Вакол Пастаў нямала вёсачак са сваёй непаўторнай гісторыяй, але аднолькава сумным лёсам.
Вёска Задзеўе. Красавік 2020-га года.
Некалі шматлюдныя і гаманлівыя, яны ператварыліся ў маўклівыя і непрыкметныя. «Рэанімаваць» іх ніхто ўжо і не бярэцца, хіба толькі стомленым гарадской мітуснёй дачнікам пад сілу ўдыхнуць у такія вёскі хоць нейкае ды жыццё.
Яскравы прыклад — Задзеўе. У пачатку мінулага стагоддзя тут пражывала больш за сотню жыхароў. У нядзелю і ў святы жыццё ў мястэчку віравала з асаблівай моцай — вернікі з усіх ваколіц з’язджаліся сюды, каб памаліцца ў касцёле. Спачатку ён быў сціплы, драўляны, аднак у 1911 годзе непадалёк ад яго ўзвялі велічны храм з чырвонай цэглы, які на дзясяткі метраў узвышаўся над маляўнічай мясцовасцю. Калі б не Першая сусветная, любаваліся б мы ім і сёння. Але гэтаму помніку архітэктуры, як, дарэчы, і многім іншым, суджана было стаць адной са шматлікіх ахвяр той Вялікай вайны.
Касцёл Перамянення Пана ў Задзеўі восенню 1915 года
На шчасце, захаваўся фотаматэрыял, на якім адлюстраваны касцёл у Задзеўі, і памяць пра яго не страчана назаўжды. Гаворка ідзе пра нямецкія паштоўкі, якія для сваёй прыватнай калекцыі набыў даследчык Першай сусветнай вайны Уладзімір Багданаў. Ён жа выдаў кнігу «Битва у Нарочи, 1916», дзе можна ўбачыць асобныя здымкі гэтага каталіцкага храма і прачытаць пра тое, як і чаму ён быў знішчаны.
Аўтар піша: «Калі восенню 1915 года лінія фронту стабілізавалася ў раёне Пастаў, касцёл аказаўся побач з перадавой: расійскія пазіцыі знаходзіліся адразу за Задзеўскім возерам. У ходзе Нарацкай аперацыі велічны будынак быў зруйнаваны расійскай артылерыяй». Рашэнне «расстраляць» храм вайскоўцы прынялі таму, што яго высокія вежы для немцаў з’яўляліся выдатнай агляднай пляцоўкай і гэта давала ім перавагу падчас правядзення баявых дзеянняў.
Што стала з руінамі храма? Адказ і на гэта пытанне ёсць у кнізе «Битва у Нарочи, 1916». «Рэшткі касцёла, што ўзвышаўся ў Задзеўі, знаёмыя кожнаму нямецкаму салдату як далёка заўважны арыенцір, згрызены незлічонымі рускімі снарадамі, падарвалі нямецкія сапёры, каб здабыць цэглу для будаўніцтва печаў у кватэрах і бліндажах». (Цытата ўзята з нямецкай палкавой гісторыі, выдадзенай у Берліне яшчэ ў 1934 годзе і ўпершыню на рускай мове апублікаванай у кнізе Уладзіміра Багданава).
Unser Schützengraben / Нашы траншэі
25 красавіка 2020 года. Фатаграфія зроблена даследчыкам Уладзімірам Багданавым з таго ж ракурса, што і папярэдняя.
Мая пазіцыя ў Задзеўе з 6.3.16 па 13.4.16. Гэта сховішча было разбурана 18-сантыметровым снарадам 20 сакавіка 1916 года, 3 чалавекі былі забітыя і 6 параненыя. З альбома нямецкага лейтэнанта Рубенса, пяхотны полк №17 (IR 17).
Разбураны касцёл у Задзеўі. Красавік 1916 года. Арыгінальны малюнак (хімічны аловак) на бланку нямецкай палявой пошты
Касцёл у Задзеўі. Нямецкая паштоўка, адпраўленая ў студзені 1917 года. Сама фатаграфія зроблена ў красавіку 1916-га.
1917 год. Фота з альбома нямецкага салдата 131-га пяхотнага палка (IR 131).
Фота з альбома нямецкага салдата 131-га пяхотнага палка (IR 131).
Выгляд разбуранага храма знутры. Фота з альбома нямецкага салдата 131-га пяхотнага палка (IR 131).
Верагодней за ўсё, гэта адзін з апошніх здымкаў касцёла. У альбоме нямецкага лейтэнанта Рубенса гэты здымак падпісаны так: «Рэшткі касцёла. Храм у Задзеўі, нядаўна велічны і цудоўны, набліжаецца да канца».
Як жа сумна пасля гэтага сведчання чытаць архіўныя звесткі пра тое, як храм пачынаў сваю дзейнасць…
“18 верасня 1911 года было праведзена асвячэнне касцёла ў Задзеўі Надвілейскага дэканата. Ён быў пабудаваны на месцы старога драўлянага. Новы храм быў высокім, прыгожым, цагляным (цалкам складзены з чырвонай цэглы), пакрытым ацынкаванай бляхай.
Касцёл быў закладзены 6 жніўня 1901 года ксяндзом Матэеем Бугянісам (Maciej Bugianis), задзеўскім настаяцелем, які асвяціў вегілійны камень, закладзены ў падмурак будучага касцёла.
Само асвячэнне касцёла ў нядзелю, 18 верасня 1911 года, адбывалася наступным чынам. У старым (драўляным) касцёле, які знаходзіўся побач з новым, зранку адбываліся набажэнствы. У 10 гадзін раніцы пачалася цырымонія асвячэння новага касцёла, на якой прысутнічалі ўсе ксяндзы з суседніх і далёкіх парафій, а таксама прыхаджане з размешчаных побач і аддаленых касцёлаў. Працэсія прайшла ад старога да новага касцёла, дзе адбыліся малебны пасвячэння, затым — асвячэнне касцёла звонку і знутры. Потым у старым касцёле прачыталі пропаведзь, а затым Найсвяцейшы Сакрамант быў перанесены ў новы касцёл. У 11 гадзін у ім адбылося першае богаслужэнне” (крыніца — тагачасная польская дыяцэзіяльная газета).
Стары драўляны касцёл у Задзеўі — папярэднік новага, цаглянага. Пачатак ХХ стагоддзя. Здымак з «Tygodnika ilustrowanego» (нумар 35, за 1911 год). Фота з блога http://postawyiokolice.blogspot.com/
Калі ў Задзеўі быў пабудаваны першы касцёл, дакладна невядома. Аднак гэта адбылося не пазней чым напрыканцы XVI стагоддзя. Ёсць інфармацыя, што ў 1765 годзе віленскі біскуп Тамаш Зянковіч на месцы разбуранага па невядомых прычынах першага задзеўскага касцёла пабудаваў новы, драўляны, і ў тым жа годзе яго асвяціў. Гэты ж касцёл, які шмат разоў падвяргаўся рэстаўрацыі, захаваўся да часу ўзвядзення цаглянага касцёла ў 1911 годзе. Сумны лёс гэтага помніка архітэктуры вам ужо вядомы.
Шмат цікавых звестак пра Задзеўе і навакольныя вёскі ўдалося сабраць пастаўскаму краязнаўцу Ігару Пракаповічу і яго былой вучаніцы Ірыне Заяц. Яшчэ ў 2006 годзе яны выдалі кніжку «Мястэчка над возерам. Задзеўе і ваколіцы», дзе змешчаны матэрыялы, звязаныя з геаграфіяй, гісторыяй, культурай Задзеўя і вёсак Дукі, Ліцвінкі і Новы Двор.
Падчас падрыхтоўкі выдання аўтары гутарылі з мясцовымі жыхарамі, звярталіся да літаратурных і музейных крыніц, шукалі звесткі ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. І гэта прынесла плён — выданне адкрывае шмат старонак з даўнейшага жыцця вёскі.
«Супрацьстаянне армій прывяло да таго, што вёскі Дукі і Задзеўе былі знішчаныя. Частку хат разабралі на ўмацаванні, частка згарэла ад страляніны. Значная частка жыхароў падалася ў бежанства, тыя ж, хто застаўся, былі вывезены немцамі ў лагер у Вільню, дзе многія памерлі ад голаду і хвароб», — так у выданні апавядаецца пра наступствы Першай сусветнай. Пра яе, дарэчы, сёння нагадваюць некалькі нямецкіх пахаванняў на вясковых могілках у Задзеўі.
Нямецкія пахаванні на задзеўскіх могілках
У кніжцы таксама можна прачытаць і пра тое, што адбывалася ў Задзеўі пасля заканчэння Вялікай вайны. Цікавы факт: у міжваенны перыяд на месцы старога цаглянага касцёла ў вёсцы быў пабудаваны невялікі драўляны. Вёска працягвала быць рэлігійным цэнтрам. На фэсты, якія ладзіліся тут у жніўні на Спас, па ўспамінах мясцовых жыхароў, з’язджаліся да 30 ксяндзоў.
Аднак, як пішуць аўтары, наперадзе вёску чакала новае ліха. Пасля 1945 года сталі праводзіцца работы па расшырэнні і мадэрнізацыі аэрадрома каля Задзеўя (яго будаўніцтва было распачата яшчэ ў 1939 годзе). У гады Другой сусветнай вайны пасадку на ім штодня здзяйснялі па 10-15 самалётаў.
Узлётная паласа аэрадрома размяшчалася так, што на пад’ём самалёты ішлі ў бок Літвы, а на пасадку — над Паставамі і Задзеўем. Будынак касцёла перашкаджаў арганізацыі палётаў. Храм разабралі, частку бярвення перавезлі ў вёску Мягуны, дзе з яго паставілі школу.
Іконы з касцёла вяскоўцы разабралі па хатах. Яны спадзяваліся, што храм зноў пабудуюць. Але гэтага, на жаль, не адбылося. Насельніцтва ў вёсцы паступова стала змяншацца. У 1965 годзе ў ёй налічвалася 14 двароў і 31 жыхар, у сярэдзіне 90-х — толькі 5 жылых двароў і 13 жыхароў.
Апошні задзеўскі ксёндз Вельгат (на здымку) быў абвінавачаны ў прыналежнасці да англійскай разведкі і ў 1949 годзе пасаджаны ў турму. Вярнуўся ў Задзеўе ў 1956 годзе, аднак быў вымушаны выехаць у Польшчу. Там і памёр, бо ногі адняліся.
З успамінаў Уладзіславы Хаўзюк, апублікаваных у кніжцы «Мястэчка над возерам»
Першая Камунія. Дзеці з ксяндзом задзеўскай парафіі. Здымак зроблены летам 1944 або 1945 года каля драўлянага касцёла ў Задзеўі, пабудаванга на месцы цаглянага. Фота з блога http://postawyiokolice.blogspot.com/
Сёння на месцы велічнага цаглянага касцёла узвышаецца крыж. Непадалёк ад яго — помнік ксяндзу-пробашчу мясцовай парафіі Ежы Мачульскаму (1863—1915). Яго за ўласныя сродкі аднавіў ураджэнец Пастаўшчыны Мар’ян Бумбліс. Успаміны таксама запісаны ў кнізе «Мястэчка над возерам». Ён, напрыклад, згадваў, што «школы і крамы ў Задзеўі не было, а возера Ксяндзоўскім называлі».
Крыж, устаноўлены на месцы, дзе стагоддзе назад узвышаўся касцёл Перамянення Пана ў Задзеўі
Узрывальнікі ад расійскіх снарадаў, цэгла і кавалак чарапіцы ад касцёла, які некалі тут стаяў. Знойдзены 25 красавіка 2020 года Уладімірам Багданавым.
Помнік ксяндзу-пробашчу мясцовай парафіі Ежы Мачульскаму
Момант асвячэння помніка
…Па Задзеўі хочацца гуляць бясконца: тут адчуваеш сябе ў палоне прасторы і прыроды. Стаіш ля возера — і дух захоплівае ад прыгажосці навакольных мясцін.
А на тым беразе сваім жыццём жывуць Паставы — выдатна праглядваюцца шматпавярховыя дамы, будаўнічая мітусня ля дзіцячага садка, які цяпер узводзіцца на ўскраіне мікрараёна 6-га гарадка… Добра бачныя з Задзеўя і пастаўскія касцёл і царква. Калі б не Першая сусветная, яны з розных берагоў возера «пераглядваліся» б з велічным храмам у Задзеўі. Калі б не вайна, сёння ў вёсцы частымі гасцямі былі б вернікі і турысты — безумоўна, было б значна больш жыцця ў ціхім мястэчку над возерам.
Калі б… Але гісторыя, як вядома, умоўнага ладу не церпіць…
Увогуле, ці многія помнікі архітэктуры напаткаў сумны лёс задзеўскага касцёла?
— Храмаў у Першую сусветную ў Беларусі было пашкоджана нямала, — пракаменціраваў Уладзімір Багданаў. — У асноўным пацярпелі тыя, што знаходзіліся побач з фронтам. Паблізу Пастаў можна прыгадаць касцёл у Відзах, царкву ў Блізніках Мядзельскага раёна, капліцу-пахавальню Друцкіх-Любецкіх на беразе возера Варанец… Цалкам разбураны царква і пабудаваны перад вайной касцёл у Смаргоні. Ды і царкве ў Паставах дасталася — гэта бачна на здымку, які ёсць у маёй прыватнай калекцыі.
І сёння ў Беларусі ёсць храмы, якія стаяць у руінах яшчэ з часоў Першай сусветнай. Гэта храм у Наваспаску пад Смаргонню, царква ў Бярозаўцы пад Карэлічамі, царква Івашкаўцах пад Зэльвай. Моцна пацярпелі храмы ў Крэве (асабліва былы касцёл). Наогул, спіс можна скласці доўгі…
Царква ў Паставах. 1917 год.
Касцёл у Смаргоні, як і ў Задзеўі, быў пабудаваны напярэдадні Першай сусветнай. У вайну быў разбураны, потым цалкам разабраны.
Касцёл у Відзах Браслаўскага раёна. Яго будаўніцтва было завершана напярэдадні Першай сусветнай, у 1914 годзе. «Калі праз год сюды прыйшла вайна і лінія фронту стабілізавалася, Відзы аказаліся на перадавым краі нямецкай абароны. На той момант вежы касцёла былі самымі высокімі пабудовамі на тэрыторыі Беларусі — каля 70 метраў. Агляд з іх адкрываўся выдатны, і немцы абуладкавалі там назіральны пункт. Каб знішчыць яго, расійскія артылерысты 5 сакавіка 1916 года правялі інтэнсіўны артабстрэл касцёла, што стала адным з першых актаў Нарацкай аперацыі. Абстрэлы працягваліся і пазней, у выніку храм быў амаль разбураны. Калі ў 1920-я гг. яго сталі аднаўляць, на памяць пра ваеннае мінулае у сцены ўмуравалі некалькі снарадаў Першай сусветнай. Калі прыгледзецца, то дзе-нідзе на цагляных сценах і цяпер можна разгледзець характэрныя наступствы артылерыйскага агню» (з кнігі “Битва у Нарочи, 1916”).
Касцёл у Відзах. Сучасны выгляд
Пятого не дано, или Почему в деревне Задевье четыре костела не «прижились»
Главное История
26.04.2020 postawy8652
Іна Сняжкова.
Фота аўтара, Сяргея Вшыўкава,
з архіва і прыватнай калекцыі Уладзіміра Багданава,
з архіва Ігара Пракаповіча.
Источник: http://www.postawy.by/2020/04/pyatogo-ne-dano-ili-pochemu-v-d-zadeve-chetyre-kostela-ne-prizhilis/
«Задело» Задевье! Читатели поделились своими воспоминаниями о костеле, д. Задевье и ее жителях
Важное История
12.05.2020 postawy256
Пасля выхаду матэрыялу «Пятага не дадзена, або Чаму ў Задзеўі чатыры касцёлы не «прыжыліся» да мяне звярнулася нечакана многа людзей (прычым як з Беларусі, так і з-за мяжы), якія ахвотна дзяліліся сваімі ўспамінамі пра касцёл, вёску Задзеўе, родных, што там жылі. Удалося даведацца новую інфармацыю пра гэту мясціну. Таму з задавальненнем зноў вяртаюся да тэмы.
Збігнеў, які, на жаль, не ўказаў свайго прозвішча, напісаў:
Мая бабуля, якая нарадзілася ў 1901 годзе, разам з бацькамі прысутнічала на асвячэнні новага касцёла ў Задзеўі ў 1911 годзе, а ў нядзелю і ў святы хадзіла туды на Богаслужэнні. Мне мала што запомнілася з яе аповедаў. Гаварыла, што ксяндза людзі лічылі святым яшчэ пры жыцці. Але быў гэта Мацей Бугяніс ці Ежы Мачульскі, дакладна сказаць ужо не магу. Па словах бабулі, святар гэты прадказаў многія гістарычныя падзеі, якія пазней і адбыліся. Напрыклад, заклікаў вернікаў рэгулярна хадзіць у касцёл, бо, па яго словах, настане час, калі ўлады закрыюць яго і памаліцца не будзе дзе. Бабуля казала, што тады не паверыла: няўжо хтосьці можа асмеліцца закрыць храм? Успомніла словы ксяндза толькі пасля таго, як гэта адбылося».
1916 год. Від на руіны касцёла
Дырэктар раённага Дома культуры Ала Чарнюк прыгадала:
Мая мама расказвала, што яе бацькі ў 40-я гады мінулага стагоддзя заўжды на павозцы ездзілі на фэст у Задзеўе — настолькі знакамітым было гэта месца. Адлегласць ад дома складала не менш за 30 кіламетраў.
А яшчэ ведаю, што з разабранага касцёла пабудавалі ў Мягунах не клуб, а школу. Са слоў мамы, у 50-60-я гады ў вёску прыязджаў нейкі дзядуля з Задзеўя, станавіўся на калені перад школай і маліўся, такім чынам выказваючы пашану гэтаму намоленаму бярвенню. Я вучылася ў той школе, было цёпла і ўтульна».
2020 год. Здымак, зроблены з таго ж ракурса, што і папярэдні
Мілона Салаўёва, якая цяпер пражывае ў Паставах, з рэдакцыяй звязалася па тэлефоне:
Я 12 гадоў адпрацавала дырэктарам Мягунскай школы і была сведкай таго, як яе будавалі з бярвення задзеўскага касцёла. Гэта адбылося ў 1954 годзе. Гаварылі, што разбіраць храм не згадзіўся ні адзін католік. У выніку гэта справа была даручана пажарнікам.
У Мягунах у драўніне мелі вострую патрэбу: папярэдняя школа згарэла падчас зімовых канікул, дзеці былі вымушаны займацца на прыватных кватэрах. Будоўлю трэба было пачынаць неадкладна, таму бярвенне і прывезлі да нас у вёску. Мы паўплываць на сітуацыю не маглі — нас проста паставілі перад фактам. Мясцовае насельніцтва, сярод якога былі і католікі, і праваслаўныя, да такой сітуацыі аднеслася спакойна. Хаця былі выпадкі, калі ў школу прыязджалі староннія людзі і сарамацілі нас, папракалі. На мой погляд, вялікай памылкай было тое, што вернікаў не праінфармавалі, для якіх мэт разбіралі касцёл (на самай справе ён перашкаджаў палёту самалётаў), таму і было столькі абурэння. Многія думалі, што храм разабралі спецыяльна для таго, каб пабудаваць школу.
Дадам яшчэ, што ў асабістым жыцці настаўнікаў, кіраўнікоў школы часта пачалі здарацца непрыемнасці і нават трагедыі. Не думаю, што гэта звязана з «паходжаннем» школы, але хто ведае… »
Узрывальнікі ад снарадаў, цэгла і кавалак чарапіцы, знойдзеныя ў Задзеўі
Жыхар горада Вільнюса Артур Ільін даслаў копіі чарцяжоў новага, цаглянага, касцёла і старога, драўлянага, які перад маштабным будаўніцтвам стаяў у Задзеўі. Паглядзець іх можна ў блогу postawyiokolice.blogspot.com. У польскамоўным артыкуле пад назвай «Parafia Zadziewie», апублікаваным яшчэ 20.10.2011, таксама ёсць шмат іншай інфармацыі, узятай з разнастайных афіцыйных крыніц.
Даследчык Першай сусветнай вайны Уладзімір Багданаў вырашыў сам наведаць месца, дзе некалі стаяў велічны храм.
Як толькі я выйшаў з машыны, убачыў пад дрэвамі некалькі чырвоных цаглін, кавалак чырвонай чарапіцы, — канстатаваў Уладзімір Анатольевіч. — Няма сумнення, што гэта рэшткі касцёла. Акрамя таго, звярнуў увагу, што ў нарытай кратамі зямлі шмат бітай цэглы — значыць, яна ў глебе паўсюль. Нехта яшчэ да мяне знайшоў у вёсцы ці дзесьці побач два ўзрывальнікі ад рускіх снарадаў — імі стралялі па храме з другога берага Задзеўскага возера. Іх, а таксама цэглу і кавалкі чарапіцы сабраў у невялікую кампазіцыю і паставіў каля крыжа, які стаіць на месцы храма. Таксама пакінуў копію старога здымка з выявай рэшткаў Задзеўскага касцёла, каб людзі бачылі, якой была панарама гэтых мясцін сто гадоў назад…»
Аўтар артыкула дзякуе ўсім за водзывы і спадзяецца, што дыялог з чытачамі на гэту тэму будзе працягнуты.
Іна Сняжкова
Фота Уладзіміра Багданава і з яго прыватнай калекцыі
ист: http://www.postawy.by/2020/05/zadelo-zadeve-chitateli-podelilis-svoimi-vospominaniyami-o-kostele-d-zadeve-i-ee-rodnyh/