Пры ўсім падабенстве да іншых школ раёна Старадворскую БШ з поўным правам можна назваць асаблівай. Найперш таму, што знаходзіцца яна ў нетыпавым будынку, які літаральна дыхае гісторыяй.
Сінтэз сучаснасці і даўніны
Размясцілася ўстанова адукацыі ў маляўнічым куточку прыроды прыкладна за 500 метраў ад вёскі Стары Двор. Раней тут была сядзіба польскага маёра-асадніка Тадэвуша Зяленскага, які ў 1935 годзе пабудаваў сабе дом, што пазней стаў школай. Побач — лазню і дом для прыслугі. Але яны да нашых дзён не захаваліся, як і іншыя дамы асаднікаў, на месцы якіх у першай палове мінулага стагоддзя з’явілася сама вёска. У старадворскім маёнтку Т. Зяленскі пражыў да 1939 года. Пасля ўстанаўлення ў Заходняй Беларусі савецкай улады пераехаў у Польшчу, дзе неўзабаве трапіў у лагер у Катыні і быў расстраляны. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў яго маёнтку жылі немцы, якія ахоўвалі ўчастак чыгункі Віцебск—Вільнюс. А пасля вызвалення Пастаўшчыны, у 1944 годзе, будынак перадалі раённаму аддзелу адукацыі.
З тых даўніх часоў засталіся не толькі сцены, але і чарапічны дах, які работнікі школы перыядычна рамантуюць, замяняючы старую чарапіцу на новую, трое міжпакаёвых дзвярэй і дубовыя аконныя рамы з падаконнікамі. Некалькі гадоў таму ў рамы ўставілі пластыкавыя шклопакеты. У 50-60-ыя гады да дома прыбудавалі ганак, а з адваротнага боку — спартыўную залу, якая таксама выконвае функцыі актавай, у пачатку 2000-ых — санвузел.
Сёння ў школе створаны ўсе ўмовы для якаснага адукацыйнага працэсу. Светлыя і даволі прасторныя класы, невялікая, але вельмі ўтульная сталовая, маецца некалькі камп’ютараў з выхадам у інтэрнэт, два піяніна, бойлер для падагрэву вады. У двары — стадыён, дзе на перапынках дзеці любяць гуляць у футбол і валейбол, а зімой тут заліваюць каток. Нягледзячы на тое, што ў школе 36 вучняў, месца для ўсіх у асадніцкім доме не хапае. Таму малодшыя школьнікі займаюцца ў асобным будынку насупраць галоўнага, які быў спецыяльна перавезены сюды ў 1954 годзе. Дапаўняе гэты архітэктурны ансамбль майстэрня са станкамі і варштатамі, дзе праходзяць урокі працоўнага навучання для хлопчыкаў.
Дружна, творча, паспяхова

Амаль усе навучэнцы Старадворскай БШ — жыхары аднайменнай вёскі, толькі чацвёра з іх жывуць у Прудніках. Вучнёўскі калектыў — адна дружная сям’я, дзе старэйшыя шэфствуюць над малодшымі, разам удзельнічаюць у разнастайных школьных мерапрыемствах.
— Як у любой малакамплектнай школе, у нас склалася свая сістэма работы з дзецьмі, пры якой ніхто не застаецца незаўважаным, у баку ад агульных спраў, — расказвала дырэктар установы Алена Іванаўна Ластоўская. — Мы, педагогі, кіруемся прынцыпам: кожнае дзіця таленавітае, трэба толькі разгледзець у ім талент або здольнасць да чагосьці і развіць іх. Стараемся зрабіць так, каб вучні маглі праявіць сябе, адчувалі сваю значнасць, ім было камфортна ў школе, хацелася сюды прыходзіць. І гэта ўдаецца. Напрыклад, летам абсалютна ўсе дзеці застаюцца ў аздараўленчым лагеры на базе ўстановы.
Што датычыць магчымасцей для ўсебаковага развіцця школьнікаў, то іх хапае. Для пашырэння кругагляду дзяцей арганізуюцца розныя экскурсіі. Шмат гадоў на базе агульнаадукацыйнай школы працуе клас Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай школы мастацтваў, які наведвае палова навучэнцаў. Створаны ансамблі лыжкароў і народных інструментаў, дзейнічае танцавальная студыя, а вучні заваёўваюць прызавыя месцы ў разнастайных музычных конкурсах. Аснову для заняткаў музыкай закладвае настаўнік-прадметнік Наталля Анатольеўна Лешчык.
Другі моцны бок старадворцаў — спорт. З 2009 года яны рэгулярна перамагаюць у раённай спартакіядзе сярод базавых школ, дабіваюцца поспехаў і на абласных спаборніцтвах у складзе зборнай раёна. Настаўнік фізвыхавання Генадзій Рышардавіч Ластоўскі ўмее даць хлопчыкам і дзяўчынкам не толькі неабходныя практычныя навыкі, але і прывіць ім сапраўдную любоў да фізкультуры і здаровага ладу жыцця.
Вядзецца вялікая экалагічная работа, якую ўмела арганізуе Іраіда Уладзіміраўна Каралёнак. Школа цесна супрацоўнічае са Старадворскім лясніцтвам, якое ўзначальвае яе былы выпускнік Юрый Юзэфавіч Чашун. Вучні дапамагаюць высаджваць елачкі, ачышчаць лес ад валежніку, займаюць прызавыя месцы ў раённых і абласных экалагічных конкурсах. Дзякуючы настаўніцы матэматыкі Алене Аляксандраўне Шайко, якая прыйшла са школы-інтэрната, з 2003 года наладжана супрацоўніцтва з італьянцамі. Яны перыядычна наведваюцца ў Стары Двор, а дзеці ў сваю чаргу рэгулярна ездзяць на аздараўленне ў Італію. Не застаецца забытым і добраўпарадкаванне тэрыторыі, што з’яўляецца справай усяго калектыву: тэхперсаналу, педагогаў і навучэнцаў.
— Мне вельмі пашанцавала з настаўнікамі і тэхнічнымі работнікамі, — працягвала А. І. Ластоўская. — Усе яны людзі творчыя, нераўнадушныя, на сваім месцы. У нас 13 вопытных педагогаў, сярэдні ўзрост якіх 45 гадоў. Трое з іх маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, восем — першую, двое — другую. Кожны валодае нейкім талентам, які я імкнуся накіраваць на карысць школы. Так, Іна Мікалаеўна Багданава — выдатная рукадзельніца: умее шыць, вязаць, вышываць, маляваць. Яна вядзе гурткі па бісерапляценні і цестапластыцы. Таццяна Георгіеўна Якімовіч піша вершы, якія не раз друкаваліся ў “Пастаўскім краі”, былі адзначаны дыпломамі першай і другой ступеняў у конкурсе “Рыфма.by”. Ганаруся і захопленымі сваёй справай, адказнымі настаўнікамі пачатковых класаў Тамарай Адамаўнай Пяткевіч, Людмілай Клеафасаўнай Лешчык, Таццянай Уладзіміраўнай Трусевіч і Раісай Эдуардаўнай Казаровец, якія закладваюць у дзетак добры фундамент ведаў. Мая правая рука ў арганізацыі адукацыйнага працэсу — Вольга Францаўна Ярашэвіч, якая выконвае абавязкі намесніка дырэктара. Не магу не ўзгадаць таксама рабочага па абслугоўванні службовых памяшканняў Даната Уладзіміравіча Шышко. Гэта майстар на ўсе рукі, сапраўдны гаспадар у школе.
Вельмі вопытны і сам дырэктар. На работу ў Старадворскую БШ Алена Іванаўна прыйшла ў 1991 годзе пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага педінстытута. У 2000 годзе назначылі намеснікам дырэктара, а з 2005-га ўзначаліла ўстанову. Як мудры кіраўнік яна ўмее раскрыць патэнцыял педагогаў, нацэліць іх на дасягненне вынікаў перш за ўсё ў навучанні дзяцей. І вынікі ёсць. Сярэдні бал паспяховасці па школе летась склаў 7,6, а больш за палову вучняў маюць адзнакі 6—10 балаў. Яны рэгулярна становяцца прызёрамі вясенняй раённай прадметнай алімпіяды. Закончыўшы дзевяцігодку, усе паступаюць у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы або прадаўжаюць вучобу ў сярэдніх школах раёна, а потым набываюць вышэйшую адукацыю. Але галоўнае, што дае школа, — гэта пачуццё ўпэўненасці ў жыцці, уменне знайсці сябе ў ім.
Алена ШАПАВАЛАВА.
Фота аўтара.
источник: http://www.postawy.by/2017/09/vyalikiya-magchymasci-malenkaj-shkoly/