Медыцынскае вучылішча — «Нягучны юбілей»

     Сёлета спаўняецца 50 гадоў, як у Паставах перастала існаваць медыцынскае вучылішча.Пра тое, што ў нашым горадзе доўгі час было педвучылішча, ведаюць многія, а вось пра медыцынскае — не.

Называлася ўстанова Пастаўскі філіял Полацкага медвучылішча. Працаваў ён з 1964 па 1968 гады. Наборы ў яго былі два: у 1964-м і 1965-м гадах. Мы адначасова атрымлівалі сярэднюю адукацыю і спецыяльнасць “Медыцынская сястра”.

Заняткі праходзілі ў СШ №2 спачатку па вуліцы Ленінскай, дзе яна тады размяшчалася, а калі пабудавалі новую школу па Піянерскай, пераехалі туды. Займаліся з 15-ці да 21-й, а то і да 22-х гадзін. Падручнікаў па медыцынскіх прадметах не было, таму пісалі канспекты. У першай палове дня была практыка ў раённай бальніцы. Па агульнаадукацыйных дысцыплінах заняткі праводзілі настаўнікі, а па медыцынскіх — урачы Пастаўскай бальніцы.

Дырэктар медвучылішча Якаў Іванавіч Ашыхмін выкладаў у нас гісторыю, а калі на апошнім курсе засталіся толькі медыцынскія дысцыпліны, быў у нас класным кіраўніком. Удзельнік Вялікай Айчыннай, ён вельмі цікава расказваў пра вайну, вучыў толькі добраму, належным паводзінам у грамадстве. Некаторым дзяўчатам нават раіў, з якім хлопцам сустракацца, а якога пакінуць.

Напэўна, ва ўсіх выпускніц засталіся самыя светлыя і добрыя ўспаміны пра Якава Іванавіча. На жаль, ён даўно ўжо памёр. Пахаваны на могілках па вуліцы Ціхай. Я, калі бываю там, заходжу да яго на магілку.

У медвучылішчы займаліся толькі дзяўчаты, на кожным курсе па 60 чалавек. Але сумна нам не было. У той час Паставы былі ваенным горадам. Разам з вайскоўцамі мы рыхтавалі канцэрты, ладзілі святочныя агеньчыкі. На розныя мерапрыемствы нас запрашалі ў клубы 5-га і 6-га гарадкоў. І заўсёды з намі ездзіў Якаў Іванавіч. Да 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі падрыхтавалі грандыёзны канцэрт. Напярэдадні на некалькі дзён нас вызвалілі ад заняткаў і на спецыяльным аўтобусе вазілі на рэпетыцыі ў клуб 5-га гарадка.

Пасля заканчэння вучылішча размеркаванне было ўсесаюзным. Выпускніцы працавалі ў Вільнюсе, Растове, Сібіры, на Сахаліне і Камчатцы. Некаторыя прадоўжылі вучобу, сталі ўрачамі. Але ўсё ж большасць дзяўчат засталіся працаваць у Беларусі: у Паставах, Шаркаўшчыне Браславе, Глыбокім.

Зараз амаль усе ўжо на заслужаным адпачынку, многіх няма ў жывых. Тыя, хто застаўся, напэўна, памятаюць гады вучобы. Я таксама скончыла Пастаўскае медвучылішча, з некаторымі сяброўкамі па ім падтрымліваю сувязь да гэтага часу.

На гэтым здымку адна з падгруп на практыцы па хірургіі. У цэнтры — урач-хірург Юрый Іванавіч Ляховіч. На жаль, яго даўно ўжо няма ў жывых, трагічна загінуў.

Пішу з надзеяй, можа, хто з былых студэнтак Пастаўскага медвучылішча прачытае гэтыя радкі, успомніць лепшыя гады жыцця, сябровак, выкладчыкаў, сходзіць на магілу Якава Іванавіча Ашыхміна, добрага настаўніка і цудоўнага чалавека.

Стэфанія ЯКАВІЦКАЯ (Ластоўская), г. Паставы

по материалам ист: http://www.postawy.by/2018/04/nyaguchny-yubilej/

Loading

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.