•       Идут годы, меняются времена, события, люди, но одно остается незыблемым и вечным  – Родина. Нам кажется, что мы знаем о нашей малой Родине все, или почти все. Но каждый раз, когда мы путешествуем, наблюдаем, читаем, исследуем и думаем о ней, мы открываем для себя что-то новое. И сегодня каждый из нас имеет возможность поделиться этим : новыми фактами, новыми стихами, новыми мыслями о своем крае, городе, селе и рассказать миру о своей малой Родине, о людях с большой душой…

Святлана Аляксандраўна Васюковіч — лепшы настаўнік гімназіі

     У кожнага з нас свая дарога ў прафесію. Адны выбіраюць яе па прыкладзе бацькоў або іншых блізкіх людзей, другія зыходзяць з уласных схільнасцей і здольнасцей, для трэціх галоўным крытэрыем з’яўляецца прэстыжнасць будучай работы і яе высокааплатнасць…

Святлана Аляксандраўна Васюковіч     

     Але ёсць нямала і тых, на каго вялікі ўплыў у школьныя гады аказала асоба Настаўніка — чалавека, улюбёнага ў свой прадмет і дзяцей, які змог перадаць гэту любоў вучням.

Для Святланы Аляксандраўны Васюковіч такім настаўнікам стала выкладчыца англійскай мовы пастаўскай СШ №1 Ларыса Уладзіміраўна Гаева. Менавіта дзякуючы ёй дзяўчына паступіла ў інстытут замежных моў у Мінску, вытрымаўшы вялізны конкурс.

Пасля атрымання дыплома аб заканчэнні ВНУ па спецыяльнасці “Англійская і французская мовы” малады педагог вярнулася ў родныя Паставы, уладкавалася выхавальнікам у школу-інтэрнат для дзяцей-сірот. Там жа выкладала названыя вышэй мовы. Затым былі 18 гадоў работы ў СШ №1. А калі ў 2006 годзе на месцы школы-інтэрната адкрылі раённую гімназію для здольных і таленавітых дзяцей, С. А. Васюковіч запрасілі ў новую навучальную ўстанову, дзе яна працуе па сённяшні дзень.

Не варта і казаць, як няпроста ў наш час быць настаўнікам, колькі ўсяго трэба ведаць і ўмець, у тым ліку знаходзіць падыход да кожнага вучня, бачыць у ім асобу. У Святланы Аляксандраўны гэта атрымліваецца. Нездарма выпускнікі яшчэ з першай гарадской школы памятаюць сваю былую настаўніцу і ўдзячны ёй за атрыманыя веды. Многія тэлефануюць, звязваюцца па інтэрнэце. Сама сябе С. А. Васюковіч лічыць строгім і адначасова добрым педагогам.

— Я стараюся ніколі не павышаць голасу на вучняў і пастаянна ўсміхацца. Узамен жа патрабую ад іх добрага ведання свайго прадмета, — кажа яна.

Такія адносіны да дзяцей у спалучэнні з высокім прафесіяналізмам даюць выдатныя вынікі. Вучні Святланы Аляксандраўны не раз станавіліся прызёрамі навукова-практычных канферэнцый і раённай прадметнай алімпіяды па замежнай мове. А Маргарыта Сяменас, якая зараз з’яўляецца студэнткай універсітэта ў Варшаве, два гады запар упершыню за ўсю гісторыю ўдзелу пастаўчан у абласной алімпіядзе па англійскай мове прывозіла з яе дыпломы трэцяй ступені і летась заняла другое месца на абласной навуковай канферэнцыі. Таксама ў мінулым навучальным годзе выхаванцы С. А. Васюковіч занялі першае месца на абласным фестывалі міжкультурных камунікацый у намінацыі “Самыя паспяховыя і прадпрымальныя” і другое месца — у намінацыі “Я — экскурсавод”.

Удзельнічае ў розных семінарах, канферэнцыях, конкурсах і сама Святлана Аляксандраўна, якая пастаянна імкнецца ўдасканальвацца як педагог, паглыбляць і адшліфоўваць сваё веданне англійскай і французскай моў (праўда, французскую ўжо не выкладае, пра што вельмі шкадуе, бо вельмі яе любіць). Некалькі гадоў назад была на стажыроўцы ў Вялікабрытаніі, у Міжнародным універсітэце Св. Марка і Св. Джона ў горадзе Плімут. З задавальненнем працуе перакладчыкам, калі на Пастаўшчыну прыязджаюць госці з-за мяжы. Так, на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь працавала з назіральнікамі ад АБСЕ, на Дні беларускага пісьменства — з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Індыі ў Беларусі, з якім да гэтага часу працягвае зносіны праз інтэрнэт. На мінулагоднім фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік” з’яўлялася перакладчыкам у кітайскай дэлегацыі. А зусім нядаўна вярнулася з паездкі ў Галандыю і Францыю, дзе таксама давялося быць у яго ролі.

Нягледзячы на вялікую занятасць на рабоце (С. А. Васюковіч штодзень вядзе ў гімназіі па 6-7 урокаў, плюс факультатывы і кіраўніцтва падраздзяленнем “Лінгвіст”, якое існуе ў рамках вучнёўскага навуковага аб’яднання “Глорыя”) і дома (афіцыйна займаецца рэпетытарствам), Святлана Аляксандраўна знаходзіць час і для навуковай дзейнасці. Некалькі гадоў яна прысвяціла камунікатыўнай лінгвістыцы — кірунку, якому зараз надаецца вялікая ўвага ў вывучэнні замежнай мовы. Метадычная распрацоўка педагога на гэту тэму “Дэбаты” нават была надрукавана ў “Настаўніцкай газеце”. Актыўна прымяняе яе на практыцы ў старэйшых класах. Ёсць пэўныя напрацоўкі і ў плане тэхнічнага перакладу, які вельмі падабаецца. А яшчэ настаўніца захапляецца перакладам песень. Да абласнога фестывалю міжкультурных камунікацый пераклала некалькі твораў сваіх калег з СШ №1 і гімназіі Л. Л. Логінавай і І. М. Пракаповіча з беларускай на англійскую мову. Потым прэзентавала іх сваім замежным сябрам. Таму зараз песні пастаўскіх аўтараў гучаць па-англійску не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах свету.

Актыўная і дзейсная, гэта маленькая жанчына проста выпраменьвае энергію. Яна ні хвіліны не праводзіць без справы.

— Ад “ничегонеделания” я стамляюся яшчэ больш, чым на рабоце, — прызналася С. А. Васюковіч. — Не магу, як іншыя, сесці і глядзець тэлевізар. Мне ўвесь час трэба нечым займацца: чытаць, шукаць штосьці новае ў інтэрнэце… Як адпачываю? Вельмі люблю хадзіць пехатой, прыроду і цішыню. Для мяне гэта галоўныя прыярытэты ў жыцці пасля сям’і і работы. Таму кожную нядзелю стараемся з мужам выехаць у лес ці на рыбалку.

Там, на ўлонні прыроды, Святлана Аляксандраўна набіраецца жыццёвых сіл, каб у панядзелак зноў прыйсці ў клас, да сваіх любімых вучняў, і з усмешкай сказаць ім па-англійску: “Добрай раніцы!”

Алена ШАПАВАЛАВА.

На здымку: С. А. Васюковіч вядзе ўрок у 8 класе.
Фота аўтара.

источник: https://govorim.by/vitebskaya-oblast/postavy/novosti-postav/69740-odin-iz-luchshih-pedagogov-postavskoy-gimnazii.html

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом