Брыльянт у россыпах культурнай спадчыны
Створаны ў 1991 годзе, фальклорны ансамбль “Паазер’е” не перастае здзіўляць сваёй адметнасцю і выканальніцкім майстэрствам.
У 1993-ім яму прысвоена званне “народны”, у 2003-ім — “заслужаны”, а ў 2004-ым калектыў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”
“Паазер’е” з’яўляецца лаўрэатам многіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў, яго дыпломаў, грамат, узнагарод проста не злічыць. Пра творчы шлях калектыву-юбіляра — у інтэрв’ю з яго кіраўніком Анатолем Анатольевічам Собалем.
— Анатоль Анатольевіч, калі ласка, узгадайце, як усё пачыналася.
— Да 1991 года існаваў Груздаўскі цымбальны аркестр, а ў яго складзе — фальклорны ансамбль “Груздаўскія дзяды”. У канцы 80-ых да знакамітых і паважаных музыкаў, слава пра якіх разнеслася далёка за межы раёна, далучыліся пяць выкладчыкаў Пастаўскай музычнай школы, сярод якіх быў і я. Разам мы выконвалі 15-хвілінныя праграмы, з якімі выступалі ў райцэнтры і сельскіх населеных пунктах. Запрашалі нас і ў іншыя гарады Беларусі, нават у Літву.
І мне захацелася стварыць, так бы мовіць, мабільную групу з маладых выканаўцаў, каб з імі выступаць на публіцы. Але ж я — дырэктар музычнай школы (з 1978 года), чалавек заняты, і аркестр, якім кіраваў, таксама патрабаваў шмат часу. Таму звярнуўся да кіраўніцтва аддзела культуры з просьбай даць часовае паслабленне для аркестра, каб мець большыя магчымасці займацца рэалізацыяй сваёй ідэі, на што атрымаў згоду.
У 1990-ым пры музычнай школе быў сфарміраваны новы склад ансамбля. У яго ўвайшлі Ванда Мацкевіч, Галіна Барысюк, Надзея Няфедзіна, Вольга Кацянёва, Яраслаў Зямчонак, Наталля Бялапка, Тарас Грыгарчук, Аляксандр Собаль, Віктар Жук, Галіна Хвядзевіч, Юрый Красоўскі і я. Вядучай і салісткай стала Ірына Макоўская.
— З часам склад абнаўляўся?
— Безумоўна. Так, у 1991 годзе замест скрыпача Тараса Грыгарчука, які паехаў да сябе на радзіму, ва Украіну, прыйшла выкладчыца школы Галіна Пліско. У 1994-ым разам з мужамі-ваеннымі Паставы пакінулі Надзея Няфедзіна і Вольга Кацянёва, а іх месцы занялі цымбалісткі Алена Антух і Ірына Рагіня, дабавіліся таксама гарманіст Іван Антух і салістка Алена Лукасевіч. Пазней “Паазер’е” папоўнілі Жанна Гучык, Вікторыя Кірплюк, Людміла Януковіч, Антон Таразевіч, Таццяна Гутарава, Аляксандр Савук. На сённяшні дзень у ансамблі 14 музыкантаў.
— Чым кіраваліся пры іх падборы?
— Пачну з таго, што палова школьных выкладчыкаў была ў складзе Груздаўскага аркестра, з якім я стаў працаваць у 1984 годзе. Ведаў іх творчы патэнцыял, тым не менш перагаварыў асабіста з кожным, растлумачыў, колькі і якіх музычных інструментаў патрэбна і, адпаведна, колькі — саміх музыкантаў. Некалькі чалавек адмовіліся ад маёй прапановы, астатнія ахвотна ўключыліся ў творчую працу. І зазвінелі цымбалы, і палілася песня…
— І калектыў стаў “Паазер’ем”. Чаму?
— Наша першае выступленне адбылося 21 лютага 1991 года ў Доме культуры па вуліцы Станкевіча, яно прысвячалася Дню Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту. Вядучыя аб’явілі проста: фальклорны ансамбль Груздаўскага цымбальнага аркестра. Пасля канцэрта мы сабраліся ў школе абмеркаваць сваю прэзентацыю, а заадно і вызначыцца з назвай. Я прапанаваў некалькі, у тым ліку “Пастаўскія цымбалісты”, “Пастаўскія музыкі”, “Спадчына”, “Паазер’е”. Усе сышліся на апошняй. І вось чаму. Справа ў тым, што ў 1984 годзе тэлевізіёншчыкі здымалі фільм пра Груздаўскі цымбальны аркестр. Быў падрыхтаваны цыкл перадач пад назвай “Загучаць галасы цудоўныя”. З рэжысёрам я працаваў дзесяць дзён і за гэты час адкрыў для сябе Паазер’е — наш край, геаграфічнае месца. Само слова мне падалося такім каларытным і ўнікальным, што я проста ўлюбіўся ў яго. Пра ўсё гэта расказаў калегам, і яны пагадзіліся.
— Ведаю, што калектыву сваю назву потым прыйшлося адваёўваць. Раскажыце чытачам пра гэта.
— Канкурэнты-“паазерцы” з’явіліся ў Віцебску. На тым першым канцэрце 21 лютага ў Доме культуры прысутнічаў спецыяліст з абласнога Дома народнай творчасці, які ў раён прыязджаў з мэтай аказаць метадычную дапамогу. Быў ён і на нашым абмеркаванні выступлення і, вядома ж, чуў, што калектыў вырашылі назваць “Паазер’ем”. Паехаў у Віцебск, расказаў пра новы пастаўскі ансамбль і, можа, пахваліў, а назву “Паазер’е” прапанаваў віцебскаму калектыву, у які ўваходзіў сам. Напэўна, думаючы, што нашы шляхі-дарогі ніколі не перасякуцца, маўляў, дзе Віцебск, а дзе — Паставы.
«Страсти» разгарэліся падчас фестывалю “Іграй, гармонік!”, які праходзіў 24-26 мая ў Магілёве. Мы выступілі ўдала, заваявалі тры дыпломы і галоўны прыз. Але… Першымі на сцэну па ўзнагароду выбеглі віцябчане. Асабіста я не меў нічога супраць віцебскага “Паазер’я”, бо разумеў, што выканальніцкі ўзровень у артыстаў высокі. Але ж несправядлівым палічыў тое, што яны прысвоілі нашу назву. Прайшло некалькі хвілін, і галоўны прыз быў вернуты нам, сапраўдным пераможцам. Так распарадзіўся старшыня журы М. А. Казінец, даведаўшыся, у чым справа. Знайшліся людзі, якія параілі адстойваць назву “Паазер’е”, і мы гэта зрабілі. Тады ж, на фестывалі, пазнаёміліся з нашым земляком, работнікам Міністэрства культуры Тадэвушам Іванавічам Стружэцкім, які і сказаў сваё важкае слова наконт таго, што фестывалю месца ў Паставах. Што і збылося.
— І стаў наш горад цымбальнай сталіцай, а “Паазер’е” — шыкоўным упрыгажэннем фестывалю…
— Так, старт, як пацвердзіла жыццё, аказаўся ўдалым. Мы атрымлівалі запрашэнні выступіць на розных культурных мерапрыемствах у Віцебскай вобласці і Беларусі, станавіліся лаўрэатамі многіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў.
Асобная тэма — паездкі за мяжу, дзе “паазерцы” годна прадстаўлялі беларускае нацыянальнае мастацтва і адкуль вярталіся лаўрэатамі. Мы пабывалі ў Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Расіі, Малдове, Югаславіі (Сербіі), ва Украіне, Германіі, Славакіі. І пры гэтым ніколі не забывалі пра пастаўскіх гледачоў — шчырых, добразычлівых і такіх адданых.
Удзельнічалі ў конкурсах метадычнай творчай работы, здымаліся на тэлебачанні і запісваліся на радыё. І не магу не сказаць пра тое, што амаль усе знакавыя падзеі ў краіне не абыходзіліся без нашага ўдзелу.
— Напэўна, была самая цікавая паездка, успамін пра якую і цяпер грэе душу?
— Такіх паездак шмат. Адна з незабыўных — у Дагестан. Дарога няблізкая, дабіраліся цягніком. А мы ж ехалі не з пустымі рукамі — кантрабас, гармонікі, цымбалы, сцэнічныя касцюмы з сабой. У Маскве перасадка, а мы з такім грузам. Але ўсё гэта нішто ў параўнанні з пазітывам і ўражаннямі, з якімі вярнуліся. Дарэчы, у паездках нас заўсёды суправаджала вялікі аптыміст і ідэйны натхняльнік Наталля Мікалаеўна Булавінцава, былы начальнік аддзела культуры райвыканкама.
— Анатоль Анатольевіч, як гледачы ўспрымаюць “Паазер’е” і ці сочыце за публікацыямі, якія датычаць ансамбля?
— За публікацыямі і водгукамі сачу ўважліва, матэрыялы пра ўсе паездкі захоўваю. Гэта ж наш архіў. Цяпер што датычыць гледачоў. За ўсе 25 гадоў ніводнага крытычнага водгуку не чуў, толькі станоўчыя. Асабліва калі выступаем за мяжой. Пасля канцэрта сцэна запаўняецца самымі адданымі нашымі прыхільнікамі. Як правіла, падкрэсліваюць: мы ж землякі (хоць самі, можа, з Брэста ці Магілёва). Дзякуюць за тое, што мы “Радзіму ў замежжа прывезлі”. З задавальненнем нас слухаюць расіяне ў нарачанскіх санаторыях, куды нас запрашаюць, распытваюць пра музычныя інструменты, асабліва пра цымбалы.
— Значыць, можна гаварыць пра феномен пастаўскага “Паазер’я”?
— Можна, і найпершае пацвярджэнне таму — творчыя лабараторыі, якія некалькі разоў праводзіліся ў рамках фестывалю. Іх удзельнікамі станавіліся кіраўнікі мастацкіх калектываў з Беларусі і краін замежжа, навукоўцы, а адным з галоўных пытанняў было навучанне ігры на дыятанічных цымбалах у рабоце “Паазер’я”.
Да таго ж творчая дзейнасць Груздаўскага цымбальнага аркестра, “Груздаўскіх дзядоў” і “Паазер’я” адлюстравана ў навуковых працах, даследаваннях. А былыя студэнты — некаторыя з цяперашніх “паазерцаў” — пісалі і абаранялі дыпломныя работы на багатай груздаўскай спадчыне.
— Анатоль Анатольевіч, аднойчы пачула, як “Паазер’е” назвалі брыльянтам у россыпах культурнай спадчыны. Не пагадзіцца з гэтым нельга. Дык на якім фундаменце трымаецца самабытнасць ансамбля?
— У аснове яго дзейнасці — груздаўская выканальніцкая школа, а такога больш нідзе няма. “Фішка” інструментальнага складу “Паазер’я” — дыятанічныя цымбалы, на якіх ігралі “Груздаўскія дзяды”, а цяпер іх дзеці і ўнукі. Так ёсць сёння, спадзяюся, і заўтра будзе. Лёс у нашых цымбалаў зайздросны — звінець ім над краем і жыць у вяках.
Гутарыла Галіна ПІШЧ.
Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА і з архіва «Паазер’я
ист: http://www.postawy.by/2016/06/brylyant-u-rossypax-kulturnaj-spadchyny/
Среда, 8.06.2016 16:47. Рубрика: 2016 — Год культуры, Афіцыйна, Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік»
фото разных авторов из открытых источников интернета
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.