхара, а таксама ў суседніх з Палессем Апідамах, Жвойрышках. І яны ўжо даўно закрытыя.

— Якімі былі Вашы школьныя гады?tc «— Якімі былі Вашы школьныя гады?»

— Пра той час столькі ўспамінаў! Але найперш прыгадваецца наш дружны клас. Гляджу на сучасных дзяцей — і разумею, наколькі іншымі былі нашы школьныя гады. Цяпер настаў­ніку трэба варушыць вучняў, ініцыіраваць мерапрыемствы. А раней мы ўсё арганізоўвалі самі. Напрыклад, вырашылі, што бу­дзем ставіць спектакль. І пайшло! Настаўнік нават мог і не ведаць пра нашы задумы. І ніхто не гаварыў: “не хачу”, “не буду”, “а каму гэта патрэбна?”. Таму і было так цікава вучыцца.

— І адпачываць таксама?

— А як жа! Сёння ад школьнікаў можна пачуць нараканні наконт быццам бы слабай спартыўнай базы: маўляў, і таго няма, і гэтага… А наша пакаленне і блізка не мела таго, што ёсць цяпер. Былі футбольныя і валейбольныя палі, прычым пляцовак ніхто не рабіў, іх абуладкоўвалі сваімі сіламі. І бацькі не маглі дзяцей дадому загнаць! Таму не разумею сучаснікаў, якіх часта не адарваць ад камп’ютара. Хаця, з іншага боку, ім можна шмат у чым пазайздросціць — яны маюць значна больш магчымасцей для адукацыі і сама­адукацыі.

— А дзе вучыліся пасля заканчэння Палескай школы?

— Лёс склаўся вельмі цікава. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Лынтупскай школе, якая тады знаходзілася ў будынку палаца Бішэўскага. Толькі па недарэчнасці не атрымала залатога медаля, здаўшы на “чатыры” самы лёгкі для сябе прадмет — алгебру. Але гэта ніяк не паўплывала на мае планы. Паступіла ў Віцебскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча лёгкай прамысловасці, якое скончыла з чырвоным дыпломам. Вучылася па спецыяльнасці “Тэхналогія і канструяванне швейных вырабаў”, і гэта прыносіла мне шмат задавальнення. У мяне не было мэты атрымаць вышэйшую адукацыю, хацелася мець прафесію, якая была б і любімай, і запатрабаванай.

— Працавалі па спецыяльнасці?

— Так. У 18 гадоў выйшла замуж, і мы з мужам пераехалі жыць у Даўгаўпілс. Там уладкавалася ў атэлье. Працаваць было цікава, хоць і няпроста. Завочна атрымлівала адукацыю ў Рыжскім тэхналагічным універсітэце. Наогул, вучыцца вельмі люблю. І цяпер з задавальненнем паступіла б куды-небудзь.

— Чаму зноў вярнуліся ў Беларусь?

— У пачатку 90-ых у Прыбалтыцы склалася няпростая сітуацыя. Прыйшлося забыць пра шматлікія планы і вярнуцца на радзіму. У 1992 годзе з сям’ёй пераехалі ў вёску Мягуны, што на Камайшчыне. Гэта быў такі кантраст! Але не скажу, што было складана. Побач жылі бацькі, свёкар са свекрывёй. Нарадзіўся другі сын, пайшла ў дэкрэтны водпуск. Я па жыцці чалавек энергічны, таму сядзець на месцы для мяне было невыносна. А знайсці работу ў невялікім населеным пункце не так лёгка. Таму вырашыла атрымаць яшчэ адну адукацыю: паступіла ў Віцебскі педагагічны інстытут на факультэт пачатковай адукацыі. Вось так няпростыя жыццёвыя шляхі прывялі мяне ў педагогіку. Хаця, шчыра прызнаюся, у юнацтве ніколі не думала, што буду настаўніцай.

— Складана было рабіць першыя крокі ў новай прафесіі?

— Першым складаным пытаннем для мяне стала беларуская мова — пасля працяглага пражывання ў Латвіі яе добра прызабыла. Была ўпэўнена, што гэта стане для мяне адзінай перашкодай. Думала, што ў рабоце настаўніка нічога складанага. Але гэта не так. Выкладала ў Мягунскай базавай школе. Вопыту ніякага, патрабаванняў шмат. І да гадзіны ночы ся­дзела за рабочым сталом, і да 6 раніцы. Вельмі ўдзячна тагачаснаму дырэктару Уладзі­міру Зіноўевічу Гутару за яго патрабавальнасць, але ў той жа час і справядлівасць. Ён і мае калегі навучылі мяне працаваць з максімальнай аддачай. Таму калі назначылі на пасаду дырэктара Палескай базавай школы, а пасля — Лынтупскай сярэдняй, было не так складана, як чакала.

— У наступным годзе ў школе пройдуць урачыстасці з нагоды 150-годдзя ўтварэння ў лынтупскай акрузе першай навучальнай установы. Як ідзе падрыхтоўка да юбілею?

— Для пасёлка гэта знакавая дата, таму рыхтавацца да яе пачалі даўно. Планаў шмат. Напрыклад, думаем стварыць свое­асаблівы летапіс школьнага жыцця. Дзякуючы плённай працы папярэднікаў ёсць багаты архіў матэрыялаў, які трэба дапоўніць і сістэматызаваць. Сучасныя тэхналогіі даюць для гэтага шмат магчымасцей. Ёсць і іншыя задумы — калектыў у школе прафесійны і творчы, але раскрываць усе карты загадзя не будзем.

— На жаль, колькасць вучняў у пасёлку з часам большай не становіцца. Колькі іх сёння?

— Сапраўды, тэндэнцыя не радасная. Не так даўно было за 300, цяпер — 168. І пакуль зрухаў у лепшы бок не відаць. Моцна па Лынтупах, і школе ў тым ліку, ударыла аварыя на спіртзаводзе. Мы заўсёды атрымлівалі важкую падтрымку ад дырэктара прадпрыемства Алега Мікалаевіча Анціфорава, па магчымасці ён і сёння дапамагае вырашаць пытанні. Непакоіць, што многія маладыя спецыялісты, застаўшыся без работы, раз’ехаліся. У школе таксама ёсць пытанні з кадрамі, напрыклад, патрэбны настаўнік замежнай мовы. Нашы выпускніцы вучацца ў каледжах, ВНУ, але абнадзейваць сябе, што яны вернуцца, напэўна, не варта.

— Наколькі складаней выпускнікам сельскіх школ паступіць у вышэйшыя, сярэдне­спецыяльныя навучальныя ўстановы?

— Канечне, перавагі ў гарадскіх школьнікаў ёсць. Мая сястра жыве ў Мінску і таксама працуе настаўніцай. Амаль кожны дзень мы абмяркоўваем з ёй нюансы навучальнага працэсу. Так, шматлікія рэпетытары і профільныя класы — гэта добра, але ці заўсёды яны аснова поспеху? Калі ў вучня няма імкнення і жадання вучыцца, то тут усе сродкі бяссільныя.

У сельскіх школах, у тым ліку і ў нашай, нямала моцных, старанных вучняў, якія ўмеюць ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх. Яны таксама паступаюць на прэстыжныя факультэты прэстыжных устаноў.

— Што або хто натхняе на працу?

— Унучачка, якая нарадзілася 4 месяцы назад. Яна дадала мне аптымізму, жадання рухацца наперад, асвойваць новыя творчыя гарызонты. І адкуль толькі час узяўся? Напрыклад, на хрэсьбіны Ксюшкі літаральна за тыдзень бісерам вышыла абраз. Хаця гэтым ніколі не займалася, нават не ўяўляла, што гэта за тэхніка. Дапамог інтэрнэт.

— Якія ў Вас яшчэ захапленні?

— Калегі “падсадзілі” на стварэнне вось такіх вырабаў (Наталля Васільеўна паказвае арыгінальную кампазіцыю, зробленую з кававага зерня — аўт). Вельмі люблю кветкі. Раней каля дома іх расло больш за 320 відаў. Цяпер, на жаль, на гэта захапленне не хапае часу. Люблю збіраць грыбы, ягады. У Лынтупах жыву ў вельмі маляўнічым месцы — каля лесу, таму заўсёды ў сезон ёсць магчымасць адвесці душу.

— Не шкадуеце, што жывяце не ў горадзе?

— Зусім не. Я наогул жыла б на хутары і адчувала б сябе шчаслівым чалавекам. Таму ўжо і пра пенсію пачынаю задумвацца. Чым займалася б? Усім, на што цяпер не хапае часу. Ва ўсякім разе, мой зямельны ўчастак быў бы ўзорна-паказальным, а дзеці з унучкай былі б апрануты максімальна крэатыўна (смяецца — аўт).

— Чым займаюцца Вашы дзеці?

— Абодва сыны служаць у полацкай міліцыі — абралі прафесію свайго бацькі. Прычым малодшы — усяго паўгода. Але на нядаўнім Дні міліцыі яго ўзнагародзілі граматамі, здымак занесены на абласную Дошку гонару. Несумненна, мне гэта вельмі прыемна. Як і любая маці, поспехам дзяцей радуюся болей, чым сваім, а няўдачы ўспрымаю надзвычай блізка да сэрца.

— Вы аптыміст?

— Раней была, хутчэй, песімістам. Але потым зразумела, што ні да чаго добрага гэта не прыводзіць. Таму стараюся знаходзіць радасць у дробязях, а да непрыемнасцей ставіцца па-філасофску: што ні здараецца, усё да лепшага.

Гутарыла Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.
02.04.2014 postawy, http://www.postawy.by/2014/04/shto-ni-zdaraecca-usyo-da-lepshaga/

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Обсуждение закрыто.