•       Идут годы, меняются времена, события, люди, но одно остается незыблемым и вечным  – Родина. Нам кажется, что мы знаем о нашей малой Родине все, или почти все. Но каждый раз, когда мы путешествуем, наблюдаем, читаем, исследуем и думаем о ней, мы открываем для себя что-то новое. И сегодня каждый из нас имеет возможность поделиться этим : новыми фактами, новыми стихами, новыми мыслями о своем крае, городе, селе и рассказать миру о своей малой Родине, о людях с большой душой…

Название улиц города Поставы

   

   У грамадстве паступова ўмацоўваецца думка, што геаграфічныя назвы, якімі мы карыстаемся штодзённа і якія сталі неад’емнай часткай нашага жыцця, з’яўляюцца гістарычнай каштоўнасцю і духоўнай спадчынай нашага народа.

Найменні гарадоў, вёсак, вуліц, урочышчаў і іншых аб’ектаў звычайна ўтвараліся натуральным шляхам у выніку сумеснай дзейнасці людзей і фіксавалі найбольш адметныя іх асаблівасці. Таму, зразумела, назвы, якія гучалі з вуснаў нашых продкаў і сто, і дзвесце, і шэсцьсот гадоў, патрабуюць ад нас, нашчадкаў, ашчадных адносін і аховы. Аднак натуральны працэс існавання назваў у пэўных гістарычных варунках мог перапыняцца і гвалтоўна змяняцца пад уздзеяннем акупацыйных адміністрацый і варожых да мясцовага насельніцтва ўладаў.

На Пастаўшчыне гэта праявілася ў часы Першай і Другой сусветных войнаў, калі тэрыторыя раёна была захоплена германскімі войскамі, і ў міжваенны час, калі мясцовае польскае кіраўніцтва ўвяло ва ўжытак шэраг новых найменняў.

Але асабліва моцныя змены ўрбаніміі (назваў гарадскіх аб’ектаў) адбыліся ў 1939 годзе, калі Заходняя Беларусь была далучана да СССР. Новая адміністрацыя, якая складалася пераважна з выхадцаў з Расіі і ўсходніх раёнаў Беларусі, гвалтам, без уліку нацыянальных і культурна-гістарычных традыцый, без уліку думкі мясцовых жыхароў змяніла большасць назваў вуліц у Паставах і некаторых мястэчках. Працэс іх штучнага ўтварэння прадоўжыўся пасля вайны. У выніку зараз мы маем кангламерат найменняў, сярод якіх пераважаюць назвы вытворча-рэвалюцыйна-савецкай тэматыкі і якія не толькі не звязаны з нашай мясцовасцю, але значная іх частка не мае амаль ніякага дачынення да Беларусі наогул.

У выніку штучнага перайменавання толькі 4 вуліцы з забудовы 1939 года сэнсава захавалі свае гістарычныя найменні: Чыгуначная (Каляёвая), Паркавая, Ціхая, Вакзальная (Дварцовая). Затое большая група назваў астатніх вуліц – гэта або словы-сімвалы рэвалюцыйна-савецкай тэматыкі (Кастрычніцкая, Першамайская, Пралетарская, Камсамольская і інш.), або вытворчай (Завадская з 2 Завадскімі завулкамі, Камунальная, Кааператыўная, Меліярацыйная і інш.), або звязаны з прозвішчамі людзей (іх найбольш – 30).

З гэтых трыццаці назваў 10 утворана ў гонар удзельнікаў Другой сусветнай вайны, прычым толькі 5 з іх звязаны з Пастаўшчынай, 8 – дзеячаў Кастрычніцкай рэвалюцыі (1 з Пастаўшчыны), 10 пісьменнікаў (6 рускіх і 4 беларускіх) і 2 касманаўты. Назваў, якія б адлюстроўвалі прыродную і гістарычную самабытнасць Пастаўшчыны, амаль не засталося. Падобная сітуацыя існуе і ў іншых населеных пунктах Беларусі. Разумеючы абсурднасць такога становішча, у многіх гарадах пайшлі па шляху перайменавання вуліц – вяртання ім гістарычных найменняў, або змянення ў адпаведнасці з беларускімі традыцыямі і беларускай культурай. Так, найбольш назваў – 58 было зменена ў горадзе Маладзечна, значная колькасць гістарычных урбанонімаў з’явілася, у тым ліку і за апошні час, на картах Мінска, Гродна, Полацка і некаторых іншых паселішчаў. У Паставах пакуль што гэтага не адбываецца, хоць, зразумела, гарадская тапанімія вартая паступовага і мэтанакіраванага ўпарадкавання.

Наогул, навукоўцы выдзяляюць чатыры галоўныя метады, якія варта выкарыстоўваць пры ацэнцы стану ўрбаніміі і разглядзе магчымых варыянтаў змянення назваў. Да іх адносяць: метад рэстаўрацыі – аднаўленне гістарычнай назвы вуліцы або плошчы; метад рэканструкцыі – наданне вуліцы назвы па адметным гістарычным аб’екце, які на ёй знаходзіцца або знаходзіўся раней у выпадку, калі гістарычная назва не захавалася; геаграфічны метад – адлюстраванне ў назве пэўных геаграфічных асаблівасцяў аб’екта (накірунак, месцазнаходжанне, адметнасці рэльефа, гідраграфіі і іншых); метад персаніфікацыі (патранімічны) – наданне аб’екту назвы ў гонар пэўнай выдатнай асобы.

Паспрабуем рагледзець вуліцы Паставаў з пазіцый мэтазгоднасці і варыянтнасці перайменавання. Як і ў часы Тызенгаўзаў, асноўнымі артэрыямі горада з’яўляюцца чатыры вуліцы, якія разыходзяцца ад былой Рынкавай плошчы ў напрамках на чатыры бакі свету. На поўнач ідзе Ленінская (ранейшая назва – Браслаўская), на поўдзень – Савецкая (раней — Віленская), на захад – 17 верасня (раней – Задзеўская), на ўсход – Чырвонаармейская (раней – Лучайская). Усяго ж на плане Паставаў 1798 года можна налічыць толькі 8 вуліц, бо ўся забудова мястэчка вялася на той час вакол Рынкавай плошчы і на Зарэччы каля францысканскага кляштара (месца сучаснага касцёла). На 1939 год у горадзе мелася ўжо 17 вуліц і 3 плошчы – Рынак Стары (зараз плошча Леніна), Рынак Задзеўскі (зараз плошча Камсамольская) і Новы Рынак (у раёне сучаснай СШ № 2). У пачатку ІІІ тысячагоддзя ў Паставах налічвалася 58 вуліц, 15 завулкаў і 5 невялікіх плошчаў. Назвы чатырох галоўных вуліц горада з’явіліся верагодна ў XV-XVІ стагоддзях і мелі практычнае сэнсавае значэнне – яны паказвалі кірунак на бліжэйшыя адметныя населеныя пункты, з якімі Паставы ў тыя часы звязвалі трывалыя эканамічныя сувязі. Віленская вуліца вяла ў напрамку на былы ваяводскі, пазней губернскі цэнтр, куды часта ездзілі прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі, шляхта, святары, гандляры. Вільня была сталіцай Вялікага княства і, зразумела, што менавіта там віравала эканамічнае, свецкае і культурнае жыццё.

У 1939 годзе Віленскую вуліцу перайменавалі на Савецкую. Яна згубіла сваё сэнсавае значэнне (указанне накірунку) і ператварылася ў назву-сімвал, якая, на думку яе аўтараў, павінна была засведчыць адметнасць сацыялістычных пераўтварэнняў у горадзе. Аднак, калі задумацца, то выйшла наадварот. Па правілах тапаніміі ды і па логіцы здаровага сэнсу, калі ў горадзе ёсць адна вуліца Савецкая, то астатнія – несавеція, ці, можа, наогул, антысавецкія. Таму такая назва абсурдная сама па сабе. Хаця, яна можа мець сэнс, калі дапусціць, што вуліца Савецкая – нейкі пэўны анклаў, рэзервацыя ў несавецкім горадзе Паставы. Зыходзячы з гэтых меркаванняў, у бліжэйшай перспектыве вуліцы трэба вярнуць былую назву Віленская, улічваючы і тое, што на ёй размешчаны адметны турыстычны і культурны аб’ект – палац Тызенгаўзаў. Другая па значэнні вуліца горада – Браслаўская – сваёй назвай паказвала накірунак на Браслаў, што таксама мела практычнае значэнне для гандляроў і падарожнікаў.

Заўважым, што па дарозе на гэты горад ляжаць такія даволі значныя паселішчы як Казяны, Відзы, Опса, аднак яны не сталі асновай утварэння вулічнага наймення. Гэта сведчыць пра тое, што менавіта Браслаў у сярэднявеччы быў культурніцка-эканамічным арыенцірам для пастаўчан у паўночным накірунку. У 1939 годзе вуліца атрымала патранімічную назву Ленінская ў гонар кіраўніка партыі бальшавікоў і стваральніка Савецкай дзяржавы В. І. Ульянава. Роля гэтай асобы ў гісторыі спрэчная і неадназначная: адны звязваюць з імем Леніна практыку пабудовы справядлівага грамадскага ладу на аснове ідэй сацыялізма і камунізма, іншыя – стварэнне жорсткага палітычнага рэжыма, наступствамі якога сталі рэпрэсіі, гвалт, забойствы, войны, якія закранулі амаль кожную беларускую сям’ю. Таму варта было б вуліцы вярнуць палітычна-нейтральную і маючую практычны сэнс назву Браслаўская.

Трэцяй важнейшай артэрыяй горада была вуліца Лучайская, якая вяла на бліжэйшае мястэчка Лучай, якое выдзялялася адметным касцёлам Св. Тадэвуша і сядзібна-паркавым ансамблем, які належаў вядомым беларускім магнацкім родам Забжэзінскіх, Глябовічаў, Агінскіх, Пузынаў, Мастоўскіх. Гэтым і вызначалася важнасць Лучая для сярэднявечных Паставаў. У 30-я гады ХХ стагоддзя польская адміністрацыя перайменавала вуліцу, надаўшы ёй назву ў гонар паплечніка Юзафа Пілсудскага міністра ўнутраных спраў Польшчы Браніслава Перацкага, які быў забіты ў выніку тэрарыстычнай акцыі, арганізаванай у Варшаве ўкраінскай патрыятычнай арганізацыяй пад кіраўніцтвам Сцяпана Бандэры.

У 1939 годзе гэта вуліца стала Чырвонаармейскай. Зноў жа, новая назва несла пэўную палітычную афарбаванасць, але з тапанімічнага погляду не мела сэнсу, бо па гэтай вуліцы неаднаразова праходзілі не толькі аддзелы Чырвонай арміі, але (і значна часцей) польскія ўланы, якія размяшчаліся ў кашарах 5-га гарадка, і германскія войскі ў часы Першай і Другой сусветных войнаў. Зараз сучасную назву можна звязаць хіба з помнікам і брацкай магілай салдат, якія вызвалялі горад ад фашыстаў. Але ўсё ж больш лагічным здаецца вяртанне і гэтай вуліцы яе гістарычнага наймення Лучайская, тым больш, што яна падкрэслівае нашу мясцовую адметнасць і з’яўляецца, напэўна, адзінкавай для беларускіх гарадоў.

Чацвертая цэнтральная вуліца горада – Задзеўская. Яна вяла ад Рынкавай плошчы на захад на былое мястэчка Задзеўе. Зараз гэта невялічкая вёсачка, якая ўжо амаль знікае, а ў сярэднявеччы тут знаходзілася даволі вялікая і шумнае паселішча з касцёлам, каля якога адбываліся шматлюдныя фэсты на Спаса. Таму не дзіўна, што і назва вуліцы паказвала накірунак на Задзеўе.

Сучасная назва “17 верасня” з’явілася ў 1939 годзе як сімвал даты аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі пад уладай саветаў. Сама падзея вельмі важная для краіны, бо злучыла ў адно цэлае кавалкі нашай падзеленай дзяржавы, таму і назва мае права быць, але, думаецца, яе варта перанесці на якую іншую вуліцу, а Задзеўскай ўсё ж вярнуць яе гістарычнае найменне.

Калі даўнейшыя назвы пастаўскіх вуліц многія жыхары ведаюць, то пра найменні іншых старых гарадскіх артэрый чулі, напэўна, адзінкі. А яны таксама адметныя, цікавыя і, магчыма, вартыя рэанімацыі. Сярод іх у першую чаргу трэба выдзеліць вуліцу Базыльянскую, якая вяла ад цэнтра на поўнач, адгаліноўваючыся ад Браслаўскай. Зараз яна называецца ў гонар рускага савецкага пралетарскага пісьменніка Максіма Горкага, які ні да Пастаўшчыны, ні да Беларусі ніякага дачынення ня меў. Паколькі гэта назва патранімічная, то варта зазначыць наступную акалічнасць: больш правільна вуліцы, якія называюцца ў гонар людзей падаваць у форме прыметнікаў, якія характарызуюць прыналежнасць, адказваючы на пытанні “якая?”, “чыя?” (напрыклад, Купалаўская, Горкаўская і да т. п.). Праўда, не з усіх прозвішчаў можна атрымаць такія формы. Заўважым, што ў побытавых размовах слова “вуліца” часта не ўжываецца, а называецца яе ўласнае імя, што прыводзіць да недарэчных моўных канструкцый: “пойдзем на Горкага”, “магазін на Гагарына”, “лужына на Крупскай”, “праехаў Астроўскага”. Атрымліваецца так, што імкнучыся ўшанаваць імя пэўнага вядомага чалавека, назваўшы ў яго гонар вуліцу, мы несвядома абражаем і шмальцуем памяць пра яго. Магчыма, лепш было б усталяваць помнікі. Ды і ці задумываемся мы над тым, як бы паставіліся класікі, каб яны былі жывыя, да таго, што іх прозвішча напісана на шыльдах дамоў якой-небудзь недагледжаный неахайнай вуліцы. Але ж памерлыя не пярэчаць, а мы быццам бы цешымся.

Але вернемся да Базыльянскай. Несумненна, гэту назву трэба рэстаўрыраваць, бо яна нагадвае пра адну з адметнасцяў сярэднявечных Паставаў – прысутнасці ў мястэчку базыльянаў, манахаў грэка-каталіцкага (уніяцкага) ордэна Святога Васіля (Базыля) Вялікага. І не толькі прысутнасці, а і вельмі значным уплыве іх на развіццё горада. Фактычна імі быў заснаваны новы раён, які называўся “Іосафатава”, дзе знаходзіўся базыльянскі манастыр і царква. Пра гэта згадваецца ў прывілеі краля Аўгуста ІІ ад 21 красавіка 1713 года. Пра пастаўскіх базыльянаў вядома пакуль што мала, бо дзейнасць ордэна была прыпынена ў трыццатыя гады ХІХ стагоддзя, а пабудовы манахаў з цягам часу знішчаны. Наш горад можа ганарыцца і яшчэ адной арыгінальнай назвай, якая зафіксавана ў Беларусі яшчэ толькі ў Гродна. Гэта – Юрысдыка.

Для сучаснага чалавека гэта слова мала пра што гаворыць, хоць тэрмін і вывучаецца ў курсе гісторыі сярэдняй школы. Варта нагадаць, што юрысдыка (або юрыдыка) – гэта адміністрацыйна незалежная, адасобленая частка горада ў Вялікім княстве Літоўскім, на якую не распаўсюджвалася адмінстрацыйная і судовая ўлада мясцовага кіраўніцтва. Такім чынам, назва падказвае, што ў нашым горадзе ў сярэднявеччы мелася тэрыторыя, якая жыла па сваіх унутраных правілах і законах. Чаму склалася такая сітуацыя? Тлумачыцца гэта тым, што Паставы заўсёды былі прыватнаўласніцкім мястэчкам і належалі разным магнатам (Зяновічы, Радзівілы, Пацы, Бяганскія, Тызенгаўзы, Пшаздзецкія). Акрамя іх зямлёй у паўночнай частцы паселішча валодалі царква і касцёл. Менавіта там і была Юрысдыка – тэрыторыя, якая жыла па сваіх правілах і не падпарадкоўвалася мястачковай уладзе. Зараз гэта вуліца Паўліка Марозава. У часы СССР імя гэтага хлопчыка было сімвалам барацьбы з кулакамі і іншымі класавымі ворагамі, на яго прыкладзе ў школах выхоўвалі юных рэвалюцыянераў і будаўнікоў светлай камуністычнай будучыні. Зараз расійскія гісторыкі ставяць пад сумненне гераізм Паўліка, ацэньваючы тое, што адбылося ў сапраўднасці, як сямейна-бытавую драму крымінальнага характара. Сутнасць падзеі палягала ў наступным. У вёсцы Герасімаўка, што на Урале, у сям’і даволі заможнага Трафіма Марозава, старшыні мясцовага сельсавета, было чацвёра дзяцей, сярод якіх і піянер Паўлік. Бацька кінуў сям’ю, перайшоў жыць да жанчыны па-суседству. Займаючы пасаду старшыні, ён прыязна ставіўся да мясцовых жыхароў, дапамагаў перасяленцам, пакрываў заможных гаспадароў (“кулакоў”). За гэта яго знялі з пасады і судзілі. На працэсе ў якасці сведкі выступіў і Паўлік, які абвінаваціў роднага бацьку і дзеда ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Вось цытата з яго выступу: “Дяденьки, мой отец творил явную контрреволюцию, я как пионер обязан об этом сказать, мой отец не защитник интересов Октября, а всячески старается помогать кулаку сбежать, стоял за него горой, и я не как сын, а как пионер прошу привлечь к ответственности моего отца, ибо в дальнейшем не дать повадку другим скрывать кулака и явно нарушать линию партии…” Праз некаторы час, калі аднойчы Паўлік з братам пайшлі ў ягады, дзед разам з паўлікавым стрыечным братам падпільнавалі іх і зарэзалі. У час суда над забойцамі, растыражыраваны прапагандай, і ўзнік легендарны арэол вакол асобы падлетка, як назломнага і самаахвярнага барацьбіта з кулакамі. Г. П. Вішнеўская напісала: “И появляется достойнейший образец для подражания — двенадцатилетний предатель Павлик Морозов, „геройски павший в классовой борьбе“, удостоенный за своё предательство памятников, портретов, прославленный в песнях и стихах, на которых будут воспитываться следующие поколения. Павлик Морозов, которого и сегодня миллионы советских детей славят за то, что он донёс на собственного отца и деда. Как в гитлеровской Германии учили немецких детей доносить на своих родителей, так и у нас в России начали сознательно воспитывать поколение стукачей, уже начиная со школы”. На падставе ўсяго гэтага ўзнікае пытанне: “Навошта нам у Паставах ушаноўваць памяць сумніўнага “героя” з далёкіх ад Беларусі краёў?” Пытанне, здаецца, рытарычнае. У вуліцы Паўліка Марозава ёсць і яшчэ адна, неафіцыйная, назва, якая зрэдку гучыць у размовах жыхароў – Красная.

Калі яна ўзнікла невядома, але можна меркаваць, што сэнс яе зводзіцца не да колеру (“чырвоная”), а да значэння “прыгожая, пекная”. Падобную назву мае мястэчка Краснае каля Маладзечна. Яшчэ адной важнай вуліцай горада раней (ды і цяпер) з’яўляецца Зарэчная, якая зараз называецца Гагарына.

Аргументаў супраць таго, каб у Паставах была вуліца Гагарынская няма, бо, сапраўды, першы палёт у космас – гэта падзея агульначалавечай вартасці і сам касманаўт – выдатная асоба ў гісторыі зямной цывілізацыі. І ўсё ж, лагічна было б і гэтай вуліцы вярнуць яе былую назву. Чаму? Па-першае, яна паказвае месцазнаходжанне і адначасова сведчыць пра тое, што гістарычны цэнтр Паставаў здаўна знаходзіўся на левым беразе Мядзелкі. Па-другое, гэта вуліца – галоўная артэрыя старадаўняга пастаўскага прадмесця, якое мела аналагічную назву Зарэчча. У розныя часы тут знаходзіўся Новы рынак, фальварак, піўзавод Пергамента, польская школа і іншыя адметныя аб’екты. Існавала правільная квартальная забудова з вуліцамі Кляновая, Тапалёвая, Сасновая, Канстанціна Тызенгаўза, Школьная. Паводле прывілея караля Аўгуста ІІ ад 21 красавіка 1713 года на Зарэччы дазвалялася праводзіць у год два трохдзённыя кірмашы, тры аднадзённыя і базары па аўторках.

На сённяшні дзень планіроўка прадмесця значна зменена і сучасныя вуліцы часткова не супадаюць даўнейшымі. Тым не менш іх адпаведнасць можна прасачыць. Так, вуліца Тапалёвая супадае з сучаснай Піянерскай, вуліца Канстанціна Тызенгаўза – з Кляра, Сасновая і Школьная (часткова) – з Крупскай, Кляновая – з Трудавой. Як бачым, ранейшыя назвы былі палітычна нейтральнымі і адлюстроўвалі асаблівасці расліннасці і размяшчэння (каля школы – не супадае з сучаснай СШ № 2). Вуліца Сасновая мела і кірункавае значэнне – яна паказвала напрамак на прыгарадны лес, які і зараз называецца Сасноўка. Можна лічыць справядлівым, што адна з вуліц на Зарэччы называлася ў гонар вядомага арнітолага і мецэната Канстанціна Тызенгаўза, пры якім Паставы сталі вядомым навуковым і культурным цэнтрам. Але пасля вайны яна атрымала назву ў гонар В. І. Кляра – генерал-маёра, які вызваляў Паставы ад фашысцкіх захопнікаў і якому пастаўлены абеліск на цэнтральнай плошчы горада. Думаецца, гэта правільна, калі прозвішчы вызваліцеляў і абаронцаў нашага краю адлюстоўваюцца ў мясцовай тапаніміцы. Толькі ці варта было мяняць К. Тызенгаўза на Кляра? Пытанне дыскусійнае і на яго няма адназначнага адказу. Дарэчы, гэту вуліцу ў размовах жыхароў сяды-тады называюць Народнай. Калі і як узнікла такое найменне пакуль што невядома.

Бальшасць назваў пасляваенных вуліц на Зарэччы ўвогуле не выклікае вялікіх заўваг, бо ўтвораны яны пераважна ад прозвішчаў асоб, якія звязаны або з Пастаўшчынай, або з’яўляюцца адметнымі дзеячамі гісторыі, навукі, культуры (Кірычука, Сідарэнкі, Ціхана, Веры Харужай, Заслонава, Камарова, Някрасава). Упарадкаванню падлягае назва вуліцы Трудавая, бо паводле артыкула 17 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў”, які ўступіў у сілу напрыканцы 2010 года, назва аб’екту прысвойваецца на беларускай мове, а затым транслітэруецца на рускую мову і таксама афармляецца сродкамі лацінскай графікі. Па-беларуску “труд” – гэта “праца”, таму найменне вуліцы павінна быць “Працоўная”, а ў рускамоўным варыянце “Працовная”. А можа лепш было б яе называць як і раней – Кляновая?

І яшчэ адна ўрбанімічная праблема Зарэчча – гэта наяўнасць трох(!) Меліярацыйных вуліц з Меліярацыйным завулкам. Ствараецца ўражанне, што тут створана ўсё магчымае, каб заблытаць не толькі замежных шпіёнаў, але і мясцовых жыхароў. А яшчэ ж і нумарацыя хат: 1А, 1Б, 1В, 1Г, 1Е, 5А, 5Б, 5В, 5Г, 5Д, 9А/1, 9А/2. Што ж, будаўніцтва працягваецца і літар у беларускім алфавіце яшчэ хапае . Два даваенныя найменні былі звязаны з чыгункай, якая прайшла праз Паставы ў канцы ХІХ стагоддзя. Адна з іх называлася Дварцова (Dworcowa), другая – Каляёва (Kolejowa).

У сучасным ўрбанімічным ландшафце горада яны захавалі свой сэнс у перакладзе з польскай мовы на беларускую: “dworec” – “вакзал” (вуліца Вакзальная); “kolejowe” – “чыгунка” (вуліца Чыгуначная (Железнодорожная). Дарэчы, і ў рускамоўным варыянце, паводле Закона, назва павінна транслітэравацца і запісвацца як “Чыгуночная“, а не “Железнодорожная”.

Яшчэ дзве важныя сучасныя вуліцы ў цэнтры горада мелі ў даваенны час іншыя назвы: Камсамольская называлася “11 лістапада”, Кастрычніцкая – “Польна” (Polna). Што яны азначалі? Першая была нададзена ў гонар Дня незалежнасці Польшчы, калі 11 лістапада 1918 года пасля 125 гадоў неіснавання краіна зноў з’явілася на карце Еўропы.

Другая ў перакладзе з польскай мовы азначала “Палявая”: за ёй на той час сапраўды знаходзілася поле. Зараз вуліца з такой назвай ёсць у 6-м гарадку. Такім чынам, з восемаццаці даваенных вуліц у Паставах толькі дзве (Паркавая і Ціхая) захавалі свае назвы, астатнія ж зменены або перароблены.

Значныя трансфармацыі адбыліся і з найменнямі гарадскіх плошчаў – Леніна і Камсамольскай (Рынак Задзеўскі). Цэнтральная плошча Паставаў з даўніх часоў называлася Рынак, Рынкавая, а са з’яўленнем на Зарэччы Новага рынку – Рынак Стары. У міжваенным часе “пры Польшчы” яна называлася ў гонар начальніка польскай дзяржавы – “маршала Пілсудскага”.

У 60-я гады ХХ стагоддзя была “плошчай Свабоды”, цяпер – “плошча Леніна”. Відавочна, што і назва, і змрочны помнік утвараюць дысананс ў архітэктурным ансамблі гарадскога цэнтра. Большасць жыхароў разумее, што найменне плошчы мусіць быць зменена. Толькі якой назвай? З гістарычнага пункту гледжання варта было б вярнуць “Рынак”, але даўно прамінулі ўжо часы, калі тут гулі кірмашы і базары, плошча страціла сваё былое функцыянальнае значэнне. Да таго ж, у Паставах на сённяшні дзень дзейнічаюць два рынкі і з’яўленне трэцяга, хоць толькі і ў назве, дадасць блытаніны, асабліва для гасцей горада і турыстаў. Але, можа, “Стары Рынак” было б і нядрэнна.

Такім чынам, разгляд тапаніміі цэнтральных вуліц Паставаў дазваляе зрабіць некалькі высноў: па-першае, палітычныя працэсы на працягу ХХ стагоддзя моцна паўплывалі на назвы гарадскіх аб’ектаў, прывялі да замены ранейшых гістарычных на штучныя сучасныя, якія ў значнай ступені не адпавядаюць ні нацыянальным, ні культурным традыцыям нашага рэгіёна; па-другое, гарадская тапанімія патрабуе ўпарадкавання з улікам гісторыі ўтварэння найменняў, іх сэнсавага значэння, адпаведнасці нормам беларускага правапісу і Закона “Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў”, а таксама з улікам думак і меркаванняў мясцовых жыхароў.

Як бачна з прапанаванага матэрыяла, у Паставах значная колькасць назваў вартая змен і ўпарадкавання. Але трэба разумець, што імклівыя змены тапаніміі адбываюцца ў час рэвалюцый або акупацый. У часы мірнага жыцця ўпарадкаванне назваў павінна праходзіць паступова і мэтанакіравана, бо сам працэс звязаны не толькі з заменай шыльдаў на хатах, але і з іншымі шматлікімі аб’ёмнымі матэрыяльнымі і фінансавымі выдаткамі: замена адрасоў у пашпартах і дамавых кнігах жыхароў, замена рэквізітаў, рэкламнай прадукцыі, упаковак для прадпрыемстваў, праходжанне неабходных нарматыўных працэдур у дзяржаўных органах і, магчыма штосьці яшчэ. Але справу трэба пачынаць і, спадзяюся, гэты артыкул дасць пачатак абмеркаванню варыянтаў упарадкавання назваў розных геаграфічных аб’ектаў на Пастаўшчыне.

Даслана Ігар Пракаповіч, 21.08.12

з крыницы: https://ok.ru/postavyret/topic/68709487250195

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Loading

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.