Уразіў вось гэты фотаздымак, які ўбачыла на старонцы сябра газеты, таленавітага фатографа Сяргея Вшыўкава ў «Аднакласніках». Цікаўлюся ў аўтара, хто на ім. «Мая мама, — адказвае Сяргей Барысавіч. — У руках яна трымае сямейную фатаграфію, на якой бацькі, брат і сястра, а сама яшчэ ў маціным улонні».
І вось я ў кватэры пастаўчанкі Ксеніі Філіпаўны Вшыўкавай. На сцяне ў рамцы такі ж самы, толькі павялічаны фотаздымак. З яго і пачынаем размову з гаспадыняй.
— Сярожа мінулым летам, у дзень майго 80-годдзя, сфатаграфаваў, — расказвае. — Мой тата ў Вялікую Айчынную змагаўся з ворагам у партызанскім атрадзе. Яго імя занесена ў кнігу «Людзі Нарачанскага краю». На жаль, памёр зусім маладым — у 1948-м. А яшчэ раней, калі мне споўнілася ўсяго тры гады, не стала мамы. Дзяцінства было гаротнае.
У 17 гадоў Ксенія ўладкавалася на Пастаўскі льнозавод сартыроўшчыцай на сыравінным двары. А праз пэўны час ёй даверылі вельмі адказны ўчастак — прымала і ўзважвала транспарт з трастой, афармляла дакументы. «Выхаднымі днямі мае равеснікі хадзілі на танцы, адпачывалі ў кампаніях, а я працавала, каб больш зарабіць, бо жыла са сваёй капейкі, — успамінае. — Перабралася з Мядзельшчыны ў Паставы і старэйшая сястра Фаіна, якая вельмі падтрымлівала мяне».
З ільнозавода Ксенія перайшла на працу ў раённае аб’яднанне грамадскага харчавання. 25 гадоў загадвала складам, потым была буфетчыцай, і вось ўжо 25 гадоў, як на пенсіі.
— Цяпер толькі жыць ды радавацца, — гаворыць ветэран працы. — Пенсія добрая, кватэра падключана да цэнтральнага ацяплення, здароўе трымаецца. За 10 апошніх гадоў толькі аднойчы выклікала хуткую дапамогу. Урачам не дакучаю і жартую, што бальніца за гэта павінна мне прэмію даць.
Дзевяць гадоў таму Ксенія Філіпаўна аўдавела. Муж быў родам з Архангельшчыны. У Паставах праходзіў тэрміновую службу і тут закахаўся ў яе. Таму і застаўся на звыштэрміновую і да выхаду на пенсію працаваў у воінскай часці. Зараз найвялікшая радасць жанчыны — яе дзеці і ўнукі.
Сыны Ігар і Сяргей закончылі ваенныя вучылішчы і сталі афіцэрамі. Служылі ў розных кропках былога СССР. З 1997 па 2008 год Сяргей з’яўляўся камандзірам воінскай часці, што дыслацыравалася ў Паставах. Для маці гэта такі гонар! Зараз абодва сыны ўжо ў запасе, але без справы не застаюцца. Ігар з сям’ёй жыве на Урале, за 50 кіламетраў ад Ніжняга Тагіла. Адзін яго сын служыць у міліцыі, другі — пракурор. Дачка Сяргея — дзіцячы ўрач-анколаг у Мінску.
Яна не толькі ратуе дзетак ад страшнай хваробы, але і займаецца навуковымі распрацоўкамі, выязджае за мяжу на навуковыя канферэнцыі. Валодае англійскай мовай. Вось такі годны працяг сямейнага дрэва жыцця Вшыўкавых.
Фаіна Касаткіна
(см. больше, листаем, выбираем, кликаем, знакомимся ближе)
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.