Прафесія будаўніка заўсёды — прэстыжная пераканана былы вопытны спецыяліст у гэтай галіне Марыя Канстанцінаўна Аліхвер, агульны працоўны стаж якой – паўстагоддзя
Віцебскі будаўнічы тэхнікум яна закончыла ў 1957 годзе. Як і ўсе аднакурснікі (30 юнакоў і 45 дзяўчат другога выпуску навучальнай установы), марыла пра Казахстан, куды на асваенне цалінных земляў заклікаў камсамол. Але камісія па размеркаванні прыняла іншае рашэнне — пакінула маладых спецыялістаў у Беларусі.
— Я паехала на будаўніцтва Навадруцкай МТС, якім займалася ПМК-41 трэста «Полацксельбуд», і была назначана майстрам, — успамінае Марыя Канстанцінаўна. — Вельмі хвалявалася. Рабочыя, якімі давялося кіраваць, былі намнога старэйшыя за мяне, 19-гадовую. Сама многаму ў іх вучылася, да кожнага ставілася ўважліва і стрымана. Старалася правільна весці будоўлю, налічваць зарплату, улічваць і спісваць матэрыялы.
Узвялі бальніцу і інтэрнат на 50 месцаў, распачалі будоўлю васьмікватэрнага жылога дома. Але неўзабаве МТС расфарміравалі, а на яго месцы стварылі Навадруцкае будаўніча-мантажнае ўпраўленне трэста «Полацксельбуд». І ў 1961 годзе, выйшаўшы з дэкрэтнага водпуску, Марыя прыступіла да работы майстрам ужо ў новай арганізацыі. Навадруцк стаў прырастаць аб’ектамі. Узводзіліся дамы, дзіцячы сад, клуб з адміністрацыйным будынкам, гандлёвы цэнтр, лазня, кацельня, склад, станцыя біялагічнай ачысткі і іншыя новабудоўлі. Колькасць рабочых павялічылася, адначасова на аб’ектах працавала да 50 чалавек. А майстру трэба было кіраваць не толькі будоўляй, але і выгрузкай вагонаў з цэментам, дошкамі, цэглай, лесам і іншымі матэрыяламі. Былі яшчэ і піларама, сталярны цэх, палігон жалезабетонных вырабаў.
Уяўляеце, колькі клопатаў? Але Марыя Канстанцінаўна менш за ўсё расказвае пра сябе, а просіць, каб я назвала ў газеце прозвішчы добрых людзей і старанных працаўнікоў, з кім яе звёў лёс, каму яна ўдзячная, і пералічвае не адзін дзясятак тых, чый зямны шлях яшчэ працягваецца, а таксама адзначае, што 25 чалавек ужо адышлі ў іншы свет. Разумею, што, не зрабіўшы гэтага, крыўджу гераіню артыкула, але з-за абмежаванасці газетнай плошчы не магу паступіць інакш. Прабачце! Спадзяюся, што людзі, якія працавалі пад кіраўніцтвам Марыі Аліхвер, зразумеюць, што і праз дзесяцігоддзі яна памятае іх адданасць справе.
Навучэнкі Віцебскага будаўнічага тэхнікума (крайняя справа — Марыя)
Што да самой М. К. Аліхвер, то раслі не толькі будоўлі, але і яна — па службовай лесвіцы: 8 гадоў працавала на пасадзе начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела ПМК-49, 4 — прарабам калгаса «Кастрычнік», а апошні год перад выхадам на пенсію — там жа вызваленым сакратаром партарганізацыі. І ўсюды праявіла сябе з найлепшага боку. Адказная, мэтанакіраваная, настойлівая, актыўная ў грамадскім жыцці (з інтарэсам займалася камсамольскай, прафсаюзнай, партыйнай работай).
Зараз заняткі ветэрана працы іншыя: дом, агарод, кнігі, газеты, тэлевізар. Паўтара года назад не стала мужа, з якім прайшлі поруч 57 гадоў. Найвялікшая радасць, калі з Мінска наведваюцца да яе ў Асінагарадок дачка і дарослы ўнук. Найбольшае засмучэнне — невычлечная хвароба сына, з-за якой ён вымушаны жыць у спецыялізаванай установе. Успаміны — пра гады актыўнай працы і грамадскай дзейнасці, атрыманыя ўзнагароды, у тым ліку і ордэн Працоўнай славы ІІІ ступені. След на зямлі — дзясяткі пабудоў у цяперашнім Парыжы. На адной з іх, шматкватэрным жылым доме, прыцягвае ўвагу выкладзены з каляровай цэглы надпіс: «Слава працы!». Сапраўды, людзі таго пакалення працавалі на славу.
Тэкст і фота Фаіны Касаткінай
Фота з сямейнага архіва Марыі Аліхвер
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.