Деревня Сергеевичи

Было. Ёсць

       Сяргеевічы вядомыя з 1769 года як сяло ў складзе маёнтка Зарэжжа памешчыкаў Кераноўскіх. У канцы XVIII стагоддзя — ва ўладанні Бжастоўскіх.

  • Сяргеевічы вядомыя з 1769 года як сяло ў складзе маёнтка Зарэжжа памешчыкаў Кераноўскіх. У канцы XVIII стагоддзя — ва ўладанні Бжастоўскіх.

  • У 1909 годзе налічвалася 20 двароў, 49 сем’яў, 286 жыхароў.

  • З 12 кастрычніка 1940 года — цэнтр Сяргеевіцкага сельсавета Дунілавіцкага раёна Вілейскай вобласці.

  • На франтах Другой сусветнай вайны ў 1939—1945 гадах загінула 11 вяскоўцаў.

  • У 1949 годзе жыхары вёскі аб’ядналіся ў калгас «Новы шлях». З 1952 года гаспадарка насіла назву імя Пушкіна, з 1987- га —«Радзіма», з 2009-га — у складзе сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра».

  • У Сяргеевічах працавалі клуб, бібліятэка, камбінат бытавога абслугоўвання, магазін, сталовая, васьмігадовая школа, аддзяленне паштовай сувязі. Меліся ферма буйной рагатай жывёлы, канюшня, свінаферма, мехдвор, кузня.

  • Сёння жылых дамоў — 66, нежылых — 31, 12 — знесена. Пражывае 90 чалавек, з іх 45 — пенсіянеры, 6 — дзеці, 33 — працоўныя.

  • Вяскоўцаў абслугоўвае аўтамагазін і перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі.

  • Адлегласць да Пастаў — 34 кіламетры, да чыгуначнай станцыі Варапаева — 15, да абласнога цэнтра — 247.

Вельмі адказная

Кожны раз, распачынаючы падрыхтоўку чарговага выпуску рэдакцыйнага праекта «Вёсачка», звяртаюся па дапамогу да старэйшыны. У Сяргеевічах гэты грамадскі абавязак выконвае Ганна Крошка, чый фотаздымак у мінулым годзе быў занесены на раённую Дошку гонару. Як жа адказна яна аднеслася да маёй просьбы! Нават падрыхтавала падрабязную даведку пра вёску і вяскоўцаў, факты з якой я і выкарыстала.

— У Сяргеевічах я нарадзілася і вырасла, — расказвала Ганна Віталь­еўна. — А пасля заканчэння Полацкага педвучылішча атрымала накіраванне на работу ў Верхнядзвінскі раён. Там і замуж выйшла, нарадзіла дзяцей. А ў 1988 годзе ўсёй сям’ёй вярнуліся сюды, у бацькоўскую хату.

Ганна працавала ў дзіцячым садку, потым — у школе, муж — механізатарам у калгасе. Трымалі вялікую гаспадарку, падымалі на ногі дзяцей.

— Яны ў нас таленавітыя, — не хаваюць гонару бацькі. — Абое закончылі Віцебскае прафтэхвучылішча народных мастацкіх промыслаў, потым завочна атрымалі вышэйшую адукацыю. Пеця служыў у міліцыі, зараз — вадзіцель-міжнароднік. Марына па спецыяльнасці — рэжысёр, працуе ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Пастаўскага раёна. Менавіта ў дзецях і пяці ўнуках сэнс нашага жыцця.

Імі ганарацца

Калгас «Радзіма» славіўся ўраджаямі бульбы і льну, высокімі надоямі. Найлепшыя працаўнікі — жыхары в. Сяргеевічы — удастоены дзяржаўных узнагарод. Старшыня калгаса Альфонс Шакола адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, аграном Баляслава Матошка — ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і «Знак Пашаны», трактарыст Уладзімір Галінскі, даярка Марыя Аляхновіч, звеннявая Браніслава Дзікая — ордэнам «Знак Пашаны».

Ураджэнец Сяргеевіч Баляслаў Шылько — заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі. Эдуард Казура ўзначальваў Пастаўскі раён, затым быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Юзэфа Ястраб — артыстка тэатра ў Бабруйску. Ганна Мацюшонак працавала старшынёй Дунілавіцкага сельскага Савета, Леакадзія Шылько — дырэктарам школы. Марына Аляхновіч — загадчык натарыяльнай канторы ў Полацку. Тамара Аляхновіч — адказны сакратар камісіі па справах непаўналетніх у Віцебску. Вольга Малевіч не адзін дзясятак гадоў самаахвярна адпрацавала ў Сяргеевічах фельчарам. Памяць пра яе ўганаравана назвай вясковай вуліцы.

Сярод выхадцаў вёскі сёння ёсць настаўнікі, урачы, людзі іншых прафесій.

У еднасці з людзьмі і прыродай

У 1974 годзе ў Сяргеевічах, якія былі цэнтрам калгаса «Радзіма», расчыніла дзверы новая школа. Леакадзія Антонаўна Шылько працавала ў ёй з першага дня і да закрыцця ўстановы ў 2009-м. Выкладала матэматыку і фізіку. Спачатку толькі настаўнічала, затым 10 гадоў з’яўлялася завучам і яшчэ 10 — дырэктарам. Муж быў яе правай рукой — загадваў гаспадарчай часткай. А раней працаваў механізатарам у калгасе. У 55 гадоў атрымаў права на льготную пенсію. Рана аформілася на пенсію і яна. Была вымушана гэта зрабіць, бо школу закрылі, а ў дунілавіцкую, дзе ёй прапаноўвалі работу, трэба было дабірацца за 8 кіламетраў.

У Леакадзіі і Івана пачаўся новы, пенсійны, этап жыцця, калі ўвесь час можна аддаваць асабістым інтарэсам.

— Абавязкова напішыце пра Шылько, — прасілі мяне вяскоўцы. — Іх паважаюць усе. Узорная сям’я, выключны парадак дома і на прысядзібным участку, выхавалі годных дзяцей. Дачка, як і маці, стала настаўніцай, працуе ў школе ў Паставах, сын — урач у Санкт-Пецярбургу.

Леакадзія Антонаўна, успамінаючы гады педагагічнай працы, расказвала: «У нашай школе вучыліся дзеці не толькі з Сяргеевіч, але і з навакольных вёсак, нават з Докшыцкага раёна. Пры ёй меўся інтэрнат. Жыццё ўстановы было цікавым і насычаным. Пайшоўшы на пенсію, вельмі сумавала па школе і дзецях, але паступова прывыкла да новых абставін».

А яшчэ Шылько гаварылі пра тое, якая цудоўная прырода ў іх мясцовасці і што жывуць у еднасці з ёй. Любяць вырошчваць кветкі, збіраць грыбы і ягады. Іван захапляецца рыбалкай, Леакадзія — рукадзеллем. Трымаюць нямала жыўнасці. Таму спраў у іх заўсёды хапае.

Тут раскрываецца душа

Фаіна Танана і Вера Галінская і жывуць па суседстве, і працуюць у адной установе — Дунілавіцкім доме-інтэрнаце. А яшчэ іх, як і іншых вяскоўцаў, аб’ядноўвае вера ў Бога. Кожную нядзелю, а таксама ў гадавыя каталіцкія святы яны прыходзяць на Імшу ў капліцу.

Раней, калі рэгулярна хадзіў аўтобус і быў зручны графік яго руху, жыхары Сяргеевіч ездзілі ў дунілавіцкі касцёл. Але вось ужо 12 гадоў яны моляцца ў вясковай капліцы. Пад яе абуладкавалі прасторную хату, якая засталася без гаспадароў.

— Для нас гэта святое, намоленае месца, — гаварылі жанчыны. — Тут мы молімся вочы ў вочы з ксяндзом. Тут раскрываецца наша душа.

Залатыя рукі

Славамір і Людміла Кардзяёнкі амаль 30 гадоў пражылі ў Наваполацку. Ён працаваў у прыватнай фірме, яна — ва ўніверсітэце. А ў 2018-м, калі абое ўжо былі на пенсіі, вярнуліся ў родныя мясціны, па-свойму абуладкавалі бацькоўскі дом.

— На пенсіі тут жыць ідэальна, — гаварыла Людміла. — Такая прырода і столькі прасторы! Нават па добраўпарадкаванай кватэры не сумуем.

  • А старэйшына вёскі расказвала: «У Славаміра залатыя рукі і добрае сэрца. Сабраў трактарок, мае ўсё прычапное да яго. Многім дапамагае ўпраўляцца з агародамі. Садзіць і па некалькі разоў акучвае бульбу, восенню выводзіць на поле капалку, зімой трактарком расчышчаў двары ад снегу».Сам чалавек нічога асаблівага ў гэтым не бачыць і цэлымі днямі з задавальненнем займаецца тэхнічнымі справамі ў сваёй майстэрні.І сын поплечЖыццё ў вёсцы і працу ў сельскай гаспадарцы  выбіраюць толькі тыя людзі, якія не баяцца цяжкасцей.  Менавіта з іх ліку Святлана Косінец.  Яе стаж  у жывёлагадоўлі больш за 30 гадоў. Імя Святланы як адной з перадавых даярак СП «Дунілавічы-­агра» і раней узгадвалася на старонках раёнкі.Быў перыяд, калі жанчына пакінула гаспадарку і абуладкавалася ў Гродне. Але горад не прывабіў, і яна вярнулася ў  Сяргеевічы.— Адказная, старанная, ня­стомная, — характарызавала даярку загадчыца сяргеевіцкай фермы Алена Кісялёва. — Спаўна аддае сябе абранай справе. А з красавіка мінулага года прыйшоў на ферму механізатарам і Святланін сын Максім. Яго працай мы таксама задаволеныя.

  • Максім і раней працаваў у гаспадарцы механізатарам. Потым падаўся ў дальнабойшчыкі. Але праца на міжнародных перавозках вельмі ўскладнілася, даводзілася неймаверна доўга прастойваць на граніцах, і хлопец прыняў рашэнне вярнуцца на сельгаспрадпрыемства.— На ферме заўсёды хапае работы, а зараз самы напружаны час — ідуць масавыя ацёлы, — расказвала Святлана. — У маёй групе 54 каровы, палова з іх ужо расцялілася. Стараюся, каб усе цяляткі захаваліся.У 5 гадзін раніцы яна ўжо адпраўляецца на ферму. Праз паўгадзіны накіроўваецца туды і Максім. А дома ў іх таксама шмат работы: распачалі вялікі рамонт. Максім усё робіць сваімі рукамі.Хто не любіць кнігі і кветкі…Той не любіць людзей. Так сцвярджае 90-гадовая Марыя Віктараўна Казловіч. І ўсе падаконнікі ў яе хаце застаўлены вазонамі.

    — Добра, што і муж любіў кветкі, — успамінала доўгажыхарка. — То сон-траву прыносіў мне, то пралескі. Свякроў злавалася: «Што за нявестка, якая не можа без кветак і кніжак!» А кніжкі давалі развіццё. Праўда, часу на іх не хапала, бо працавалі многа і цяжка.

    У дзяцінстве маці і бабуля вучылі яе жаночай працы: прасці, ткаць, шыць, жаць, а бацька — мужчынскай. Таму ўмела ка­сіць, араць, упраўляцца з канём.  Цяжкасцей хапала. «Успамінаю, як на конях вазілі ў Паставы здаваць дзяржаве сена, а  на мосарскі льнозавод — трасту. Дадому вярталіся ўначы. Аднойчы на дарозе суст­рэлі тры мужыкі, напэўна, нейкія бандыты. Вельмі напалохалася, але сцебанула каня і паспела з’ехаць. Маладая была, мела сілу. А цяпер ужо і да каплічкі не дайду. Малюся дома. Адзін мой сын жыве ў Гуце, другі — у Дунілавічах. Але пераязджаць да іх не хачу. Пакуль рухаюся, хоць і з кіёчкам, буду трымацца сваёй хаты. Сыны і нявесткі наведваюцца, дапамагаюць. Бясконца ўдзячная сацработніцы Валі Пугачовай, якая клапоціцца пра мяне, нібыта дачка».Паўтара года назад Марыя Віктараўна цяжка перахварэла на кавід. Калі яе забірала хуткая дапамога ў бальніцу ў Паставы, развітвалася з роднымі і жыццём. «Але Бог пакінуў на гэтым свеце, — казала. — Напэўна, каб яшчэ парадавалася з пяці ўнукаў і сямі праўнукаў».

    Раскашуе хатняя аранжарэя

    Тое, што сяргеевіцкія гаспадыні любяць кветкі, бачыла ў кожным доме, куды заходзіла. Але такой вялікай іх колькасці, як у Валянціны і Паўла Мальцаў, раней не сустракала нідзе. Усю светлую, прасторную залу гаспадары літаральна ператварылі ў аранжарэю.

    У вёску я ездзіла 10 сакавіка. Але ў той дзень тэрмометр паказваў мінус 15, на вуліцы ляжалі гурбы снегу і правіла баль завіруха. Таму хацелася як найдаўжэй затрымацца ў раскошным зялёным харастве хатняй аранжарэі. І распытаць у гаспадароў пра жыццё-быццё. Ведала, што трымаюць трох кароў і некалькі дзясяткаў курэй. Рыхтавалася пачуць, як цяжка ўпраўляцца на зямлі і з вырошчваннем жывёлы. Але гаспадары толькі жартавалі наконт гэтага, і можна было падумаць, што ўсё ім даецца само сабой. Што, вядома ж, не так.

  • — Муж працуе ў Навасёлках, сын — у Дунілавічах, а я займаюся хатнімі справамі, — гаварыла Валянціна. — З гаспадаркай упраўляемся разам. Маем трактар і ўсё прычапное да яго. Працы хапае, а здароўя — не заўсёды.Валянціна па адукацыі — эканаміст. Таму вядзе пастаянны ўлік фінансаў: колькі іх траціцца на падсобную гаспадарку і колькі паступае ў сямейную касу ад продажу мяса, малака, цялят, яек, бульбы. Даход значна перавышае расход. Але чым змераць працу, якую Мальцы затрачваюць на ўласную гаспадарку?

Фаіна Касаткіна

по материалам: https://www.postawy.by/2023/03/proekt-pk-vjosachka-prodolzhaetsya-ocherednaya-ostanovka-derevnya-sergeevichi/

Газета «Поставский край»

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.