Калі мяне накіравалі на работу ў Паставы, ад свайго стрыечнага брата атрымала заданне адшукаць на Пастаўшчыне яго аднакурсніка Жэню Чарэнку і, калі той у раёне заслугоўвае добрых водгукаў, напісаць пра яго артыкул.
Знайшла лёгка. У раёне яго ведалі, і водгукі былі самыя станоўчыя. Напісаць артыкул па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах тады не давялося. Дапамагла ім абмяняцца тэлефонамі, наладзіла сувязь. Пазней яны сустракаліся ў маёй кватэры.
У той час Яўгеній Іванавіч працаваў старшынёй міжкалгасбуда і меў на гэтай пасадзе сямігадовы стаж. Па рабоце ў мяне былі зносіны з Я. І. Чарэнкам як з членам бюро і райкама КПБ, кіраўніком раённага маштабу. Ведала яго і як дэпутата абласнога і раённага Саветаў народных дэпутатаў, а пры сустрэчах майго стрыечнага брата з аднакурснікам пазнавала як звычайнага чалавека.
Праз некаторы час пазнаёмілася з яго жонкай Антанінай Іванаўнай. Апошняе дзесяцігоддзе мінулага стагоддзя працавала ў адной арганізацыі з іх сынам Віктарам. Ведала гэту сям’ю на працягу амаль трыццаці гадоў. Склалася ўражанне, што ў ёй панавалі гаспадарлівасць, разважлівасць, жаданне і рашучасць, актыўнасць і ўпэўненасць, сціпласць і прыстойнасць, пачуццё павагі адно да аднаго і вялікая працаздольнасць, накіраваная на поспех. Гэтыя якасці, на погляд тых, хто шмат гадоў ведаў, жыў побач і разам працаваў з Я. І. Чарэнкам, зыходзілі менавіта ад яго, патрыярха сям’і. Што пацвярджаюць і факты жыццёвага шляху, які, на жаль, завяршыўся ў студзені 2013-га.
18 студзеня 1965 года па прапанове райкама КПБ 25-гадовага тэхніка-будаўніка Я. І. Чарэнку на агульным сходзе ўпаўнаважаных калгасаў-пайшчыкаў выбралі старшынёй міжкалгасбуда. Становішча ў арганізацыі было не з лепшых. За шэсць гадоў існавання змянілася шэсць кіраўнікоў. Пяць з іх не адпрацавалі больш за год. Арганізацыя ніводнага разу не выканала даведзенага задання. Аб’ёмы работ не раслі, кадраў катастрафічна не хапала, калектыў быў нестабільны, заробкі — нізкія, вытворчая база — слабая.
Не было вялікага практычнага вопыту ў будаўніцтве, а тым больш кіраўніцкага, і ў маладога Яўгенія Чарэнкі. Але мелася гаспадарчая струнка (яна — ад маці, бацька загінуў у гады вайны), хапала жадання, імкнення, рашучасці і ўпэўненасці ў тым, што становішча ў арганізацыі можна выправіць. Малады кіраўнік не разгубіўся. Як сам бачыў, разумеў, так і вызначыў напрамкі сваёй работы. Не губляючы часу, у сакавіку паехаў па кансультацыі, парады і вопыт у Верхнядзвінскі міжкалгасбуд. У той перыяд яго ўзначальваў заслужаны будаўнік БССР Васіль Фокін. Пад яго кіраўніцтвам арганізацыя выконвала аб’ёмы работ у тры разы большыя, чым пастаўская.
Падчас гутаркі з вопытным будаўніком, галоўнымі спецыялістамі Я. І. Чарэнка пераканаўся ў тым, што ён на правільным шляху. Складальнікі поспеху калектыву ў першую чаргу — добрая вытворчая база, упэўненасць у тым, што пры любых акалічнасцях і ўмовах можна дасягаць добрых паказчыкаў, прафесіяналізм, падрыхтоўка і замацаванне кадраў. Гэтым пытанням ён аддаваў перавагу на працягу ўсёй сваёй кіраўніцкай работы.
З першых дзён Яўгеній Іванавіч пачаў збіраць каманду з тых, хто жадаў палепшыць становішча спраў у арганізацыі. На пасаду галоўнага інжынера запрасіў свайго сябра па вучобе ў тэхнікуме з некаторым вопытам работы ў будаўніцтве І. С. Далецкага. І ў далейшым на працягу многіх гадоў яны падтрымлівалі адзін аднаго.
Яўгеній Іванавіч умеў вызначыць і адстаяць сваю пазіцыю, знайсці выйсце з многіх складаных сітуацый. Ужо ў першы год работы яго рашучасць і гаспадарлівасць далі станоўчы вынік — міжкалгасбуд выканаў будаўніча-мантажных работ на суму, роўную палавіне аб’ёмаў за шэсць папярэдніх гадоў. Гэта ажывіла калектыў. Знайшліся сродкі на ўмацаванне вытворчай базы, будаўніцтва жылля для асабістых патрэб, павышэнне зарплаты.
З 1965 года прымянялася акордна-прэміяльная аплата працы. Увялі даплаты за якасць, выкананне і перавыкананне норм выпрацоўкі, здачу аб’ектаў у тэрмін і датэрмінова, эканомію электраэнергіі, гаспадарлівыя адносіны да захоўвання будаўнічых матэрыялаў, лепшыя вынікі ў спаборніцтве і высокае майстэрства. У параўнанні з першымі гадамі заробкі павялічыліся ў два разы. Запрасілі на работу выпускнікоў навучальных устаноў, падбіралі і накіроўвалі моладзь на вучобу ў тэхнікумы, выкарыстоўвалі школы майстроў-будаўнікоў, індывідуальнае і групавое навучанне вопытнымі практыкамі. За год будаўнічым спецыяльнасцям навучалі па 30 і больш рабочых.
Да 10-годдзя міжкалгасбуда калектыў стабілізаваўся і павялічыўся са 135 да 285 працуючых. З’явіліся першыя дынастыі. Працавалі ў асноўным практыкі, і сярод іх былі нават пераможцы абласнога спаборніцтва. Да гэтага юбілею арганізацыя мела 23 аўтамашыны (у першы год было 7), 13 трактароў (адпаведна 2), 3 аўтакраны (не было). Працавалі лесапільны цэх, кацельня, якая забяспечвала цяплом жылыя дамы і парай — вытворчыя цэхі. З’явіліся памяшканні для захоўвання тэхнікі і будматэрыялаў. За 10 гадоў здалі заказчыкам 112 аб’ектаў рознага прызначэння (за першы год існавання арганізацыі — 7).
У 1966-ым, на другі год работы Я. І. Чарэнкі, узвялі першы 8-кватэр ны жылы дом для сваіх работнікаў. З яго пачалася забудова мікрараёна. У далейшым у ім штогод будавалі па 15-20 кватэр. Адкрылі два магазіны, сталовую, школу, дзіцячы садок, аддзяленне паштовай сувязі, паліклініку. Узвялі адміністрацыйны будынак, у якім размясціўся і клуб з актавай залай на 300 месцаў. Прымяняліся меры заахвочвання. Прадастаўляліся льготы на аплату камунальных паслуг. Ветэраны працы і лепшыя работнікі ад яе вызваляліся. Затраты аплачвалі з прыбытку. Для працуючых на аб’ектах зніжалі кошт харчавання. Арганізоўвалі экскурсіі па памятных мясцінах вялікай у той час краіны СССР. Такі клопат натхняў людзей на яшчэ лепшую працу. Яе тэмпы ўзрасталі з кожным годам. Да 20-гадовага юбілею арганізацыя стала адной з мацнейшых у сістэме аблкалгасбуда.
Я. І. Чарэнка адзначаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай рэвалюцыі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, аблвыканкама і райвыканкама. Пра поспехі калектыву неаднаразова пісалі ў раённай газеце і галіновай “Знамя строителя”. У арганізацыі працавалі 9 кавалераў ордэнаў і медалёў. Добрую памяць і ўласныя цёплыя ўспаміны пра цудоўных людзей, іх працоўны ўклад у развіццё эканомікі раёна пакінуў і сам Яўгеній Іванавіч у сваёй кнізе “След на зямлі”. А колькі яго змястоўных артыкулаў было надрукавана ў раёнцы! Яго водгукі пра мэты, жаданні, імкненні, майстэрства і прафесіяналізм будаўнікоў засталіся на памяць нашчадкам.
Яўгеній Іванавіч быў мудрым кіраўніком, скрупулёзным чалавекам з вялікім аўтарытэтам, але і пры такой моцнай абароне на яго жыццёвым шляху выплывалі «айсбергі». Некаторыя ён умела абыходзіў, на асобных спатыкаўся. Былі няўдачы, спускі, віражы, калдобіны, правалы, непрыемнасці і перажыванні. Як кемлівы чалавек ён успрымаў іх як урокі мужнасці, стойкасці і незгінальнасці і заўсёды заставаўся карысным грамадству.
Яўгеній Іванавіч Чарэнка (другі злева) з аднадумцамі будаўнікамі.
З вялікай удзячнасцю і павагай сёння Яўгенія Іванавіча ўспамінаюць яго калегі, а таксама былыя і цяперашнія кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў раёна.
— Першым месцам маёй работы пасля заканчэння ВНУ была МПМК-33 (зараз ДКУАБП “Рассвет Пастаўскі”), — расказваў А. І. Малец, цяперашні кіраўнік галоўнай будаўнічай арганізацыі раёна. — Тут працую і сёння. Лічу падарункам лёсу, што практычны вопыт у будаўніцтве набыў пад кіраўніцтвам Я. І. Чарэнкі. Мне падабаўся стыль яго кіраўніцтва. Меў вялікі вопыт, карыстаўся аўтарытэтам у калектыве. У ім арганічна спалучаліся лідарства, патрабавальнасць, арганізатарскія здольнасці, дабрыня і душэўнасць чалавека. Павага да спецыялістаў і радавых рабочых, клопат пра іх заўсёды былі адчувальнымі. Запомніўся мне Яўгеній Іванавіч як гаспадар, сапраўдны лідар і таленавіты арганізатар. Інтарэсы справы для яго былі вышэй за ўсё. Ён нічога не адкладваў на потым. Некаторыя яго рашэнні апярэджвалі час. Ён быў чалавекам з адкрытай душой. Усім добрым, што ёсць у мяне як кіраўніка, я абавязаны Яўгенію Іванавічу.
— На Пастаўшчыне міжкалгасбуд (і пад усімі далейшымі яго назвамі пры рэарганізацыі) быў адзіным прадпрыемствам у маім працоўным стажы. Адпрацаваў я ў ім 41 год, больш за палову з іх — пад кіраўніцтвам Я. І. Чарэнкі, — гаварыў У. А. Раманенкаў. — Сёння, успамінаючы гады работы з ім, лічу, што мне пашанцавала на працоўным шляху сустрэць Чалавека з вялікай літары, граматнага спецыяліста, кіраўніка з перспектыўнымі поглядамі і душэўнымі адносінамі да людзей. Не адна сотня будаўнікоў і членаў іх сем’яў удзячны яму за кватэры з выгодамі, створаныя ўмовы для работы, сацыяльныя паслугі, добрыя заробкі, ільготы, добраўпарадкаваны мікрараён, прыгожыя алеі, месцы адпачынку, дапамогу ў цяжкія моманты жыцця. Добрая слава пра яго засталася і ў сельскай мясцовасці, асабліва ў жыхароў аграгарадкоў.
— Яўгеній Іванавіч, вобразна кажучы, сам гарэў на рабоце і запальваў калектыў, — працягвае размову А. З. Гваздоўскі. — Прыслухоўваўся да думак і меркаванняў кожнага работніка. Не пакідаў без дапамогі маладых нявопытных спецыялістаў. Кожнага прынятага пасля заканчэння вучобы на тэрмін ад трох да шасці месяцаў замацоўвалі за вядучым прарабам, вопытным майстрам для стажыроўкі. Толькі калі пераконваліся, што малады спецыяліст можа працаваць самастойна, яму давяралі будаўніцтва аб’екта. Кожны, хто меў патрэбу ў жыллі, у хуткім часе атрымліваў кватэру з уласнага фонду арганізацыі. Ветэраны працы і лепшыя работнікі карысталіся льготамі на аплату камунальных паслуг. Гэта была адчувальная эканомія сямейнага бюджэту.
— З кожным жадаючым працаваць у будаўнічай арганізацыі Яўгеній Іванавіч гутарыў асабіста. Былі выпадкі, калі чалавеку адмаўлялі, — успамінаў І. І. Каліта. — Многае рабілася па падборы і накіраванні моладзі на вучобу. Такім метадам падрыхтавалі не адзін дзясятак спецыялістаў. Пры разглядзе пытанняў узнагароджання і вынясення спагнанняў прыслухоўваўся да рэкамендацый грамадскіх арганізацый. Прыярытэты аддаваліся паказчыкам у рабоце, працавітасці, удзелу ў грамадскім жыцці і паводзінам у быце. Не любіў павярхоўных падыходаў.
— Яўгеній Іванавіч знаходзіў выйсце з любой сітуацыі. Гэтай мэце служылі ўсе формы і метады яго работы. Мог выкарыстаць і тонкі гумар. Заўсёды праяўляў клопат пра людзей, — так адклікаецца пра яго Н. П. Жорава. — Сёння памяць пра Я. І. Чарэнку жыве ў кожным доме мікрараёна, вытворчых аб’ектах і пабудовах сацыяльнай сферы, у сэрцах тых, хто ў іх жыве і працуе. За ўсё ўзведзенае людзі ўдзячны будаўнікам і іх кіраўніку. Імя Я. І. Чарэнкі і сёння на слыху ў калектыве. Многія спецыялісты лічаць падарункам лёсу тое, што набывалі вопыт практычнай работы пад яго кіраўніцтвам.
— Я член калектыву з ліку дынастый, — працягвае ўспаміны Я. У. Жолнер. — На работу ў міжкалгасбуд прыйшла ў адзін год з Яўгеніем Іванавічам і адпрацавала з ім больш за 35 гадоў. У маёй памяці ён застаўся працавітым, добразычлівым і сціплым чалавекам, кампетэнтным спецыялістам, умелым кіраўніком. Яго прыход стаў моцным імпульсам паляпшэння становішча ў калектыве. Ён па-дзелавому вырашаў пытанні эканомікі. Станоўчую ролю адыгралі яго мудрасць, прафесіяналізм і клопат пра людзей. Ён быў незвычайным чалавекам.
— Першага верасня 1989 года калектыву сярэдняй школы №5 Яўгеній Іванавіч уручыў сімвалічны ключ. З гэтага дня паміж калектывамі школы і МПМК-62 устанавілася цесная сувязь, — дзеліцца ўспамінамі А. К. Міцэвіч. — З боку Я. І. Чарэнкі школа мела самую моцную падтрымку. Па яго ініцыятыве і яго намаганнямі на трэцім паверсе будынка аформлены гістарычныя звесткі пра жыццё і развіццё Пастаўшчыны. У 1992 годзе пры яго садзейнічанні школа атрымала найлепшую ў раёне спартыўную залу. Вучні, настаўнікі і аматары спорту і сёння ўспамінаюць Яўгенія Іванавіча з вялікай удзячнасцю. Ён быў чалавекам найдабрэйшай душы, ініцыятыўным і мэтанакіраваным.
Яўгенію Іванавічу Чарэнку яшчэ пры жыцці трэба было паставіць помнік за заслугі перад раёнам, — так пачаў свой успамін П. М. Розынка. — Якасці лідара яскрава праявіліся на пасадзе кіраўніка будаўнічай арганізацыі. Ён валодаў тонкай інтуіцыяй пры прыняцці правільных рашэнняў. Пра гэта яскрава сведчаць яго дзеянні ў гады развалу СССР. Адстойваў свае прапановы нават тады, калі яны разыходзіліся з думкамі кіраўнікоў раёна. Пры зацвярджэнні гадавых планаў па будаўніцтве яго слова было рашаючым. Знаходзіў выйсце нават з тупіковых сітуацый.
— Яўгеній Іванавіч быў разважлівым чалавекам, здольным арганізатарам, кіраўніком з гаспадарчым падыходам да выканання сваіх службовых абавязкаў, мэтанакіраваным, — такім успамінае яго М. В. Горлач. — Ён па-майстэрску натхняў калектыў на дасягненне пастаўленай мэты. Гэта было сутнасцю яго натуры. Тым, каму пашанцавала разам з ім працаваць, памятаюць яго як мудрага чалавека, пад кіраўніцтвам якога будаўнікі зрабілі ў раёне многа важнага і карыснага.
— Глыбокі след і добрую памяць пра сябе пакінуў Я. І. Чарэнка на тэрыторыі Дунілавіцкага сельсавета, — расказвае В. А. Пашкевіч. — Пры вызначэнні аб’ектаў для будаўніцтва ён заўсёды зыходзіў з першачарговай запатрабаванасці іх для рэгіёна. Малочнатаварная ферма, бальніца, клуб і жылыя дамы па вуліцы Маладзёжнай у аграгарадку пабудаваны менавіта па такім прынцыпе. Калі ўзнікала неадназначная сітуацыя — правесці рэканструкцыю старога будынка ці пабудаваць новы, — ён сам дэталёва вывучаў і пралічваў, які варыянт для гаспадаркі найбольш выгадны і танны. Заўсёды ўнікаў у праблемы гаспадарак і знаходзіў выйсце. Яго гаспадарлівасць брала верх. Такім прынцыпам кіраваліся старшы прараб У. А. Раманенкаў і майстры, якія ўзводзілі свінагадоўчы комплекс на 24 тыс. галоў. Яўгеній Іванавіч быў кіраўніком з гаспадарчай стрункай і прыкладам для калег.
— Кожны працоўны калектыў сваімі поспехамі ў некаторай ступені абавязаны будаўнікам. Вялікая іх заслуга была і ў дасягненнях калгаса “Сцяг Перамогі”, — з удзячнасцю ўспамінаў А. Я. Мухля. — Жылы пасёлак і два жывёлагадоўчыя комплексы — вынік іх высакароднай справы. Будаўніцтва вялося на забалочанай мясцовасці, без субпадрадчыкаў. Тандэм у складзе Я. І. Чарэнкі, У. А. Раманенкава, І. С. Далецкага ўпэўнена вёў будаўнікоў да пастаўленай мэты. Трэба аддаць ім належнае, што знайшлі правільнае выйсце. Многае было зроблена ў плане будаўніцтва і ў калгасах з цэнтрамі ў вёсках Савічы, Андроны і Васіліны, якія аб’яднаны ў адну гаспадарку з калгасам “Сцяг Перамогі”.
— Калі вобразна сказаць, Я. І. Чарэнка быў стваральнікам маленькай краіны — пасёлка будаўнікоў са сталіцай МСО, — успамінае Э. П. Казура. — Яе жыхары адчувалі сябе камфортна, былі забяспечаны жыллём, добра аплатнай работай, сацыяльнымі паслугамі, вялі сваю падсобную гаспадарку, мелі месцы для адпачынку, устаноўленыя па “сваіх законах” шматлікія льготы. Яго кемлівасць яскрава праявілася і ў гады вялікага беспрацоўя. Для будаўнікоў ён змог захаваць рабочыя месцы. Цесна супрацоўнічаць з будаўнікамі мне давялося ў перыяд свайго кіраўніцтва ПМК “Сельгастэхніка”. Мы былі субпадрадчыкам МПМК-62, працавалі ў цесным кантакце і заўсёды знаходзілі паразуменне. Не адзін аб’ект разам пабудавалі і здалі заказчыкам. Яўгеній Іванавіч быў кіраўніком з гаспадарчым падыходам да вырашэння ўсіх пытанняў. Працаваў ён, як кажуць у народзе, закасаўшы рукавы, і гэтага ж патрабаваў ад сваіх падначаленых.
— Цесныя адносіны з Яўгеніем Іванавічам у мяне склаліся ў перыяд работы старшынёй калгаса “Ленінскі шлях” і ў райкаме КПБ, калі выконваў абавязкі куратара будаўніцтва, — дае станоўчы водгук У. У. Лапушынскі. — У маёй памяці ён застаўся чалавекам надзвычай прыстойным, гаспадарлівым, мэтанакіраваным, аднаслоўным — нават у складаных сітуацыях. Не памятаю выпадку, каб штосьці паабяцаў і не зрабіў. Заўсёды быў упэўнены, што калектыву МПМК пад сілу ўзвядзенне аб’ектаў любога прызначэння. Гэта яскрава пацвярджаюць чатыры буйныя жывёлагадоўчыя комплексы, кіламетры інжынерных камунікацый, каналізацыйныя помпавыя станцыі, якія і сёння абслугоўваюць заводы і шматпавярховыя дамы горада, 6 лячэбных устаноў, 3 будынкі банкаў і многія іншыя аб’екты. Важкі ўклад будаўнікоў і ва ўзвядзенне аграгарадкоў.
— Міжкалгасбуд быў наймацнейшай арганізацыяй у раёне і вобласці, шматразовым пераможцам абласных і раённых спаборніцтваў, — падкрэслівае В. Ф. Януковіч. — У гэтым вялікая заслуга Яўгенія Іванавіча. Ён цаніў кадры, клапаціўся пра іх, а яны падтрымлівалі яго. Да парад Я. І. Чарэнкі прыслухоўваліся кіраўнікі і раёна, і гаспадарак. Нават у гады масавага беспрацоўя здолеў захаваць арганізацыю і не пакінуў людзей без сродкаў на існаванне, паказаў станоўчы прыклад іншым кіраўнікам, як устаяць і не зламацца ў цяжкія часы. У калектыве ён быў лідарам, настаўнікам і ў некаторай ступені бацькам. Яўгеній Іванавіч быў найдабрэйшым чалавекам, кіраўніком ад Бога і надоўга застанецца ў памяці пастаўчан.
— У тым, што мае веды спецыяліста-будаўніка больш за трыццаць гадоў запатрабаваны на Пастаўшчыне, заслуга Я. І. Чарэнкі, — расказвае П. Р. Станюш. — З першых хвілін пры звароце прыняць мяне на работу ўзнікла да яго пачуццё вялікай павагі. Ён дэталёва азнаёміў мяне з умовамі работы, паведаміў, што атрымаю ў бытавым плане. Умовы жыцця ў мікрараёне будаўнікоў год ад году паляпшаліся. Добрымі яны былі і ў вытворчых памяшканнях. Кіраўніцтва з душой клапацілася пра людзей на будаўнічых аб’ектах, многае рабілася для фінансавага і матэрыяльнага ўмацавання арганізацыі. Гэта было важкім фактарам стабілізацыі калектыву, прыходу ў яго лепшых спецыялістаў і рабочых. Усе гэтыя выгоды ствараліся пад яго непасрэдным уплывам. Пад кіраўніцтвам Я. І. Чарэнкі я адпрацаваў больш за 10 гадоў і лічу іх падарункам лёсу. Ён быў мудрым чалавекам, скарбонкай ведаў у будаўніцтве.
— За аб’екты, узведзеныя міжкалгасбудам на Пастаўшчыне і за яе межамі для перасяленцаў з чарнобыльскай зоны, Яўгенію Іванавічу ўсім раёнам трэба нізка пакланіцца. Тандэм у складзе Я. І. Чарэнкі і галоўнага інжынера І. С. Далецкага ў свой час раёну быў падораны Богам, — так пачаў размову А. А. Валодзька. — Яўгеній Іванавіч быў бязмежна вялікім чалавекам, кіраўніком-патрыётам. Ён меў незвычайную празорлівасць, адчуваў патрэбы гаспадарак, меў шчырае жаданне дапамагчы ім, і ў яго гэта вельмі добра атрымлівалася. Часам рызыкаваў, калі быў упэўнены, што іншага выйсця няма. Сваімі думкамі і дзеяннямі апярэджваў час. Калі дзесьці яшчэ толькі ішлі размовы пра тое, як прыблізіць умовы жыцця ў вёсках да гарадскіх, ён са сваім калектывам іх ужо ствараў. Будаўнікі пад неаслабным кантролем Чарэнкі, Далецкага і пад скрупулёзным наглядам вядучых прарабаў і майстроў аб’екты ўзводзілі такой якасці, як для сябе. Мне цяжка назваць таго, хто сёння можа паўтарыць іх старанні і заслугі. Такія людзі, якім быў Я. І. Чарэнка, нараджаюцца адзін раз у дзесяцігоддзе.
— Калі я ўзначаліў ДРБУ-132, Я. І. Чарэнка быў з багатым вопытам работы кіраўніка МПМК-33, — так адзываецца С. А. Рагіня. — У стылі яго кіраўніцтва адчуваліся сардэчнасць, чуласць, дабрыня, імкненне дапамагчы і вера ў поспех. Метады яго работы заслугоўвалі ўвагі і былі прыкладам для маладых нявопытных кіраўнікоў. Ён быў разважлівым чалавекам, умеў абмінаць крутыя павароты. Разумеў, што дасягнуць мэты можна, толькі ідучы наперад пры любых абставінах. Здолеў захаваць калектыў і забяспечыць яго работай нават у гады беспрацоўя. У яго можна было многаму павучыцца: як з кожным годам паляпшаць вытворчую базу, ствараць для рабочых бытавыя і працоўныя ўмовы, не дапускаць цякучасці кадраў, згуртоўваць калектыў і накіроўваць яго на выкананне пастаўленых задач.
На працягу 50 гадоў існавання галоўнай будаўнічай арганізацыі раёна ўзведзена 1130 аб’ектаў. У іх ліку 720 дамоў на 2210 кватэр, 13 школ, 6 дзіцячых садкоў, 6 лячэбных устаноў, 16 клубаў і адміністрацыйных будынкаў, 3 будынкі банкаў, 18 кацельняў, 6 аграгарадкоў, 22 дарогі, 4 жывёлагадоўчыя комплексы, 95 ферм, 53 зернетакі і зернясховішчы, 14 вытворчых баз, 31 рамонтная майстэрня, рэканструяваны дзіцячы аздараўленчы цэнтр, ваенны шпіталь, 4 помнікі культуры, пабудавана база пагранічнай заставы. Закладзены прыгожыя алеі, скверы, добраўпарадкаваны вуліцы. Ва ўсім гэтым вялікі ўклад Яўгенія Іванавіча Чарэнкі, які кіраваў калектывам будаўнікоў на працягу 32 гадоў. Удзячная памяць пра яго жыве і будзе жыць у сэрцах пастаўчан.
Хочацца верыць, што добрыя справы будаўнікоў будуць адзначаны ў прадаўжэнні кнігі “Памяць. Пастаўскі раён”. Было б пахвальна, каб у горадзе знайшлося месца і для галерэі іх партрэтаў і здымкаў узведзеных імі аб’ектаў.
Н. ДРОНЖЫК
ист: http://www.postawy.by/2017/01/yon-byў-gaspadarom-z-pryrodzhanym-daram-kiraўnika/
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.