Некалі рэдакцыя і друкарня былі адзіным калектывам. На гэтым здымку журналісты і паліграфісты, якія сабраліся павіншаваць з юбілеем друкара Вольгу Іванаўну Бароўка (у цэнтры). З газетай “Пастаўскі край” разам крочу па жыцці 52 гады.
Наша знаёмства адбылося, калі яна насіла назву “Звязда” і мела статус міжраённай. На работу ў рэдакцыю мяне накіравалі ў 1962-ім. Сустрэліся дзве равесніцы — нам было па 23 гады. Прынялі ў калектыве добра. Я, сірата Вялікай Айчыннай вайны, прыехала па пераводзе.
У Паставах не было ні знаёмых, ні кватэры. Знайсці яе было нялёгка. У горадзе кватэры прапаноўвалі ў асноўным вайскоўцам, а маладым дзяўчатам жыллё здавалі неахвотна. Прытуліла бухгалтар рэдакцыі Раіса Васільеўна Някрасава, якая прапанавала пакой у кватэры сваіх бацькоў.
Рабочае месца далі ў кабінеце адказнага сакратара Кацярыны Міронаўны Дзёмінай. Да мяне яна адносілася як да дачкі, а я да яе — як да маці. Рэдактарам у той час працаваў Павел Парамонавіч Дзядзёнак. Як журналіст і кіраўнік калектыву ён быў чалавекам ад Бога і з вялікай літары. Я ўсё жыццё памятаю іх дабрыню, цаню павагу да людзей. Сёння па магчымасці наведваю і прыбіраю іх магілкі.
Адказны сакратар Кацярына Міронаўна Дзёміна і карэспандэнт Ніна Дронжык рыхтуюць макет чарговага нумара газеты. У Паўла Парамонавіча, Кацярыны Міронаўны, вопытных супрацоўнікаў Міколы Астаневіча, Генадзія Крэскіяна, Міхаіла Чарняўскага, Леаніда Міхасёнка, Часлава Бразевіча, Артура Карэнькі, Пятра Кавалеўскага, два апошнія з іх працавалі карэспандэнтамі па Браслаўскім раёне, я вучылася журналісцкаму майстэрству, мудрасці, сціпласці, вытрымцы, тактоўнасці, спакою, уменню будаваць адносіны з людзьмі і ў калектыве, імкненню, здольнасцям і жаданню прыйсці на дапамогу чалавеку. Адным словам, вучылася быць годнай у грамадстве.
Журналісты Генадзь Крэскіян (першы злева), Кацярына Дзёміна (у цэнтры) і Часлаў Бразевіч (першы справа) з тэхнічнымі работнікамі рэдакцыі і паліграфістам. Умовы працы ў 70-ыя гады і сённяшнія параўнаць немагчыма. У той час рэдакцыя і друкарня былі адной арганізацыяй, адным калектывам. Штат літаратурных супрацоўнікаў быў невялікі, а яшчэ двое з нас вялі перадачы раённага радыё і самі рыхтавалі матэрыялы для іх.
Артыкулы карэспандэнты пісалі ручкамі і алоўкамі, а потым для друку тэксты па літарах набіралі паліграфісты. Гэта быў ювелірны, марудны, складаны, клопатны, цяжкі і доўгі працэс, і прытым у шкодных умовах, бо працавалі са свінцом. Міжраёнка выходзіла тры разы ў тыдзень і накіроўвалася да падпісчыкаў Пастаўскага і Браслаўскага раёнаў. Колькі было радасці і палёгкі, калі набылі лінатып!
Потым па размеркаванні прыехаў працаваць на ім малады хлопец сірочага лёсу, выпускнік паліграфічнага вучылішча Гена Буякоў. Неўзабаве купілі яшчэ два лінатыпы. Каб яны працавалі ў дзве змены, патрэбны былі кадры. Да прызыву ў армію Буякоў навучыў гэтаму майстэрству наборшчыц Яўгенію Райчонак і Марыю Марозаву. Запрасілі выпускнікоў паліграфічнага вучылішча. У розныя гады прыйшлі Валянціна Канапелька, Валянціна Варывончык, Алена Коган, Жанна Пятрова, Ядвіга Шляга. Алесь Касцень (злева) умеў не толькі артыкулы пісаць, але і вайсковую справу спасцігаць. Вёрстка старонак і набор загалоўкаў заставаліся ручнымі. Гэтым займаліся Ала Цяляк (Рэутава пасля замужжа), Ала Смолка, Маргарыта Мацкевіч. Бездакорна працавалі друкары Вольга Бароўка, Уладзіслава Першанкова, Вольга Квяткоўская, Яўхімія Курдо, Віктар Нікіцін, які дадаткова займаўся нарэзкай паперы для газеты і бланачнай прадукцыі.
Газету друкавалі ноччу. Загадчыкам друкарні быў Максім Міхайлавіч Коган — майстар друкарскай справы, чалавек зайздроснага самавалодання і вялікай вытрымкі. Пры ўсіх неверагоднасцях, што здараліся ў калектыве, ён ніколі не губляў спакою, які па ланцужку перадаваўся ўсім. Спачатку ліквідавалі дапушчаны брак, а потым аналізавалі і ўхілялі прычыны яго з’яўлення. Былі цяжкасці з транспартам. На два раёны мелі адну машыну. Дзякуючы вадзіцелю Івану Дзісько яна нас выручала, але не заўсёды. У бліжэйшыя калгасы, на прадпрыемствы, у арганізацыі ішлі пехатой, ехалі на веласіпедах (гарадскога транспарту яшчэ не было).
Калектыў быў дружны. Мелі цесную сувязь з райкамам партыі, райвыканкамам, гарадскім Саветам. Іх кіраўнікі і супрацоўнікі часта наведвалі рэдакцыю. Мы сустракаліся з Героем Савецкага Саюза Міхаілам Ягоравым, які ўзняў Сцяг Перамогі над Рэйхстагам. Ён прыязджаў да свайго сябра (разам ваявалі) Васіля Усцінавіча Какошына, майго былога суседа па кватэры. У мяне з Ягоравым былі і асабістыя доўгія сустрэчы. Наведваў нас паэт, празаік, крытык Уладзімір Дубоўка. Сустракаліся з Героем Сацыялістычнай Працы Васілём Асяненкам. З такімі людзьмі праходзілі павучальныя гутаркі, яны давалі нам арыенцір у жыцці і працы.
У сваіх артыкулах мы паказвалі дасягненні раёна, калектываў, поспехі людзей працы і падкрэслівалі іх ролю ў грамадстве, выкрывалі прычыны недахопаў, падказвалі шляхі іх ліквідацыі. Тэксты артыкулаў падмацоўвалі здымкамі, якія рабілі фотакоры Міхаіл Чарняўскі, Альфонс Турла, Вячаслаў Аўчарэнка. Карэспандэнтаў раённай газеты заўважалі і вылучалі на больш высокія пасады. Мікола Астаневіч працаваў спачатку ў “Віцебскім рабочым”, потым — у рэспубліканскай “Звяздзе”, доўгі час быў рэдактарам аднаго з рэспубліканскіх часопісаў. Леаніда Міхасёнка перавялі ў рэдакцыю рэспубліканскага часопіса “Полымя”. Леанід Крэскіян стаў карэспандэнтам абласной газеты “Віцебскі рабочы”. Міхаіла Кляпца выбралі старшынёй калгаса, і ён вывеў яго ў перадавыя гаспадаркі раёна. Франца Аўсюка накіравалі намеснікам дырэктара СПТВ, Альфонса Турлу — дырэктарам друкарні. Артура Карэньку назначылі рэдактарам газеты Браслаўскага раёна. Генадзь Крэскіян і Міхаіл Чарняўскі ўмацавалі рэдакцыі газет Нясвіжскага і Мядзельскага раёнаў.
Заўважалі працавітасць, адказнасць і тэхнічных супрацоўнікаў. Машыністку Яўгенію Роўда райваенкамат накіраваў да савецкіх вайскоўцаў у ГДР, лінатыпістка Жанна Пятрова стала сакратаром у пракуратуры. Усе яны ніколі не парывалі сувязі з калектывам, які іх гадаваў і выхоўваў.
Многія нашы карэспандэнты былі членамі Саюза журналістаў, завочна скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы. Сваёй працай мы даказвалі, што ўмеем паважаць і цаніць людзей, бачыць перспектывы развіцця грамадства, знаходзіць у калектывах тыя зярняткі, з якіх вырасталі поспехі. Памяталі пра тых, хто працаваў да нас. З цеплынёй і павагай успаміналі рэдактараў Тамару Асяненка, Івана Мандрыка, Васіля Магеляўца, карэспандэнтаў Пятрушына, Лявонава, Алексяёнка і іншых. Чула адносіліся да тых, каму па стане здароўя не пад сілу былі рэдакцыйныя цяжкасці. Доўгі час хварэла Ядвіга Сініца. Яе не пасылалі на раён, а планавалі артыкулы толькі з гарадскіх арганізацый, вызвалялі ад дзяжурства па нумары.
Супрацоўнікі са сваімі сем’ямі збіраліся за святочным сталом на Дні друку, радыё, Перамогі, ушаноўвалі ветэранаў вайны (яны былі ў калектыве), адзначалі юбілеі, падтрымлівалі сувязі з рэдакцыямі Шырвінцкага і Швянчонскага раёнаў Літвы, суседніх раёнаў, ладзілі сустрэчы. Журналісты прымалі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна.
Пётр Курыловіч і Фаіна Касаткіна (на здымку злева) — вядучыя раённага свята. Калектыў рэдакцыі на дэманстрацыі з нагоды чарговай гадавіны Вялікага Кастрычніка. На Новы год каля ёлкі праводзілі гульні з дзецьмі супрацоўнікаў, арганізоўвалі праводзіны ў армію, на вучобу, на новыя пасады, дапамагалі калгасам ва ўборцы ўраджаю. Самі даглядалі кветкі, бо шкадавалі прыбіральшчыцу Руфіну Бурлакову. Яна адна прыбірала ўсе кабінеты рэдакцыі і цэхі друкарні на двух паверхах і пры гэтым была з непапраўнай траўмай рукі. Сімпатычная Снягурка (Ніна Дронжык) ля навагодняй ёлкі (з дзецьмі супрацоўнікаў рэдакцыі).
Сардэчна прымалі маладое пакаленне. Без праблем уліліся ў калектыў Людміла Лазовік (Клімюк пасля замужжа), Вячаслаў Смятанка, Фаіна Кадушкевіч (Касаткіна пасля замужжа), Васіль Харэвіч, Пётр Курыловіч. У будучым яны дасягнулі больш высокіх пасад у сваёй прафесіі, і калектыў рэдакцыі застаўся адзіным у іх працоўным стажы. Вячаслаў Смятанка ў маладосці быў прыгажуном. Цяперашняе пакаленне памятае яго не толькі як карэспандэнта, але і як аўтара цудоўных вершаў, якія друкаваліся пад псеўданімам “Слава Ліпень”. Сёння я чытаю сваю “Звязду” пад назвай “Пастаўскі край”. Бачу і разумею, што ў яе якасці, разнастайнасці форм і спосабаў падачы матэрыялаў, увогуле дызайне вялікую ролю адыгрываюць сучасныя тэхнічныя сродкі і магчымасці, адчуваю, што змест артыкулаў паглыбляецца, тэматыка пашыраецца, а традыцыі, закладзеныя былымі пакаленнямі, падтрымліваюцца і развіваюцца. А гэта ўжо заслуга ўсяго калектыву.
Радуе тое, што газета застаецца цікавай, маладой і прыгожай. Віншую калектыў газеты, чытачоў, журналістаў і паліграфістаў, якія выпускалі яе пад ранейшымі назвамі, — усіх, хто меў да яе дачыненне ў розныя гады, паштальёнаў, якія дастаўлялі і дастаўляюць раёнку падпісчыкам, з 75-годдзем! Жадаю, каб 30-гадовая “Звязда” (раённая газета выходзіла пад такой назвай большую частку свайго існавання) яшчэ ярчэй свяціла “Пастаўскаму краю” і прыцягвала ў калектыў таленавітых і працавітых журналістаў, якія годна панясуць яе святло наперад праз многія і многія гады.
Працвітання вам, сябры! Няхай вас усіх будучыя пакаленні ўспамінаюць з такой жа ласкай, павагай і цеплынёй, як маё памятае калектыў маладой, 23-30-гадовай, раёнкі.
Н. ДРОНЖЫК, карэспандэнт раённай газеты пад назвай “Звязда
По материалам ист: http://www.postawy.by/2014/10/z-lyubimaj-gazetaj-my-razam-krochym-pa-zhycci/
Раённай газеце — 75
З юбілеем газеты!
Сардэчна віншую калектыў рэдакцыі газеты “Пастаўскі край” з 75-годдзем з дня выхаду першага нумара!
За час свайго існавання газета здолела трывала замацавацца на інфармацыйным полі нашай краіны, здабыць заслужанае прызнанне чытачоў.
Выданне заўсёды заставалася паслядоўным правадніком дзяржаўнай палітыкі, прапагандыстам высокіх маральных каштоўнасцей і ідэалаў нашага народа.
Прафесійнаму аўтарскаму калектыву газеты ўласцівы грамадзянская пазіцыя, праўдзівасць, шчырасць і адказнасць, прынцыповасць, журналісцкая годнасць.
Жадаю супрацоўнікам і ўсім сябрам выдання моцнага здароўя, шчасця, аптымізму, новых творчых поспехаў на карысць Бацькаўшчыны.
У. МАТУСЕВІЧ, намеснік
міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Шаноўныя калегі!
Прыміце сардэчныя віншаванні з нагоды 75-годдзя выхаду ў свет першага нумара газеты!
Асноўнымі прыярытэтамі для “Пастаўскага краю“ заўсёды былі і застаюцца лёс Бацькаўшчыны, чалавек працы, узважаная размова пра дасягнутыя поспехі і нявырашаныя праблемы Пастаўшчыны. Галоўнае, што вызначае газету, — цікавасць да жыцця ва ўсіх яго праявах, імкненне зрабіць яго лепшым, а людзей — больш шчаслівымі.
У гэтым заслуга ўсіх пакаленняў журналістаў, што шчыравалі на газетнай ніве, — як ветэранаў, так і тых, хто сёння працягвае ствараць летапіс раёна.
Жадаю калектыву рэдакцыі, усім аўтарам газеты і надалей захоўваць вывераны часам курс, прымнажаць багатыя традыцыі раёнкі.
Моцнага здароўя, шчасця, натхнення, творчых здабыткаў, шырокай, зацікаўленай і ўдзячнай чытацкай аўдыторыі!
А. КЛІЦУНОЎ, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.
Паважаныя супрацоўнікі рэдакцыі раённай газеты
“Пастаўскі край”!
Прыміце самыя шчырыя віншаванні з 75-годдзем газеты!tc «Прыміце самыя шчырыя віншаванні з 75-годдзем газеты!»
Тры чвэрці веку “Пастаўскі край” з’яўляецца выданнем, якое ўсебакова адлюстроўвае эканамічнае, грамадска-палітычнае і культурнае жыццё раёна. Для чытачоў газета стала цікавым субяседнікам і дарадцам, з якім прафесійна і зацікаўлена можна абмеркаваць самыя актуальныя тэмы.
Ваш калектыў вызначаюць чулыя адносіны да людзей, творчы падыход да справы, дынамічны стыль работы.
Вельмі многае змянілася за той час, які выходзіць у свет газета. Нязменнай застаецца яе запатрабаванасць у чытачоў. Як і ў любога яркага, самабытнага выдання, у “Пастаўскага краю” ёсць шмат адданых сяброў. Людзі раёна, іх справы, радасці і засмучэнні — усё гэта становіцца тэмамі газетных публікацый.
Мы высока цэнім вашу карпатлівую творчую працу і перакананы, што і ў далейшым газета будзе радаваць чытачоў цікавымі публікацыямі.
Сардэчна жадаем супрацоўнікам рэдакцыі моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця і невычэрпнай энергіі, творчых поспехаў, удзячных і зацікаўленых чытачоў і пазаштатных аўтараў, новых журналісцкіх поспехаў і рэалізацыі намечаных планаў!
В. ГУТАРАЎ, старшыня раённага выканаўчага камітэта.
В. АРЭХАЎ, старшыня раённага Савета дэпутатаў.
ист: http://www.postawy.by