Машына часу ўсё ж такі існуе. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова адкрыць любы альбом са старымі здымкамі — чорна-белымі, выцвілымі, часам ледзьве жывымі ад «узросту», але ад гэтага яшчэ больш каштоўнымі.
Хіба гэта не магія — назіраць за тым, як жылі продкі нават сто гадоў назад? Бачыць, што яны апраналі, як працавалі і адпачывалі, у якіх умовах жылі і па якіх вуліцах хадзілі… Менавіта такія разважанні ў мяне ўзніклі пасля сустрэчы з жыхаром Камай Паўлам Давідоўскім. Яму ўдалося сабраць уражвальную калекцыю рарытэтных здымкаў, па якіх можна смела вывучаць гісторыю яго роднага мястэчка.
Камаі. Здымак зроблены ў часы 2-й сусветнай вайны
Знаёмства з Паўлам адбылося праз Facebook. Яго зацікавіла інфармацыя пра брукаваную дарогу Паставы—Вільня. У каментарыях ён апублікаваў здымак Камай 70-х гг., на якім добра бачная вымашчаная каменем мясцовая вуліца. Так я і даведалася пра існаванне ў гэтай сацыяльнай сетцы асобнай старонкі «Камаі/Kоmaje». Там Павел перыядычна публікуе фатаграфіі, зробленыя ў вёсцы ў мінулым стагоддзі.
Пачала знаёміцца з фотаматэрыялам, углядацца ў твары, дэталі… Колькі тут сюжэтаў! Вуліцы з саламянымі дахамі, мясцовыя вяселлі, касцёл і парафіяльнае жыццё, працоўныя калектывы, коні, брычкі і ўжо рарытэтная савецкая тэхніка на вясковых дарогах… І дзе можна было сабраць столькі здымкаў? Гэта толькі копіі або ёсць на руках і арыгіналы? Пытанняў узнікла шмат, і Павел згадзіўся на ўсе адказаць.
Брукаваная вуліца ў Камаях. 70-я гады ХХ стагоддзя.
Мы сустрэліся ў цэнтры аграгарадка. Тут за лічаныя крокі ад 415-гадовага касцёла знаходзіцца сядзіба Давідоўскіх. Яна ўяўляе сабой вялікі драўляны дом з прасторнай банкетнай залай і пакоямі для пражывання. Разлічаны аб’ект як на турыстаў, так і на мясцовых жыхароў, якія збіраюцца тут на самыя розныя мерапрыемствы — ад юбілеяў і вяселляў да памінальных сталоў.
У сядзібе ўсё стылізавана пад даўніну. Звяртаюць на сябе ўвагу вышыўкі, грампласцінкі, карункавыя сурвэткі. Але першае, што кідаецца ў вочы ў банкетнай зале, — вялікая экспазіцыя фотаздымкаў. Змешчаны яны ў храналагічнай паслядоўнасці. Спачатку можна ўбачыць Камаі яшчэ ў часы Першай сусветнай вайны (здымкі гэтага часу знойдзены ў інтэрнэце), заканчваецца «выстава» фатаграфіямі 90-х гадоў мінулага стагоддзя.
Спасибо!
Теперь редакторы в курсе.