•       Идут годы, меняются времена, события, люди, но одно остается незыблемым и вечным  – Родина. Нам кажется, что мы знаем о нашей малой Родине все, или почти все. Но каждый раз, когда мы путешествуем, наблюдаем, читаем, исследуем и думаем о ней, мы открываем для себя что-то новое. И сегодня каждый из нас имеет возможность поделиться этим : новыми фактами, новыми стихами, новыми мыслями о своем крае, городе, селе и рассказать миру о своей малой Родине, о людях с большой душой…

Верацеі – вёска ля Парыжа

    На Купалле пабываў на сваёй радзіме ў вёсцы Верацеі, дзе нарадзіўся і правёў пачатак свайго дзяцінства. Хаткі амаль паловы вёсцы закінутыя.

Ад былой хаткі бабулі Соф’і Аўгусцінаўны (ці проста Зоські, бо другой Зоські ў вёсцы напэўна не было) не засталося нават падмурка, толькі парэшткі стлеўшых бярвенняў уросшага ў зямлю першага вянца. Вёска не самая маладая ў наваколлі. На карце 1826 года года вёска паказаная як храмавая. Храмам мог быць невялічкі касцел, уніяцкая царква, ці проста невялічкая каплічка на сямейных могілках уладальнікаў Верацейскіх зямель Куркоўскіх. Фальварка Парыж (у народзе Парыжжа) на карце яшчэ не бачна. Бліжэйшае буйное паселішча – гэта Гарадок (Асінагарадок) з уніяцкай царквою.

У мінулым стагодзі, у Верацеях былі і магазін і школа. Першую школу, яшчэ даваенную, якая стаяла на пагурку са стараны Лапішак спалілі партызаны, як стратэгічны антырасейскі аб’ект. Пад час Другой сусветнай вайны адукацыя ў школах Беларусі вялася на двух мовах, беларускай і нямецкай. Моладзь зубрыла ў школах азы гаворкі па нямецку і пры адпраўцы ў Германію ўжо магла трошку размаўляць са сваімі гаспадарамі. У пасляваеннай, ужо новай, Верацейскай школе з 1945 па 1946 гады настаўнічаў вядомы ўсёй акрузе паэт і барацьбіт-антысаветчых Яўген Жыхар, які з 1946 па 1955 годы наводзіў жах на міліцыянтаў ды дзяржаўных і савецкіх кіраўнікоў Пастаўшчыны. Ягоны партызанскі атрад быў апошнім з дзеючых на Беларусі арганізацыі послеваеннага супраціва “Чорны кот”. Але, бадай, самымі вядомымі жыхарамі Верацей былі прадстаўнікі роду Даламанавых.

Першы з іх, малады святар Уладзімір Іванавіч, быў больш як 150 гадоў таму накіраваны з Расеі ў нашыя мясціны для ўсталявання маскоўскага праваслаў’я, пасля закрыцця ўніятскіх прыходаў. Некаторы час ён вядзе набажэнствы ва ўжо праваслаўнай царкве Асінагарадка, а жыве ў верацейскім маёнтку Куркоўскіх. Куркоўскія пасля ўдзелу ў паўстанні Кастуся Каліноўскага 1863 года былі сасланыя, а іх маёмасць рэквізавана ў даход дзяржавы і выстаўлена на продаж. Эпоха шляхецтва і вольніцы была канчаткова скончана генерал-губернатарам Мураў’ёвым -“вешацелем”, як яго празвалі ў народзе. І для нашага наваколля пачалася зусім другая эпоха. Калі царкоўныя летапісы пачатка 19-га стагодзя сведчалі, што просты селянін Казімір Кадушкевіч у 1817 годзе дараваў ўніяцкаму храму Асінагародка “крыж вялікі напрастольны сярэбраны”, а другі такі ж просты селянін Якімовіч у 1822 годзе ахвяраваў “звон вагой 5 пудоў”. То пасля шэрагу паўстанняў за незалежнасць ад Расеі ў нашых мясцінах не стала а ні актыўных і багатых сялян, здольных на такія падарункі, а ні мясцовай шляхты на чале з Куркоўскімі. Багатыя сталі яшчэ багацейшымі. Сярэдні клас у ліку мелкай шляхты ды багатых сялян папоўніў пасяленні далёкай Сібіры, катаржныя заводы ды палкі простых салдат у гарачых кропках ваеннай мясабойні. Таму больш познія рэстаўрацыі Асінагароцкай царквы змог зрабіць толькі адзіны чалавек, гэта князь Друцкі-Любецкі. Збяднелае сялянства знаходзілася ў жудасным стане, жывучы ў курных напаўразбураных хатах разам з жывёлай, аб чым і піша з усімі падрабязнасцямі на прыканцы 19-га стагодзя святар ужо праваслаўнай асінагародскай царквы Катлінскі ў “Литовских епархиальных ведомостях”. Дасканала невядома, Уладзімір Іванавіч выкупіў толькі маёнтак, ці ўсе верацейскія землі, а гэта ён мог зрабіць, бо паходзіў з Варонежскага дваранскага роду і меў на гэта дастаткова грошай. Васьміпакаёвы дом маёнтака да цяперашняга часу не захаваўся, але па ўспамінах нашчадкаў, быў вельмі прыгожым, з багатай мэбляй, карцінамі і старадаўнімі абразамі.

Уладзімір Даламанаў з жонкай Вольгай, народжанай Лапс, дачкой святара з Глыбоччыны. Фота ўзята з кнігі Аляксея Латыша “Падарожжа ў гісторыю вёскі Асінагарадок”, Паставы, 2018. Кожны з роду Даламанавых, у простанародзі “Далманы” валодаў, як цяпер кажуць, харызмай і вялікай духоўнай энэргіяй. Гэтая энэргетычная сіла ставіла на ногі цяжка хворых, не гаворачы ўжо пра простых заік ад спужання. Далманы былі народнымі лекарамі наваколля каля 150 гадоў, да іх ішлі і ехалі тыя, хто не змог атрымаць дапамогу ў афіцыйных медыцынскіх установах.

 

Памятная шыльда, усталяваная нашчадкамі ля дома Даламанавых.

Фенаменам Далманаў цяпер зацікавіліся навукоўцы, але на жаль з вялікім запазненнем, бо ўжо няма каму замаўляць ваду ды ладзіць лекарскія цуды.

Face

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Метки: , . Закладка Постоянная ссылка.

Обсуждение закрыто.