Знiчкi Айчыны: Паставы

     Паставы – адна з найцікавейшых старонак Віцебшчыны. Гісторыя гэтага паселішча даволі даўняя. Мы ж зазірнём у часіны, болей блізкія да нас. Свой адметны след у гісторыі горада пакінулі славутыя Тызенгаўзы — Антоній (1733–1785) і Канстанцін (1786–1853).

Менавіта Антоній, які займаў высокія гаспадарчыя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім, зрабіў шмат для перабудовы Паставаў, для пераўтварэння паселішча ў сапраўдны прамысловы, культурны цэнтр Беларусі. Дапамагаў яму ў гэтым клопаце архітэктар Джузепа дэ Сака. Новая па тым часе планіроўка Рынкавай плошчы, будаўніцтва дома рамеснікаў, гарадской канцылярыі і суда, школы, гатэля, аптэкі і рэалізацыя іншых архітэктурных праектаў – і ёсць іх заслуга ў пераўладкаванні Паставаў.

Пасля свой унёсак у развіццё горада зрабіў і Канстанцін Тызенгаўз. У яго палацы быў створаны арніталагічны музей. Адкрылася карцінная галерэя. Гаспадар выявіў сябе апантаным бібліяфілам, сабраўшы адзін з лепшых кнігазбораў на Віцебшчыне. Якія ж яшчэ славутыя імёны звязаны з Паставамі, пастаўскімі ваколіцамі?.. Хто першымі ўбачыў новае па тым часе аблічча горада?..

 

 

У красавіку 1855 года ў Паставах нарадзіўся пісьменнік і журналіст Леў Давыдавіч Зэйдэль. Спярша закончыў яўрэйскую школу. Пасля — тэхнічнае чыгуначнае вучылішча ў Вільні. Настаўнікам нашага земляка быў “чайковец” Аляксееў (між іншым, хатні настаўнік дзяцей Льва Мікалаевіча Талстога). Сацыяльныя, палітычныя погляды Льва Зэйдэля сфарміраваліся пад уплывам знаёмства з творамі Н. Міхайлоўскага, М. Салтыкова-Шчадрына. Друкаваўся ўраджэнец Паставаў у часопісах “Восход”, “Уральская жизнь”, “Русская жизнь”. Вядомы кнігі Л. Зэйдэля — “Выходцы из черты оседлости» (Санкт-Пецярбург, 1910), “Железнодорожники” (Екацерынбург, 1910). Напісаў ён і п’есу “Ірад Вялікі”. На жаль, болей звестак пра творчы і жыццёвы лёс Льва Зэйдэля няма.

У маёнтку Губіна на Пастаўшчыне нарадзіўся Антон Уладзіміравіч Станкевіч (1862–1919), расійскі і савецкі ваеначальнік. Імя яго, на вялікі жаль, згадваецца ў Беларусі не так і часта. У 1880 годзе Антон закончыў Віленскае пяхотнае вучылішча — вядомую кузню малодшых афіцэраў расійскай арміі. Прайшоў усе камандзірскія ступені. Першую Сусветную вайну пачаў камандзірам палка. Затым узначаліў брыгаду, дывізію. У 1917 годзе Антону Уладзіміравічу было прысвоена званне генерал-маёра.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Станкевіч пераходзіць на бок Савецкай улады. Камандаваў 42-й і 55-й стралковымі дывізіямі 13-й арміі Паўднёвага фронту. У час Арлоўска-Кастрамской аперацыі 1919 года ў выніку здрады начальніка штаба 55-й дывізіі былога генерала Лаўрыца з групай чырвоных камандзіраў патрапіў у палон. Перайсці на бок белагвардзейцаў адмовіўся і быў павешаны.

Пасмяротна Антона Уладзіміравіча Станкевіча ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга. Як герой грамадзянскай вайны Антон Станкевіч пахаваны каля Крамлёўскай сцяны ў Маскве.

Пастаўскія Ліпнікі — радзіма Героя Сацыялістычнай Працы Васіля Мікалаевіча Асяненкі (1916–1977). У час Вялікай Айчыннай вайны — партызанскі разведчык, сакратар Пастаўскага падпольнага райкама камсамола. Пасля — на партыйнай рабоце. Узначальваў Глыбоцкі райкам КПБ. Званне Героя атрымаў у 1966 годзе за поспехі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці на Глыбоччыне. Калі будзеце праходзіць па Паставах, то наўрад ці мінеце вуліцу Маркава. Яна названа ў гонар Героя Савецкага Саюза Фёдара Рыгоравіча Маркава, які нарадзіўся ў вёсцы Качанішкі.

Дарэчы, ёсць такія ж вуліцы і ў Вілейцы, і ў Лынтупах. У маі 1942 года наш зямляк быў прызначаны камандзірам партызанскай брыгады імя Варашылава, адначасова ўзначальваў ваенна-аператыўны аддзел Вілейскага падпольнага абкама КП(б)Б. Званне Героя было прысвоена 1 студзеня 1944 года. Цікавы лёс яшчэ ў адной удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны. Ганна Іванаўна Маслоўская нарадзілася ў вёсцы Курсевічы ў 1920 годзе. У 1942 годзе па заданні партызан у Паставах уладкавалася швачкай на працу да немцаў. Прыняла ўдзел у ліквідацыі нямецкага генерала. У сакавіку 43-га перайшла ў партызанскі атрад імя Пархоменкі.

Удзельнічала ў разгроме фашысцкіх гарнізонаў, а ў Залессі Ганна Іванаўна стала прыёмнай маці для 15 сірот, бацькі якіх загінулі ад рук фашыстаў.
Лідзія Паўлаўна Абрамава — з пасляваенных дзяцей старажытных Пастаў. Закончыла сямігодку. Паступіла ў Казанскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум.

 

Шэсць гадоў адпрацавала на ваенным заводзе. І, не пакідаючы работы, закончыла вакальнае аддзяленне Казанскага музычнага вучылішча. Следам паступіла ў Маскоўскі музычна-педагагічны інстытут імя Гнесіных. З 1978 года наша зямлячка — салістка Маскоўскай дзяржаўнай акадэмічнай філармоніі. У рэпертуары Лідзіі Паўлаўны — звыш тысячы твораў, вялікія праграмы рускай і замежнай класікі, старадаўнія рамансы і народныя песні. Спявачка аб’ездзіла з канцэртамі не толькі ўсю Расію, але і многія краіны свету: гастралявала ў Венгрыі, Італіі, Англіі, Францыі, Польшчы, Германіі, на выспе Мальта… Народная артыстка Расіі, яна доўгі час уваходзіла ў склад журы конкурса “Bella voce”. Лідзія Паўлаўна — яшчэ і прэзідэнт Рэгіянальнага грамадскага Фонда “Авэ Марыя”.

У 1957 годзе ў Паставах нарадзіўся Аляксандр Міхайлавіч Раеўскі (загінуў у 2008 годзе). Герой Расійскай Федэрацыі, заслужаны лётчык-выпрабавальнік Расіі, палкоўнік. Легендарная асоба, чалавек, вопыт якога як выпрабавальніка розных мадэляў самалётаў яшчэ надоўга застанецца ў арсенале авіяцыі Расіі і свету. У свой час Аляксандр служыў у авіяцыйным палку карабельнай авіяцыі на авіяносцы “Мінск”. Той факт, што Раеўскі з 1990 па 1994 здзейсніў 78 пасадак на палубу авіянясучага крэйсера “Адмірал Кузняцоў” (досыць часта — з надзвычайнай рызыкай для жыцця), і цяпер уражвае, сведчыць пра высокае майстэрства лётчыка-выпрабавальніка. А загінуў легендарны лётчык у аўтамабільнай катастрофе. Такое, на вялікі жаль, жыццё… Мне здаецца, што прыйдзе час — і нашаму земляку Аляксандру Міхайлавічу Раеўскаму будзе абавязкова пастаўлены помнік на радзіме.

Часта бываючы ў Паставах, на Пастаўшчыне, не мінаю сустрэч з краязнаўцам Ігарам Пракаповічам. Аднойчы пачуў ад яго такую думку: “Многія турысцкія маршруты для школьнікаў нашай старонкі і для тых, хто прыяз-джае ў раён, горад, можна было б распрацаваць з улікам месцаў нараджэння славутых землякоў”. Сапраўды, чаму б і не! Менавіта людзі, славутыя асобы, якія нечага дамагліся за свой век, упрыгожваюць гісторыю роднай старонкі. А Паставы, Пастаўшчына, акрамя згаданых славутых сыноў і дачок, — гэта яшчэ і лёсы паэтаў і празаікаў Уладзіміра Дубоўкі, Міхася Машары, Аркадзя Нафрановіча ды многіх іншых дзеячаў беларускай культуры.

Алесь Карлюкевіч
Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава

Опубликовано: 

источник: https://www.sb.by/articles/znichki-aychyny-pastavy-1285245021.html

Loading

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.