Звычайна кажуць, што жыццё пражыта недарэмна, калі чалавек пабудаваў дом, пасадзіў дрэва і выгадаваў сына. Ляснічы Варапаеўскага лясніцтва Анатолій Уладзіміравіч Сапрончык, які нядаўна адзначыў сваё 60-годдзе, усё гэта выканаў.
А наша размова пачалася з успамінаў пра дзяцінства.
Сапрончык з Сапрончыкаў
Нарадзіўся ў маляўнічым месцы — на хутары Сапрончыкі Міёрскага раёна. Быў старэйшым сярод чатырох братоў і сястры. Бацькі працавалі ў калгасе, а дзеці мелі адказнасць адно за аднаго. І да працы з маленства прывыклі. Дзед трымаў вялікую пасеку і вучыў, як трэба даглядаць пчол. У школу хадзілі пешшу за 8 кіламетраў. І менавіта тады ён захапіўся краявідамі, адчуў любоў да прыроды, навучыўся жыць з ёй у гармоніі. Таму і выбраў Полацкі лясны тэхнікум.
Па размеркаванні прыехаў у Полаўскае лясніцтва. Хутка прызвалі на тэрміновую службу ў армію. Праходзіў яе ў войсках супрацьпаветранай абароны ў Прыбалтыцы. Адслужыўшы, вярнуўся ў бацькоўскі дом, перакваліфікаваўся ў будаўніка.
“Магнітам цягне”
Так сцвярджаў Анатолій Уладзіміравіч падчас размовы пра лес. Таму быў рады запрашэнню на работу ў Падсвільскі доследны лясгас. Там сустрэў будучую жонку Раісу Васільеўну. Маладога спецыяліста прыкмеціла абласное кіраўніцтва і ў 1994 годзе перавяло яго ляснічым у Старадворскае лясніцтва нашага раёна. Сапрончыкі прыехалі ў Варапаева, купілі дом, па-свойму сталі яго абуладкоўваць. Вопыт назапашваўся, а хацелася мець і больш глыбокія тэарэтычныя веды, таму закончыў завочна Бранскі інжынерна-тэхналагічны інстытут.
Нечаканай стала прапанова ўзначаліць Пастаўскі лясгас. Кіраваў калектывам на працягу 11 гадоў. Затым уступіў пасаду маладому, а сам перайшоў ляснічым у Варапаеўскае лясніцтва.
Уладанні — 12 тысяч гектараў
Такую плошчу займае лясніцтва. Яно мяжуе з Шаркаўшчынскім і Глыбоцкім раёнамі. Мясціны балоцістыя. Праводзіцца вялікая работа па абнаўленні, добраўпарадкаванні лесу. Нарыхтоўваецца як дзелавая драўніна, так і дровы для насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна.
— Ад лесу не толькі трэба браць дары, але і любіць яго ўсёй душой, — гаварыў А. У. Сапрончык, — берагчы і служыць яму, аддаваць свае сілы і энергію.
Такой думкі прытрымліваецца і большасць з 27 членаў калектыву. Правая рука ляснічага — яго намеснік Аляксей Балай. Шмат гадоў працуюць леснікамі Павел Клянцэвіч, Мікалай Лабуць. Яны вызначаюцца бездакорным выкананнем абавязкаў, руплівасцю, адказнасцю. Некаторыя кажуць, што прафесія ляснічага — рамантычная: цэлы дзень на свежым паветры, наўкол спяваюць птушкі, пад нагамі грыбы, ягады. Але хапае і складанасцей. Пераадольваць іх леснікі ўмеюць і ні на што не скардзяцца.
Вясна — гарачая пара
— Найбольш непакоіць выпальванне сухой травы, — сцвярджаў мой суразмоўца. — Асабліва ў сухі год. Агонь нярэдка падбіраецца да лесу. І толькі дзякуючы пільнасці леснікоў удаецца пажар лакалізаваць. А яшчэ вясной нарыхтоўваем бярозавы сок, падбіраем участкі і садзім маладыя дрэўцы, робім і развешваем шпакоўні, ачышчаем лес, асабліва месцы адпачынку, ад смецця, якое пакідаюць пасля сябе адпачывальнікі. Выяўляем лясныя сметнікі, куды нядобрасумленныя грамадзяне вывозяць бытавыя адходы, а затым арганізуем суботнікі па вывазе смецця, рамантуем альтанкі. Каб прыцягнуць да адказнасці вінаватых, устанаўліваем фотапасткі, якія фіксуюць паводзіны чалавека ў лесе. А на першым плане, канешне, лесааднаўленне, догляд лясных насаджэнняў.
У французскіх Альпах.
Захапленні
Анатолій Уладзіміравіч бывае ў лесе не толькі па рабоце, але і падчас адпачынку. Да нядаўняга часу з’яўляўся вялікім аматарам палявання. Цяпер здабыча лася — дарагое задавальненне, а дзікі зніклі. Не праміне магчымасці парыбачыць. Без яго ўдзелу не адбываюцца ні адны спаборніцтвы па шашках ці шахматах. Захапіўся імі яшчэ ў школе, удасканаліў майстэрства падчас вучобы ў тэхнікуме, любіць пасядзець над дошкай і цяпер.
З армейскіх будняў засталіся навыкі выдатнага лыжніка. Некалькі гадоў таму абараняў гонар лясной гаспадаркі краіны на спаборніцтвах у французскіх Альпах.
Шмат часу адводзіць догляду пасекі. Пачынаў з двух вулляў, якія перадаў яму дзед, цяпер колькасць пчаліных домікаў з кожным годам павялічваецца. Анатолій Уладзіміравіч — сапраўдны гаспадар і ў лесе, і дома. Любіць наводзіць парадак, і абсалютна ўсё ўмее рабіць сам.
Сямейная прафесія
Па слядах бацькі пайшлі сын і дачка. Закончылі Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт і працуюць ў Пастаўскім лясгасе: Віктар узначальвае бюро па тэхніцы бяспекі, Галіна — эканаміст. Любяць лес і ўнукі. У дзень нараджэння дзядулі яны разам з ляснічымі садзілі алею туй. Назірала збоку: толк у гэтай справе ведаюць.
60-ы дзень нараджэння Анатолію Уладзіміравічу Сапрончыку запомніцца многімі падзеямі. Прыемна было прымаць віншаванні ад кіраўніцтва лясгаса, калег. А самая значная — нараджэнне ўнука. Такі дарагі падарунак паднесла дачка.
Анна АНІШКЕВІЧ. Фота аўтара
і з сямейнага альбома Сапрончыкаў.
источник: http://www.postawy.by/2017/05/gaspadar-i-lese-i-doma/
.
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.