
Пастаўскі праваслаўны храм мае старажытную і складаную гісторыю, перажыўшы часы заняпаду і ўваскрашэння, спусташэння і шчаслівага росквіту. У гістарычных дакументах царква ўпершыню згадваецца ў інвентары маёнтка Паставы за 1628 год.
Апісваецца яна так: “…на вуліцы, што ідзе да Зарэчча, царква пад тытулам святога Мікалая з усім начыннем…” У 1815 годзе храм напаткала вялікая бяда.
Вучні мясцовага вучылішча, будынак якой знаходзіўся побач, запускаючы ракеты, упалілі царкву. Драўляная пабудова згарэла поўнасцю.
Пасля пажару ўладальнік Паставаў граф Канстанцін Тызенгаўз аддаў пад царкву невялікі двухпавярховы каменны будынак, у якім раней месцілася судовая ўстанова. Пераробка будынка заключалася ў тым, што з пярэдняга, усходняга, боку былі ўзведзены чатыры каменныя калоны, на якіх зладжана пакрытае ўзвышэнне ў форме купала для званіцы, а з супрацьлеглага боку прыбудавана паўкруглая сцяна, дзе знаходзіўся алтар.
Ад суседніх дамоў гэта царква ні формай, ні велічынёй амаль не адрознівалася; толькі невялікі крыж і нізкая званіца паказвалі, што будынак – храм Божы.
1 жніўня 1891 года ў мястэчку адбылася ўрачыстая закладка праваслаўнага храма. З бласлаўлення архіяпіскапа Даната царкоўны чын здзейсніў протаіерэй Богінскай царквы а. Юліян Васілеўскі з пяццю святарамі. Будаўніцтва храма ішло хуткімі тэмпамі і ўжо ўвосень 1893 года знешнія работы былі завершаны. Аднак асвячэнне царквы адклалі да вясны, бо яшчэ вялася праца над іканастасам; да таго ж надышла дажджлівая восень.
Вось як апісвае пастаўскі храм святар Гаўрыіл Пігулеўскі:” Пабудаваны ён у стылі руска-візантыйскім, каменны, пяціглавы, мае форму крыжападобную, крыжы на главах пазалочана-люстраныя, умацаваныя бронзавымі ланцугамі, і здаецца больш аб’ёмным, прасторным, чым на колькі чалавек разлічаны; у ім можа размесціцца да 1000 чалавек.
Унутраная будова храма і яго аздабленне наколькі арыгінальнае, настолькі і выкшталцонае. Асабліва звяртае на сябе ўвагу велічны ківорый над прастолам, пабудаваны на васьмі калонах у выглядзе блакітных нябёсаў са шматлікімі зоркамі і па-мастацку злучаны з аднаго боку з іканастасам і ўвенчаны купалам і крыжам. Абразы ў іканастасе, якія напісаны віленскім іканапісцам Малокіным на залатым фоне, выдзяляюцца мастацкім выкананнем.
Іканастас на светла-залатым фоне ўвесь вызалачаны, сваёю зграбнасцю пакідае глыбокае ўражанне; наогул, усе разныя і пазалотныя работы іканастаса і дубовых клірасаў выкананы цудоўна. Для продажу свечак зроблена прыгожая дубовая разная шафа, накшталт камода, з мармурнай дошкай на версе. Звонку царква на франтоне па сценах упрыгожана пяццю абразамі святых, напісанымі даволі правільна мясцовым псаломшчыкам Мілаванавым.
На высокай званіцы ўсталявана шэсць благазвучных званоў, з якіх галоўны мае 70 пудоў вагі. З купала пасярэдзіне спускаецца ўніз цудоўная трохярусная каштоўная панікадзіль, а на клірасе ззяе пара харугваў металічных на пяць лопасцей.
Вакол царквы пабудавана прыгожая агароджа з цэглы з прасветамі ў ёлачку і пакрыта плоскай чарапіцай, а таксама з трывалымі жалезнымі варотамі. Наогул, новая пастаўская царква па вонкаваму і ўнутранаму свайму выгляду, сіметрыі ва ўсіх частках, трываласці аздаблення і зграбнасці начыння ўяўляе сабой велічны, цэльны і цалкам благалепны храм. Нездарма пастаўскія вернікі назвалі гэты храм – Саборам”.
Жорсткае і крывавае ХХ стагоддзе было літасцівым для пастаўскага храма. У адрозненні ад іншых местачковых цэркваў і касцёлаў, якія ці то разбураліся пад час войнаў, ці то зачыняліся ўладамі і пазней рабаваліся і апаганьваліся, пастаўская царква да сённяшніх дзён нясе сваю службу для людзей.
У цяжкія 60 – 80-я гады ХХ стагоддзя, калі ваяўнічы атэізм вёў зацятую вайну з рэлігіяй, пастаўскі храм заставаўся, па-сутнасці, адзіным апірышчам хрысціянства ў раёне. З некаторых зачыненых цэркваў сюды на захаванне везлі рэлігійныя святыні і каштоўнасці. Так, калі ў 1965 годзе па рашэнню мясцовых уладаў быў зачынены малітоўны дом ў Манькавічах, то маёмасць яго па вопісу перададзена ў Пастаўскі Свята-Мікалаеўскі храм. А тры царкоўныя званы, якія догі час захоўваліся ў хляве жыхара вёскі Манькавічы Антона Яфімавіча Дунца, ў 1989 годзе былі ўсталяваны на званіцы Пастаўскай царквы Пасля закрыцця касцёла св. Антонія Падуанскага ў пастаўскім праваслаўным храме да 1989 года захоўваўся касцёльны крыж.
Больш стагоддзя верай і праўдай служыць пастаўскі праваслаўны храм людзям. У спёку і ў лютую сцюжу, у пару нудных дажджоў і раз’юшаных вятроў кожны чалавек знаходзіць у царкве прытулак, малітву і заспакаенне для сваёй душы.
(чтобы посмотреть старое фото и новое, проведите курсором мышки справа на лево и наоборот)
з матэрыялаў: https://ok.ru/postavyret/topic/69577047313171
скарыстаны фота аўт: П.Курыловіча, А. Чалея, І. Цапеліка, С. Вшыўкава і іншых з адкрытых крыніц інтэрнэта