в. Яўнэлішкі — паданні Пастаўскага края

     в. Яўнэлішкі, ды хто такія вукулы, ды актыры. (ПАДАННЕ І ПАВЕР’І) Калісьці, на тым месьце, дзе цяпер Яўнэлішкі стаяць, жыла старая знахарка Анэля. Яна магла распазнаць у чалавеку, ці жывёле вукулу, ды ўмела адбараніць людзей і скаціну ад актыраў. На гэта і жыла. Вукула, — гэта вядзьмак, які можа пераварочвацца ноччу ў жывёлу і шкодзіць людзям. Яшчэ ёсьць такія вукулы, што дапамагаюць людзям.

Лынтупы

Гэтыя вукулы палучаюцца, калі злы вядзьмак са сваёй злосьці якога добрага чалавека перавярне ў якога звера. Вось гэтыя вукулы людзям не шкодзяць, бо самы жа людзямі і застаюцца, толькі ў скуры якога звера.

Вукулы розныя бываюць і па рознаму называюцца. Вось, той, што ў ваўка перавернуты,- воўкалакам называецца, а што ў мядзьвядзя, — локісам. От, не памятаю, як вукулу называюць, што ў ката перавернуты. Але, гэтага вукулу можна лёгка адрозьніць ад простага ката! — Кажуць, што калі ў ката абодва вокі рознага колеру, дык, гэта, бяз спрэчкі, вукула катовы! Гэты катовы вукула сам, калі захоча, можа перавярнуцца назад у чалавека ў поўнач на Яна і ў калядную ноч.

А, вось, іншыя вукулы па свайму жаданню зноў чалавекам стаць не могуць, бо вельмі моцнае чараўніцтва ведзьмакоў іх трымае. Актыры, — гэта душы памершых ведзьмакоў, якія жывуць у целе кажаноў, могуць знянаку напасьці ноччу на чалавека, ці скаціну і высмактаць усю кроў.

Актыры жывуць на старых магільніках і ў гушчарах леса, днём схаваўшыся сьпяць, а ноччу, як і камары, вылятаюць на паляванне. Іх сустрэць вельмі небясьпечна! Анеля жыла адна, таму,неяк, узяла да сябе на выхаванне аднаго хлопчыка — сірацінку з мястэчка.

Калі хлопчык той падрос, зрабіўся вельмі прыгожым і працавітым падлеткам. Людзі толькі дзівіліся яго прыгажосьцю , ды здольнасьцямі да хоць якой працы. — Уся праца кіпела ў яго руках! І людзі, дзівячыся на яго, пыталі: — «Чый жа ты такі будзеш?» А хлопец кожны раз адказываў: — «Я ў Нэлі жыву!» Вось, з-за такога яго шторазовага адказу, хлопца і празвалі Яўнэль!

Калі Анеля памерла, Яўнэль так і застаўся жыць ў яе хаце, пасьля, з жонкай, ды сваімі дзяцямі. А мянушка Яўнэль прыліпла да ўсяго іхнага рода. Ды і вёску, ў якой жылі дзеці і ўнукі Яўнэля, так і да сёняшняга дня называюць, — Яўнэлішкі.

* * *

   Ур. Плюшчышкі, ды як пакарала жабрачка волата за працу на сьвята. (МІФІЧНАЯ ЛЕГЕНДА) Запісана ад Гарбуль Агнешы Фамічны, 1911 г. нарадж., з в. Шудаўцы. Запісаў 5 красавіка 1986 г., Алесь Гарбуль.

Мой дзед казаў, што ў Плюшчышках у незапамятныя часы жыў адзін волат. Гэты волат разплюшчываў камяні на ценькія пласьціны, вырабляў з іх сякеры, малаткі, і іншыя патрэбныя да працы рэчы. Таму тога волата і празвалі Плюшча.

Раней жа жалезных рэчаў не было, таму людзі з ахвотай куплялі ў тога Плюшчы яго каменныя вырабы. Неяк, адзін багатыр замовіў у Плюшчы зрабіць да Новага году адразу шмат сякераў. А час тады быў, якраз, перад Божым нараджэннем , і Плюшча палічыў, што не пасьпее выканаць замову да назначанага тэрміну, таму пачаў працаваць і ў сьвята Божага Нараджэння. У той дзень, толькі ён сеў за працу, як чуе стук у дзьверы. Плюшча адкрыў дзьверы, і ўбачыў на парозе старую жабрачку, згаладалую і зняможаную ад доўгай дарогі. Жабрачка папрасіла ў волата скарынку хлеба і прытулку. Плюшча, абураны тым, што яго адарвалі ад працы, паабяцаў выканаць прозьбу жабачкі пасьля заканчэння працы, а пакуль загадаў ёй чакаць на дворы. Калі волат скончыў працу і адкрыў дзьверы, дык, ля парога на снезе знайшоў жабрачку ўжо нежывой. Пасьля гэтага, дух жабрачкі не трапіў на Неба, а застаўся на Зямлі і да Новага года зьвёў з гэтага сьвету і Плюшчу.

А тое месца людзі пачалі называць Плюшчышкі, ад імя тога волата. Кажуць, што здань памершай жабрачкі да сёняшняга дня па начах ходзіць у Плюшчышках і забірае на той сьвет тых, хто працуе ў нядзелю, ці на сьвяты.

* * *

     Балота Сьвілоўскае Поле і Зьмееў камень. Байка аб зьмяінай матцы і вогненым зьмеі. (МІФІЧНАЯ ЛЕГЕНДА) Гэта таксама мой дзед расказываў.

Казаў, што ў маленстве, ад некага са старых гэту байку пачуў. Калісьці ў нашым краі жыла зьмяіная матка Сьвіла. І абласавалася тая Сьвіла дзяцей людскіх жэрці. Таму, ейны сын, лятучы вогнены зьмей, лётаў па зямлі, дыхаў са сваёй пашчы агнём на людскія хаты, а калі людзі выскоквалі з хатаў, ратуючы сябе ад полымя, ён хапаў іхных дзетак і адносіў на сьняданак , ці вячэру сваёй матцы. Нязьлічоная колькасьць мужных рыцараў злажылі свае галовы ў бойках з тым зьмеям, а ўсё дарэмна. — Ніхто не мог перамагчы тога праклятага зьмея і знайсьці ад яго паратунку.

Пазьней, калі ад агню зьмея выгарэлі ўсе нівы з усім ураджаем, пачаўся голад, І людзі ўжо самі, са сьлязамі на вачах, пачалі прыводзіць некаторых са сваіх дзяцей да зьмяінай маткі. Яны думалі, што гэтым выратуюць астатніх дзяцей ад галоднай сьмерці, і лічылі, што зьмею больш не будзе патрэбы паліць іхнае жытло і хлябы на нівах. Яны жа тады не ведалі, што зьмяіная матка жарэць іхных дзетак. Толькі тыя дзеці, што прыводзілі людзі, ды калі-кольвек прыносіў зьмей, былі з-за голада ўсе пасхуднеўшы, і зьмяінай матцы не падабаліся. Таму, каб трохі адкарміць іх, зьмей са сваёй маткай вырашылі тых дзетак патрымаць у сябе, а каб не елі дарма хлеб, прымусілі іх працаваць на сваім полі.

Не магчыма перадаць словамі, як зьдзекаваліся зьмеі з гэтых дзетак. Ад зоркі да зоркі гнулі сьпіну дзеткі на полі Сьвілы. І за гэту цяжкую працу атрымлівалі толькі па скарынцы хлеба, ды крывавыя шрамы на сваіх сьпінах ад бізуноў Сьвілы і яе сына. Ад сваіх бездапаможнасьці, ды гора, днём і ноччу, безперапынку, лілі сьлёзы тыя бедныя дзеткі, і не было нікога, хто б ім дапамог.

Ад сьлёзаў тых бедных дзетак ужо і поле Сьвілы пачала ў балота ператварацца, ды слёзы тыя пачалі затопліваць хады і жытло мурашак. Несьцярпелі, нарэшце, мурашкі,гледзячы на тыя зьдзекі зьмеяў над беднымі дзеткамі, і паскардзіліся свайму каралю. А мурашыны кароль узлез на верхавіну векапомнага дуба, дачакаўся пакуль вецер, абляцеўшы сьвет і назьбіраўшы павуціння, будзе вяртацца назад на неба, схапіўся за адну павуцінку, што нёс вецер Богу, і так сам папаў да Бога.

Як сеў Бог за кросны ткаць з тога павуціння хмары, тут і падыйшоў да яго мурашыны кароль, ды разпавёў яму пра зьдзекі тых праклятых зьмеяў над беднымі дзеткамі. Бог моцна разгневіўся на зьмеяў, і ў гневе сваім лупануў пяруном у жытло зьмяінай маткі. Зямля ад пяруна разступілася, і хата Сьвілы разам з самой зьмяінай маткай праваліліся пад зямлю. Адразу, тое месца, дзе правалілася хата Сьвілы разам з гаспдыняй, запоўніла вада і стварыўся невялічкі ставок.

У той час сынок Сьвілы недзе лётаў па сьвеце і не бачыў што сталася з яго маткай і іхным жытлом. Вось ён, не ведаючы гэтага, калі ў прыцемках вяртаўся дамоў, і плюхнуўся ў той ставок, ды так наглытаўся вады, што ледзь жывы выскарабкаўся на бераг. Тут і наляцелі на яго мурашыны кароль са сваім мурашыным народам, ды пачалі ірваць яго цела. Зьмей паспрабаваў спаліць мурашак агнём , ды замест агню з пашчы ішоў толькі бязшкоды пар. Тады зьмей паспрабаваў падняцца на крылах у паветра, каб уцячы ад сваіх ворагаў, ды і гэта не атрымалася, бо цяжар набітага вадой бруха, надзейна прыкуваў яго да зямлі.

Так, за ноч і абглыдалі мурашкі ўсё цела зьмея, заставіўшы толькі сэрца, бо сэрца тога зьмея было каменным. Вось, з тых даўнейшых часоў балота Сьвілоўскае Поле так і завецца, бо калісьці тут поле было зьмяінай маткі Сьвілы, і ператварылася ў балота ад сьлёзаў бедных дзетак. Ну, і каменае сэрца яе сыночка, вогненага зьмея, да цяперашняга часу ляжыць на беразе Янавіцы, недалёка ад Яўнэлішак. Яно выглядае так, як мазгі чые, такое ўсё пагрымзанае, бо мурашы спрабавалі і яго згрысьці, хоць яно і з камяня. Людзі гэта сэрца зьмея называюць цяпер Зьмяіны камень.

Калісьці, хлапчукі- падлеткі, каб увабраць у сябе вялікую моц тога зьмея, на Юр’ю здымалі з сябе ўсю адзежу і па чарзе садзіліся на яго, а пасьля, поўнасьцю голыя дужаліся паміж сабой. За гэтымі спаборніцтвамі строга наглядалі старыя, каб не пакалечылі што сабе. І самага дужага, той, хто перамагаў усіх, прымалі ў спулку дарослых мужчынаў, ды цэлы тыдзекнь частавалі па ўсіх хатах.

Цяпер ужо няма гэтага, — забыліся звычаяў тых старадаўніх. А ставок той, што стварыўся на тым месцы, дзе правалілася пад зямлю хата зьмяінай маткі патрохі зарастае дрыгвой, але яшчэ ёсьць чыстае месца, дзе падлеткі, патаемна ад дарослых купаюцца, хаця там няможна купацца зусім, бо зьмяіная матка прачынаецца пасьля Пятра і цягне за нагу на дно тых, хто аслухаўшыся купаецца там. Гой, колькі яна ў тым стаўку неслухаў утапіла!

Раней, каб тая зьмяіная матка не забірала на той сьвет дзетак, і каб ніхто з сям’і не ўтапіўся, першы раз, — на Пятра, а другі раз, — на рускага Іллю, прыходзілі да тога стаўка, маліліся, і кідалі ў ваду вянкі, сьплеценыя з крапівы і ядлаўцу, ды абавязкова высушаныя, бо нічога жывое і зялёнае туды няможна было кідаць. Яшчэ, калі хто біў на мяса якую скаціну, трыбухі кідалі ў той ставок да зьмяінай матцы, гэта, каб скаціна не схуднела і жыта сонцам не выпаліла б.

* * *

Алесь Гарбуль

з крыніцы: https://ok.ru/lyntupy/topic/69077908963496

Loading

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.