
Змены трэба пачынаць з сябе Вясковы паэт Люцыян жыве ў вёсцы Хрыстова Пастаўскага раёна. Яго сядзіба адметная тым, што на ёй стаіць больш за дзесятак шпакоўняў.
Зараз ён даглядае хворую жонку. Мы наведаліся ў госці да спадара Люцыяна, каб паслухаць яго вершы, яго думкі пра жыццё.
І хаця Люцыян Шчасны не скончыў нават сярэдняй школы, ён разважае лепш за некаторых тых, хто мае па два дыпломы аб вышэйшай адукацыі.
Даслана Зьміцер Лупач, 05.04.16
из ист: https://ok.ru/postavyret/topic/68836013411091
“Голас з рэзервацыі” Люцыяна Шчаснага
Думку паэта Януся Мальца я ўлаўліваю, прыкладна, так: “Чытаў-чытаў чарнавыя сшыткі вершатворцы. Аж гляджу – гэта ж паэт”. І сапраўды ў прадмове да зборніка “Голас з рэзервацыі” Люцыяна Шчаснага піша: “Паглыбляючыся ў чытанне, я ўсё больш і больш пераконваўся, што перада мной прыстойнае, не пазбаўленае таленту, арыгінальнае бачанне рэчаіснасці…”. І, значыць, выбраў, “прычасаў” суадносна са сваім густам…”. Янусь жа – гумарыст у сваёй творчасці. Зміцер Лупач звярстаў. І ў Глыбокім, у рэдакцыі рэкламнай газеты “Прэфект- інфо” выпусцілі кніжку Люцыяна. Тут жа прайшла прэзентацыя. Арганізаваў сустрэчу з аўтарам для суполкі ТБМ кіраўнік яе, той жа Зміцер.
Люцыян Шчасны зацікавіў прысутных сваёй асобай праз кнігу. Паэт-селянін, усяго толькі з базавай школай, вядзе аповед пра лёс, у які ўвесь час укручвалася думка пра нейкі недасягальны свет. Цяпер на сустрэчы паэт кажа, увесь час паўтарае, што трэба верыць у Бога. Цягу да слова ў Люцыяне заўважылі людзі, аднавяскоўцы і тыя рупліўцы аб гісторыі роднага краю, пра якіх кажа паэт Янусь Малец у прадмове да кніжкі “Голас з рэзервацыі”. Важна, што з усяго грэшнага наслаення Шчасны памкнуўся вызваліць душу мастацкай шчырасцю. Яна ў ім верхаводзіла. І, чытаючы Люцыянаву кніжку, думаю, што ён напэўна сказаў сабе цвёрда:
Плюнь на гарэлку, на цыгарэты!
Люцік з Хрыстова! Стань ты паэтам!
Бо нездарма ж яго
Іменем цёплым, кветкавым словам
Люцікам клічуць людзі Хрыстова.
У кнізе я спыню ўвагу на беларускіх вершах. Роднае слова гучыць і ўздзейнічае ямчэй. Яно выліваецца з душы народным напевам, вылятае іскрынкай гумару:
Вось дзянёчак ужо восьмы
Дымам не душуся.
І настрой такі харошы,
Хоць усім дай бусю.
Імгненнасць жыцця паэт ужо ўявіў.
Уздыхаю я нялёгка
Ад жыцця-агрызка:
Як да пенсіі далёка,
А да смерці блізка!
І пра тое зразумеў, як зямное пекла захоплівае ў палон.
Ці такая доля,
Ці то ад распусты
Меў я многа болю
І цярпеў пакуты.
І пра змаганне з сабой.
Перад самай дамавінай
З дапамогай Бога
Я курыць, напэўна, кіну.
І не п’ю ўжо доўга.
Сёння Люцыяна не заўважыш п’яным. Яго творчасць працінае цвярозая назіральная думка:
Чорная дарога
Белыя аблокі.
Новага нічога
У жыцці нялёгкім.
Тыя ж лістапады
На вадзе і сушы
Той жа час няпраўды
Адурманіў душы.
Натура Люцыяна шукальная, неспакойная ад прыроды. Яна патрабуе споведзі. І, менавіта, у народна-гумарыстычным стылі. Яна пяе, уздыхае, іранізуе, жартуе. Практычна спазнаўшы жыццё, паэт мае ўнутранае запатрабаванне сказаць. І незвычайна. Найперш ад сябе і пра сябе. Таксама пра іншых. Усё, што думае. Адкрыта і разняволена. Часам, арыгінальна, знаходліва. Бывае, думка чарахне тоненькай бліскавіцай:
І пад тысячай ідэй
Ліхадзей хай згорбіцца.
А за Леніна жывей
Нізашто не зробіцца.
Намёкліва кажа:
Так багі наш свет зрабілі,
Што ад самай даўніны
Толькі, мусіць, у магіле
Пазбаўляешся маны.
Або гратэскна заключае:
…Не жыццё – жахлівы сон…
Колькі б нам збярог здароўя
Тэлек выкінуты вон!
Прысутнічае ў Шчасным і годнасна-самаацэначнае пачуццё, накшталт, “мы самі з вусамі”, якое выяўляецца з дыялогаў на прэзентацыі. Хоць між іншым і рукой махне на сваю творчасць. Тут жа згумарыць. І дасць самаацэнку, як у вершы
Напісаў бы оду пану
Ці царку якому,
І твой твор, хоць і паганы,
Стаў бы ўсім вядомы.
А калі ты словаблуддзем
Лечыш свае раны,
То заўсёды табе будзе
На зямі пагана.
І прагучыць яшчэ мацнейшы самадакор
Сяджу нярэдка і глытаю
Свае слязінкі ў роднай хаце,
Што я скажу, як запытае
Сам Бог, на што я талент траціў?
На заключным радку мне хочыцца працытаваць поўнасцю стройны верш:
У маім у сэрцы
Неяк нечакана
Светлыя надзеі
Сёння расцвілі.
І няма жадання
Свет клясці паганы
І ўсю тую нечысць,
Ёсць што на зямлі.
На кустах і дрэвах –
Снежныя карункі,
Белыя пярыны
На прсторах ніў
І мяняе вецер
Часта накірункі,
Нібы ён дарогу
Некуды згубіў.
Трапны вобраз мастацкага афармлення думкі Люцыяна і на вокладцы. У выдаўцоў радасць. Усё-ткі выйшла кніжка. Трэццяя. І ўжо зацікаўлены чытачы паэтам Люцікам, з Хрыстова Пастаўскага раёну.
Марыя Баравік
из ист:http://tbm-mova.by/news_570.html
А ў заключэнне прыводзім верш, які прысвяціў паэту яго зямляк Язэп Квач.
Усе кажуць, што мы нацыя паэтаў,
І сам грашу, ды сумнявацца стаў.
І вось нядаўна, акурат у каляды,
Я ў Хрыстова ў госці завітаў.
Тут не адзін, а цэлых тры:
Бард Машніч Чэсік, усім вядомы Малец Ян,
Ды сёння тут мяне цікавяць
Не два яны, а Шчасны Люцыян!
Адкрыты, шчыры, ад душы вясёлы,
Зямляк нязнаны ў хату запрасіў.
Пра вёску, уладу, пра Радзіму і маму –
Усю душу сваю ён мне адкрыў.
І вось я ўжо пішу партрэт старога,
Хаця ў сваім запале, ўзлёце дум
(Пабачыў і пражыў на свеце многа)
Ён фору дасць і маладым.
Пісаць пачаў яшчэ чытаць не ўмеўшы;
На дзверах вугалем, сваім вязьмом,
І гэта адпаведна “ацаніла” мама,
Інакш ці стаў бы песняром.
Прабач, цябе хацеў упікнуць я за двухмоўе.
Што аддаеш пашану рускай і чаму?
Бо напісаў на ёй ты добрую палову.
А колькі яшчэ ў зборнік не ўвайшло?
Мяне ты прасвяціў, расставіўшы ўсё па месцах,
калі ў Сібіры тры гады служыў.
Лічылі за свайго цябе між азіятаў,
А сны на роднай мове ўсё ж ты сніў.
У Маскве гандлярак-беларусак дзвюх пабачыў,
Пачуўшы нашу мову, ты душой ажыў,
Уперся ў сцяну і наўзрыд ты доўга плакаў –
І ўсё вярнулася, а тры гады як і не жыў.
Ты крочыш па жыцці не горшы і не лепшы,
Грашыў умеру, трохі болей піў, гуляў.
Ды хоць і так, а дня ты да апошняга стараўся,
Каб ад граха смяртэльнага Ўсявышні ўсіх нас ратаваў.
Чытаеш шмат – жыццё тым пасцігаеш.
Што добра дзецца, а што не так.
За гэта цэніш, любіш кнігу,
Не ступіш на яе нагой – і гэта добры знак.
І вучыш ты пісаку маладога
Любіць усё роднае і блізкіх паважаць
І калі ёсць пакліканне ад Бога,
Свой талент каб не смеў ён закапаць.
А на пытанні пра хто вінен, хто там праў,
Пра нашы беды, недахопы.
Мне Люцік сваю ісціну сказаў:
“Шукайце Бога, асталопы!”
СМ. в категории «РАЗНОЕ»