Знаёмцеся: кіраўнік народнага хору ветэранаў клуба “Памяць” Павел Пятровіч Рагіня. Маёр запасу. У мінулым — дырыжор ваеннага аркестра. Вялікі прыхільнік класічнай музыкі.
Прыкладны сем’янін. Аптыміст і жыццялюб.
— Думаецца, Вы не маглі не стаць музыкантам. Гавару гэта таму, што добра ведала Вашага бацьку, цудоўнага груздаўскага музыку Пятра Пятровіча.
— Гэта сапраўды так. Мае маці і бацька з ранняга ўзросту спявалі ў царкоўным хоры на клірасе. Тата 22 гады быў царкоўным рэгентам. Служыў у Груздаве, Ажунах, і калі ў гады ваяўнічага атэізму цэрквы там закрылі, сям’я пераехала ў мястэчка Круглае Магілёўскай вобласці, пазней — у Навагрудак, дзе я і закончыў агульнаадукацыйную і музычную (па класе баяна) школы. У Навагрудку граў у школьным духавым аркестры на трубе.
— А чаму вярнуліся на Пастаўшчыну?
— Аднойчы ў 1966 годзе тата ўбачыў па тэлебачанні выступленне Груздаўскага цымбальнага аркестра, пазнаў многіх яго ўдзельнікаў, захапіўся ігрой аркестрантаў і цвёрда сказаў: “Вяртаемся на радзіму”. Быў і яшчэ адзін матыў прыняцця такога рашэння. Мы з братам з’яўляліся дзецьмі служыцеля культу, што, несумненна, стала б перашкодай пры паступленні на далейшую вучобу. Пасля вяртання на радзіму тата стаў працаваць у культуры.
— Як Вы звязалі лёс з арміяй?
— На тэрміновую службу я прызваўся ў 1967 годзе. Служыў у Барысаве — граў у ваенным аркестры, потым падчас звыштэрміновай службы ў Паставах — таксама ў аркестры. Разам з братам Георгіем, які маладзейшы за мяне на тры гады, вучыліся завочна ў Маладзечанскім музычным вучылішчы. Даведаліся, што пры Маскоўскай кансерваторыі ёсць ваенна-дырыжорскі факультэт, і таксама абодва паступілі туды: я ў 1973-ім, брат — у 1974-ым. Георгій зараз жыве ў горадзе Цвер. Выдатны трубач. Раней быў ваенным дырыжорам, а цяпер працуе артыстам ваеннага аркестра. Я пасля заканчэння кансерваторыі восем гадоў служыў дырыжорам аркестра ваеннага вучылішча сувязі ў горадзе Кемераве, затым пяць гадоў у Германіі. Ваенную службу завяршыў у Паставах на пасадзе начальніка гарнізоннага афіцэрскага клуба. У 1993 годзе выйшаў на пенсію.
— Зараз Вы кіруеце народным хорам. На мой погляд, дырыжор ваеннага аркестра і кіраўнік хору ветэранаў — велічыні несупастаўныя. Як рашыліся на такі крок?
— Якая розніца, кім кіраваць? Вядома, хор для мяне — іншая спецыфіка. Але з кансерваторскай адукацыяй можна ўсё адолець. Безумоўна, з прафесіяналамі было цікавей працаваць. Затое трэба бачыць, колькі захаплення і гарэння ў нашых харыстаў, хоць яны і немаладыя. Літаральна на днях з хорам развіталася найстарэйшая і найпершая яго ўдзельніца — Яўгенія Ільінічна Марковіч, якой ужо 85 гадоў. Хор пакрысе маладзее — да нас прыходзяць нават тыя, хто яшчэ не на пенсіі. Многія харысты гавораць: “Павел Пятровіч! Вы нам падаўжаеце жыццё”. Дзеля гэтага як не старацца? У нашым рэпертуары як патрыятычныя песні, так і лірычныя рускія і беларускія. Стараемся яго разнастайваць. Кожны год развучваем па некалькі новых песень. Ёсць з рэпертуару Кубанскага казацкага хору, нашай беларускай “Бяседы”.
Наш хор — пастаянны ўдзельнік канцэртаў, прысвечаных Дням Перамогі, Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, пажылых людзей, інвалідаў. Выступаем у школах. З радасцю прынялі б і іншыя прапановы. Так што запрашайце. Нягледзячы на тое, што ў хоры ветэраны, яны лёгкія на пад’ём і жадаюць радаваць сваёй творчасцю.
— З якімі складанасцямі сутыкнуліся?
— Ды не было іх. Працуючы з харыстамі, я захапляюся так, што не заўважаю часу. І мастацкі ўзровень у нас высокі. З 40 ветэранскіх хароў, якія ёсць у вобласці, мы неаднаразова займалі на конкурсах першыя або другія месцы, паспяхова пацвярджаем званне “народны”.
Зараз у хоры 20 чалавек. Жанчыны — сапраўдныя пявунні. А вось на мужчын збяднелі — засталіся толькі два. І гэта засмучае. Асабіста я ведаю некалькі чалавек з добрымі галасамі, але як ні ўгаворваю, у хор не ідуць. Некаторыя пытаюцца, ці плацяць. “Плацяць, — адказваю. — Але толькі апладысментамі”. А нашы выступленні заўсёды праходзяць з поспехам. Не разумею, няўжо лепш праводзіць час каля тэлевізара ці ў гаражах? У нас жа столькі эмоцый і розных падзей! Прыйдзіце хоць аднойчы паглядзець на рэпетыцыю, і, упэўнены, творчы працэс захопіць і вас.
— Якой музыцы аддаяце перавагу асабіста Вы?
— Класічнай, бо на ёй выхоўваўся. У мяне нават у мабільным тэлефоне “забіта” музыка Моцарта, Бетховена, Брамса, Глінкі, Чайкоўскага. Блізкія сэрцу песні майго пасляваеннага пакалення. Успрымаю толькі тыя, дзе ёсць і мелодыя, і добры тэкст, а не набор зрыфмаваных слоў. Ад сучаснай эстрады, за рэдкім выключэннем, не атрымліваю ніякага задавальнення.
— Пяройдзем да “музыкі” кахання. Як пазнаёміліся са сваёй будучай жонкай Людмілай Рыгораўнай?
— На танцах у гарадскім парку. Было гэта ў жніўні 1971-га. Што цікава, пасля прыезду ў 1966-ым у Паставы я кіраваў духавым аркестрам у СШ №2, дзе Люда вучылася, але тады яе чамусьці не заўважыў. У 1971-ым яна закончыла інстытут і працавала ў райфінаддзеле. У лютым 1972 года згулялі вяселле.
— На якіх «кітах» трымаецца сям’я?
— На каханні. Калі б не кахалі, то і сям’і не захавалі б. Здараецца, што і пасварымся. Я гарачы, у запальчывасці магу лішняга нагаварыць. Але вельмі хутка заспакойваюся і заўсёды першым іду на прымірэнне. Я адналюб і ніколі не даваў прычыны для рэўнасці.
— Але ж і Людміла Рыгораўна — узорная жонка.
— Якраз пра гэта і хацеў сказаць. Люда вельмі добрая і справядлівая, выключная гаспадыня. Мае саслужыўцы ў Кемераве і ў Германіі нярэдка гаварылі: “Калі хочаш смачна паесці, пойдзем да Рагіняў”. Гатуе Люда цудоўна і вельмі гасцінная. А якая агародніца! І мяне далучае да гэтага. Усё праполата, падкормлена, паліта, таму і ўраджай атрымліваем. Умее і любіць вязаць прыгожыя рэчы.
І да работы ставілася адказна. Працавала эканамістам у галоўным упраўленні гандлю ў Маскве, затым у Кемераве — ва ўпраўленні аблвыканкама, у Германіі — на гандлёва-бытавым прадпрыемстве, у Паставах — у ваенгандлі і райфінаддзеле. Зараз цалкам прысвячае сябе сям’і. У нас двое дзяцей.
Дачка Аня закончыла музычна-педагагічнае аддзяленне педуніверсітэта, але працуе ў камерцыйнай структуры. Выйшла замуж за кіяўляніна, сям’я жыве ў Кіеве, таму нам асабліва трывожна з-за падзей, што адбываюцца ва Украіне. Сын Валера — выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Служыць у Мінску ў званні маёра ва Унутраных войсках Рэспублікі Беларусь. Унучка Каця вучыцца на дызайнера, унуку Ромку шэсць гадоў, і ён мой сябар. Новы год будзем сустракаць у нас усе разам, і гэта шчасце. Святы не абыходзяцца без таго, каб не ўзяў у рукі баян. І, вядома ж, гучаць любімыя песні.
— А іншыя сябры не заглянуць на агеньчык?
— Вось ужо 20 гадоў, як дружым сем’ямі са Стубайламі. Уладзімір Іванавіч — саліст хору ветэранаў. Характары ў нас з ім вельмі розныя, але мы ні разу не пасварыліся. Усе святы праводзім разам. Ёсць у мяне яшчэ адзін блізкі сябра — Валерый Карчагін, з якім служылі ў Кемераве. Зараз ён жыве ў Кастраме. Прыязджаў з жонкай да нас у Паставы. Летась мы з Людай наведаліся да іх. А па скайпе размаўляем амаль штодня. Трэці мой сябра і аднадумца — мінчанін Аляксандр Фёдараў. З ім вучыліся ў Маскоўскай кансерваторыі. Ён з’яўляўся начальнікам аркестра Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, зараз выкладае дырыжыраванне ва ўніверсітэце культуры. Найбольш аб’ядноўвае творчасць — наш хор выконвае песні, напісаныя Аляксандрам. Гэта “Музыка нашей Победы”, “Военное танго”, “Хор ветеранов”, “Победа всегда дорога”, “Офицеры Беларуси” і іншыя. Я таксама напісаў некалькі песень на словы Ніны Захарэвіч і Аркадзя Нафрановіча.
— Якія якасці ў людзях Вам найбольш імпануюць?
— Пастаянства і адказнасць. Ніколі не дараваў бы здрады.
— Тое, што музыка стала не толькі Вашым захапленнем, але і прафесіяй, мы ведаем. А што яшчэ бярэ ў палон?
— Рыбалка! Тата прывучыў да яе з шасці гадоў. Незалежна ад сезона, на возеры магу і цэлы дзень правесці. Далёка не езджу. Мае азёры — гэта Задзеўскае, якое ўсяго за 300 метраў ад дома, Ксяндзы, Кавалькі, Мажэйкі. Маю вялікую драўляную лодку, на якой і рыбачу.
— А ад чаго стамляецеся?
— Дык ад рыбалкі і стамляюся, асабліва зімой, калі за дзень так набегаешся ад лункі да лункі, што к вечару ног не чуеш. Затое якая карысць — мы ніколі не бываем без рыбы, яшчэ больш — задавальнення.
— У якіх слабасцях не можаце сабе адмовіць?
— Ад галоўнай — курыва — пазбавіўся 14 гадоў назад. Як сёння памятаю той дзень, дакладней, ноч. У 12 гадзін з 31 жніўня на 1 верасня 2000 года выкурыў апошнюю цыгарэту і сказаў сабе: “ХХІ стагоддзе на дварэ. Ніякага курыва”. І кінуў курыць, а да гэтага шмат разоў спрабаваў, але не атрымлівалася.
— Што ў Вас мяняецца з гадамі?
— Прыходзіць вопыт, а душа не старэе. Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах. Адчуваю сябе бадзёрым і фізічна: паспяваю і з народным хорам працаваць, і ў царкоўным спяваць, займацца рыбалкай, дапамагаць жонцы па хатніх справах, а ў калядныя і навагоднія дні яшчэ і Дзедам Марозам быць на многіх ёлках, што праводзяцца ў раённым Доме культуры.
Фаіна КАСАТКІНА.
Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.
крыница:
http://www.postawy.by/2014/12/peravagu-addayu-klasichnaj-muzycy/
__________________________
* * *
⇒ ПОСТАВЫ – народны хор “Памяць”
⇒ Застаецца аптымісткай
[huge_it_slider id=»1″]