Ён быў гаспадаром, лідарам, чалавекам слова і справы. Людзей, якія пакінулі незабыўны след у грамадстве або ў асобным рэгіёне, памятаюць доўга, некаторых — стагоддзямі. Пра асобных памяць жыве вечна.
Да такіх людзей на Пастаўшчыне можна аднесці былога старшыню райвыканкама Васіля Васільевіча Чэпіка, які трагічна загінуў у аўтамабільнай катастрофе 30 студзеня 2000 года. На пасадзе кіраўніка раёна ён адпрацаваў больш за дзесяць гадоў, большасць з якіх былі гадамі развалу вялікай краіны і першымі гадамі станаўлення незалежнай Беларусі, абвалу эканомікі, вялікага ўзроўню беспрацоўя, росту незадаволенасці людзей, іх хваляванняў і перажыванняў. Перад раёнам стаялі задачы з сотнямі невядомых, якія трэба было тэрмінова вырашаць без памылак, з перспектывай на будучыню.

Упершыню я ўбачыла Васіля Васільевіча ў кабінеце першага сакратара райкама КПБ Барыса Іпалітавіча Гаўрыльчыка яшчэ да таго, як ён стаў кіраўніком раёна. Тады мне здалося, што гэты чалавек вельмі падобны на майго аднакласніка. Міжволі яму ўсміхнулася і ледзь не спытала: “Якім ветрам цябе да нас занесла?” Потым падумала, што гэта кіраўнік з будаўнічай галіны. Мой аднакласнік быў будаўніком (калектыў, які ён узначальваў, узвёў не адзін дзясятак будынкаў прамысловага прызначэння ў Мінску і Мінскай вобласці). Памылілася я толькі ў прафесійным плане. У хуткім часе, калі можна так сказаць, ён стаў галоўным будаўніком у нашым раёне.
З пачуццём вялікай павагі да гэтага чалавека Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР, кавалер многіх ордэнаў, паважаны ў раёне і далёка за яго межамі працаўнік, былы старшыня з багатым вопытам работы перадавога калгаса імя Суворава Алег Адольфавіч Валодзька напісаў кнігу “Кардыяграма вялікага сэрца”. Ён паказаў ідэі, планы, імкненні і жаданні В. В. Чэпіка ўкараняць у вытворчасць найноўшыя тэхналогіі з улікам развіцця раёна. Пахвальна, што ад імя тысяч пастаўчан аўтар аддаў даніну павагі здольнаму кіраўніку, вялікаму працаўніку, паважанаму чалавеку. З фатаграфіі на вокладцы кнігі Васілій Васільевіч паўстае як жывы. Паўстае ён жывым і з выгляду будынка райвыканкама, дызайну галоўнай плошчы горада, добраўпарадкаваных вуліц, дамоў рамесніка, помнікаў жыллёвай архітэктуры ў стылі барока, рэканструяваных і набыўшых рысы гістарызму, поспехаў многіх прамысловых прадпрыемстваў, сельскай гаспадаркі і іншых галін. У цяперашнім іх выглядзе і кроках раёна наперад ёсць і яго заслуга, яго ідэя, намаганні і жаданні, яго глыбокі след на пастаўскай зямлі. Сёння ўспамінаюць:
С. А. Рагіня: “Правесці добраўпарадкаванне горада — ініцыятыва Васіля Васільевіча. Мы прайшлі па плошчы, па Чырвонаармейскай і іншых вуліцах, вызначылі, што трэба зрабіць, і гэта азначала: думай, як зрабіць, іншага не дадзена”.
В. П. Арэхаў: “Пытанне добраўпарадкавання горада стаяла першым на кантролі ў В. В. Чэпіка. Я кожны тыдзень трымаў справаздачу аб выкананых работах, хоць іх тэмпы ён і сам штодзень бачыў. Калі якасць і тэмпы не задавальнялі, трэба было добра падумаць, як апраўдацца. Пустаслоўе не прымалася”.
І. Г. Глушонак: “Нават укладка тратуарнай пліткі не засталася па-за яго ўвагай. Калі ехаў праз горад, спыняўся каля рабочых, цікавіўся, якая патрэбна дапамога, чаго не хапае для работы. Пра становішча спраў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы я кожны дзень даваў інфармацыю В. В. Чэпіку. Мы былі пад яго пастаянным неаслабным кантролем”.
Шмат сіл і намаганняў прыклаў В. В. Чэпік да таго, каб з вытворчага ўчастка стварыць Пастаўскі малочны завод з сучасным абсталяваннем, перадавымі тэхналогіямі, адкрыць для пастаўчан сотні працоўных месцаў. Сёння прадукцыю завода пад гандлёвай маркай “Паставы-гарадок” ведаюць далёка за межамі краіны. Смак сыроў гэтай маркі добра вядомы спажыўцам Расіі ў многіх яе рэгіёнах. Больш за 50% прадукцыі завода ідзе на экспарт. Многія яе віды і гатункі адзначаліся медалямі і іншымі ўзнагародамі. Не выключэнне і мінулы год. Шэсць відаў прадукцыі выйшлі пераможцамі на конкурсе “Чэмпіён смаку”. Першы глыбокі след на гэтым заводзе зрабіў В. В. Чэпік, а быў ён нялёгкім. Вось што расказваюць:
Э. П. Казура: “У 1992 годзе, першым годзе пасля развалу СССР, Васіль Васільевіч двойчы запрашаў мяне на размову. Першы раз прапанаваў пасаду дырэктара завода, якога яшчэ не было. Я адмовіўся. У другі раз пераканаў мяне ў неабходнасці даць згоду на гэту пасаду. Сам ён рабіў магчымае і немагчымае. Запрашаў інвестараў пабудаваць новы завод. Не атрымалася. Сталі ўзводзіць сваімі сіламі. Энергіі і напору Васіля Васільевіча можна было пазайздросціць — па два разы ў дзень прыязджаў на будоўлю. У жніўні 1998 года на завод запрасілі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і паказалі сваю прадукцыю”.
І. П. Шакола: “Я ведаў Васіля Васільевіча з часоў свайго кіраўніцтва Лепельскім раёнам. Некаторы час працавалі разам. Потым складаныя пытанні сумесна вырашалі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, непасрэдна ў раёне. У тым, што ў Паставах будзе малочны завод, я не сумняваўся: калі за справу ўзяўся Чэпік, то поспех гарантаваны. У ім я бачыў сапраўднага гаспадара”.
Шмат ідэй прапаноўвалі ў вышэйшых інстанцыях па выкарыстанні пабудоў вайсковай часці ў Касцянях. В. В. Чэпік змог адстаяць сваю пазіцыю — адкрыць у тым маляўнічым месцы дзіцячы рэабілітацыйны аздараўленчы цэнтр “Ветразь”, які сёння ведаюць у кожным раёне вобласці. У ім дзеткі адпачываюць круглы год, папраўляюць сваё здароўе і набываюць веды. Для пастаўчан створаны сучасныя працоўныя месцы медыкам, настаўнікам, работнікам сферы абслугоўвання. Ажыццявіць гэту прапанову ў той час было нялёгка. Успамінаюць:
А. Э. Кейзік: “У вышэйшых інстанцыях планавалі ў Касцянях адкрыць установу, з існаваннем якой у раёне пагадзіцца не маглі. Раён пагранічны, яна магла пагоршыць крымінальную абстаноўку. Сабралі тысячы подпісаў пастаўчан супраць такога плана, запрасілі камісію для абследавання будынкаў і тэрыторыі на прыгоднасць ажыццяўлення прапановы раёна. В. В. Чэпік у Віцебску і Мінску настойваў пагадзіцца з ёй. Заўвагі камісіі ўлічылі, яе патрабаванні выканалі, нашу прапанову прынялі, фінансавую падтрымку атрымалі і пачалі рэканструкцыю, давялі яе да канца, ажыццявілі сваю ідэю. Такога мог дабіцца толькі валявы і гаспадарлівы кіраўнік”.
У. Я. Магільніцкі: “Да дэзінфекцыі тэрыторыі падыходзілі вельмі скрупулёзна. Я ўваходзіў у склад камісіі па яе абследаванні. Васіль Васільевіч падыход да такой праблемы і метады работ вывучаў у ЗША. Усё рабілася сур’ёзна, на вышэйшым узроўні. В. В. Чэпік не прымаў фармальных падыходаў”.
І. М. Аніськовіч: “Васіль Васільевіч пераканаў усіх у мэтазгоднасці сваёй прапановы па выкарыстанні пабудоў у Касцянях. Яе падтрымалі ў абласных і рэспубліканскіх арганізацыях усіх узроўняў. Такое рашэнне далося нялёгка, але перамога засталася за ім. Такое пад сілу толькі прадбачліваму кіраўніку”.
Дзесяцігоддзі ў самым цэнтры горада, у прыгожым месцы на беразе ракі, побач са Свята-Мікалаеўскай царквой і касцёлам Антонія Падуанскага стаяў паўразбураны, непрывабны будынак старога млына. Пры садзейнічанні В. В. Чэпіка яго адрэстаўрыравалі і адкрылі Дом рамёстваў “Стары млын”. Здольныя пастаўчане атрымалі працоўныя месцы. Сёння Дом рамёстваў прыцягвае ўвагу шматлікіх турыстаў, вырабы ўмельцаў разыходзяцца ў іх сем’і, на падарункі сябрам і прыносяць шырокую вядомасць раёну. Як адкрываўся Дом рамёстваў, успамінае
Н. М. Булавінцава: “Рашэннем райвыканкама будынак старога млына перадалі на баланс раённага аддзела культуры. Абласное ўпраўленне культуры зацвердзіла стаўку дырэктара будучага Дома рамёстваў. Распрацавалі і зацвердзілі план рэканструкцыі і пачалі работы. Вяліся яны пад кантролем і пры садзейнічанні старшыні райвыканкама. У 1998 годзе Дом рамёстваў адкрыўся і працуе па сённяшні дзень”.
У горадзе доўгі час не па прызначэнні выкарыстоўваўся будынак касцёла, і гэтым наносілася душэўная траўма вернікам. Будынак ім вярнулі і аказалі дапамогу на яго адраджэнне. Вось што паведаміла
Г. У. Ермакова: “Бюджэтныя грошы размяркоўваюцца строга на вызначаныя мэты. Адзін іх працэнт у той час адлічваўся ў рэзервовы фонд, і ўказваліся прычыны яго расходавання. Іх пералік заканчваўся “і г. д.”, што давала маленькую магчымасць патраціць іх на непрадбачаныя патрэбы. Васіль Васільевіч запрасіў мяне на размову і прапанаваў знайсці сродкі на аказанне дапамогі касцёлу. Нялёгка было іх выдзеліць, але зрабілі ўсё магчымае і немагчымае і аказалі дапамогу. Выдзялялі сродкі і для царквы”.
Працоўны дзень Васіля Васільевіча пачынаўся і заканчваўся з рашэнняў першачарговых і неадкладных пытанняў жыцця раёна. Некаторыя вырашаліся толькі пры яго дапамозе, пад яго неаслабным кантролем, па яго дамоўленасці, дзякуючы яго аўтарытэту. Вось пра што сёння ўспамінаюць:
П. М. Розынка: “Пасля закрыцця ваеннага аэрадрома недалёка ад Хаціл засталіся нядрэнныя пабудовы. У калгасе імя Мічурына, якім я тады кіраваў, не хапала сховішчаў для збожжа. Звярнуўся да В. В. Чэпіка. Мы з ім у Мінску патрацілі дзень, каб склады аэрадрома перадалі калгасу. Звярталіся ў Міністэрства абароны, Савет Міністраў і пераконвалі ў неабходнасці задаволіць нашу просьбу. Пераканалі. Правялі некаторую рэканструкцыю — і атрымалася добрае сховішча для насення. Яно і сёння выкарыстоўваецца ў гаспадарцы”.
В. А. Пашкевіч: “Будаўніцтва свінагадоўчага комплексу на 12 тысяч галоў у калгасе “XXV партз’езд” спачатку вялося марудна. З прыходам у раён В. В. Чэпіка работы ажывіліся, пад яго непасрэдным кантролем справы пайшлі больш шпарка. У 1990 годзе комплекс быў пабудаваны, працуе па сённяшні дзень”.
М. М. Жук: “Райсельгастэхніка штомесяц расходавала да 60 тон металу. Купіць яго ў той час было праблематычна. Звярталіся да кіраўніка раёна, і часта па метал ездзілі ў Чарапавец і іншыя рэгіёны Расіі па папярэдняй дамоўленасці Васіля Васільевіча”.
Р. А. Леўкавец: “Пры В. В. Чэпіку ў галіне гандлю было зроблена многае. Рэканструяваны хлебазавод, каўбасны і рыбны цэхі, створаны належныя ўмовы працы ў магазінах, рэстаране, сталовых, многія пабудовы з’явіліся на калгасным рынку. На ўсё гэта бралі крэдыты на льготных умовах пры садзейнічанні Васіля Васільевіча. Нашы сённяшнія поспехі дасягаюцца на аснове, закладзенай пры яго намаганнях. Ён ужо ў той час прадбачыў рыначныя адносіны”.
Л. І. Іванін: “У гады развалу эканомікі цяжка было захаваць і забяспечыць работай калектыў дрэваапрацоўшчыкаў, які налічваў больш за 600 працаўнікоў. Не хапала драўніны. Звярталіся да В. В. Чэпіка і з яго дапамогай па распараджэнні аблвыканкама куплялі сыравіну”.
У. М. Чакавы: “У 1995 годзе медыкі атрымалі новы будынак паліклінікі з сучаснай медыцынскай апаратурай. Пры намаганнях В. В. Чэпіка атрымалі фінансавае забеспячэнне ў разліку на аднаго жыхара раёна. Пры яго падтрымцы мы захавалі ўсе медыцынскія ўстановы раёна, калектывы медыкаў, у рабоце сталі карыстацца камп’ютарамі, не адчувалі праблем у забеспячэнні харчаваннем, адкрылі дзённы стацыянар, пачалі лячэнне ў дамашніх умовах. Раён стаў базавым па ўвядзенні новай мадэлі сучаснай медыцыны. Для аказання дапамогі медыкам Васіль Васільевіч умела выкарыстоўваў дэпутацкія паўнамоцтвы”.
П. Я. Зубко: “У раёне патрэбна было замяніць 8 паветраных ліній сувязі на кабельныя. Для гэтага патрабаваўся магутны трактар. У раённым вузле сувязі яго не было. Па дапамогу звярнуўся да В. В. Чэпіка. З фонду раёна нам выдзелілі трактар “Беларус”, і мы паспяхова правялі замену”.
І. Г. Глушонак: “Калі рашэнне пытання раённага маштабу патрабавала дапамогі абласных арганізацый, то пры аўтарытэце В. В. Чэпіка яно вырашалася лягчэй і хутчэй. Там разумелі: калі яны не вырашаць пытання і гэта дойдзе да Васіля Васільевіча, то вынік абавязкова будзе станоўчым, а ў іх рабоце — пракол”.
Васіль Васільевіч паважаў і цаніў моцных кіраўнікоў, прасіў іх браць на сябе цяжэйшыя ношы і пераконваў у такой неабходнасці. Вось што ўспамінае ў сваёй кнізе
А. А. Валодзька: «В. В. Чэпік прапануе заасфальтаваць дарогу Юнькі—Варапаева. “Участак Юнькі—Навасёлкі — Мухляў, Навасёлкі—Варапаева — твой”. Я паспрабаваў не пагадзіцца і пачуў: “Не прыбядняйся, зможаш, што трэба — дапамагу”. Дапамог у многім, дарогу заасфальтавалі, яна і сёння эксплуатуецца”.
С. А. Рагіня: “Васіль Васільевіч слоў на вецер не кідаў. Яго крэда было такім: паабяцаў — зрабіў”.
А. Я. Мухля: “Калгас “Сцяг Перамогі” лічыўся ў раёне моцнай гаспадаркай. Па прапанове В. В. Чэпіка ў розныя гады да яго былі далучаны слабейшыя гаспадаркі з цэнтрамі ў вёсках Савічы, Васіліны, Андроны. Было няпроста спраўляцца з вялікім аб’ёмам работ на такой тэрыторыі, але пры непасрэднай падтрымцы кіраўніка раёна з пастаўленымі задачамі калгас спраўляўся нядрэнна”.
М. М. Жук: “Райсельгастэхніка была моцным прадпрыемствам. Мы мелі для рабочых нядрэнныя працоўныя месцы, лазню і пральню, паслугі якіх былі бясплатнымі, сваю сталовую без нацэнак на абеды. Па просьбе Васіля Васільевіча наш калектыў добраўпарадкоўваў вуліцы імя В. Харужай і У. Дубоўкі, сам будаваў жыллё для сваіх рабочых”.
Заслугоўвае павагі яго падтрымка маладых кіраўнікоў і тых, хто трапляў у цяжкае становішча. Вось што расказалі:
П. Л. Курто: “Не прайшло і двух месяцаў, як мяне зацвердзілі дырэктарам тагачаснага СПТВ, а з аблана паведамілі, што на базе нашага вучылішча запланавана правесці абласны семінар. Я разгубіўся, бо сам яшчэ добра не асвоіўся на пасадзе дырэктара (прыйшоў я з іншага калектыву), а павінен вучыць іншых. Па дапамогу звярнуўся да кіраўніка раёна. Усё, што прасіў, было зроблена за кароткі тэрмін. Семінар прайшоў паспяхова, а для мяне быў вопыт, як уваходзіць у ролю кіраўніка”.
Ч. В. Мацур: “Ад В. В. Чэпіка і ўвогуле ад райвыканкама я як малады дырэктар школы на той час мела самую моцную падтрымку. Васіль Васільевіч у многім мне дапамог ва ўхіленні недапрацовак пры ўвядзенні ў эксплуатацыю новага будынка і замацаванні за школай шэфаў. Я яму вельмі ўдзячна”.
П. М. Розынка: “У 1999 годзе я быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і часова адышоў ад штодзённых спраў у раёне. У жніўні моцна захварэў, трапіў у бальніцу. В. В. Чэпік у гарачую пару ўборкі знайшоў час наведаць мяне ў Мінску, падбадзёрыць і надаць упэўненасці ў выздараўленні”.
Г. У. Ермакова: “В. В. Чэпік бюджэтныя грошы лічыў да капейкі і па-гаспадарску іх расходаваў. Калі інфармавала пра становішча спраў у бюджэце, патрабаваў канкрэтных лічбаў. Ён ніколі не адмовіў тым, хто звяртаўся па дапамогу з прычыны пажару або іншай бяды ў сем’ях”.
Кіраўнік раёна добра разумеў, што далейшыя поспехі, росквіт Пастаўшчыны — у руках моладзі, і для гэтага трэба стварыць ёй не толькі сучасныя ўмовы для жыцця і работы, але і для росту, вучобы і адпачынку, імкнуўся ўсім гэтым забяспечыць. Сёння ўспамінаюць:
А. Я. Кашырын: “Пры першым знаёмстве з Васілём Васільевічам склалася ўражанне, што школы будуць мець добрую падтрымку з яго боку. Я не памыліўся. За час яго кіраўніцтва раёнам у горадзе былі адкрыты новая сярэдняя школа №5, дзіцячы садок №1, узведзены новыя будынкі сямі сярэдніх і базавых школ, пачата будаўніцтва Дунілавіцкай СШ. Школы ніколі не былі абдзелены яго ўвагай. Заўсёды цікавіўся, якая яшчэ патрэбна дапамога”.
В. А. Захарэвіч: “Пры В. В. Чэпіку значна ажывіліся справы ў спорце. У 1989 годзе ў горадзе пачаў працаваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс, быў добраўпарадкаваны стадыён. Да іх будаўніцтва прыцягваліся многія працоўныя калектывы. Мы заўсёды мелі неабходную падтрымку пры набыцці спартыўнай формы для валейбольнай каманды. Спартсмены за такія клопаты не заставаліся ў даўгу.
А. Я. Аліхвер: “Планам будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Варапаеве былі прадугледжаны спартыўныя пляцоўкі і лазня з мужчынскай і жаночай заламі. Выканаць такі аб’ём работы толькі за бюджэтныя сродкі было не пад сілу. Па ініцыятыве В. В. Чэпіка ў будаўніцтве прынялі ўдзел буйнейшыя прадпрыемствы пассавета, а сам Васіль Васільевіч па два разы ў тыдзень прыязджаў на аб’ект і кантраляваў якасць і тэмпы будоўлі. Пад Новы год, 29 снежня 1999-га, комплекс адчыніў дзверы для сваіх наведвальнікаў, стаў жыццёва неабходным падарункам жыхарам пасёлка і бліжэйшых вёсак. Ён і сёння служыць ім, дае магчымасць цікава адпачываць і ўмацоўваць здароўе”.
Г. У. Ермакова: “ФАК у Варапаеве не планаваўся як капітальная будоўля. Па ініцыятыве кіраўніка раёна будаўніцтва вялося гаспадарчым спосабам за сродкі прадпрыемстваў пассавета і з рэзервовага фонду раённага бюджэту. Неабходны аб’ект для жыхароў Варапаева і яго наваколля з’явіўся толькі па ініцыятыве і пры намаганнях Васіля Васільевіча”.
Многія кіраўнікі бачылі ў В. В. Чэпіку сваю апору і падтрымку, і запомніўся ён ім як чалавек, упэўнены ў сваіх сілах. Яго ніколі не бачылі разгубленым. Успамінаюць:
П. М. Розынка: “У 1998 годзе Прэзідэнт Беларусі наведаў наш раён і, у прыватнасці, калгас імя Мічурына. Ішла ўборка ўраджаю. Прадстаўнікі вобласці прапаноўвалі свой план сустрэчы кіраўніка дзяржавы. Ажыццявіць яго ў гаспадарцы не было магчымасці. В. В. Чэпік узяў адказнасць на сябе і заявіў: “Адказваць за ўборку нам, і пакажам тое, што можам зрабіць у сваіх умовах”. Прэзідэнт пагадзіўся з нашымі падыходамі да ўборкі”.
Э. Ф. Анкуд: “У час работы В. В. Чэпіка ў нашым раёне я працавала ў вышэйшых структурах вобласці і Глыбоцкага раёна, але заўсёды цікавілася справамі на сваёй малой радзіме. Васіль Васільевіч быў сапраўдным гаспадаром, меў свае планы развіцця раёна. Не баяўся не пагадзіцца з указаннямі зверху, калі яны ім не адпавядалі. У арганізацыях вобласці ў ім бачылі моцнага гаспадара і паважалі як сапраўднага лідара з яго думкамі, планамі і марамі працаваць для людзей, іх дзяцей і ўнукаў”.
Вялікую вядомасць раёну прыносіць Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Прапісаўся ён у нашым горадзе на дзесяцігоддзі не без падтрымкі В. В. Чэпіка. Сёння фестываль прыцягвае ўвагу таленавітых людзей і турыстаў з многіх краін свету, а жыхарам Пастаўшчыны дае магчымасць цікава адпачыць, убачыць выступленні лепшых артыстаў Беларусі і замежных краін, таленавітых удзельнікаў конкурсу на дамашняй сцэне.
Успамінае
Н. М. Булавінцава: “Фестываль прапісаўся ў Паставах у першыя гады станаўлення незалежнай Беларусі. З 1996 года ён праходзіць у рангу Міжнароднага. Такую ідэю актыўна падтрымаў В. В. Чэпік, і для гэтага ствараліся адпаведныя ўмовы. У гарадскім парку адкрылі летні амфітэатр, добраўпарадкавалі парк. Пашырылі сувязі з гарадамі-пабрацімамі. У 2001 годзе на чарговым свяце ў знак удзячнасці В. В. Чэпіку за яго ўклад у развіццё фестывалю на плошчы прайшоў гадзінны канцэрт званоў”.
Працуючы побач з В. В.Чэпікам, склалася ўражанне, што ён заўсёды прытрымліваўся народнай мудрасці: будзеш салодкім — з’ядуць, горкім — выплюнуць, трэба быць кісла-салодкім. Часам кіслінка брала верх і была з гарчынкай і нават з прымессю пякучага перцу. Інакш і быць не магло: страціш павагу да сябе як кіраўніка, калі не прымеш мер уздзеяння да тых, хто не клапоціцца пра людзей і вядзе свае гаспадаркі да разбурэння.
Сёння нельга не пагадзіцца з трапным выказваннем
М. В. Горлача: “Чэпік — чалавек-планета з вялікімі залежамі карысных выкапняў. У ім гарманічна злучаліся тропікі і высокія ледзяныя горы, штармавыя акіяны і спакойныя рэкі, урадлівыя раўніны і нязведаныя лясы. Не было толькі вывяржэнняў небяспечных вулканаў. Ён быў пазбаўлены фанабэрыстасці ў адносінах да людзей. Працававаць з ім было лёгка і цікава. Ён з’яўляўся скарбонкай мудрасці і таленту кіраўніка”.
У артыкуле выкарыстаны ўспаміны 46 суразмоўцаў. Акрамя вышэй названых, падзяліліся сваімі думкамі Р. В. Зямчонак, М. Р. Коваль, А. В. Карытка, М. М.Мацюшчанка, Г. Д. Саўчук, К. Ф. Марцынкевіч, С. Р. Зямчонак, М. К. Манкевіч, В. А. Бульбяноў, Э. С. Адамовіч, В. М. Катовіч, В. Д. Кісялёва, Я. В. Масцяніца, Г. А. Юргелан, Е. В. Скіндар, С. А. Балошка, Г. Ф. Літвіновіч, В. Р. Крэскіян, І. К. Кур’ян. Усе суразмоўцы вось такім памятаюць Васіля Васільевіча Чэпіка: “Чалавек слова і справы, з прыродным дарам лідара, арганізатарскімі здольнасцямі. Гаспадар,чалавек ад зямлі. Патрабавальны, любіў ва ўсім парадак. Адказны, ініцыятыўны, назіральны. Кіраўнік з імкненнямі і планамі ісці наперад, укараняць новае і перадавое. Валявы, хутка прыжыўся ў раёне, унік у яго праблемы і штодзень шукаў з іх выйсце. Вёў раён у перспектыўным кірунку. Калі пайшоў з жыцця, Пастаўшчына страціла многае”.
Ім нельга не верыць. Яны разам умацоўвалі эканоміку раёна і адказвалі за яго развіццё, рабілі крокі наперад, былі яго апорай і надзеяй у ажыццяўленні рашэнняў сесій, пасяджэнняў райвыканкама, вытворчых нарад і проста яго прапаноў.
Змог бы Васіль Васільевіч вывесці раён у лік перадавых у вобласці, калі б лёсам было наканавана яшчэ ім пакіраваць? На такое пытанне ўсе суразмоўцы адказалі: “Бясспрэчна!” Большасць падкрэслівалі: калі б не перавялі на больш складаны ўчастак у вобласць або ў сталіцу. Многія дадавалі: па-першае, парэкамендаваў бы годнага пераемніка; па-другое, дзе б ні працаваў, раён трымаў бы пад кантролем і аказваў дапамогу. Амаль усе пагадзіліся з думкай У. У. Лапушынскага наконт таго, што В. В. Чэпік заслугоўвае звання «Ганаровы грамадзянін Пастаўшчыны». В. В. Чэпік быў лідарам, адказным і мэтанакіраваным, здольным і гаспадарлівым, патрабавальным і спагадлівым кіраўніком. Такім яго памятаюць на Пастаўшчыне.
«Пастаускi край», Пятница, 29.01.2016 14:33. Рубрика: Памяць
Н. ДРОНЖЫК.
________________________________
Кардиограмма большого сердца >>> читать здесь
Автор: Володько О. А.
Категория: Литературно-художественные издания
Жанр: Художественное издание
Язык: Русский
Размер: 14.5×20.0 см
Объем: 268 стр., ISBN: 978-985-7103-84-3, Год: 2015, Переплет: твердый
_____________________________________________________________________
В художественно-документальной повести Олега Володько «Кардиограмма большого сердца» отображена судьба реального человека, первого секретаря, а потом и председателя Поставского райисполкома Чепика Василия Васильевича.
Судьба и жизненный путь от рядового работника до руководителя района в непростые времена распада большой страны и становления нового государства — в этой повести. Автор показывает его как человека, руководителя района, делающего все возможное и невозможное для выживания, развития района, благополучия людей.
Второе произведение «У жизни нет заката» — о проблемах экономики переходного периода. В этой документально-художественной повести прослеживается история жизни реального человека — директора крупного оборонного завода, которая похожа на судьбы многих талантливых руководителей, оказавшихся «не у дел» в условиях рыночного хаоса.
ист: http://4-4.by/book/kardiogramma-bolshogo-serdca