Дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Петух за вырабам сувеніраў да фестывалю
На працягу 20 гадоў гэтым займаюцца работнікі Пастаўскага Дома рамёстваў «Стары млын», захоўваючы і развіваючы традыцыйныя народныя промыслы і рамёствы рэгіёна.
Менавіта з такой мэтай у 1998 годзе і была адкрыта ўстанова. Адбылося гэта 14 чэрвеня, якраз на фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», да якога «Стары млын» падрыхтаваў сваю першую выставу. А пачалося ўсё з клуба «Майстры», які быў створаны ў 1991 годзе на аматарскай аснове пастаўчанінам Іосіфам Атрахімовічам. Ён збіраў вакол сябе мастакоў і народных умельцаў, ладзіў выставы, якія выязджалі ў Віцебск, Мінск. Дзякуючы гэтаму, у 1994 годзе клуб атрымаў званне «народны» і перайшоў пад крыло раённага Дома культуры. Тут «Майстроў» узначаліў Мікалай Бардзееў. З 1995-га па 1998 год імі кіравала цяперашні дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Петух, зараз — майстар па традыцыйным ткацтве Алена Крывенькая.
— Пачатак і сярэдзіна 90-ых былі вельмі складаным часам, — успамінае Таццяна Мікалаеўна. — Людзі ішлі ў наш клуб, бо ім хацелася штосьці рабіць сваімі рукамі, спрабаваць новае. Тады з’явілася шмат выдатных майстроў. Сярод іх Мар’ян Аўгусціновіч па лозапляценні, Сяргей Шчэрба па ганчарстве, Юрый Фурс па кавальскай справе і інш. Ужо ў «Старым млыне» мы пачалі займацца саломапляценнем, аплікацыяй саломкай, ткацтвам, пляценнем паясоў, працягваючы народныя рамёствы, якія захоўваліся ў вёсках.
Майстар па ткацтве Алена Крывенькая вучыць сваю калегу Алесю Зайцаву (за станком).
Паколькі на работу ва ўстанову прыходзілі ў асноўным жанчыны, сёння тут пераважаюць напрамкі жаночага рукадзелля: акрамя названых вышэй, гэта вышыўка і вязанне ўсіх відаў, кераміка, роспіс па кераміцы і шкле, маляванка, выцінанка, народная цацка, інкрустацыя саломкай, абрэзкавае шыццё, валенне цацкі з воўны. Таксама спецыялісты Дома рамёстваў вывучаюць і аднаўляюць традыцыйныя народныя касцюмы, уласцівыя для нашай мясцовасці (за гады работы іх сабралася вялікая калекцыя), пастаянна ўдзельнічаюць у абласным конкурсе «Сцяжкі майстэрства».
Свае веды і ўменні вопытныя майстры перадаюць маладым калегам, вучаць дзяцей і дарослых — зараз працуюць 16 студый і гурткоў па самых розных напрамках. Усяго клуб «Майстры» аб’ядноўвае каля 80 чалавек, якія займаюцца не толькі народнымі промысламі і рамёствамі, але і разнастайнымі сучаснымі відамі і напрамкамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці — такімі як дэкупаж, мылаварэнне, выраб з халоднага фарфору, палімернай гліны і інш.
Адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці Дома рамёстваў — арганізацыя выстаў. Іх у год ладзяць 14—16, праводзячы падчас адкрыцця практыкумы і майстар-класы. Дэманструюць створанае ў сценах установы, прадастаўляюць свае залы мастакам, фатографам, іншым творцам. За два дзесяцігоддзі тут выстаўляліся работы студэнтаў і педагогаў вучылішчаў, каледжаў, ВНУ, звязаных з жывапісам і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. У сваю чаргу нашы работы мелі магчымасць бачыць жыхары іншых гарадоў.
Пастаўскія майстры не раз станавіліся лаўрэатамі рэспубліканскага фестывалю «Беларусь — мая песня», міжнароднага — «Славянскі базар у Віцебску», маюць мноства грамат за ўдзел у розных конкурсах і выставах. Таксама яны прадстаўлены ў некалькіх кнігах па народным мастацтве. А сам Дом рамёстваў двойчы, па выніках работы за 2005 і 2015 гады, прызнаваўся лепшым у Віцебскай вобласці.
Цудоўнай магчымасцю заявіць пра сябе і прадэманстраваць сваё майстэрства для ўстановы і яе работнікаў з’яўляецца Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». Штогод у падарунак яго гасцям «млынары» рыхтуюць каля 200 сувеніраў. І кожны раз, захоўваючы традыцыйныя тэхнікі, стараюцца мяняць форму і падачу работ.
Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара
ист: http://www.postawy.by/2018/06/tkuc-plyatuc-vyshyvayuc-raspisvayuc/