З Фяцініяй Іванаўнай Філімонавай пазнаёміла дырэктар Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіяна Іванаўна Пякарская.
Разам з ёй завіталі ва ўтульны дом у Лынтупах, каб павіншаваць гаспадыню з 90-годдзем. Юбілярка сустрэла шчыра.
Прыемна, што людзі мяне памятаюць і паважаюць, — гаварыла. — Перад днём нараджэння якраз трапіла ў бальніцу. А вучні мясцовай школы, настаўнікі з віншаваннямі і падарункамі прыйшлі ў палату. І дадому наведваюцца, дапамагаюць. Заязджае старшыня сельскага Савета Аляксандр Яўгеньевіч Макаранка. І вы не абмінулі маёй хаты…
Яна нарадзілася ў вёсцы Мірклішкі. Сям’я была вялікая і дружная. Мірнае жыццё перарвала вайна. З утварэннем партызанскіх атрадаў на тэрыторыі Літвы ў адным з іх стаў ваяваць старэйшы брат. Партызаны часта наведваліся да іх дадому. За сувязь з ляснымі мсціўцамі бацьку пасадзілі ў Лукішскую турму і толькі цудам не расстралялі. Потым пачаўся масавы вываз маладых людзей на прымусовыя работы ў Нямеччыну. Трапіла туды і 15-гадовая Фяцінія. Як цяжка было расставацца з маці, малодшымі братамі! Дарога ў перапоўненым вагоне таварняка, без прадуктаў харчавання і вады знясільвала. Але самае страшнае чакала наперадзе.
— Прайшло столькі гадоў, а з памяці не сцерлася жудаснае мінулае, — гаварыла Ф. І. Філімонава. — Жылі ў вялікім драўляным бараку на ўскрайку Мюнхена. Працавалі на будоўлі: насілі цэглу, дошкі, капалі равы. Было невыносна цяжка. А кармілі дрэнна — баландой з бручкі і кавалачкам хлеба. У нядзелю на работу не хадзілі, таму і есці не давалі. Многія памерлі з голаду, не дачакаўшыся вызвалення. Мне шанцавала на добрых людзей, у тым ліку немцаў. Некаторыя запрашалі ў свой сад па яблыкі, грушы, давалі крыху хлеба або марку. Дапамагалі рускія эмігранты. Аднаго разу, пакуль я была на рабоце, барак загарэўся, усе, хто там быў, загінулі ў агні.
Колькі радасці прынесла доўгачаканая перамога! Як я сумавала па родных мясцінах! Яны сніліся кожную ноч. Прачнуўшыся, у думках размаўляла з мамай. Словы рыфмаваліся ў вершаваныя радкі, якія помняцца да сённяшняга дня. 30 красавіка нас вызвалілі амерыканскія салдаты.
Была магчымасць паехаць у якую з краін Еўропы або Амерыку. Але яна рвалася дадому. Вяртанне было няпростым. У дарозе правяла больш за паўгода. Шмат ішла пешшу, нярэдка блудзіла. У зносінах з палякамі дапамагала веданне іх мовы. Людзі шкадавалі худзенькую, кволую дзяўчынку, давалі перакусіць, папіць, пакідалі на начлег. Захварэла на малярыю. У шпіталі доктар быў родам з Вільнюса, адна з медсясцёр — з Маладзечна. Да Фяцініі яны аднесліся па-зямляцку, падтрымлівалі, падбадзёрвалі.
Хапіла выпрабаванняў і ў пасляваенны час. Спачатку не давалі спакою супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бяспекі, выклікалі на допыты, прычым нярэдка сярод ночы. Калі стварыўся калгас, дзяўчыну назначылі весці ўлік, потым была касірам. А выйшла замуж — вырашылі з мужам паехаць у Карэлію зарабіць грошай. Працавала на лесапавале. Там жа нарадзіліся дзеці. Калі ў мужа пахіснулася здароўе, вярнуліся на радзіму. У Лынтупах пабудавалі дом, у якім жыве і цяпер. 16 гадоў таму аўдавела.
— Не верыцца, што мінула больш за 70 гадоў, як адгрымела вайна, — працягвала суразмоўца. — Хто не зведаў гэтага жудаснага ліхалецця, той часам не цэніць мірнага неба над галавой. Жах агортвае, калі слухаю пра падзеі ва Украіне, у Сірыі… Беларусь — спакойная краіна, і гэтым трэба даражыць. Мне давялося жыць пры рознай уладзе: пры паляках, немцах, Саветах. Цяпер — найлепш. Старасць у мяне забяспечаная. Сын з нявесткай даглядаюць, унукі праведваюць, дзяржава клапоціцца. Толькі дні злятаюць…
Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.
ист: http://www.postawy.by/2017/04/na-chuzhbine-snilasya-radzima/
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.