Бульбянаў В.А. — Дунілавічы

«А могла бы быть обсерватория»

 

      43 гады педагагічнага стажу, 31 з іх — дырэктарства. Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, удзельнік Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, лаўрэат звання «Чалавек года Пастаўшчыны».

Інструктар па турызме, кіраўнік турыстычнага і фотагуртка, гуртка “Юныя інспектары дарожнага руху”. Ініцыятыўны, чулы, уважлівы, захоплены сваёй справай чалавек. Усё гэта пра дырэктара дзяржаўнай установы адукацыі “Дунілавіцкая яслі-сад-сярэдняя школа Пастаўскага раёна” Васілія Аляксандравіча Бульбянова. З ім сённяшняя размова.

— Беларусь асацыіруецца з бульбай. Ваша прозвішча таксама. Ці цікавіліся яго паходжаннем?

— Хутчэй за ўсё, ад бульбы і паходзіць. Але дакладна ўстанавіць гэта не ўдалося. Мой бацька родам з Расоншчыны, адтуль і прозвішча. З інтэрнэту я даведаўся, што ў Францыі ёсць граф з такім прозвішчам, у Ірландыі — сугучная назва гары, а ў Расіі — мае цёзкі па прозвішчы.

— Напэўна, не ўсе чытачы ведаюць, што ў Дунілаві­чах ёсць вуліца імя Бульбянова.

— Такім чынам ушанавалі памяць майго бацькі Аляксандра Васільевіча. Ён у ліку першых дзевяці вучняў Пятра Мірона­віча Машэрава пайшоў у партызанскі атрад імя Шчорса, якім Пётр Міронавіч камандаваў. Пасля вайны тата працаваў настаўнікам, дырэктарам вячэрняй школы, яму прысвоена званне “Выдатнік народнай асветы”. З 1955 па 1971 год з’яўляўся старшынёй калгаса “Светлы шлях”. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, Леніна, з’яўляўся дэпутатам сельскага і раённага Саветаў. Людзі паважалі яго за чуласць, таварыскасць, уменне знаходзіць кантакт. 4 жніўня 1997 года таты не стала, але памяць пра яго жыве.

Маме, Ніне Юліянаўне, сёлета споўнілася 90 гадоў. 38 з іх яна аддала рабоце ў школе. Была таленавітым педагогам, мае шмат грамат, актыўна ўдзель­нічала ў грамадскім жыцці. Гэты год выдаўся вельмі цяжкім — мама зламала шыйку сцягна і магла не ўстаць з ложка. Але дзякуючы медыкам, а таксама нашым клопатам зараз рухаецца па кватэры, хоць і з дапамогай хадункоў.

— У працяг сямейнай тэмы. Пра Вас кажуць: ідэальны сын, муж, бацька.

— Не хачу гаварыць пра ідэальнасць, але заўсёды стараўся, каб бацькам не было сорамна за мяне. Што тычыцца ўласнай сям’і, то я вельмі ўдзячны сваёй жонцы Яўгеніі Іванаўне — самай надзейнай памочніцы. Шмат гадоў яна працавала арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. І ў тым, што школа дасягнула добрых вынікаў у навучанні і выхаванні — і яе вялізная заслуга. У 2003 годзе Яўгенія Іванаўна стала пераможцай конкурсу “Адкрыты ўрок”, які праводзіла “Настаўніцкая газета”. Калі стала падводзіць здароўе, выйшла на пенсію, а вучні дзякуюць ёй і цяпер.

Не палічыце за нясціпласць, але ганарымся сваім адзіным сынам Аляксандрам. Ён з залатым медалём закончыў школу, з адзнакай — Віцебскі дзярж­універсітэт, пасля — магістратуру. Ва ўніверсітэце з’яўляўся стыпендыятам Прэзідэнцкага фонду. Працуе інжынерам-праграмістам у Мінску. Прыязджаючы дадому, абавязкова наведваецца ў школу. Дапамог у на­ладж­ванні работы камп’ютарнага класа, стварыў школьны сайт.

Вельмі блізкі мне па духу брат Уладзімір, які працуе адным з вядучых канструктараў Мінскага трактарнага завода. Ён — майстар спорту па спартыўным арыентаванні, шмат дапамагаў мне ў правядзенні турыстычных злётаў.

— Другая Ваша сям’я і, безумоўна, больш клопатная — школа.

— Прынцып маёй работы — патрабавальнасць плюс добразычлівасць. Стараюся нікога незаслужана не пакрыўдзіць. Але працаваць, спусціўшы рукавы, не дазваляю нікому. Людзі, якія не ўпісваліся ў гэту формулу, пакідалі школу. Таму і сфарміраваўся калектыў аднадумцаў, а ў ім 60 працуючых, палова з іх — педагогі.

— Якой цаной далося Ваша дзецішча — новая школа?

— Дырэктарам школы мяне назначылі, а дакладней прымусілі ім стаць у 1982 годзе, і гэта быў стрэс. Разумеў, якая велізарная адказнасць ускладваецца. А ў мяне ж было столькі захапленняў — турызм, фатаграфія, астраномія. У свой час мяне настойліва запрашалі ў Віцебскі педінстытут выкладаць астраномію, і сам хацеў заняцца навукай. Але жыццё павярнулася ў іншае рэчышча.

І вось я дырэктар. А будынак школы ледзь не аварыйны. Праект рэканструкцыі, які праляжаў 10 гадоў, безнадзейна састарэў. У аблана яго пры мне дэманстратыўна выкінулі ў урну. Удалося стварыць новы, але з-за адсутнасці фінансавання будоўлю так і не пачалі. Састарэў і гэты. Дзякуючы асабістым сувязям ініцыяваў стварэнне трэцяга, шыкоўнага праекта новай школы.

Вельмі падтрымаў тагачасны старшыня райвыканкама Васілій Васільевіч Чэпік. Пачалі будаваць. Але развальваецца СССР, спыняецца фінансаванне, а з ім — і ўсе работы. І тады я напісаў Прэзідэнту. Старшыня аблвыканкама У. П. Андрэйчанка ведаў пра мой намер, але не меў ніякай упэўненасці, што справа зрушыцца з месца. Зрушылася! Мяне прынялі ў Адміністрацыі Прэзідэнта і падтрымалі будоўлю з заўвагай “у разумных межах”. У вобласці палічылі, што школа занадта вялікая, і скарацілі адзін блок, які цяпер, калі да нас далучылі яслі-сад, быў бы вельмі дарэчы. Зараз у нас 173 вучні і 21 выхаванец ясляў-сада. Не збылася мая мара і пра астранамічную абсерваторыю пры школе. Мне як выкладчыку астраноміі вельмі хацелася, каб яна была, і ў праекце да яго скарачэння яна значылася. А ў цэлым школа добрая, і ёй ужо 9 гадоў.

— Ваша школа адметная і тым, што ў ёй вядзецца навучанне вадзіцеляў, трактарыстаў, нават аператараў машыннага даення рыхтавалі ў свой час.

— Гэта таксама кавалачак майго жыцця і здароўя. Пачыналі ў 1976 годзе. Я тады выкладаў фізіку. Дырэктар школы прапанавала і аўтасправу. Не толькі ніякай нагляднасці не было, але нават і кабінета. Мелі толькі аўтамашыну і тры падручнікі на тры паралельныя класы. Але ж вучылі, і добра здавалі. Цяпер кабінеты абсталяваны, ёсць тэхніка. Маем сертыфі­кат адпаведнасці на навучанне (і навучаем!) па катэгорыях  “А“,  “Б”, “С” (ваджэнню матацыкла, легкавога і грузавога аўтамабіляў). Хаця цяжкасцей у гэтай справе было шмат. Каб расказаць пра ўсе, не хопіць і газетнай старонкі. Таму скажу коратка: мы выстаялі, прадмет вывучэння застаўся, хаця неаднаразова пагражала закрыццё. Наша школа адзіная ў вобласці, дзе вядзецца такое навучанне. А яно вельмі патрэбнае.

Школа — гэта не толькі навучанне, але і выхаванне. Раскажыце, калі ласка, пра турызм.

— «Туризм — это радость и дружба,/ Туризм — это труд, и большой,/ Туризм — это то, что нам нужно,/ Чтоб с Родиной слиться душой». Гэтыя радкі мы сачынілі ў нашым школьным турклубе, і яны адлюстроў­ваюць усю сутнасць гэтага віду спорту. Хадзілі па гарах, падымаліся на вулканы, пілі чай, звараны на зямным цяпле. Самая ўсходняя кропка, дзе пабывалі, — Камчатка, заходняя — Польшча, паўночная — Ледавіты акіян, Кольскі паўвостраў, Навазёрскія тундры, горы Хібіны, паўднёвая — Туркменія, пустыня Каракумы. Больш за 10 гадоў члены турыстычнага гуртка ўдзельнічалі ў зборах і спаборніцтвах у Маскве. У 1989-ым экспанаваліся на ВДНГ.

Зараз падарожнічаем у асноўным па Беларусі. Не толькі адпачываем, але і глядзім нашы славутасці, тое, як захоўваецца гісторыя. Многія не вераць, што на звычайным веласіпедзе за суткі можна праехаць да 100 кіламетраў. Але ж трэба ўлічыць, што члены тур­клуба сур’ёзна займаюцца фізічнай падрыхтоўкай. Паходы і загартоўваюць, і згуртоўваюць рабят.

— Кіраваць педкалектывам складана. Як знаходзіце паразуменне з падначаленымі?

— Найперш я ўдзячны ўсім тым, хто працуе побач са мной. Як я ўжо гаварыў вышэй, гэта калектыў аднадумцаў. І менаві­та ад калектыву, а не ад будынка і тэхнічнай аснашчанасці — якімі б сучаснымі яны ні былі — залежыць канчатковы вынік работы. Дарэчы, пры абуладкаванні новага будынка (а гэта рабілася ў самыя кароткія тэрміны) нястомна працаваў не толькі наш калектыў, але і жыхары Дунілавіч, прадстаўнікі раённага аддзела адукацыі, райвыканкама.

Знаходзіць паразуменне з падначаленымі не так і складана, бо мы робім адну справу, а людзі ў нас захопленыя і адказныя. Пра кожнага мяркую ў першую чаргу менавіта па яго рабоце, а не па нейкіх іншых асобасных якасцях.

— Што адбываецца з прэстыжам настаўніцкай прафесіі?

— Складана гаварыць на гэту тэму. Змянілася грамадства. Для сучаснай моладзі, якая хоча мець усё і зараз, вельмі шмат значаць матэрыяльныя рэсурсы. А зарплата ў педагогаў невысокая. Ды і ў самой прафесіі шмат цяжкасцей, застаецца нямала папяровай бюракратыі. Праблему трэба вырашаць на дзяржаўным узроўні. Што тычыцца нашай школы, то недахопу кадраў не адчуваем. Радуе, што кожны год нашы дзеці паступаюць у педуніверсітэты, а былыя выпускнікі ўжо працуюць настаўнікамі.

— Чым і як можна захапіць сучасных дзяцей?

— Асабістым прыкладам. Ёсць настаўнікі ад Бога, а ёсць, на жаль, і такія, хто адбывае па­віннасць. Дзеці ж вельмі тонка ўсё адчуваюць. Пра турызм я ўжо гаварыў. Вельмі папулярны ў школе гурток юных інспектараў дарожнага руху (ЮІД). Нашы ЮІДаўцы з года ў год займаюць прызавыя месцы ў абласных спаборніцтвах. У нас працуюць філіялы музычнай і спартыўнай школ, розныя гурткі. Дзецям ёсць у чым праявіць сябе, што яны з дапамогай настаўнікаў паспяхова і робяць.

— Ваша стаўленне да музыкі, паэзіі, інтэрнэту?

— Што да асабіста маіх захапленняў, то гэта турызм, астраномія, фатаграфія. Вось толькі часу на іх зусім не хапае. З фатаграфіяй цяпер (са з’яўленнем ліч­бавых фотакамер) стала прасцей. Тым не менш мы захавалі ў школе фоталабараторыю, маем і хімікаты, і фотаплёнку, і дзеці захапляюцца працэсам стварэння фотаздымкаў.

Вельмі люблю вершы і шмат іх ведаю. Любімыя аўтары — Пушкін, Лермантаў, Яўтушэнка, Ясенін, Маякоўскі, Раждзественскі, Высоцкі. Нераўнадушны да музыкі, слухаю яе з задавальненнем. А мае брат і сын з адзнакай закончылі музычную школу па класе баяна. Шмат карыснага чэрпаю з інтэрнэту. Ён таксама дае магчымасць зносін з былымі аднакласнікамі, аднагрупнікамі, сябрамі па турызме.

— Самая непрадказальная падзея ў жыцці?

— Напрыклад, самая апошняя — візіт у нашу школу старшыні Камітэта Дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Аляксандра Серафімавіча Якабсона. Ён быў зусім нечаканым і вельмі адказным для нас. Аляксандр Серафімавіч агледзеў літаральна ўсё, гутарыў з настаўнікамі і дзецьмі, прысутнічаў на ўрачыстай лінейцы з нагоды пачатку новага навучальнага года і ўсім застаўся задаволены. Пазней у інтэрв’ю на Беларускім тэлебачанні адзначыў, што яго, пабываўшага ў Францыі і многіх іншых еўрапейскіх краінах, Дунілавіцкая школа прыемна здзівіла. А нам А. С. Якабсон паабяцаў дапамагчы з набыццём тэхнікі для навучання аўтасправе, і гэта пытанне ўжо вырашаецца.

— Што найбольш радуе і засмучае?

— Калі ў сям’і ўсе здаровыя і на рабоце ўсё добра, гэта радуе. А калі родныя хварэюць і ў школе не ўсё складваецца так, як хацелася б, гэта засмучае.

— Ці ўласцівы Вам дух авантурызму?

— Калі гэта свет прыгод, то я іх люблю, нездарма ж захапіўся турызмам. А калі авантурызм у сэнсе ўрваць, дастаць, падмануць — гэта для мяне непрымальна. Прывык разлічваць на свае сілы, кіруючыся дакладным разлікам. Лічу, што найгоршае — гэта падман. Якой бы горкай ні была праўда, зразумею і дарую. А падман — ніколі.

— Калі б магчыма было павярнуць жыццё назад, што ў ім змянілі б?

— Без памылак у жыцці не бывае. Праходзіць час, і думаеш, што можна было б зрабіць інакш. Але калі аперыруеш тагачаснымі рэаліямі, то разумееш: выбраць іншы варыянт было б вельмі цяжка. У кожнага свой лёс, і нічога павярнуць назад немагчыма. Хацелася б яшчэ многае зрабіць, але так няўмольна збягаюць гады…

 

Гутарыла Фаіна КАСАТКІНА

Пятница, 4.10.2013 16:00. Category: 15 пытанняў ад «Пастаўскага краю», Адукацыя,Афіцыйна

ист. http://www.postawy.by/2013/10/a-mogla-by-byt-observatoriya/

 

Пра Ніну Юліянаўну Бульбянову чула ад многіх жыхароў Дунілавіч, настаўнікаўмясцовай школы. Жанчыне ў мінулым годзе споўнілася90. За год да гэтагаатрымала пералом шыйкі сцягна, але знайшласілы падняцца з ложка. Аптымістка па натуры, яна такой застаецца іцяпер. Нядаўна пазнаёмілася з ёйасабіста. Пераступаю парог утульнага пакоя, і гаспадыня шчыра запрашае прысесці на канапу, дастае фотаальбомы, прапануе зручней уладкавацца. І мы адпраўляемся на экскурсію ў мінулае.

Беларусь бліжэй да сэрца

Яе бацька нарадзіўся ў 1891 годзе на Варапаеўшчыне. Сям’я была малазямельнай, таму ён паехаў на заработкі ў Расію. Асталяваўся ў Арлоўскай вобласці, ажаніўся з расіянкай, быў паштовым служачым. Ніна Юліянаўна засяроджвае ўвагу на фота: статны вусаты мужчына трымае на руках хлопчыка, дзве дзяўчынкі туляцца да прыгожай танклявай жанчыны, трэцяя ўладкавалася на каленях. Гэта і ёсць яе сям’я Дзевятоўскіх.

Бацька шмат працаваў, але дзяцей увагай не абдзяляў. Быў строгім, патрабавальным і вельмі добрым. Пасля заканчэння сямі класаў Ніна паступіла ў педвучылішча. У 1940 годзе распачала працоўную дзейнасць настаўніцай матэматыкі ў адной з сямігодак Арлоўскай вобласці. Адпрацаваўшы год, з сяброўкай паехала адпачываць у санаторый. Выязджалі ў мірны час, а вярнуліся з пачаткам вайны. Брат Уладзіслаў быў афіцэрам, працаваў у Наркамаце ў Маскве. Добраахвотнікам пайшоў на фронт і загінуў на тэрыторыі Польшчы, недалёка ад Беластока (яго магілу адшукаў сын Ніны Юліянаўны Васілій Аляксандравіч Бульбяноў, дырэктар Дунілавіцкай СШ, падчас велапаходу з вучнямі школы).

— Тату пастаянна цягнула на радзіму, — успамінала Ніна Юліянаўна. — Калі ў 1939 годзе Заходняя Беларусь уз’ядналася з Усходняй, ён з’ездзіў да радні ў госці. А пасля вызвалення гэтых зямель ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944-ым сям’я перабралася ў Дунілавічы. Тату назначылі начальнікам паштовага аддзялення, разам з ім працавала і адна з сясцёр.

Школа=сям’я

Ніна прыехала ў Дунілавічы ў пачатку чэрвеня 1945 года. А 27 чэрвеня прыступі­ла да работы ў мясцовай школе. Настаўнікі бялілі класныя пакоі, ездзілі ў лес нарыхтоўваць на зіму дровы, займаліся іншымі гаспадарчымі справамі.

У першыя пасляваенныя гады вучні былі прыкладна аднаго ўзросту з настаўніцай, але адносіліся да яе з павагай, на ўроках матэматыкі вялі сябе дысцыплінавана, уважліва слухалі тлумачэнні, з цікавасцю разбіралі задачы і прыклады. Адзінай сям’ёй быў і настаўніцкі калектыў. Усе актыўна ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, ігралі ў спектаклях, сцэнках. З канцэртамі выступалі не толькі ў школе, але і ў вясковым клубе, на раённай сцэне.

У школе Ніна Юліянаўна пазнаёмілася з будучым мужам. Аляксандр Васільевіч — былы партызан атрада імя Шчорса, якім камандаваў Пётр Міронавіч Машэраў. Пасля ўз’яднання партызан з войскамі Чырвонай Арміі быў пакінуты ў Дунілавіцкім раёне для аднаўлення народнай гаспадаркі. Настаўнічаў, быў дырэктарам вячэрняй школы, старшынёй мясцовай гаспадаркі. Ніна не спяшалася абзаводзіцца сям’ёй, таму што хацела прадоўжыць вучобу, і паступіла на завочнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Мінскага настаў­ніцкага інстытута імя М. Горкага. Яны пажаніліся ў 1948-ым.

— Жыццё не песціла наша пакаленне, — гаварыла мая суразмоўца. — Нам выпалі паўгалодныя пасляваенныя гады. Але людзі былі адданыя абранай справе. Памятаю, як настаўнікі займаліся дзярж­нарыхтоўкамі. Хадзілі па населеных пунктах за дзясяткі кіламетраў, праз лес. І ваўкоў бачыць даводзілася. А колькі часу займала асветніцкая работа! Выступалі перад вяскоўцамі з лекцымі, распаў­сюдж­валі літаратуру. Я ўзначальвала таварыства “Веды”, была старшынёй прафсаюзнай арганізацыі школы, кіравала раённым метадычным аб’яднаннем настаўнікаў фізікі і матэматыкі.

Ніна Юліянаўна карысталася заслужаным аўтарытэтам сярод калег, была мудрым, строгім, патрабавальным педагогам, з высокімі маральнымі прынцыпамі, не ўмела крывіць душой. Захопленая сваім прадметам, яна захапляла ім і сваіх вучняў, і яны ўспамінаюць яе добрым словам.

Перагортваем старонкі альбомаў, а Ніна Юліянаўна каменціруе здымкі: “Гэта мы  на партканферэнцыі, гэта падчас экскурсіі па Волзе, гэта канцэрт, прысвечаны Дню настаўніка, гэта на вяселлі калегі. На сходы, канферэнцыі спачатку дабіраліся пешшу, потым ездзілі на школьным кані, пазней — на грузавой машыне”.

Сыны — яе гонар

Розніца ва ўзросце ва Уладзіміра і Ва­сілія — два гады. Імі ў большасці займалася мама Ніны Юліянаўны, бо і яна, і муж шмат часу праводзілі на рабоце, за любую справу хварэлі душой, ды і ўласную гаспадарку трэба было даглядаць. Хлопцы раслі цікаўнымі, працавітымі, мэтанакіраванымі.

Старэйшы, Уладзімір, закончыў Мінскі політэхнічны інстытут, працуе адным з вядучых канструктараў Мінскага трактарнага завода, майстар спорту па спартыўным арыентаванні.

Малодшы, Васілій, — дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі “Дунілавіцкая яслі-сад-сярэдняя школа Пастаўскага раёна”, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, удзельнік Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, лаўрэат звання «Чалавек года Пастаўшчыны», інструктар па турызме, кіраўнік турыстычнага і фотагуртка, гуртка “Юныя інспектары дарожнага руху”, надзейны муж, добры бацька, клапатлівы сын.

— Быў час, калі з нашага дома ў школу ішлі тры настаўнікі, — працягвала ўспаміны Н. Ю. Бульбянова. — Я — матэматык, муж — гісторык, Вася — фізік. Затым да нас далучылася нявестка Яўгенія — выдатны матэматык. Яна была аргані­затарам пазакласнай і пазашкольнай работы, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Лёс узнагародзіў мяне добрымі нявесткамі: Тамара і Жэня — нібыта дочкі.

Жыццё працягваецца

— Калі я паламала шыйку сцягна — запанікавала, здавалася, жыццё перакрэслена, — расказвала Ніна Юліянаўна. — Але прафесіяналізм медыкаў, самаахвярны догляд з боку дзяцей зрабілі цуд — я стала на ногі! Вядома, у мінулым засталіся мае руплівасць, спрыт, што вельмі непрывычна. Памятаю, калі адзначалі маіх 89 гадоў, госці засяроджвалі ўвагу на будучым юбілеі — 90-годдзі. А мне ў душы было крыху больш за 50, я была актыўнай, усюды магла сама дайсці. Цяпер жыццё абмежавана. Але дзякуючы дзецям яно працягваецца, і грэх на што-небудзь скардзіцца.

Ужо другі год, як Васілій Аляксандравіч з Яўгеніяй Іванаўнай літаральна перасяліліся ў бацькоўскі дом, каб у любую хвіліну прыйсці маці на дапамогу. Частыя госці і мінчане. Сустракаць 2014-ы да бабулі прыязджаў і адзіны ўнук Саша з маладой жонкай.  За святочным сталом Ніна Юліянаўна расказвала анекдоты, прытчы, розныя цікавыя гісторыі, арыгінальнымі былі яе тосты.

— Сашачка ў дзіцячы садок не хадзіў, яго выхаваннем займалася я, — яшчэ больш ажыўляецца Ніна Юліянаўна, расказваючы пра ўнука. — Школу закончыў з залатым медалём, ва ўніверсітэце быў стыпендыятам Прэзідэнцкага фонду, адвучыўся ў магістратуры. Ён высакакласны праграміст. Жыве і працуе ў Мінску, часта бывае ў камандзіроўках. Сумую па ім. Добра, што існуюць мабільная сувязь, інтэрнэт. З Сашам часта размаўляем па скайпе. І Алёнка яго вельмі харошая, прыветлівая, клапатлівая. Я задаволена выбарам унука.

Памятаюць пра Ніну Юліянаўну і былыя вучні. Для іх яна была не проста выдатным педагогам. Многія ў яе вучыліся разважлівасці,  прыстойнасці. Памяць выпускнікоў сагравае сэрца настаўніцы. Да гэтага часу яна захоўвае многія падзячныя пісьмы. А Уладзімір Волкаў, які працаваў у Ваенна-паветранай інжынернай акадэміі імя Жукоўскага, займаўся навуковымі распрацоўкамі, падарыў любімай настаўніцы сваю першую кнігу і напісаў: “Нават шлях у 100 кіламетраў пачынаецца з першага кроку. Дзякуй Вам, дарагая Ніна Юліянаўна, за дапамогу першага кроку ў матэматыцы. Дару Вам свае першыя крокі ў вялікую навуку”.

— А ці давялося Вам пабываць у новай Дунілавіцкай школе? — цікаўлюся.

— Канешне, — адказвае. — Калі б не ўбачыла сваімі вачыма, магла б і не паверыць, якія выдатныя ўмовы створаны для работы настаўнікаў і заняткаў вучняў. З былымі настаўніцамі Лідзіяй Піліпаўнай Свірковіч, Ідай Натанаўнай Закрэўскай, Соф’яй Ігнацьеўнай Мышко мы былі пастаяннымі гасцямі на першым і апошнім званках, сустрэчах з выпускнікамі. Па-добраму зайздрошчу сучаснаму пакаленню. Мы нават марыць пра такое не маглі.

Ніна Юліянаўна — цікавая суразмоўца, гатовая падтрымаць гутарку на любую тэму: музыка гэта ці спорт, літаратура ці гісторыя. Вольнага часу мае дастаткова, таму шмат чытае, любіць разгадваць крыжаванкі і глядзець цікавыя перадачы. Хоць даўно не вяла ўрокаў матэматыкі, можа рашыць любую задачу і ў душы застаецца Настаўніцай — мудрай, інтэлігентнай, абаяльнай.

 

Анна АНІШКЕВІЧ. Фота аўтара.

источник: https://govorim.by/vitebskaya-oblast/postavy/novosti-postav/116499-u-dushy-cyaper-nastanca.html

Loading

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.