•       Идут годы, меняются времена, события, люди, но одно остается незыблемым и вечным  – Родина. Нам кажется, что мы знаем о нашей малой Родине все, или почти все. Но каждый раз, когда мы путешествуем, наблюдаем, читаем, исследуем и думаем о ней, мы открываем для себя что-то новое. И сегодня каждый из нас имеет возможность поделиться этим : новыми фактами, новыми стихами, новыми мыслями о своем крае, городе, селе и рассказать миру о своей малой Родине, о людях с большой душой…

Старэюць Старчуны, а людзі працуюць, жывуць

     Знайсці дакладнае тлумачэнне назвы вёскі Старчуны, што знаходзіцца ў Камайскім сельсавеце на мяжы з Літвой і адкуль добра бачны вежы касцёла ў Гадуцішках, не ўдалося. Адны сцвярджаюць, што яна паходзіць ад слова «старчма»,

гэта значыць — вертыкальна, і абгрунтавана размяшчэннем на мясцовасці — непадалёк рэчкі Камайка, у якой абрывістыя берагі. Іншыя схільныя да думкі, што ў вёсцы некалі большасць жыхароў былі старыя.

Іх дом — мясцовы штаб

Рэгіна Юльянаўна і Руфін Антонавіч Барэйкі разам 58 гадоў. Іх цагляны прасторны дом прыцягвае ўвагу дагледжанасцю.

— Стараемся, — гаварыла Рэгіна Юльянаўна. — Калі мясцовыя жыхары і кіраўніцтва Камайскага сельскага Савета абралі мяне старэйшынай, то і прыклад у добраўпарадкаванні абавязана паказваць. Заахвочваю і іншых сачыць за парадкам. З вясны да восені ў большасці агародчыкаў цвітуць кветкі. Прыгажосць любяць і пажылыя, і маладыя. Памятаю, устанавілі каля вёскі новы павільён на аўтобусным прыпынку, і я папра­сіла вясковых школьнікаў быць адказнымі за парадак. На нашым прыпынку не смецяць, не пішуць на сценах. Летам у нас прыгожа.

Вялікай радасцю для старэйшыны і іншых старчунцаў стала добраўпарадкаванне могілак. Да мінулага года іх акружалі старыя бярозы. Хапала клопатаў з уборкай лісця. Адно дрэва струхнела і павалілася. Добра, што не пашкодзіла помнікі. Летась з дапамогай мясцовай улады і ксяндза-пробашча камайскага касцёла Яцэка Хутмана распачаліся работы. Мала хто з вяскоўцаў верыў, што да Дня ўспаміну памерлых удасца ўправіцца. Але дзякуючы рупнасці тых, хто тут працаваў, работы завяршылі ў тэрмін.

На Дзень задушны прыехалі родныя тых, хто тут спачывае, і былі прыемна здзіўлены ўбачаным: дрэвы спілаваныя і прыбраныя, пастаўлены новыя слупкі для агароджы, нацягнута новая сетка, могілкі набылі еўрапейскі выгляд.

— Прасіла аб матэрыяльнай дапамозе, і людзі адклікаліся, — гаварыла Рэгіна Юльянаўна. — Агульнымі намаганнямі зрабілі вялікую справу. Цяпер галоўнае — падтрымліваць парадак.

Вяскоўцы часта прыходзяць да Барэйкаў. Каля іх дома спыняюцца аўтамагазін і перасоўная пошта. А калі ў каго ўзнікае якая праблема — зноў спяшаюцца да Юльянаўны. Гэта мудрая і разважлівая жанчына ўмее супакоіць, даць параду, пазваніць у адпаведную інстанцыю.

— Жыццё навучыла мяне ўсяму, — расказвала. — Рана засталася без бацькі, таму і касіць, і араць прыходзілася. Працоўную дзейнасць пачынала ў калгасе, затым была сакратаром у сельскім Савеце, страхавым агентам, завочна закончыла тэхнікум сувязі і да выхаду на пенсію 42 гады загадвала Сакунскім аддзяленнем паштовай сувязі. Сышлася з людзьмі, вывучыла іх характары, да кожнага старалася знаходзіць індывідуальны падыход.

Руфін Антонавіч больш за 20 гадоў адпрацаваў на гусенічным трактары, потым на іншых марках. Яго прозвішча значылася сярод заслужаных механізатараў гаспадаркі. У Барэйкаў адзін сын. Жыве ў Вільнюсе, бацькоў праведвае часта.

Гады былі маладыя, вясёлыя

Гэтыя здымкі вяртаюць Рэгіну Юльянаўну Барэйка ў далёкія гады маладосці, калі ў кожнай хаце жыццё віравала.

Мужчыны выходзілі на сенажаці з косамі, жанчыны — з граблямі. На кані — брыгадзір Лявон Семянас. Былы франтавік, інвалід Вялікай Айчыннай. Дадому вярнуўся з пашкоджанай рукой. Але быў талковым гаспадаром, умеў правільна размеркаваць людзей, у тэрмін правесці палявыя работы.

У вольны час вяскоўцы часта збіраліся разам, адзначалі розныя святы. Цяпер здароўе і сілы многім не дазваляюць выходзіць далей за свой панадворак. А разгорнуць сямейны альбом — і пасвятлее на душы ад успамінаў. Хоць многіх вяскоўцаў няма ў жывых, памяць пра іх жыве ў фотаздымках і іх добрых справах.

Пеставала парасятак і цялятак

Апалонію Станіславаўну Арэхаву лёс не песціў з дзяцінства. Ёй з сястрой было адпаведна 5 і 6 гадоў, калі заста­ліся без маці. Бацька ажаніўся ў другі раз. Нарадзіліся яшчэ дзеткі. Не сказаць, што мачаха была дужа суровай, але і не родная маці. Паліна дапамагала да­глядаць малых звод­­ных братоў і сясцёр, падрасла — рупілася па гаспадарцы. А потым уладкавалася на свінаферму.

— 10 гадоў даглядала парасятак, — успамінала. — Ой, і нялёгкая гэта работа. Потым перайшла на цялятнік, затым даіла кароў. Хапіла і ручной работы, і з апаратамі ўпраўлялася. Стараннай была, адказнай. А цяпер здароўе падводзіць: то ціск падскочыць, то галава разбаліцца. А найстрашней, што ногі аслабелі і слых пагоршыўся.

Замуж выйшла немаладой, сваіх дзяцей не нажыла. Таму любіць, калі заходзяць вяскоўцы, калі на каленях лашчыцца кот. У лютым жанчыне споўніцца 80.

— І не заўважыла, як гады праляцелі, — гаварыла. — У маладосці ўсё было пад сілу. А цяпер і дроў цяжка прынесці, і вады. Асноўны цяжар хатніх спраў на мужы. Ды днямі і ён занямог — паслізнуўся, зламаў руку. Не абмінаюць хату суседзі. Дзякуй ім за гэта. Так і дажываем свой век.

Памочнік старэйшыны

Да Іосіфа Віктаравіча Цыяна мы прыйшлі не лепшым часам. Чалавек не стрымліваў слёз: ноччу здохла яго кабыла Зорка. Для гаспадара гэта вялікая страта.

— Без кабылы які я табе, Юльянаўна, цяпер буду памочнік, — дрыжыць голас чалавека. — І ў гаспадарцы без каня не абысціся. Аўтамабіль добра, на ім у райцэнтр з’ездзіць можна хутка. А агарод ўзараць, сена прывезці — толькі на кані.

— Не перажывай, Юзаф, — супакойвала Рэгіна Юльянаўна. — Конь не чалавек, купіш новага. Да вясны яшчэ далёка, паспееш набыць. Страхоўку атрымаеш, з пенсіі збярэш — і будзе конь. Мы з табой яшчэ папрацуем!

Іосіф Віктаравіч — безадмоўны. Менавіта разам з ім старэйшына вёскі клапоціцца пра навядзенне парадку на могілках, устанаўлівала ў вёсцы новыя крыжы. Чалавек акуратны ў любой рабоце. І ля дома ў яго парадак, кожная рэч на сваім месцы. Мае добрае сэрца, адкрыты для іншых.

Чакае званкоў тэлефонных

Лідзія Іванаўна Вяршыла нара­дзіла і выхавала дзевяць дзяцей. Старэйшыя раз’ехаліся з бацькоўскага дома, маюць свае сем’і. Сэрца баліць за кожнага. А пагаворыць па тэлефоне, пачуе голас — і паспакайнее душа. Дзеці часта прыязджаюць, бо любяць Старчуны і непакояцца пра маці.

Два гады таму яна аўдавела. Пакуль разам жывуць малодшыя Наташа і Сяргей, які пасля перанесенай у дзяцінстве вятранкі застаўся інвалідам. Хлопец прыстасаваўся да жыцця і ў многім дапамагае маці. Весела ў доме, калі разам збіраецца вялікая сям’я. А дом у Вяршыніных прасторны, прыгожы, з новымі сучаснымі вокнамі, памаляваны яркай жоўтай фарбай. У свой час кіраўніцтва былога калгаса «Дружба» дало крэдыт на яго пакупку. А калі Лідзія Іванаўна афармлялася на заслужаны адпачынак, ёй як мнагадзетнай маці гаспадарка пазыку пагасіла.

Яе, чувашку па нацыянальнасці, мясцовае насельніцтва прыняло добра. Жанчына доўгі час была даяркай, нават на пенсіі працавала. І дзяцей выхавала прыстойных.

— Лёс пакідаў мяне па свеце, — гаварыла Лідзія Іванаўна. — Жылі з мужам у Комі АССР, у Літве. А найраднейшымі сталі Старчуны. На мясцовых могілках пахаваны дарагія мне людзі: мама, сынок Ігар, муж. І маё тут месца вечнага спачыну будзе. Дзяржава не пакідае без увагі. У свой час узнагародзілі ордэнам Маці, атрымліваю дабаўку да пенсіі. Дзеці на сваім хлебе, і я сабе рады даю.

І шкарпэткі звяжа, і валёнкі зваліць

Леанора Нікадзімаўна Пятраніс — адна са старэйшых жыхарак Старчун. Ёй ідзе 88-ы год. З задавальненнем расказвала пра дзень сённяшні і мінулае.

— Здароўе адпавядае ўзросту, — гаварыла. — Але стараюся не сядзець склаўшы рукі. Прынясе суседка воўну, я яе так расскубу, што і часаць не трэба. Потым спраду. Спрыт не той, што ў маладосці: бывала, за дзень магла кілаграм спрасці, цяпер толькі адну шпульку нітак напраду. Вяжу рукавіцы, шкарпэткі. Добрыя і цёплыя атрымліваюцца. Знаёмая з Паставаў прадае мой тавар на рынку. А папросіць хто, то і валёнкі звалю. Палюбуйцеся, якія спрытныя! Сын з Літвы прыязджае кожныя восем дзён, навязе прадуктаў, наказвае, каб не працавала, сябе шанавала. А мне пры рабоце намнога весялей.

Тры з паловай месяцы таму пахавала мужа, — прадаўжала мая суразмоўца. — Больш за пяцьдзясят гадоў пражылі разам. Замуж выйшла ажно ў трыццаць тры гады, ды нажылася. Нас у сям’і было васьмёра. Мама рана памерла, а я старэйшая. Пакуль падняла братоў і сясцёр — пра сябе думаць не было часу. А суджаны прысніўся мне ў ноч перад Калядамі. Прачнулася і думаю: няма ў нашай вёсцы такіх хлопцаў. Праз некаторы час паехала да цёткі ў Лынтупы, там яго сустрэла. Працавітыя мы былі абое. Я ткала, вязала, гаспадарку вялікую трымалі. У жыцці ж усяго хапіла. Памятаю, зацяжарыла другім дзіцем, а муж загадаў аборт зрабіць. Я адмовілася. Дык не прыехаў за­біраць з бальніцы, цягніком дабіралася з Лынтуп. Потым і трэці сынок нарадзіўся. Старэйшы і малодшы ўжо дарослымі трагічна загінулі, пахаваны ў Лынтупах. Сярэдні сынок цяпер пра мяне клапоціцца. А каб я яго не пакінула?

Магазін прыехаў!

Кожную сераду вяскоўцы з нецярпеннем чакаюць прыезду прадаўца філіяла «Каапгандаль № 2» Лідзіі Захарыч і вадзіцеля Яўгенія Лукашэвіча. Па суботах у вёску заязджае іншы аўтамагазін. Пакупнікам прывозяць не толькі тавары першай неабходнасці, але і ўсё, што яны закажуць. Попытам карыстаюцца малако, смятана, рыба, пельмені, каўбаса. Прадавец абслугоўвае ветліва, рэкламуе новы тавар, раіць, чым паласавацца. Вадзіцель, калі трэба, і сумку паднясе, і жартам падба­дзёрыць.

У дзень майго знаходжання ў Старчунах на дарозе была моцная галалёдзіца. Таму і вяскоўцаў ля аўтамагазіна сабралася мала. Але ўсе дзякавалі за абслугоўванне, клопат і ўвагу.

Сяргей умее ўсё

Праязджаючы праз вёску, звярнула ўвагу на панадворак, па якім хадзілі качкі, куры, ляжалі прыкрытыя брызентам цюкі з сенам, стаялі калёсы. Падумалася: рупныя гаспадары жывуць — такая гаспадарка! Рэгіна Юльянаўна, якая згадзілася быць маім «экскурсаводам», патлумачыла: «Няма ў гэтай хаце гаспадыні. Сяргей Васькоў адзін з усім упраўляецца».

Вырашыла зайсці, пазнаёміцца. Мужчына сустрэў у калідоры, здзівіўся незнаёмай госці. «Што пісаць пра мяне! — запярэчыў. — Працую, ні на што не наракаю. Умею і кароў даіць (іх у мяне дзве), і абед зварыць. Малако здаю дзяржаве. Нядрэнна плацяць. Ёсць кабыла: і сабе агароды ўзару, і вяскоўцам, калі хто папросіць. Не ўяўляю, як можна жыць у вёсцы і не трымаць гаспадаркі. А гаспадыня? Была. Як сена варушыць — тады ёй горача, ажно млее, як вечарам вазіць — тады ёй холадна. Нядрэнна спраўляюся і адзін. Вось маму з Сакун прывёз, хай крыху пагасціць».

Алена Пятроўна займалася вязаннем. «За работай час хутчэй ідзе, — гаварыла. — Па гаспадарцы я ўжо не памочніца, а з пруткамі весялей. Пабуду некалькі дзён у Сяргея і зноў вярнуся ў Сакуны. Там у мяне яшчэ адзін сын. Сяргей — малайчына. Ніякай работы не баіцца, усё ўмее».

Прытуліла многіх

У Старчунах пражывае крыху больш за 30 чалавек. Ёсць адзінокія і адзінока пражываючыя. Пра іх клапоціцца сацыяльны работнік. Напрыклад, Юзэфе Дэгіс — 95. Дрэнна бачыць і чуе, ёй прапануюць паехаць ў прытулак для састарэлых, а яна не згаджаецца пакінуць родныя сцены.

Ёсць і працаздольныя. Сярод такіх сем’і Власенкаў, Ацякіных, Гуртавенкаў, Сачковых, Цыян і іншых. Жанчыны працуюць на фермах у Сакунах, Гейбавічах, мужчыны — падвозчыкамі кармоў або механізатарамі. Большасць з іх днём былі на рабоце. Каля дома сустрэла Таццяну Ацякіну. Яна толькі вярнулася з фермы ў Гейбавічах і спяшалася ўправіцца па гаспадарцы, бо вольны час прабяжыць хутка, і трэба будзе зноў спяшацца на работу.

— Нарадзілася я ў Карэліі, — расказвала. — А сюды прыехала амаль дваццаць гадоў таму з мамай і айчымам. Сын мой з сям’ёй таксама жыве тут. Старчуны многіх прытулілі. Большасць прыез­джых жывуць у дамах, якія выдзеліла гаспадарка, некаторыя купілі свае.

Каля аўтамагазіна сустрэлі Людмілу Сцяпанаўну Гуртавенка. Распачалі размову. З украінскім акцэнтам жанчына апавядала пра сябе і жыццё. Бацька мужа быў вайскоўцам, служыў ва Украіне. Там і пазнаёмілася Люда са сваім мужам. Старчуны — радзіма яе свекрыві. Пераехалі сюды пасля таго, як свёкар атрымаў права на пенсію. Маладыя ўладкаваліся на ферму: Людміла — даяркай, муж — падвозчыкам. Выраслі дзеці. Надзя вучыцца на цырульніка ў Віцебску, Коля пасля заканчэння раённай гімназіі паступіў у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, атрымлівае павышаную стыпендыю.

— У нашай вёсцы пастаянна жылі працавітыя людзі, — гаварыла старэйшына Р. Ю. Барэйка. — Славіліся Старчуны механізатарамі, даяркамі, камбайнерамі. А ці не гонар для нас ураджэнец Старчун Алег Адольфавіч Валодзька — Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, чыя праца адзначана двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай рэвалюцыі? На мясцовых могілках пахаваны яго бацькі, і мы кожны раз рады сустрэчы са знакамітым земляком. Спадзяюся, што ў будучым будзем ганарыцца маладымі старчунцамі, якія цяпер вучацца або працуюць.

Старчуны, як і іншыя невялікія вёсачкі, старэюць. Але ў большасці дамоў свецяцца па вечарах вокны, у хлявах рыкаюць каровы і кудахчуць куры, завіхаюцца ў працы людзі. У выхадныя дні, асабліва летам, поўніцца гоманам вуліца. Значыць, маленькай кропцы на карце яшчэ жыць і жыць.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара і з сямейнага альбома Барэйкаў.

22.01.2015 postawy: http://www.postawy.by/2015/01/stareyuc-
starchuny-a-lyudzi-pracuyuc-zhyvuc/

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Loading

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Обсуждение закрыто.