
Зінаіда Мікалаеўна Лысёнак
9 студзеня Зінаідзе Мікалаеўне Лысёнак споўнілася 90 гадоў. Сыны планавалі зладзіць вялікую ўрачыстасць, але яна адмовілася, маўляў, хочацца спакою.
Тым не менш цэлы дзень прымала віншаванні як па тэлефоне, так і асабіста ад самых блізкіх людзей.
Вясковую прапіску на гарадскую жанчына памяняла амаль дваццаць гадоў таму. Развітацца з Крашневам угаварылі сыны. Ды і сама разумела, што заставацца ў вёсцы, якая пусцее, няма сэнсу. Пражыўшы тры гады ўдавой, прадала гаспадарку, дом на перавоз і перабралася ў райцэнтр. Двухпакаёвую кватэру па вуліцы Савецкай купіла за выплаты, атрыманыя з фонду “Узаемаразуменне і прымірэнне”.
16-гадовай дзяўчынай яна разам з бацькам была вывезена на прымусовыя работы ў Нямеччыну. На вагоннай фабрыцы на станку абточвала жалезныя кольцы, разам з іншымі зняволенымі жыла ў бараках, абнесеных калючым дротам. На работу і з работы хадзіла пад канвоем. Успамінала, як пастаянна хацелася есці. Перажыла бамбёжкі, смерць тых, з кім побач працавала. Перамога прынесла вызваленне і доўгую дарогу дадому, радасць сустрэчы з бацькамі і малодшымі сёстрамі.
— Нялёгкімі былі і пасляваенныя гады, — успамінала. — З-за непагоды засталіся без хлеба і бульбы, уступілі ў толькі што арганізаваны калгас. Цешыла тое, што над галавой мірнае неба. У 1948 годзе са сваіх Сямёнавічаў у Шаркаўшчынскім раёне выйшла замуж у Крашнева, што праз раку ад роднай вёскі.
Іх сям’ю мацавалі каханне і працавітасць. Муж быў добрым будаўніком. Сваімі рукамі ўзвёў прасторны, з двума балконамі дом, адмыслова ашаляваў і памаляваў яго. Пасадзілі сад амаль з пяцідзесяці дрэўцаў, больш чым у сарака вуллях развялі пчол. Рупіліся на калгаснай рабоце, даглядалі сваю гаспадарку, гадавалі трох сыноў. А калі сад стаў плоданасіць, яблыкі збіралі і складвалі на гарышчы. Пад Новы год наймалі грузавую машыну, затарваліся і везлі іх прадаваць ажно ў Ленінград. Карысталіся там попытам і іхнія мёд, бульба. Выручаныя грошы спатрэбіліся на вучобы сыноў і іх вяселлі.
— Для хлопцаў слова бацькі было законам, — расказвала жанчына. — З ім раіліся па любым пытанні, у яго прасілі благаславення на жаніцьбу. Мы вучылі іх дабрыні, спагадзе. А потым радаваліся, што выраслі гаспадарлівымі, клапатлівымі. Памятаю, у 1992 годзе купілі з мужам “масквіч” і восенню выправіліся да сыноў. Павел тады жыў у Мягунах, Пётр і Мікалай — у Паставах. За дзень аб’ехалі ўсіх і засталіся задаволеныя: у дамах і каля іх парадак, нарыхтовак на зіму настаўлена.
А вясной наступнага года муж трагічна загінуў. Праз тры гады яшчэ адно гора прыйшло да Зінаіды Мікалаеўны — невылечная хвароба заўчасна абарвала жыццё старэйшага сына Паўла. Да гэтага часу маці цяжка перажывае беззваротную страту.
— Пасля смерці Паўла сыны, нявесткі, унукі, здаецца, яшчэ больш ахінулі мяне ўвагай, — гаварыла. — Бязмежна ім удзячна за ўсё. Бо часам чую пра іншыя адносіны дзяцей да старых бацькоў: рэдка адведваюць, а то і ў прытулак афармляюць. Мае клічуць мяне да сябе, а мне пакуль хочацца жыць самастойна. З Крашнева перавезла сваю мэблю, дываны, фотаздымкі мамы, таты, мужа, сыноў. Яны на мяне паглядаюць са сцяны, я з імі размаўляю. Арганізм за 90 гадоў знасіўся, але яшчэ трымаюся. Выпрабаванні не зламалі, наадварот, загартавалі характар і жыццяздольнасць.
Варта сказаць, што Зінаіда Мікалаеўна добра выглядае на свой узрост: прамая спіна, роўная постаць, светлы розум, выдатная памяць, разважлівасць і вялікі аптымізм.
— Часу хапае, — гаварыла, — таму па ўсім пражытым не раз у думках прайдуся. Было і добрае, і дрэннае. Але не больш за тое, што наканавана. Маю шасцёра ўнукаў, дзесяць праўнукаў, трое прапраўнукаў. Іх любоў і дае сілы жыць.
Анна АНІШКЕВІЧ.
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.