•       Идут годы, меняются времена, события, люди, но одно остается незыблемым и вечным  – Родина. Нам кажется, что мы знаем о нашей малой Родине все, или почти все. Но каждый раз, когда мы путешествуем, наблюдаем, читаем, исследуем и думаем о ней, мы открываем для себя что-то новое. И сегодня каждый из нас имеет возможность поделиться этим : новыми фактами, новыми стихами, новыми мыслями о своем крае, городе, селе и рассказать миру о своей малой Родине, о людях с большой душой…

Таццяна Філіпаўна Крук — Ацэнку ставяць вучні

 Таццяна Філіпаўна Крук     Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №3 г. Паставы Таццяна Філіпаўна Крук — адзін з лепшых педагогаў раёна.

Некалькі гадоў таму яе фотаздымак занеслі на Дошку гонару аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Мінулым летам Т. Ф. Крук абралі дэлегатам ад Пастаўшчыны на пяты Усебеларускі народны сход. Высокі прафесіяналізм і добрасумленныя адносіны да справы спалучаюцца ў гэтай сціплай, абаяльнай жанчыне з непадробнай любоўю да дзяцей, уменнем чуць іх і разумець.

Жаданне стаць педагогам з’явілася ў Таццяны Філіпаўны яшчэ ў пачатковых класах, калі першая настаўніца з Мулярскай школы Еўдакія Аляксандраўна Мядзелка дазваляла пасля ўрокаў пад сваім наглядам правяраць сшыткі аднакласнікаў. Памятае, якая вялікая гэта была адказнасць: баялася не тое што знойдзеную памылку выправіць, нават кропку паставіць! Дома, як і большасць дзяўчынак, з задавальненнем гуляла ў школу. Спачатку вучыла лялек, потым — малодшых сяброў. Закончыўшы 8 класаў, паступіла ў Полацкі педагагічны каледж і атрымала дыплом настаўніка пачатковых класаў. У 1989 годзе па размеркаванні трапіла на работу ў Лынтупскую СШ. А неўзабаве прадоўжыла вучобу па спецыяльнасці на завочным аддзяленні Віцебскага пед­інстытута.

Сёння Т. Ф. Крук з цеплынёй успамінае гады работы ў Лынтупах, калектыў школы, тагачаснага дырэктара Віктара Іванавіча Галубоўскага. Ён і яго жонка-настаўніца Клара Зянонаўна па-бацькоўску аднесліся да 19-гадовай выпускніцы каледжа: апякалі ва ўсім, бралі з сабой у ягады і грыбы. Магчыма, так і засталася б там, калі б не выйшла замуж у Паставы. Нарадзілася дачка. На працягу некалькіх гадоў маладая сям’я жыла паасобку: муж у горадзе, яна з дзіцем — у пасёлку. Калі ж прыйшла пара аддаваць дзяўчынку ў школу, Таццяна Філіпаўна вырашыла перабрацца ў райцэнтр. Але вакансіі ў пачатковых класах не знайшлося, і ў аддзеле адукацыі прапанавалі пасаду сацыяльнага педагога ў СШ №3.

— У той час — а гэта быў 2000 год — я прыблізна ўяўляла сабе, чым давя­дзецца займацца, паколькі сацыяльныя педагогі толькі пачалі з’яўляцца ў школах, — расказвала Т. Ф. Крук. — Не маючы вопыту, сутыкнулася з мноствам цяжкасцей у рабоце з дзецьмі, якія мелі праблемы ў вучобе і паводзінах, і іх бацькамі. Што датычыць апошніх, было рознае: і пазбаўлялі татаў і мам правоў на дзяцей, і забіралі малых у прытулак, а потым, калі бацькі выпраўляліся, вярталі. Кожны такі выпадак прапускала, ды і цяпер прапускаю, праз сваё сэрца, за ўсіх перажывала, усіх шкадавала. Вельмі ўдзячна былому намесніку начальніка раённага аддзела адукацыі Людміле Казіміраўне Грачанік, якая настаяла на маім паступленні ў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі на спецыяльнасць “Педагог сацыяльны”. Атрымала там шмат ведаў па псіхалогіі, навучылася правільна строіць зносіны з дзецьмі і бацькамі ў той ці іншай сітуацыі.

З 2012 года Т. Ф. Крук — намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце. З пераходам на новую пасаду клопатаў прыбавілася. Яна не толькі ладзіць разнастайныя школьныя мерапрыемствы і адказвае за ўдзел вучняў у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах, акцыях, месячніках і да т.п., але і курыруе работу педагога-арганізатара, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, класных кіраўнікоў, аказвае ім метадычную дапамогу. Акрамя таго, выкладае беларускую мову ў трэцім і фізкультуру ў двух другіх класах.

Ва ўсё ўкладвае шмат часу і сіл. Напрыклад, арганізуючы тое ці іншае мерапрыемства, стараецца зрабіць яго цікавым і карысным з пункту гледжання выхавання, вялікую ўвагу надаючы грамадзянскаму, патрыятычнаму і працоўнаму, якія лічыць галоўнымі. Перш чым напісаць сцэнарый, нярэдка пытаецца ў вучняў, што яны хацелі б бачыць або прапануюць, раіцца з дачкой, якая атрымала прафесію рэжысёра, сама прыдумвае нешта новае і крэатыўнае. Па-ранейшаму ўважлівая да праблем у сем’ях школьнікаў. Часта разам з сацыяльным педагогам і псіхолагам вечарам або ў выхадны дзень на ўласным транспарце едзе да іх дамоў, каб на месцы разабрацца ў сітуацыі і аказаць дапамогу. Нягледзячы на тое, што ў школе вучыцца нямала дзяцей з мнагадзетных, няпоўных і нядобранадзейных сем’яў, на сённяшні дзень тут няма ніводнага пастаўленага на ўлік да нарколага або ў інспекцыю па справах непаўналетніх. Заслуга Таццяны Філіпаўны і ў тым, што на тэрыторыі СШ №3 даўно выкаранена праблема тытунекурэння сярод вучняў.

— Знайсці агульную мову з дзецьмі, стаць для іх сябрам у большасці выпадкаў лёгка, — кажа Т. Ф. Крук. — Галоўнае — любіць хлопчыкаў і дзяўчынак, пачынаючы з імі гутарку,  падабраць патрэбныя словы і правільна пабудаваць дыялог. Не прынізіўшы годнасці маленькага чалавека, зрабіць так, каб ён сам зразумеў сваю памылку, і асудзіць не дзіця, а яго ўчынак.

За час работы ў школе Таццяна Філіпаўна разам  з калегамі ў прамым сэнсе гэтага слова выгадавала не аднаго вучня, чые бацькі не належным чынам даглядалі дзяцей. Стаўшы самастойнымі, яны не забываюць сваю другую маму: звяртаюцца да яе па параду ў складанай жыццёвай сітуацыі, заходзяць у госці, каб сказаць шчырае дзякуй. А гэта самая высокая ацэнка працы педагога. 

Алена ШАПАВАЛАВА.

источник: http://www.postawy.by/2017/01/acenku-stavyac-vuchni/

.

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Метки: . Закладка Постоянная ссылка.

Добавьте свой комментарий или поделитесь материалом