БАРОЎКА Лія Вітальеўна. Нарадзілася на хутары Кагачэва, непадалёк Лукашова Пастаўскага раёна. Кандыдат гістарычных навук (1972 г.), дацэнт (1978 г.).
Аўтар больш за 100 навуковых публікацый, у тым ліку трох манаграфій: “Укрепление и развитие совхозов” (Мн., 1981 г.), “Совхозы Белоруссии в 1965—1968 гг.” (Мн., 1981 г.), “История Белорусского государственного аграрно-технического университета (в событиях, фактах, цифрах)”. (Мн., 2006 г.).
— Лія Вітальеўна, наша знаёмства адбылося падчас вучобы ў Вышэйшай партыйнай школе пры ЦК КПБ. Яе задачай была падрыхтоўка кіруючых кадраў. Сёння аналагічныя функцыі выконвае Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. ВПШ давала навучэнцам грунтоўныя веды. Кіраўнікі аспірантур запрашалі яе выпускнікоў на вучобу ў свае ўстановы. Табе прапаноўвалі даволі высокія пасады ў Мінску і Віцебску, але ты аддала перавагу прапанове загадчыка кафедры гісторыі, дацэнта, кандыдата гістарычных навук М. М. Акімава паступіць у аспірантуру. Такія прапановы былі і мне, але па сямейных абставінах я вярнулася ў Паставы. У прафесійным плане нашы шляхі разышліся, але 45-гадовае сяброўства працягваецца і сёння. Для сувязі выкарыстоўваем тэлефон, штогод сустракаемся падчас твайго прыезду на Пастаўшчыну. Я, напэўна, не памылюся, калі скажу, што твае адносіны да малой радзімы адпавядаюць вершаваным радкам Я. Коласа: “Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы”. У сувязі з гэтым пытанне: якія ўспаміны ўсплываюць пры наведванні пастаўскага краю?
— Успамінаюцца і радасці, і цяжкасці, з якімі давялося сустракацца ў дзяцінстве, юнацтве і ў маладосці, і тыя людзі, якія дапамагалі пераадолець складаную сітуацыю і дасягнуць жаданых мэт.
— Якія гады жыцця на Пастаўшчыне былі для цябе найбольш складанымі і цяжкімі?
— Першыя пасляваенныя. Не было вопраткі, абутку, прадуктаў, пісьмовых прылад. У першы клас пайшла з лістком паперы (захоўваю і сёння) і алоўкам. Чарніла з крушыны рабіла сама. Лісты трафейнай паперы сшывала ў сшытак. Калі ён поўнасцю быў спісаны, мачыла яго ў вадзе. Пасля таго, як напісанае знікала, сшытак сушыла і зноў ім карысталася. Дамашнія заданні выконвала пры лучыне, не было газы. Да Лесуноўскай пачатковай школы, у якой вучылася, было больш за тры кіламетры, з якіх больш за два хадзіла сцежкай, па якой, акрамя трох вучняў, у завіруху ніхто не хадзіў. Харчаваліся дрэнна. У ежу дадавалі муку з балотнай травы. Здаралася, што мяне пакідалі сілы, не магла сама падняцца з ложка. Дапамагалі суседзі, якія дзяліліся са мной ежай, абмяжоўваючы свае сем’і.
— На выбар прафесіі паўплывала сястра (Ірына Вітальеўна — кавалер ордэна “Знак Пашаны”, вядомая ў раёне настаўніца, звесткі пра якую ёсць у кнізе “Памяць”)?
— На выбар прафесіі ўплыў аказала не сястра, а эканамічнае становішча. Я паступіла ў педвучылішча, па-першае таму, што яго навучэнцы атрымлівалі стыпендыю. Па-другое, яно было ў Паставах. Пры адсутнасці транспарту адлегласць да яго можна было прайсці пехатой.
— Пасля заканчэння педвучылішча ў якой школе пачала настаўніцкаю справу?
— У Акулінскай пачатковай. Яна знаходзілася на тэрыторыі саўгаса “Пастаўскі”, рабочымі якога былі мае бацькі Віталій Сямёнавіч і Вольга Пятроўна. Загадчыцай школы з’яўлялася вопытная настаўніца К. І. Дунец. У яе можна было многаму павучыцца. Яе фатаграфія таксама змешчана ў хроніка-дакументальнай кнізе “Памяць. Пастаўскі раён” сярод фатаграфій заслужаных настаўнікаў Беларусі. Адпрацавала толькі год. Скарацілася колькасць вучняў, і мяне накіравалі ў Шчэрбішскую пачатковую школу Палескага сельсавета. Там я працавала адна, сама вырашала гаспадарчыя пытанні па рамонце школы, забеспячэнні яе палівам і г. д.
— Колькі гадоў узначальвала Шчэрбішскую школу?
— Год. На наступны я вярнулася ў якасці настаўніцы гісторыі ў Груздаўскую сямігодку. Гэта ініцыятыва належала дырэктару школы І. Л. Палякевічу, які мяне добра ведаў як былую вучаніцу.
— Як цябе з дыпломам настаўніцы пачатковых класаў маглі назначыць выкладаць гісторыю ў 5-7-ых класах?
— У той час я была студэнткай-завочніцай гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у які паступіла праз год пасля заканчэння педвучылішча.
— Чаму сваёй спецыяльнасцю выбрала гісторыю?
— Любоў да яе ў мяне абудзіў выкладчык Груздаўскай сямігодкі А. Ц. Ванін, а замацаваў у педвучылішчы выкладчык гэтага прадмета Дашкевіч.
— Чым праявіла сябе на працы ў школах, што праз некалькі гадоў стала супрацоўнікам раённага аддзела народнай адукацыі?
— Добрасумленнай працай — як вытворчай, так і грамадскай. Нягледзячы на тое, што працавала ў сельскай школе, мяне ведалі і асобныя кіраўнікі раёна. Мая фатаграфія змяшчалася на раённую Дошку гонару. І калі загадчык РАНА К. С. Дунец звярнуўся да дырэктара школы І. Л. Палякевіча па параду аб прызначэнні мяне на пасаду загадчыцы педагагічнага кабінета РАНА, то атрымаў адабрэнне.
— Доўга працавала на гэтай пасадзе?
— Не. Прыкладна праз два гады перавялі на пасаду інспектара РАНА, якую займала да ўвядзення Віцебскім абкамам прафсаюзаў штатнай адзінкі старшыні райкама прафсаюза работнікаў асветы, вышэйшай школы і навучальных устаноў. Паколькі да гэтага я на грамадскай аснове выконвала абавязкі старшыні райкама прафсаюза, мяне ў чарговы раз і выбралі ім. На гэтай пасадзе завяршылася дзесяцігоддзе маёй работы ў Пастаўскім раёне.
— Якія пачуцці выклікала прапанова паехаць на вучобу ў Мінск?
— Яны былі неадназначнымі. З аднаго боку, успрыняла прапанову як станоўчую ацэнку сваёй работы. З іншага, у мяне былі планы па далейшым удасканаленні арганізацыі прафсаюзнай работы, бо яна стала для мяне галоўнай. Мой вопыт станоўча ацэньвалі ў Віцебскім абласным камітэце прафсаюзаў. І не хацелася пазбаўляцца добрых адносін да сябе. Я ніколі не забуду ўвагі да мяне першага сакратара Пастаўскага райкама партыі М. А. Карабань. Урачы раённай бальніцы не мелі магчымасці вызначыць дыягназ маёй хваробы. Яна для мяне, настаўніцы сельскай школы, зрабіла ўсё магчымае, зберагла мне не толькі жыццё, але і выратавала ад інваліднасці.
Праз некалькі гадоў у мяне зноў узніклі праблемы са здароўем. Старшыня Віцебскага абласнога Савета прафсаюзаў, даведаўшыся пра гэта і пра тое, што я як старшыня райкама прафсаюза не дазваляю сабе ўзяць пуцёўку ў санаторый, сам выслаў яе мне асабіста.
Згоду на вучобу ў ВПШ дала пасля доўгіх разважанняў. Там дасягнула такога статусу, пра які нават не марыла. Побач аказаліся людзі, ад якіх атрымала правільныя арыенціры ў сваім жыцці. Ты ведаеш станоўчую ролю ў маім жыцці М. М. Акімава. На абароне кандыдацкай дысертацыі зразумела, кім для мяне стаў навуковы кіраўнік, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры гісторыі політэхнічнага інстытута (сёння — Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт) С. Л. Саламаха. Я яго памятаю і сёння, штогод наведваю яго магілу.
— Тэму для дысертацыі выбрала такую — аб умацаванні арганізацыйна-гаспадарчай дзейнасці саўгасаў, таму што твае бацькі працавалі ў саўгасе «Пастаўскі»?
— Не толькі. Значная частка майго жыцця і працы прайшла ў сельскай мясцовасці. У ВПШ я займалася ў спецыялізаванай групе, дзе вывучалася “Эканоміка і арганізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці”. Курсавую работу абараняла па тэме “Шляхі ўдасканалення калгаснай дэмакратыі”.
— Ты ўдзячна тым, хто цаніў цябе па працы, дапамагаў пераадольваць цяжкасці. Сама выкарыстоўвала падобную методыку ў рабоце з вучнямі, настаўнікамі, студэнтамі Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта (раней — БІМСГ), у якім адпрацавала 35 гадоў?
— Імкнулася, наколькі было магчыма. Можна прывесці шэраг прыкладаў. Спынюся на двух. Я правярала работу загадчыцы малакамплектнай пачатковай школы Ганны Юльянаўны Бароўка. Па ўсіх напрамках дала аргументаваную высокую ацэнку. Паколькі ў нас аднолькавыя прозвішчы, загадчык РАНА палічыў, што такая пахвала — вынік сваяцтва, і накіраваў на пераправерку іншага інспектара. Калі ўсё пацвердзілася, мяне ставіў у прыклад таго, як трэба ацэньваць і ўсебакова паказваць вопыт работы інспектуемага.
Студэнтаў, якія добра вучыліся, я вызваляла ад экзаменаў. Вырашалася гэта дэмакратычным шляхам у групе. Студэнты самі называлі тых, хто рэгулярна рыхтаваўся да семінарскіх заняткаў, актыўна ўдзельнічаў у абмеркаванні пытанняў тэмы, рэкамендавалі мне, каго вызваліць. Навошта прымушаць іх пераносіць экзаменацыйны стрэс?
— З шэрага сваіх дасягненняў можаш назваць адно, якое не толькі выклікала радасць, але і з’явілася вызначальным для будучыні?
— Адзнака “выдатна” за сачыненне па рускай мове на ўступным экзамене ў БДУ. Не верыла сваім вачам і некалькі разоў перачытала спісы з адзнакамі, каб пераканацца, што гэта не памылка. У педвучылішчы ніколі не атрымлівала такой адзнакі. У маім дыпломе толькі па рускай мове азнака “тры”, па іншых прадметах — “чатыры” і “пяць”. Адзнака “выдатна” адчыняла мне дзверы для атрымання вышэйшай адукацыі.
— Аналізуючы шматгадовы вопыт вучобы і працы, якія можаш даць арыенціры маладым людзям, каб яны ў будучым сталі паважанымі і паспяховымі ў грамадстве?
— Арыенціры лёгка знайсці ў кнігах, народных прыказках і прымаўках, крылатых выразах знакамітых людзей. Нагадаю некаторыя: “Не ў свае сані не садзіся”, “Праца — галоўнае ў жыцці”, “Праца — аснова чалавечага жыцця”, “Праца лечыць душу чалавека”, “Ніколі не турбуй іншага тым, што можаш зрабіць сам”, “Быць самім сабой — адзіны сродак стаць паспяховым”. Іншая справа, што не кожны малады чалавек хоча іх выкарыстоўваць.
— На ўрачыстасцях з нагоды 50-годдзя ўніверсітэта станоўча адзначылі ўклад музея ў навучальным працэсе. У гэтым была вялікая твая заслуга. Нагадаю гэты водгук: “…Поражает, как скрупулёзно, бережно и, я бы сказала, трепетно собран, систематизирован материал, насколько полно и многогранно отражён путь университета в системе высшего образования страны, его история в лицах, документах. Тщательно продумано размещение и оформление экспозиции.
Сколько же сил, энергии, времени, знаний, души и сердца надо было вложить в работу, как надо любить своё дело, чтобы достигнуть такого результата!”
— З якім пачуццём успрыняла высокую адзнаку за сваю работу ў гэтым кірунку?
— Як станоўчы вынік правільных арыенціраў — ісці роўным шляхам па жыцці, сумленна працаваць і прыносіць карысць грамадству.
Гутарыла Н. ДРОНЖЫК.
Фота з архіва Л. В. БАРОЎКА.
Ист: http://www.postawy.by/2015/12/l-v-baro-ka-udzyachna-sim-xto-dapamog-u-zhycci/