Не ведаю, як для вас, а для мяне шпацыр па брукаванай дарозе — гэта заўжды асаблівыя эмоцыі. Крочыш па каменні — і спрабуеш уявіць, хто гэтаксама мог хадзіць па ім стагоддзе ці два назад.
У думках пераносішся ў той час, калі пробкі на дарогах стваралі не машыны, а коні, калі гарады не былі ў палоне бетону і асфальту, калі па вуліцах у ліку іншых перамяшчаліся князі і графы.
Толькі на старых фотаздымках можна ўбачыць, якой была калісьці тая ці іншая мясцовасць: час і войны сцерлі з твару зямлі цэлыя населеныя пункты, не тое што асобныя пабудовы. А брук, па якім хадзілі і ездзілі продкі, — вось, пад нагамі.
У Беларусі такіх дарог не так і шмат. Некалькі гадоў назад даследаваць іх узяліся журналісты аднаго з беларускіх СМІ. Па «наводцы» чытачоў калясілі на машыне па розных рэгіёнах і нават склалі карту так званых брукаванак (многія з іх захаваліся ў маленькіх, малавядомых вёсках).
На Пастаўшчыне дарогі з каменю сустракала нячаста. Таму здзівілася, калі, едучы з Дварчан убок Вярэнек, непадалёк ад вёскі Барадзіно, убачыла метраў 500 бруку. Ён «выглядваў» з-пад прывычнай нам грунтоўкі — дзесьці больш выразна, дзесьці менш. Зацікавіла гісторыя гэтага кавалка дарогі.
Брукаванка ў кірунку Вярэнек
Усе адказы на пытанні атрымала пасля таго, як апублікавала фотаздымак бруку на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук». Адгукнуўся краязнаўца Кастусь Шыталь і даслаў копіі артыкулаў з газеты «Віленскі кур’ер», у якіх падрабязна расказвалася пра цікавы для мяне аб’ект.
Артыкул у газеце «Віленскі кур’ер»
Адзін з матэрыялаў выйшаў 6 лістапада 1936 года. У ім паведамлялася, што заканчваецца будаўніцтва важнай камунікацыйнай артэрыі — брукаванай дарогі Паставы—Кабыльнік—Вільня. Яна мае працягласць 130 кіламетраў, праходзіць праз тры паветы і такія населеныя пункты, як Міцкуны, Лаворышкі, Варона, Міхалішкі, Свір, Канстанцінава, Кабыльнік (сучасны аграгарадок Нарач), Вярэнькі.
Будаўніцтва брукаванай дарогі Паставы—Вільня ў лічбах:
Работы вяліся з 1927 па 1936 год.
Агульная працягласць трасы складала 130 кіламетраў.
Агульны кошт будаўніцтва — 3 101 019 злотых.
Дарога праходзіла праз 3 паветы — Віленска-Троцкі, Свянцянскі і Пастаўскі.
На аб’екце ў залежнасці ад відаў работ працавалі ад 200 да 1 200 чалавек.
Будаўнічыя работы былі распачатыя ў 1927 годзе. Адрэзак Вярэнькі—Паставы закончылі апошнім, у 1936-м.
Вядуцца работы па будаўніцтве трасы Паставы—Вільня
Калега з «Віленскага кур’ера» пісаў, што дарога цалкам сучасная. Яе шырыня складае 8,5 метра. Пры гэтым 5 метраў — цвёрдае пакрыццё, а 3,5 м — жвіровыя абочыны для фурманак. Па ўсёй трасе ўстаноўлены арыентацыйныя і ўказальныя дарожныя знакі, ахоўныя слупы, уздоўж высаджаны дрэўцы.
Аўтар падкрэсліваў: значэнне гэтай трасы ў эканамічным і культурным (турыстычным) развіцці рэгіёна вельмі вялікае. «Як нам вядома, хутка будзе афіцыйнае адкрыццё дарогі і перадача яе для грамадскага карыстання», — такім быў апошні сказ журналісцкага матэрыялу.
Гэта знакавая ў жыцці рэгіёна падзея адбылася 20 лістапада 1936 года. Яна таксама асвячалася ў газеце «Віленскі кур’ер», у №320 таго ж года.
Артыкул пра ўрачыстае адкрыццё дарогі Паставы—Вільня
У артыкуле, у прыватнасці, гаварылася, што агульны кошт будаўніцтва дарогі Паставы—Вільня склаў 3 101 019 злотых, адзін кіламетр абышоўся ў сярэднім у 26.750 злотых (для параўнання: у 1935 годзе за 7 000 злотых можна было купіць легкавы аўтамабіль). Крыніца сродкаў — дзяржаўныя крэдыты, а на працягу апошніх чатырох гадоў іх выдаткоўваў Фонд Працы.
Перарэзаўшы стужку, аб’ект адкрыў віцэ-міністр камунікацыі інжынер Юліян Пясецкі. Акт пасвячэння здзейсніў мясцовы ксёндз-дэкан Мацяеўскі. На ўрачыстасці з нагоды адкрыцця дарогі таксама прысутнічалі доктар Пачыньскі з Галоўнага Бюро Фонду Працы, дэлегат войска інжынер Тарасевіч, прадстаўнікі ўлад з Вільні на чале з ваяводам Бацяньскім і іншыя.
У газеце прыводзіўся факт: дарога з Пастаў з’яўляецца найбольш аддаленым участкам з цвёрдым пакрыццём, які злучае Вільню з іншым паветам.
Акт урачыстага адкрыцця дарогі Паставы-Вільня, падпісаны 20.11.1936
Кастусь Шыталь даслаў мне і расклады руху аўтобусаў да і пасля 1936 года. Дзякуючы адкрыццю новай транспартнай артэрыі час у дарозе для пасажыраў скараціўся з 6 з паловай гадзін да 3 гадзін 45 хвілін.
Расклад руху аўтобуса Вільня—Паставы. 1939 г.
У абодвух артыкулах з «Віленскага кур’ера» ўвага аўтараў скіроўвалася на тое, што траса Паставы—Вільнюс з’яўляецца часткай гістарычнага шляху Баторыя. Адкуль пайшла гэта назва, таксама папрасіла расказаць краязнаўцу.
Імя Баторыя вяртае нас да падзей XVI стагоддзя, калі падчас Лівонскай вайны Іван Грозны захапіў Полацк і гістарычную Полацкую зямлю. Граніца акупаванай тэрыторыі праходзіла праз Глыбокае. У 1579 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый пайшоў з войскам з Вільні на Полацк і пасля аблогі вызваліў яго.
Шлях караля і войска пралягаў і праз тэрыторыю сучаснай Пастаўшчыны, хутчэй за ўсё — праз Манькавічы, Савічы, сучасную тэрыторыю Варапаеўшчыны. Дзе ў XVI стагоддзі дакладна праходзіла дарога з Вільні на Полацк, сёння невядома. У крыніцах таго часу яна згадваецца як «droga Witoldowa» — Вітаўтава дарога.
Дарэчы, гэту тэму раней вывучаў і пастаўскі краязнаўца Ігар Пракаповіч. Разам з вучнямі ён неаднойчы здзяйсняў вандроўкі па прыблізным шляху караля Баторыя.
Вяртаючыся да тэмы брукаваных дарог, трэба адзначыць, што большасць вуліц у Паставах таксама былі такімі (гэта пацвярджаюць гістарычныя здымкі). На жаль, на іх месцы сёння асфальт. А вось у раёне па бруку можна пахадзіць, напрыклад, у Сяргеевічах — ён там выдатна захаваўся.
Вуліца Чырвонаармейская ў Паставах таксама была брукаванай
Яшчэ ў «Фэйсбуку» са мной падзяліліся інфармацыяй, што брукаванай была 11-кіламетровая дарога Лынтупы—Свянцяны. Паміж беларускім і літоўскім пунктамі пропуску (вёскамі Казнадзеюшкі і Попелікі) і сёння захаваўся кавалак бруку каля кіламетра даўжынёй.
На Лынтупшчыне ён быў у вёсках Каптаруны, Масленікі, Дамуці. У савецкі час брук шмат дзе засыпалі. Амаль не засталося следу і ад ранейшай 130-кіламетровай брукаванай дарогі з Пастаў да Вільні — незаасфальтаваным застаецца толькі ўчастак ад Дварчан да Вярэнек.
…Часта так бывае, што няўмольны час ад таго ці іншага аб’екта каменя на камені не пакідае. У выпадку з вышэйзгаданай трасай — пакінуў, няхай і нямнога. І камень гэты нагадвае, як шмат гістарычнага страчана і як многа, калі прыгледзецца, яшчэ можна для сябе адкрыць.
Іна Сняжкова.
Фота з адкрытых крыніц, з архіва раённага краязнаўчага музея і Кастуся Шыталя
источник: https://www.postawy.by/2020/11/ekskursii-v-proshloe-istoriya-130-kilometrovoj-bruschatki-postavy-vilnjus/
правообладатель статьи газета «Поставский край« от 05.11.2020 postawy