Многія жыхары раёна, як і тыя, хто раней працаваў на Пастаўшчыне, а цяпер жыве за яе межамі, памятаюць Віталія Якаўлевіча Лапушынскага як здольнага кіраўніка і цудоўнага чалавека.
За цёплы прыём і добрую арганізацыю працы ўспамінаюць яго і былыя камандзіры студэнцкіх будаўнічых атрадаў. Сёння некаторыя з іх маюць званні прафесара, дацэнта, кандыдата навук. Яны і цяпер перадаюць яму прывітанні і пажаданні здароўя, стойкасці і аптымізму.
Віталій Якаўлевіч — чалавек, якога можна ахарактарызаваць адным словам — прыгожы. І гэтым будзе сказана ўсё і ў шырокім сэнсе. Прыгожы знешне, душой, думкамі, учынкамі, пачуццямі, паводзінамі ў калектыве і грамадстве, адносінамі да людзей і справы. Ён — чалавек упарты, гібкага розуму, вялікай волі, калі ставіць перад сабой мэту, заўсёды знаходзіць сілы і метады, як дасягнуць яе.
У маі 1962 года па рэкамендацыі райкама КПБ члены калгаса “Прагрэс” выбралі Віталія Якаўлевіча сваім кіраўніком. Ісці на пасаду старшыні яму вельмі не хацелася, але не змог праігнараваць рашэнне калектыву. У той час ён працаваў дырэктарам Ярэўскай школы, якая была ў ліку эксперыментальных па пераводзе з 7-гадовага на 8-гадовы тэрмін навучання. Меў свае задумкі і планы наконт таго, як лепш арганізаваць вучэбны працэс і наблізіць яго да рэальнага жыцця, жадаў павысіць сваю кваліфікацыю настаўніка. А тут — рэзкі паварот: новы калектыў і зусім іншыя задачы: вырашаць эканамічныя, псіхалагічныя і палітычныя пытанні, задавальняць патрэбы людзей, рабіць гэта неадкладна.
Віталій Якаўлевіч — сын селяніна, жыццё ў вёсцы бачыў не з экранаў тэлевізараў. Вялікай апорай для таго, каб прыжыцца ў новым калектыве, стала веданне педагогікі. Як чалавек кемлівы, разумеў, што па некаторых пазіцыях можа быць пройгрыш, незадаволенасць у калектыве і кіраўніцтва раёна, надзеі могуць разбіцца аб сцяну непрыгляднай рэчаіснасці, але і думкі не дапускаў, каб прынізіць сваю годнасць і на каго-небудзь крыўдаваць.
Прыслухоўваўся да парад кіраўнікоў раёна, абапіраўся на спецыялістаў гаспадаркі, на дапамогу дзяржавы, сваю адказнасць перад людзьмі. Разумеў, што без іх падтрымкі, жадання, імкнення і мэтанакіраванасці паспяхова працаваць немагчыма. Стала правілам перад адказнымі перыядамі работ раіцца са спецыялістамі, членамі праўлення калгаса, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, вопытнымі практыкамі. Спецыялістам была дадзена поўная свабода прымяняць веды ў сваіх галінах, але кантроль не аслабляў. Перыядычна патрабаваў ад іх дэталёвай справаздачы пра стан спраў на даручаных участках. Калі вынікі не задавальнялі, даваў настаўленні і дапамагаў.
Калгас прыняў з вялікімі крэдытамі, якія трэба было вяртаць. А гэта можна было ажыццявіць толькі пры развіцці эканомікі. Такім шляхам і пайшоў. У першыя гады нічога не ламаў, а ўдасканальваў тое, што атрымаў. Рабіў усё для таго, каб жывёлагадоўля не была стратнай, а давала прыбытак. Расшыраў асартымент вырошчваемых культур. Не маючы свінафермы, штогод на 100 гектарах садзілі бульбу і прадавалі яе. Прыкладвалі намаганні, каб ільнотрасту рэалізоўваць толькі высокай якасцю, а малако атрымліваць вышэйшым гатункам. Пры дапамозе дзяржавы праводзілі меліярацыю і поўнасцю выкарыстоўвалі дадаткова атрыманыя гектары ворнай зямлі. Такі падыход да справы стаў добрай крыніцай паступлення на рахунак калгаса грашовых сродкаў і даў магчымасць разлічыцца з даўгамі.
На мой погляд, у Віталія Якаўлевіча ёсць самая каштоўная рыса характару — самалюбства (пачуццё ўласнай годнасці, звязанае з прафесіяй, заняткам). Такая рыса — моцны імпульс у дасягненні пастаўленай мэты і аўтаматычны тормаз для рашэння зрабіць тое, за што потым будзе сорамна. І. С. Тургенеў сказаў: “Чалавек без самалюбства нікчэмны. Самалюбства — архімедаў рычаг, якім можна зямлю скрануць з месца”. В. Я. Лапушынскі ім зямлю з месца не скранаў, а вось калгас у лік перадавых штогод па-дзелавому падштурхоўваў.
Нагадаю 1973 год. Па ўраджайнасці зерневых раён заняў другое месца ў рэспубліцы. Яна склала больш за 34 цэнтнеры, а ў калгасе “Прагрэс” — 40,1 цэнтнера. Не здаваў ён пазіцыі і ў наступныя гады. Першым у раёне атрымаў ураджайнасць больш за 50 цэнтнераў. Гаспадарка за ўласныя сродкі стварыла добрую вытворчую базу, пабудавала шмат гаспадарчых памяшканняў, жылых дамоў, добраўпарадкавала вёскі, аказвала дапамогу школе, арганізацыям культуры на сваёй тэрыторыі, раённай бальніцы, укладвала сродкі ў развіццё спорту. Заработная плата працаўнікоў павышалася, была большай, чым у іншых калгасах і ў супрацоўнікаў раённых арганізацый. Калгаснікі звярталіся да старшыні з просьбамі дапамагчы купіць легкавы аўтамабіль. Ён быў даступным кіраўніком. Каб да яго звярнуцца, не трэба было ісці ў кабінет і прытрымлівацца дзён прыёму.
Не толькі людзі памятаюць Віталія Якаўлевіча. Ён і сам добра памятае тых, з кім працаваў, і ўдзячны ім. Цёплымі словамі ўспамінае кавалера двух ордэнаў галоўнага агранома М. В. Казенку, эканаміста, актывістку Т. С. Бароўка, лепшых брыгадзіраў А. Я. Смятанка, Я. В. Хмылко, звеннявую па лёне Р. П. Павініч, трактарыстаў і камбайнераў М. Ф. Бароўку, П. С. Сідаровіча, даярак А. У. Кухальскую, Г. І. Шурпік, К. І. Павініч, жывёлавода Ф. В. Чабатаронка, кіраўнікоў раёна Я. І. Фёдарава, В. А. Клачкову, кіраўнікоў упраўлення сельскай гаспадаркі раёна Ф. І. Фацеева, Э. Ф. Ляшковіча. Гэты спіс працягваў з вялікім задавальненнем.
Прызнаннем заслуг В. Я. Лапушынскага стала прысваенне яму ганаровага звання “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР”, узнагароджанне ордэнам Леніна — вышэйшай узнагародай СССР, ордэнам “Знак Пашаны”, многімі медалямі, ганаровымі граматамі. Як старшыня перадавога калгаса быў у складзе абласной дэлегацыі на ВДНГ у Маскве, як лепшаму працаўніку яму аднаму з першых было дадзена права падпісаць пісьмо-рапарт нашчадкам 2017 года. Быў дэпутатам усіх мясцовых Саветаў народных дэпутатаў, членам райвыканкама. За перыяд яго кіраўніцтва калгасу ўручылі чатыры памятныя сцягі за дасягненні ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, 15 калгаснікаў сталі кавалерамі розных ордэнаў.
Віталій Якаўлевіч — чалавек з жаданнямі і імкненнямі дасягнуць сваёй мэты. Разумеў, што за кароткі час падняць калгас з вялікімі даўгамі перад дзяржавай да ўзроўню квітнеючага немагчыма, і аддаў яму 25 гадоў работы. Нават пасля няшчаснага выпадку, калі яму амаль паўгода давялося быць у бальніцы, у яго ні разу не ўзнікла жадання пакінуць калгас, не зрабіўшы яго мільянерам. Пастаўленай мэты дасягнуў. Пайшоў на заслужаны адпачынак, пакінуўшы на рахунку гаспадаркі мільён савецкіх рублёў і добрую вытворчую базу. А гэта моцны падмурак для далейшага яе росквіту. І трэба адзначыць, што былы калгас “Прагрэс”, а зараз ААТ “Кураполле-агра” — адно з мацнейшых сельгаспрадпрыемстваў у раёне.
На пытанне, ці лічыць сябе шчаслівым, Віталій Якаўлевіч адказаў: “Па-першае, шчаслівы таму, што мне верылі людзі і чвэрць стагоддзя змог апраўдваць іх давер, ствараць умовы для работы і жыцця ў сельскай мясцовасці. Па-другое, што змог выхаваць сваіх дзяцей годнымі людзьмі. Я імі задаволены і хачу пажадаць, каб такіх Бог даваў кожнай сям’і. Па-трэцяе, што сёння жыву і магу хадзіць пасля няшчаснага выпадку, калі ўрачы-хірургі сабралі мяне па кавалачках. Другое сваё нараджэнне лічу падарункам лёсу і цудоўных урачоў, за што ім шчыра ўдзячны і нізка кланяюся”.
Па характары сваёй работы па розных пытаннях я не менш за сотню разоў была ў калгасе “Прагрэс”, сельскім Савеце, школе, клубе і бібліятэцы. Амаль кожны раз сустракалася з Віталіем Якаўлевічам як з кіраўніком галоўнага суб’екта гэтага рэгіёна. Ні разу не бачыла яго ў гумовых ботах. Ён рабіў усё магчымае, каб і яго падначаленыя як мага радзей іх абувалі. Заўсёды быў элегантным і галантным. Сваім выглядам падкрэсліваў, што ў жыцці ўсё павінна быць дасканалым. На ўсё меў і мае свой пункт погляду, але ім не казырае, а знаходзіць кампраміс з тымі, у каго іншае меркаванне.
За незалежнасць характару людзей, мякка кажучы, недалюбліваюць, а калі праяўляецца пачуццё ўласнай годнасці, то бывае і горш. На пытанне, ці адчуваў да сябе такое, Віталій Якаўлевіч адказаў радкамі з верша Яўгенія Еўтушэнкі: “Не тратьте время, чтобы помнить зло —/ Мешает это внутренней свободе./ А помните добро, благодаря/ За ласку окружающих и Бога”.
Віталія Якаўлевіча лічаць здольным кіраўніком і добрым настаўнікам (на ніве адукацыі адпрацаваў 18 гадоў), а сам ён упэўнены, што лепшага настаўніка, чым само жыццё, знайсці немагчыма. Толькі яно вучыць, што ўсё добрае і карыснае ствараецца штодзённай сумленнай працай. Каб быць наперадзе, не трэба бегчы без аглядкі, а лепш ісці шырокімі крокамі, улічваць вопыт папярэднікаў, браць на сябе адказнасць і бачыць будучыню. Без павагі да людзей і клопатаў пра іх нельга быць кіраўніком. Чалавечыя якасці ў яго павінны быць, як правіла, на першым плане. У жыцці ўсё гарманічна і ўзаемазвязана. Нічога не трэба адкладваць на потым. Нярэдка “потым” — гэта ніколі. І з ім нельга не пагадзіцца.
Н. ДРОНЖЫК, г. Паставы.
ист: http://www.postawy.by/2017/02/yago-shyrokaya-vyadomasc-vynik-plyonnaj-pracy/
Яго шырокая вядомасць — вынік плённай працы.
“Я прыйшоў працаваць для людзей…”
Падцягнутым і акуратным (у адпрасаваным гарнітуры, беласнежнай кашулі і пры гальштуку) сустракаў гасцей на парозе кватэры у дзень свайго 90-годдзя пастаўчанін Віталій Якаўлевіч Лапушынскі. Бадай, адзінае сведчанне яго паважанага ўзросту — юбілейны медаль на шыі. Павіншаваць заслужанага работніка сельскай гаспадаркі БССР, былога старшыню калгаса “Прагрэс” прыехала прадстаўнічая дэлегацыя: старшыня раённага Савета дэпутатаў В. П. Арэхаў, старшыня раённага савета ветэранаў Г. Ф. Літвіновіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу С. М. Герасіменка, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. А. Філімонаў, старшыня Курапольскага сельскага Савета М. М. Яльчык, дырэктар ААТ “Кураполле-агра” А. В. Пяткевіч, былы старшыня райвыканкама В. Ф. Януковіч, а таксама былыя калегі В. А. Пашкевіч, П. М. Розынка і М. М. Мацюшчанка.
У адрас заслужанага ветэрана працы гучала шмат добрых пажаданняў і шчырых слоў падзякі за сумленную працу, чалавечую дабрыню і сардэчнасць, якія ён заўсёды праяўляў да людзей. Практычна кожны з гасцей не прамінуў сказаць, што Віталій Якаўлевіч быў і застаецца ўзорам сапраўднага кіраўніка і чалавечнасці ў шырокім сэнсе слова.
Нават і цяпер жыццё ў юбіляра не замірае: ён займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, перадае вопыт маладым кадрам, удзельнічае ў іх патрыятычным выхаванні і садзейнічае ўдасканаленню ветэранскага руху ў раёне. Былыя і цяперашнія заслугі В. Я. Лапушынскага былі адзначаны Ганаровымі граматамі райвыканкама і раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, а таксама Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў АПК.
Словы ўдзячнасці гасцям ад Віталія Якаўлевіча за памяць, віншаванні і падарункі прагучалі як запавет для кіраўнікоў усіх пакаленняў:
— Я прыйшоў працаваць для людзей… У мяне была мара, каб вяскоўцы сталі жыць лепш. І яна ажыццявілася: заробак у калгасе вырас амаль удвая. Так што жывіце, марце, працуйце, дасягайце!
Тэкст Людмілы ЗЕЛЯНКЕВІЧ.
Людміла Зелянкевіч, Пастаўскі край 43/2017 от 31 мая 201730 мая 2017 15:29 Общество Беларуская
.